Майстар i Маргарыта (на белорусском языке)
Шрифт:
– Скажыце, калi ласка, чаму Маргарыта называе вас майстрам?
– спытаўся Воланд.
Той усмiхнуўся i сказаў:
– Гэта даравальны недахоп. Яна надта добрае думкi пра той раман, якi я напiсаў.
– Пра што рамана?
– Пра Понцiя Пiлата.
Тут зноў захiсталiся, заскакалi агеньчыкi на свечках, забрынчаў на стале посуд, - гэтак моцна засмяяўся Воланд, але смехам гэтым нiкога не спалохаў i не здзiвiў. Бегемот чамусьцi пачаў апладзiраваць.
– Пра што, пра што? Пра каго?
– загаварыў Воланд пасля таго, як перастаў смяяцца.
–
– На жаль, я не магу гэта зрабiць, - адказаў майстар, - таму што я спалiў яго ў печцы.
– Даруйце, не веру, - адказаў Воланд, - гэтага не можа быць. Рукапiсы не гараць.
– Ён завярнуўся да Бегемота i прамовiў: - Ану, Бегемот, давай сюды раман.
Кот iмгненна ўсхапiўся з крэсла, i ўсе ўгледзелi, што ён сядзеў на тоўстым стосе рукапiсаў. Верхнi экземпляр кот з паклонам падаў Воланду. Маргарыта затрымцела i закрычала, усхваляваная да слёз:
– Вось ён, рукапiс! Вось ён!
Яна кiнулася да Воланда i ў захапленнi дадала:
– Усемагутны! Усемагутны!
Воланд узяў у рукi пададзены яму экземпляр, пакруцiў яго, адклаў убок, без усмешкi паглядзеў на майстра. А той невядома чаму зноў засумаваў, неспакойна ўсхапiўся з крэсла, заламаў рукi i пачаў мармытаць, скаланаючыся ўсiм целам i звяртаючыся да поўнi:
– I нават месячнай ноччу мне няма спакою... Нашто было трывожыць мяне? Божа лiтасцiвы, божа лiтасцiвы...
Маргарыта ўхапiлася за бальнiчны халат, прытулiлася да яго, i сама пачала мармытаць адчайна i слёзна:
– Божа, чаму табе не дапамагае лякарства?
– Нiчога, нiчога, нiчога, - шаптаў Кароўеў i вiўся вакол майстра, нiчога, нiчога... Яшчэ шкляначку, i я за кампанiю з вамi...
I шкляначка падмiргнула пры месячным святле, блiснула i дапамагла гэтая шкляначка. Майстра зноў пасадзiлi на крэсла, i твар у хворага зрабiўся зноў спакойны.
– Ну, цяпер усё зразумела, - сказаў Воланд i пастукаў доўгiм пальцам па рукапiсе.
– Усё зразумела, - пацвердзiў кот, якi забыўся, што абяцаў быць маўклiваю галюцынацыяй, - цяпер галоўная лiнiя гэтага опуса мне вiдна наскрозь. Што ты сказаў, Азазела?
– звярнуўся ён да маўклiвага Азазелы.
– Я кажу, - прагугнявiў той, - што добра было б цябе ўтапiць.
– Злiтуйся, Азазела, - адказаў кот, - i не падказвай гэтую думку майму валадару. Павер мне, што тады я пачаў бы кожную ноч наведваць цябе ў гэтакiм самым месячным адзеннi, як i бедны майстар, i кiваў бы табе, i клiкаў бы за сабою. Як бы ты адчуваў сябе, Азазела?
– Ну, Маргарыта, - зноў загаварыў Воланд, - кажыце пра ўсё, што вам трэба.
Маргарыцiны вочы ўспыхнулi, i яна ўмольна звярнулася да Воланда:
– Дазвольце мне пашаптацца з iм?
Воланд кiўнуў галавою, i Маргарыта прыпала да вуха майстра, штосьцi зашаптала яму. Чуваць было, што той адказаў ёй:
– Не, позна. Нiчога болей не хачу ад жыцця. Акрамя таго, каб бачыць цябе. Але табе iзноў раю - пакiнь мяне. Са мною ты загiнеш.
– Не, не, не пакiну, - адказала Маргарыта i
звярнулася да Воланда:– Прашу вас зноў вярнуць нас у падвал у завулку на Арбаце, i каб лямпа гарэла, i каб усё было як i раней...
Тут майстар засмяяўся, абхапiў проставалосую Маргарыцiну галаву, сказаў:
– Ай, не слухайце бедную жанчыну, месiр. У гэтым падвале даўно ўжо жыве iншы чалавек, i наогул не бывае гэтак, каб усё стала ранейшым...
– Ён прытулiўся шчакою да галавы свае сяброўкi, абняў Маргарыту i пачаў мармытаць: - Бедная, бедная...
– Не бывае, вы гаворыце?
– сказаў Воланд.
– Гэта праўда. Але мы паспрабуем, - i ён прамовiў: - Азазела!
Адразу са столi ўпаў на падлогу разгублены, амаль звар'яцелы грамадзянiн у споднiм, але чамусьцi з чамаданчыкам i ў шапцы. Ад страху гэты чалавек калацiўся i прысядаў:
– Магарыч?
– спытаўся Азазела ў таго, што ўпаў з неба.
– Алаiзiй Магарыч, - адказаў той, калоцячыся.
– Гэта вы, пасля таго як прачыталi артыкул Латунскага пра раман гэтага чалавека, напiсалi на яго скаргу, дзе паведамлялi, што ён дома хавае забароненую лiтаратуру?
– спытаўся Азазела.
Грамадзянiн пасiнеў i залiўся слязьмi.
– Вы хацелi заняць яго кватэру?
– як толькi мог ласкава прагугнявiў Азазела.
У пакоi пачулася, як зашыпела разлютаваная кошка, i Маргарыта завыла:
– Памятай ведзьму, памятай!
– учапiлася ў твар Магарыча пазногцямi.
Усе разгубiлiся.
– Што ты робiш?
– пакутлiва закрычаў майстар.
– Марго, не ганьбi сябе!
– Пратэстую, гэта не ганьба!
– крычаў кот.
Маргарыту адцягнуў Кароўеў.
– Я ванну паставiў...
– ляскаючы зубамi, крычаў скрываўлены Магарыч i ад перапалоху пачаў вярзцi абы-што.
– Адна толькi пабелка... купарвас...
– Гэта добра, што паставiлi ванну, - адобрыў Азазела, - яму патрэбны ванны.
– I крыкнуў: - Вон!
Тады Магарыча перакулiла i выкiнула са спальнi Воланда дагары нагамi ў адчыненае акно.
Майстар вытрашчыў вочы i шаптаў:
– Аднак гэта, мабыць, не раўня таму, пра што расказваў Iван!
– Вельмi ўражаны, ён азiрнуўся i нарэшце сказаў кату: - Прабачце... гэта ты... гэта вы...
– ён зблытаўся, не ведаў, як звярнуцца да ката, - вы той самы кот, што сядзеў у трамваi?
– Я, - пацвердзiў задаволены кот i дадаў: - Прыемна чуць, што вы гэтак ветлiва звяртаецеся да ката. Катам звычайна чамусьцi гавораць "ты", хоць нiводзiн кот нi з кiм нiколi не пiў на брудэршафт.
– Мне чамусьцi здаецца, што вы не зусiм i кот...
– нерашуча адказаў майстар.
– Мяне ўсё роўна пачнуць шукаць з бальнiцы, - нясмела дадаў ён Воланду.
– Чаго гэта яны будуць шукаць!
– супакоiў Кароўеў, i нейкiя паперы i кнiгi апынулiся ў яго ў руках.
– Гэта гiсторыя вашай хваробы?
– Ага.
Кароўеў кiнуў гiсторыю ў камiн.
– Няма дакументаў, няма i чалавека, - задаволена прамовiў Кароўеў, - а гэта - дамавая кнiга вашага забудоўшчыка?
– Яна-а...