Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Майстар i Маргарыта (на белорусском языке)
Шрифт:

– Хто тут прапiсаны? Алаiзiй Магарыч?
– Кароўеў дзьмухнуў на старонку дамавое кнiгi, - Раз, i няма яго, i прашу запомнiць, i не было. А калi забудоўшчык здзiвiцца, скажаце яму, што Алаiзiй саснiўся. Нейкi Магарыч? Нiякага Магарыча не было, - i прашнураваная кнiга засталася ў руках у Кароўева.
– Вось яна i ў шуфлядзе ў забудоўшчыка.

– Вы правiльна сказалi, - гаварыў майстар, уражаны акуратнаю работаю Кароўева, - калi няма дакумента, то няма i чалавека. Вось таму мяне i няма, бо няма дакумента.

– Прашу прабачэння, - ускрыкнуў Кароўеў, -

гэта якраз i ёсць галюцынацыя, вось ён, ваш дакумент, - i Кароўеў падаў майстру дакумент. Потым ён закацiў вочы i соладка прашаптаў Маргарыце: - А вось i ваша маёмасць, Маргарыта Мiкалаеўна, - i ён уручыў Маргарыце сшытак з абгарэлымi краямi, засохлую ружу, фотаздымак i асаблiва шаноўна ашчадную кнiжку, - дзесяць тысяч, як вы i паклалi, Маргарыта Мiкалаеўна. Нам чужое не патрэбна.

– У мяне хутчэй адсохнуць лапы, чым я дакрануся да чужога, - надзьмуўшыся, усклiкнуў кот i затанцаваў на чамадане, каб утаптаць у яго ўсе рукапiсы злашчаснага рамана.

– I ваш дакуменцiк таксама, - працягваў Кароўеў, падаючы Маргарыце дакумент, а потым з пашанаю далажыў Воланду: - Усё, месiр!

– Не, не ўсё, - адказаў Воланд i адарваўся ад глобуса.
– Куды скажаце дзець вашу свiту, мая дарагая донна? Асабiста мне яна не патрэбна.

Тут у адчыненыя дзверы ўбегла Наташа, як i была голая, пляснула рукамi i закрычала Маргарыце:

– Будзьце шчаслiвыя, Маргарыта Мiкалаеўна!
– яна закiвала галавой майстру i зноў звярнулася да Маргарыты: - Я ведала, куды вы ходзiце.

– Хатнiя работнiцы ўсё ведаюць, - адзначыў кот i шматзначна падняў лапу, памылка думаць, што яны сляпыя.

– Чаго ты хочаш, Наташа?
– спыталася Маргарыта.
– Вяртайся ў асабняк.

– Душачка, Маргарыта Мiкалаеўна, - умольна загаварыла Наташа i стала на каленi, - папрасiце iх, - яна зiрнула на Воланда, - каб пакiнулi мяне ведзьмаю. Не хачу я болей у асабняк! Нi за iнжынера, нi за тэхнiка не пайду! Мне пан Жак учора прапанову зрабiў на балi, - Наташа раскрыла кулачок i паказала нейкiя залатыя манеткi.

Маргарыта запытальна паглядзела на Воланда. Той кiўнуў галавою. Тады Наташа кiнулася на шыю Маргарыце, звонка яе пацалавала, пераможна ўскрыкнула i вылецела праз акно.

На Наташыным месцы апынуўся Мiкалай Iванавiч. Ён меў ужо чалавечае аблiчча, але быў надзвычай засмучаны, мабыць, нават i раззлаваны i засмучаны.

– Вось каго я адпушчу з асаблiвым задавальненнем, - сказаў Воланд i з агiдаю паглядзеў на Мiкалая Iванавiча, - з асаблiвым задавальненнем, бо ён тут зусiм лiшнi.

– Я вельмi прашу выдаць мне пасведчанне, - загаварыў Мiкалай Iванавiч i ўвесь час дзiка азiраўся навокал, - дзе я правёў мiнулую ноч.

– Наконт чаго?
– сурова спытаўся кот.

– Каб паказаць у мiлiцыi i жонцы, - цвёрда сказаў Мiкалай Iванавiч.

– Пасведчанняў мы звычайна не выдаём, - адказаў кот i надзьмуўся, - але вам, няхай будзе па-вашаму, выключэнне зробiм.

I не паспеў Мiкалай Iванавiч апамятацца, як голая Гела ўжо сядзела за пiшучай машынкаю, а кот дыктаваў ёй:

– Гэтым сведчым, што Мiкалай Iванавiч правёў памянёную

ноч на балi ў сатаны, быў прыцягнуты туды ў якасцi транспартнага сродку... пастаў, Гела, дужку! У дужках напiшы "япрук". Подпiс - Бегемот.

– А дата?
– пiскнуў Мiкалай Iванавiч.

– Дат не ставiм, з датаю папера будзе несапраўдная, - адазваўся кот, падмахнуў паперку, аднекуль здабыў пячатку, як i належыць, падыхаў на яе, адцiснуў на паперы слова "заплачана" i ўручыў паперу Мiкалаю Iванавiчу. Пасля гэтага Мiкалай Iванавiч знiк бясследна, а на яго месцы з'явiўся нечаканы чалавек.

– Гэта яшчэ хто?
– гiдлiва спытаўся Воланд i рукою засланiўся ад святла свечак.

Варэнуха апусцiў галаву, уздыхнуў i цiха сказаў:

– Адпусцiце назад. Не магу быць вампiрам. Я ж тады разам з Гелаю Рымскага ледзь насмерць не ўходаў. А я не крывапiўца. Адпусцiце.

– Што гэта за трызненне?
– зморшчыўся i спытаўся Воланд.
– Якi яшчэ там Рымскi? Што ён вярзе?

– Не хвалюйцеся, калi ласка, месiр, - адазваўся Азазела i звярнуўся да Варэнухi: - Хамiць не трэба па тэлефоне. Хлусiць па тэлефоне не трэба. Зразумела? Больш гэтым займацца не будзеце?

Ад радасцi ў галаве ў Варэнухi ўсё змяшалася, але твар засвяцiўся, i ён, ужо не памятаючы, што гаворыць, мармытаў:

– Сапраўды... я хачу сказаць, ваша вя... адразу пасля абеду...
– Варэнуха прыцiскаў рукi да грудзей, умольна глядзеў на Азазелу.

– Ну добра, дадому, - адказаў той, i Варэнуха растаў.

– А цяпер усе пакiньце мяне аднаго з iмi, - загадаў Воланд i паказаў на майстра i Маргарыту.

Воландаў загад быў выкананы iмгненна. Воланд крыху памаўчаў i звярнуўся да майстра:

– Ага, значыць, у арбацкi падвал? А хто будзе пiсаць? А мары? Натхненне?

– У мяне не будзе болей нiякiх мар i натхнення, - адказаў майстар, - нiшто мяне навокал не цiкавiць, акрамя яе, - ён зноў паклаў руку на Маргарыцiну галаву, - мяне зламалi, мне сумна, i я хачу ў падвал.

– А ваш раман? Пiлат?

– Ён мне ненавiсны, гэты раман, - адказаў майстар, - я залiшне шмат перанёс з-за яго.

– Я прашу цябе, - жаласна папрасiла Маргарыта, - не гавары гэтага. За што ты мучыш мяне? Ты ведаеш, што я ўсё сваё жыццё ўклала ў тваю работу, Маргарыта, звярнуўшыся да Воланда, дадала: - Не верце яму, месiр, ён надта змучаны.

– Але трэба нешта апiсваць, - гаварыў Воланд.
– Калi вы цалкам выкарысталi пракуратара, ну, тады пачнiце апiсваць хаця б гэтага самага Алаiзiя.

Майстар усмiхнуўся.

– Гэтага Лапшоннiкава не надрукуе, ды гэта i не цiкава.

– За што вы будзеце тады жыць? Давядзецца жабраваць.

– Ахвотна, ахвотна, - адказаў майстар, прытулiў да сябе Маргарыту, абняў яе за плечы i дадаў: - Яна адумаецца, пакiне мяне...

– Не думаю, - скрозь зубы прамовiў Воланд i працягваў: - Дык вось, чалавек, якi прыдумаў гiсторыю пра Понцiя Пiлата, адыходзiць у падвал, збiраецца сесцi там ля лямпы i быць жабраком?

Маргарыта адхiлiлася ад майстра i палымяна загаварыла:

Поделиться с друзьями: