Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Мяне няма: роздумы на руінах чалавека

Акудовіч Валянцін

Шрифт:

Ня розумам, дык чуйным зьвярыным нутром Усяслаў ведаў: ні княскі пасад, ні нават Сафійка не дапамогуць Полацку стацца тым мейсцам, дзе можа быць ускрыленай ідэя Мінска; і зноў і зноў кідаўся шукаць патрэбу. “Усяслаў... на кані паімчаў да горада Кіева і даткнуўся дзідаю да кіеўскага залатога пасаду. Ад іх скочыў зьверам дзікім. Апоўначы зь Белграда ахутаўся сіняй імглой, а на раніцу, узьняўшыся, браму стракалам адчыніў Ноўгараду, разьбіў Яраслаўлеву славу і скочыў ваўком да Нямігі з Дудутак”.

Нечалавечая відушча Ўсяслава ўрэшце вызначыла каардынаты Нямігі... але, падобна, ня ў той дзень, ня ў той час прыскакаў ён на гэтыя берагі. Не было яму калі агледзіцца, прыслухацца, сокалам шнырнуць у астральныя нябёсы, кратом абмацаць трывалішчы

катакомбныя, каб пераканацца — Тут... Трэба было не адкладваючы кроў праліваць. “На Нямізе снапы сьцелюць галовамі, малоцяць цапамі сталёвымі, жыцьцё кладуць на таку, душу веюць ад цела. Нямігі крывавыя берагі не дабром былі засеяны, засеяны былі касьцямі сыноў рускіх”.

Вялікая кроў заўсёды значыла пра невыпадковасьць, абранасьць таго мейсца, дзе яна пралілася. Толькі не прамінем іншага: берагі Нямігі “не дабром былі засеяны, засеяны былі касьцямі сыноў рускіх”. Ці ня гэтая крывавая багна, ці ня гэты буралом касьцей на шмат стагодзьдзяў сталіся патаемнай прычынаю забароны, рашучага табу на зьдзяйсьненьне ідэі Мінска там, дзе ёй было наканавана зьдзейсьніцца?

Увогуле я скептычна стаўлюся да містыкі і таму ня маю намеру разгортваць гэтую, выпадковую тэзу. Аднак, разам з тым, не магу зусім пазьбегнуць думкі аб нейкай ірацыянальнасьці таго, што далей будзе адбывацца зь Мінскам: на працягу стагодзьдзяў у ягонай ролі паспрабуюць сябе ня толькі Полацак, Горадня, Смаленск... але і шмат хто яшчэ... і толькі Мінск ня выкажа аніякага жаданьня пачуць голас наканаваньня, што гучаў побач. Мінск стаіўся ў марудзе штодзённых турботаў, і нават статус губэрнскага горада Расейскай імпэрыі ня вызваліў яго ад звыклай перасьцярогі да магчымасьці незнарок вытыркнуцца з роўні звычаёвасьці. Ужо ў XX стагодзьдзі, калі яму відавочна не было куды падзецца ад неабходнасьці вызначыць інтэграл беларускага шляху, ён паспрабуе ўхіліцца гэтай мітрэнгі на карысьць Вільні, Смаленска, Віцебска, Горадні і нават Магілёва (дзе на запас быў збудаваны яшчэ адзін Дом Ураду).

Такое ўпартае не-хаценьне магло б сьведчыць пра неадпаведнасьць места той місіі, што на яго ўскладаецца, каб ня ўвесь папярэдні гістарычны досьвед, які люструе марнасьць намаганьняў іншых вылучыцца ў гэтай якасьці. Здаецца, пытаньне паўстала рубам: альбо Мінск, альбо — ніхто.

Няўдалыя спробы каго б там ні было раней спраўдзіць ідэю Мінска, пэўна, можна растлумачыць на грунце розных падставаў: містычнай (наканаваньне), гістарычнай (лёгіка падзеяў), дыялектычнай (пэрманэнтнае адпрэчваньне), адной з культуралягічных (сьмерць пасыянарнасьці) і другой — (сьмерць культуры), а да таго ж эканамічнай, палітычнай і г.д. Запрапануем у суплёт да іх вэрсію бэлетрыстычна-геаграфічную... Полацак, Вільня, Горадня, Смаленск... не маглі настала замацавацца ў якасьці “легітымнага” прадстаўніка гэтай прасторы таму, што знаходзілі сябе на пэрымэтры этнаграфічнага дыскурсу; яны намагаліся стацца цэнтрам, уладкаваўшы сабе месьцішча на мяжы, ускрай абшару бытаваньня этнасу. З чаго замест гарманізацыі той прасторы, ад імя якой яны выступалі, атрымлівалася яе дэфармацыя, сьцягваньне цэнтра з належанага яму мейсца на пэрыфэрыю, амаль у замежжа.Таму, натуральна, цягам бытаваньня яны выяўлялі не экзыстэнцыю прыналежнага да іх абшару, а морак нічыйнай мяжы.

Можа падацца нават дзіўным, але гэта, мабыць, так: наш край ніколі ня меў цэнтра (“сталіцы”). Тыя мейсцы, што ім пазначаліся, сутнасна, ды і зьместам, амаль не сягалі за меру намінатыўнага, аб чым, акрамя іншага, сьведчыць надзвычай важкая роля беларускага мястэчка ў кожную гістарычную пару. Фэномэн беларускага мястэчка пэўна і тлумачыцца тым, што ў нас мястэчку трэба было браць да выкананьня многія функцыі, якія ў іншых краінах звычайна выконвае “цэнтар”.

Найбольш наглядна аблуду намінатыўнасьці люструе Вільня — горад-падман, горад-пастка, фатальны горад зь яшчэ, здаецца, ня вычарпанай для беларусаў усёй згубаю.

Вільня стагодзьдзямі дражніла нас надзеяй, што ў яе асобе мы маем Мінск, і мы

ўва ўсе тыя стагодзьдзі, забыўшыся на іншыя магчымасьці, ляцелі на сьвятло яе ліхтароў — і натыкаліся на нябачную перашкоду... а тыя, хто не адступаўся перашкоды, як Каліноўскі, абпальвалі тут крылы і ападалі мёртвымі на дол.

“О, Вільня, крывіцкая Мэкка! Ці варта прарока ты стрэць?” — сумняваўся паэт. Але вядома, што рытарычнае пытаньне — гэта форма адказу на зусім не рытарычнае пытаньне, у нашым выпадку: дзе Мэдына, а дзе Мэкка?

Вільня не была вартай сваіх прарокаў, і яны, завабленыя туды падманам, неўзабаве пачыналі разумець усю аблуду гэтага абыякавага да каго б ні было места, і кідаліся прэчкі... Скарына, Міцкевіч, Купала... (мноства)...

Забыцца, як мага хутчэй забыцца на гэтага “гораду чароўныя прынады”, пакінуць Вільню для сантымэнтаў, экскурсіяў, эміграцыі, архіву няспраўджаных праектаў, дзе найвялікшы зь няспраўджаных — яна сама.

Няма Мінска акрамя Мінска. У 1918 годзе Мінск у якасьці цэнтра этнанацыянальнага дыскурсу мог яшчэ падацца за выпадковасьць хаця б таму, што разам зь ім у гэтым значэньні спрабавалі зьдзейсьніцца іншыя месты (Смаленск, тая ж Вільня), але сёньня ўжо можна здагадацца: нідзе, акрамя як тут, на берагах цяпер зьніклай Нямігі, не магла быць аб’яўленай і спраўджанай БНР, пасьля БССР, а цяпер Рэспубліка Беларусь; нідзе яшчэ як тут, распушчаны па вёсках і мястэчках дух (эйдас, геній) нацыі ня змог бы сабрацца ды настала атабарыцца і тымсамым перапыніць бясконца-бязмэтнае валацужніцтва ідэі Мінска паўз пэрымэтар краю...

Нарэшце этнаграфічная прастора намацала і зацьвердзіла сярэдзіну самой сябе!.. З чаго адразу паўстала раўнаважнасьць незбалянсаванага зьмесьціва, якое адсюль даволі хутка пачало набываць форму з прычыны крышталізацыі структуры, абумоўленай узаемадачыненьнямі цэнтра і пэрыфэрыі.

Беларусь, як цэльнае культурнае, эканамічнае, палітычнае і трансцэндэнтнае ўтварэньне, немагчыма без фармулюючага гэтае ўтварэньне Мінска. Але тут адразу ўзьнікае пытаньне: а ці магчымы Мінск (скажы, як Вільня) безь Беларусі? Ці верагодны быў Мінск у наканаваным яму мейсцы і наканаваньні раней, чым з крэваў, русінаў, ліцьвінаў ды іншых не адбыліся тыя, каго мы цяпер называем беларусамі, не адбылося тое, што мы цяпер пазначаем словам Беларусь?

Калі я пачынаю так думаць, то пакрысе ніцуецца здагадка, што Мінск ня мог стацца Мінскам, пакуль пашкамутаная і шмат дзе прагнілая прастора бытаваньня этнічных папярэднікаў беларусаў не згарнулася ў нешта цэласнае згодна новай таясамасьці, якая ўжо і заклікала гэтае места абазнацца ў значэньні яе цэнтра. З апошняга вынікае, што я, можа, дарэмна містыкаваў абыякавасьць Мінска да сваёй прадвызначальнасьці ў папярэднія эпохі, як, магчыма, не зусім узважана папікаў іншыя месты ў іхніх вымогах хапацца не за сваю ношку.

Усяму свая пара. Дамо веры гэтаму адвечнаму мудра-слоўю і ў згодзе зь ім заўважым, што незважаючы на кагадзе ўжытае слова “таясамасьць”, пару нашага гістарычнага існаваньня магчыма было б слушна падзяліць на дзьве эры, і другую, якая пачалася пасьля татальнага мораку XVII-XVIII стст., чытаць ня толькі як новую гісторыю адной тойсамай нагоды, але як і гісторыю новага этнасу, бо, пэўна, беларусы — гэта ўжо нешта іншае ад крэваў, русінаў, ліцьвінаў... узятых, як кожны паасобку, так і агулам. А Беларусь нешта зусім адрознае ад усяго, што было раней на гэтых абшарах.

Мінск — сталіца Беларусі.

Паспрабуем паставіць у прапанаванай сынтаксычнай фігуры на мейсца Мінска што заўгодна: Полацак, Горадню, Магілёў, Смаленск, Вільню...

Да прыкладу:

Горадня — сталіца Беларусі.

“Няпраўда”, — першае, што прыйдзе да галавы і выгукнецца сэрцам. — “Няпраўда. Так быць ня можа, бо так ня можа быць”. Мы гэта, як зьвяры бяду, адчуваем нутром. Занадта шмат на гэтай прасторы ладзілася канструктыўных хімэраў, якія неўзабаве асыпаліся, здавалася б, бяз дай прычыны, калі гэткай не лічыць адсутнасьць повязяў з сакральным прызначэньнем.

Поделиться с друзьями: