Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Мяне няма: роздумы на руінах чалавека

Акудовіч Валянцін

Шрифт:

Аднак вернемся да антычнасьці. Відавочна, што я-чалавек той пары ня быў нейкай самасьцю, а толькі прэзэнтуючай мерай унівэрсальнага космасу і таму ведаў сябе адпаведна свайму веданьню навакольнага сьвету.

Адным словам, ён быў ня тым, чым (кім) быў, а тым, што ведаў (як вагі, якія ведаюць вагу таго, што важаць і ня ведаюць сваёй вагі). Адсюль і прынцыповая няздольнасьць антычнага я-чалавека да вылучэньня сябе з унівэрсальнага цэлага ў нешта асобнае, асобавае.

Зрэшты (ці — адпаведна), ён і ня бачыў у гэтым патрэбы, паколькі ідэалягемы ўсіх мэтаў тады былі скіраваныя на ўлучэньне, а не на вылучэньне, з чаго татальнасьць гармоніі цэлага паўставала яго абсалютным ідэалам.

У адцягнена-тэарэтычным пляне такая ідэалёгія сьветагляду, магчыма, выдае на найдасканалую,

але, як на маё разуменьне, менавіта ўтойваньне я-чалавека ў тоеснасьці з унівэрсальным цэлым сталася прычынай заняпаду антычнасьці ўва ўсіх яе значэньнях.

Увогуле, самаанігіляцыя антычнай цывілізацыі — адна з найвялікшых таямніцаў Тэкставай эры. Не выдавала б на нешта дзіўнае, каб антычнасьць трансфармавалася ў нешта іншае, прарасла новымі формамі сацыяльнасьці і мысьленьня, нават, хай сабе, абярнулася нечым супрацьлеглым, нейкай апазыцыяй самой сабе. Аднак нічога гэтага ня сталася, антычнасьць лічы бяз рэшткаў амаль на тысячагодзьдзе зьнікла з кантэксту эўрапейскага досьведу.

Зноў жа, чаго толькі не зьнікае дазваньня з гэтага сьвету, але за тое, што антычнасьць мела ў сабе магутны патэнцыял для наступнасьці, сьведчыць яе татальнае вяртаньне (гермэнэўтычна сканструяванае з ацалелых рэшткаў) у сусьветны культуралягічны дыскурс.

Антычнасьць вярнулася ў эпоху Рэнэсансу і з таго часу застаецца сярод актуаліяў сусьветнай культуры... Дык што здарылася тады? Чаму вялікая і як на тую пару дасканалая цывілізацыя зь безьліччу адмысловых мітаў, магутнай філязофіяй, упарадкаванай сацыяльнасьцю неўпрыкмет змарнела ў нішто?

На гэтае пытаньне існуе шмат адказаў, іх занадта шмат, каб хоць нейкаму даць веры, нават найбольш папулярнаму, які ў самых розных мадыфікацыях абапіраецца на адну і тую ж вэрсію: урэшце чалавеку адкрыўся сапраўдны Бог і тымсамым быў “пастаўлены крыж” на паганскіх багах і паганскім ладзе жыцьця.

Антычная міталёгія ведала даволі багоў і герояў, якія пераўзыходзілі Хрыста ў пакутах за людзтва, антычная філязофія мела колькі заўгодна эмацыйна-лягічных канструкцыяў, кожная зь якіх пры неабходнасьці магла актуалізавацца ў монатэістычнага Бога, антычная этыка ў сваіх ідэальных формулах нічым не саступала этычнаму імпэратыву Нагорнай казані (згадаем хаця б “Залатыя вершы” пітагарыйцаў)... Дык чаму антычнасьць не змагла вымкнуць зь сябе падобнага хрысьціянскаму Богу, які б зь сярэдзіны перарэфармаваў яе структуру і лад адпаведна насьпелым патрэбам, а чакала (дачакалася!) прышлага, што яе, урэшце, і згубіла?

Як на маё меркаваньне, то адна з асноўных прычынаў татальнага адыходу эўрапейскага людзтва ад антычнай стратэгіі быцьця палягае ня ў тым, што хрысьціянства запрапанавала яму “лепшы” міт, “лепшую” этыку, “лепшага” Бога (усё гэта “лепшае” — падкрэсьлім — маецца і ў інтэлігібэльнай субстанцыі антычнасьці), а ў тым, што ў хрысьціянскай мадэлі быцьця знайшлося пэрсанальнае мейсца кожнаму асобнаму чалавеку.

Хрысьціянства вылучыла кожнага асобнага чалавека з эйдасу чалавека і адкрыла яму: Ты ёсьць як Ты. Але яно ня толькі пазначыла пэрсанальную наяўнасьць я-чалавека ў каардынатах рэальнага быцьця, яно яшчэ і паабяцала яму мейсца ў быцьці ірэальным. Займеўшы пэрспэктыву быць тут і цяпер, там і потым, я-чалавек не схацеў болей быць як ня-быць энтылехіяй эйдасу чалавека тут і ўласна эйдасам там. Ён без асаблівай шкадобы да назапашаных багацьцяў пакінуў залатыя харомы антыкі ды выправіўся прэчкі, каб хутчэй сустрэць самога сябе як найвялікшую з магчымых для сябе каштоўнасьцяў быцьця.

Заакцэнтуем увагу на слове “пакінуў”, бо ў маім разуменьні яно зьяўляецца лёсавызначальным што да антычнай цывілізацыі: ніхто гэтую цывілізацыю не бурыў, не зьнішчаў, не заваёўваў (хаця, натуральна, і бурылі, і зьніштажалі, і заваёўвалі — ды не пра тое тут гаворка), — чалавек яе проста пакінуў, пакінуў з ўсёй матэрыяльнай і духоўнай раскошай, і не знайшлося ў антычнасьці нічога, што магло б затрымаць пры сабе чалавека.

У антычнай цывілізацыі, здаецца, было ўсё, акрамя патэнцыі да актуалізацыі я-чалавека, як адзіна пэрспэктыўнай для яго падзеі быцьця — адкуль і вядомы вынік, які сама яна нават ня здолела

асэнсаваць: неўпрыкмет сканала, шчасьліва не разумеючы, што здарылася і з чаго так здарылася?!

ТРАНСЦЭНДЭНТНЫ ГАРАНТ Я-ЧАЛАВЕКА

Навідавоку пярэчаньне: “адзіна пэрспэктыўнай” і першай, ува ўсіх сэнсах, падзеяй быцьця ў хрысьціянскую эпоху быў ня я-чалавек, а Бог. Фармальна, пагодзімся, гэта безумоўна так. Але разам з тым заўпарцімся: сутнасным зьместам монатэістычна сфармалізаванай трансцэндэнцыі стаўся менавіта я-чалавек, які, праз пэрсанальны хаўрус, у Богу рэалізаваў насьпелую патрэбу абгрунтаваць сваю значнасьць у значэньнях лучнасьці з пэрсаніфікаванай ісьцінай быцьця.

Скуль раптам узьнікла менавіта такая патрэба? Прычына быццам нечаканага скоку з наяўнасьці ўва ўнівэрсалісцкім агульным у сынгулярную тоеснасьць з Богам мне бачыцца ў наступным: Тэкст пашырыў расьцярэблены ў эру Міту лапік а-рэальнасьці да памераў практычна неабмежаванай прасторы, якая з прычыны сваёй неабмежаванасьці змагла запрапанаваць “вакансіі” на ўласнае мейсца ў быцьці кожнаму асобнаму чалавеку, з чаго ў я-чалавека зьявілася магчымасьць індывідуальных стасункаў зь ісьцінай быцьця.

Улучна з тым Тэкст, рассунуўшы прастору ёсьць у бязьмежжа было і трывала замацаваўшы вэрсію верагоднасьці будзе, адначасна з “вонкавай” прасторай (двукосьсі тут таму, што а-рэальнасьць онталягічна паходзіць зь інтэлігібэльнага патэнцыялу чалавека і хаця наяўна яна фіксуецца ў тэхнагібельным рэльефе цывілізацыі, але быційна адбываецца ўнутры я-чалавека) зьмяніў і “нутраную”, экзістэнцыйную прастору я-чалавека, якая павялічылася праз парамэтры было і будзе да той меры, што ўжо дазваляла я-чалавеку зьмясьціць Бога ўнутры сябе. Вось із гэтай, падвоенай перамены сытуацыі (гранічнае пашырэньне “нутраной” прасторы я-чалавека) узьнікла запатрабаваньне такога Бога, які б улічыў гэтую перамену, улучыўшы яе эмбівалентны сэнс у сваю трансцэндэнтную сутнасьць.

Сярод вядомых нам паганскіх багоў не знайшлося такога, які б здолеў, не пакідаючы ўнівэрсальнага космасу, засвоіць сынгулярны космас я-чалавека, абжыць яго як свой уласны дом і тымсамым гарантаваць кожнаму я-чалавеку статус унікальнай падзеі. Як ні блізка да я-чалавека мясьціліся багі (Дзэўс на гары Алімп, Ярыла за бліжэйшай хмурынкай...), аднак ім было не па сілах пераадолець тую дыстанцыю абыякавасьці, што адмяжоўвала іх ад я-чалавека, і хаця субстанцыянальна паганскія багі нібыта ўдзельнічалі ўва ўсіх чалавечых справах, але гэты ўдзел меў адно значэньне пры-сутнасьці, прысутнічаньня ля сутнасных акцыяў я-чалавека і не прадугледжваў магчымасьці трансфармацыі ў бок экзістэнцыйнага збліжэньня зь я-чалавекам, тым болей — таясамасьці зь ім у адзінай сакральнай прасторы...

Бог, які прыйшоў да эўрапейскага чалавецтва з Тэкстаў Вялікай Кнігі юдэяў, быў гранічна чалавечым Богам. Ён перадусім апекаваўся чалавекам і таму ў яго атрымалася забясьпечыць я-чалавеку насьпелую перамену статусу: пад апякунствам гэтага Бога я-чалавек зь меры існага стаўся тым, што вымяраецца існым, як ягоная, існага, ісьціна.

У Богу я-чалавек знайшоў найбольш важкі аргумэнт на карысьць каштоўнасьці самога сябе. Калі бог стасуецца непасрэдна да мяне, калі ён заангажаваны мною, то пэўна я патрэбны Богу як тое, без чаго яму цяжка абыйсьціся. Адсюль вынікае, што ў нейкім сэнсе маё “я” — апірышча Бога і значыць у прасторы а-рэальнасьці яно ўяўляе супольную з падзеяй Бога падзею быцьця.

Бог, як я-чалавек, адсунуты ад самога сябе ў неверагодную далеч і я-чалавек, як Бог, ссунуты з гэтай неверагоднай далечы ў прыхапкі я-чалавеку — такой была аснова новай сытуацыі, якая далей аб’ектыўна вымагала натуралізацыі богачалавека ў значэньнях чалавекабога.

Пэрсаналізаваўшы Бога ў Ісусе Хрысьце, хрысьціянскі чалавек канчаткова паставіў знак тоеснасьці паміж сабой і Богам і тымсамым улучыў сябе ў ісьціну быцьця. Разам з тым гэтая працэдура сталася і вырашэньнем праблемы я-чалавека ўвогуле, бо дзякуючы пэрсаналізацыі Бога, чалавек амаль на тысячагодзьдзе пазьбег пытаньня: хто я? Яно цалкам патанула ў праблеме Бога: што ёсьць Бог і наколькі Бог вымыкаецца са сваёй трансцэндэнцыі для чалавечага веданьня?

Поделиться с друзьями: