Мяне няма: роздумы на руінах чалавека
Шрифт:
Усё ёсьць і нічога няма. Жудаснае відовішча.
Як быццам я яшчэ не нарадзіўся, а ўжо памёр. І ўсё так, усё так — дазваньня.
Што існае бяз слова? Сказаць — нішто, значыць нічога не сказаць.
Натуральна, Слова — Бог. Яно перастварыла вусьцішную фантасмагорыю ў ветлую рэальнасьць, і калі што абагаўляць, то нішто іншае, як Слова. Назваўшы Існае — існым, яно выявіла яго наяўнасьць для некага другога.
Пакуль сусьвет быў адно сам для сябе, яго не было. Усё, што ёсьць, ёсьць толькі таму, што яно ёсьць для некага. Адам, надаўшы істотам ды існасьцям імёны, вызваліў іх зь вязьніцы саміх сябе. І ўсё, што
Кожны раз, прамаўляючы нешта, мы прамаўляем Тваё Імя. Лаянка і мальба, споведзь і хлусьня, патаемная думка і енк — усё Ты.
Забі — Ты. Зьлітуйся — Ты. Мы — Ты. Я — Ты.
Ты — Слова, пэрсаніфікаванае ў слове Бог.
Ты — абагаўленьне магчымасьці гаварыць, ведаць, разумець, — жыць.
Паўторанае за тысячагодзьдзі безьліч разоў Тваё імя зацьвярдзела ад дотыкаў вуснаў, а рэха матэрыялізавала прастору Твайго бытаваньня.
Вызначаючы лёсы людзей, народаў і ўсяго людзтва, слова Бог само мацавалася чалавечай моцай, зьбіралася чалавечымі высілкамі ў магутную дзейсную волю.
А пасьля ўкрыжаваньня Ісуса яно набыло важкасьць маральнага абсалюту.
Ты — толькі імя Слова.
Але з чаго тады цяжар нябёсаў і млосьць у сэрцы?
Ты — слова Бог. Гэта напэўна. Аднак...
Аднак, што было да слова? Ці ведае хто адказ на гэтае пытаньне, ці ведаеш адказ на гэтае пытаньне Ты?
Магчыма, я дарэмна пакепліваў зь Яана? Магчыма, Ты сапраўды быў “спрадвеку”? Але хіба Ты быў Богам, пакуль не стварыў прамень, верас, пчалу, мяне? Хіба Ты быў Богам, пакуль прывіднай зданьню блукаў у суцэльнай цемрадзі бязьмежжа ці недзе ў кутку Нічога, згарнуўшыся ў Нішто, няўцямна скуголіў, як засунутае ў мех шчанё?
І калі мы ўсе зьнікнем, што застанецца ад Цябе? Кволае трымценьне спарахнелага шматка Нішто ў ацьвілым кутку Нічога?..
— Маўчыш? Маўчы!
Урэшце, адзінае, што я хацеў бы пачуць ад Цябе — гэта:
— Чаму?
І, можа:
— Навошта?
Зь якой такой патрэбы Ты раптам усхапіўся да працы, каб зрабіць прамень, верас, пчалу, мяне?..
Я кленчу перад Табой і схіляю да масьніцаў галаву перад Тваёй кемлівасьцю. Зь нічога, з абсалютнага нічога, з сусьветнага гвалту абсмактанай пустэчы ўзьбіцца на ідэю Нечага, на ідэю формы — гэта... Калі я скажу, што гэта — геніяльна, мне першаму будзе няёмка за ўбоства чалавечае мовы.
Са зьместам, пагодзімся, ужо было значна прасьцей, а што да тэхналёгіі, то, мяркуючы па Тэксьце, за выняткам апошняга акту тварэньня, праблемаў увогуле не было.
Але навошта Табе ўсё гэта было патрэбна?
— Скажы!
Можа, табе абрыдла быць Нікім і Ты вырашыў, што лепей памерці ў тварэньні аднойчы і назаўсёды, чым доўжыць яшчэ невядома колькі дурную бясконцасьць панылага існаваньня?..
І Ты памёр у чалавеку, як памірае скінутае зь сяйва ў глебу зерне.
Адам убачыў цябе ўжо старым, задаволеным сабой, але, па боскай меры, нямоглым. І гэты вобраз спрацаванага ціхамірнага дзеда на прызьбе — адзіны ўспамін пра Цябе, які досыць выразна перадаваўся потым праз пакаленьні.
Пэўна, пачынаў Ты работу маладым і дужым, аднак, мабыць, не разьлічыў моцы свайго духу і Адама ўжо давялося ляпіць рукамі з кавалка гліны, адно пахукаўшы трохі на пальцы. А Эве і хуканьня не засталося. Як парастак прышчапляюць да галінкі, так прышчапіў Ты скабу Адама да дрэва жыцьця.
Дарэчы,
чаму гэта мы Цябе ўхваляем, чаму гэта Табе дзячым за жыцьцё? Нідзе няма нават згадкі на тое, што, ствараючы Адама і Эву, Ты меў намер растыражаваць іх да бясконцасьці. Каб мы ўваходзілі ў Тваю задуму, то як зораў на небе Ты нарабіў бы людзей на зямлі. Але Ты палічыў, што даволі і гэтых двух. І вымыў рукі...А калі б Эва не аслухалася цябе?..
І па сёньня сярод хмызоў Эдэму бадзяліся б толькі два голыя чалавекі, лыпалі вачыма, пазяхалі раз-пораз і, казычучы адзін аднаго пад пахамі, па-дурному рагаталі, гэтым рогатам акрэсьліваючы ўвесь зьмест быцьця.
Не Табе, а ім, якія саступілі ў грэх, трэба дзячыць за тое, што мы ёсьць, не Табе, а ім я абавязаны магчымасьцю быць, баляваць зь сябрамі, цягацца па высокіх гарах у салодкім прадчуваньні вяртаньня на бацькаўшчыну. І не Табе, а ім я буду некалі дзячыць за магчымасьць пазбыцца назаўсёды той бясконцай мітрэнгі, якую мы называем жыцьцём.
Ня Ты — Грэх наш бацька.
І ўсе мы ягоныя дзеці.
Гэта так.
Застаецца пачуць адказ на пытаньне:
— Чаму Ты дазволіў граху быць?
Адно не кажы, што Эва с а м а зрабіла тое, што зрабіла. Сьмешна слухаць: без Твае волі і па-за Тваім веданьнем здарылася самая вялікая падзея ў гісторыі людзтва...
Яно зьявілася.
Але якраз на гэтае пытаньне, нават аказаўшыся, Ты, пэўна, ніколі не адкажаш. Бо наш грэх — Твой сорам. А можа, і нешта горшае, пра што далей...
— А Ты пярэч.
У нейкі момант Ты зразумеў, што Твая праца, лічы, была марнай. Што, зрэшты, нічога не зьмянілася ў параўнаньні з тым, калі не было нічога. Мігцяць зоры. Гайдаецца Зямля, сноўдаюць па ёй розныя істоты, але нідзе нічога не адбываецца. Быцьцё быццам ёсьць і яго няма. Яно здарылася аднойчы, а цяпер толькі прысутнічае ў прасторы, як прысут-нічае ў гасьцёўні карціна на ўспамін пра пэўны акт творчасьці.
Хаця параўнаньне з карцінай, бадай, не зусім дакладнае. Лепей згадаем тэатар, дзе Ты рэжысэр і глядач у адной асобе.
Напачатку Цябе ўсё бавіла: і велічныя дэкарацыі, і жвавыя статысты, і вабная гераіня побач з цнатлівым героем у багатым інтэр’еры з размаітай квецені (“І гэта хораша”, — раз-пораз паўтараў Ты).
Але колькі можна глядзець буколіку, у якой ніколі нічога не адбываецца?
Некалі Табе ўсё гэта абрыдла. Зусім верагодна, што калі б у цябе яшчэ заставалася моц жыцьцядайнага духу, Ты пабурыў бы гэты сьвет і зладзіў што-кольвек іншае, каб наноў уведаць асалоду творчага зьдзяйсьненьня. Аднак ад той першапачатковай моцы, пэўна, ужо амаль нічога не заставалася. І Ты аднойчы падумаў, што зусім неабавязкова ўсё перарабляць ад пачатку, даволі будзе, калі з гэтымі лянотнымі, ні да чаго ня здатнымі стварэньнямі нешта здарыцца.
Зь імі ўвесь час нешта павінна здарацца! Тады статычнасьць быцьця зрушыцца са свайго пастамэнту, і яно само закруціцца ў шалёнай віхуры пераменаў.
Цяпер Табе заставалася вынайсьці тое, што потым бу-дзе вечна рухаць рыны дзеі.
Твая прыдумка з гледзішча чалавечае маралі была жахлівай! Аднак нават жахаючыся Тваёй жорсткасьці, давядзецца пагадзіцца, што нічога роўнавялікага потым ні Ты, ні хто іншы ня змог вынайсьці.
Новая канцэпцыя жыцьця прадугледжвала замену пануючай у Эдэме тэорыі бесканфліктнасьці на абвальную трагедыю.