Мяне няма: роздумы на руінах чалавека
Шрифт:
Мінск — падстава як гарманізацыі, так і легалізацыі этнічнай прасторы. У гэтай якасьці ён застанецца і будзе — да таго часу, пакуль нацыя і дзяржава будуць хоць нешта значыць для чалавека. А як толькі гэтае значэньне страціць сваю актуальнасьць, Мінск зноў перакінецца ў Менск, змарнее, сьцішыцца, атухне ў марудзе штодзённых турботаў... Зрэшты, гэтую сумную пэрспэктыву цяпер нават марна вы-глядаць — залішне яна адцягненая і паэтычная. Лепей абернемся да яшчэ блізкай мінуўшчыны і зьвернем увагу на міграцыю 50-70-х гадоў, калі ў насьцеж расчыненыя брамы места пацягнулася беларуская вёска і яе коштам Мінск упершыню за апошнія колькі там стагодзьдзяў стаўся горадам, дзе жывуць пераважна беларусы.
Мы перабіраліся ў Мінск зь вёсак і мястэчак зусім ня дзеля таго, каб тут гартаваць сваімі лёсамі трансцэндэнтную ідэю ўскрыленай Беларусі. Мы ехалі сюды, каб мацаваць свае лёсы моцай вялікага горада, і нам не да галавы было нешта абстрактнае, што хавалася ў “шолаху моўкнасьці” гэтай прасторы... Мы патроху асвойтвалі геаграфію вулак і пляцоў, абвыкаліся сярод гжэчных словаў і фацэтных завядзёнак, прыстасоўвалі сваю хаду і думкі да стылізаваных пад сьпех рытмаў, каб неяк аднойчы заўважыць: Мінск робіцца ўсё болей падобным да нас саміх, да ўсёй астатняй Беларусі і, па сутнасьці, няма тут нічога такога, чаго б не было ў Коўзунах, Сьвіслачы, Тураве... Бадай што менавіта з гэтай заўвагі спакваля ўзьнікла запатрабаванае лёгікай пытаньне: калі ў Мінску няма нічога такога, чаго б не было там, дзе мы былі раней, то што гэта такое — Мінск? У пошуках тлумачэньня не магла не зьявіцца думка: а можа Мінска як Мінска няма, можа, ёсьць толькі пэўная каардыната, пазначаная межамі кальцавой дарогі, заасфальтаваная паверхня, і мы на гэтай паверхні, як адзіная рэальнасьць горада, якая была пакліканай сюды, каб вымкнуць з кантынууму ідэальнага трансцэндэнтную задуму і абазначыць яе зьбегам нашых лёсаў на покрыве штодзённасьці?
Зрэшты, значна раней, на самым пачатку рэфлексаваньня, з эмбрыёну “Мы” мусіла паўстаць самотнае “Я” ў якасьці апазыцыі ідэальнай унівэрсаліі і адначасна гораду, што некалі будзе...
Мінск — места адзінокіх самотнікаў. Адставіўшы каўняры, яны паволі блукаюць па зблытаных туманом вулках і абыякава думаюць, што ў Мінску, пэўна, болей чым дзе самагубцаў, якіх ніхто ніколі не шукае, бо тут кожны іншы побач — усяго толькі прыкрая недарэчнасьць, на якую пажадана хутчэй забыцца, каб нішто не замінала вярэдзіцца думцы: навошта я сам сабе патрэбны?
Няма чаго спадзявацца, каб з гэтага вярэдзіва адзіноты выбрыняў нейкі ўцямны адказ, але разам з тым можна быць упэўненым, што менавіта адсюль патроху пачнуць вымыкаць здані мітаў, прывіды ідэалягемаў, сьляды сьлядоў... Цені ірацыянальнага будуць гуснуць, цяжэць, усё цяжэй класьціся на покрыва каардынаты, і пустэльня, выпаленае ляда пакрысе ажыве, напоўніцца нечым, што некалі стане тым другім, які запатрабуе любові, змусіць на бясконцы дыялёг, і такім чынам спакваля з горада, якога няма, зробіцца горадам, які ёсьць.
Мне кажуць (сёньня я чую гэта з усіх бакоў), што Я — найвялікшая каштоўнасьць. Большая за дзяржаву, нацыю, рэлігію і, магчыма, нават за самога пана Бога.
Ня ведаю, можа, які іншы чалавек і зьяўляецца такой значнай цацай, толькі ня я. Я ня бачу асаблівай цаны ў нейкай колькасьці арганікі, выдзеленай з агульнага кантэксту “жывога рэчыва” даўно набытымі нагавіцамі і зацыраваным свэдрам.
Я — гэта семдзесят кіло костак, тлушчу, цягліц і вадкасьці чырвонага колеру, зьмешчаных у колькі там квадратных мэтраў бляклай скуры. Дадайце сюды трошкі нэрваў, два-тры хаценьні, некалькі запазычаных думак...
Вось і ўсё.А мне і згэтуль і адтуль: ты цэнтар сусьвету, апірышча быцьця і, зусім верагодна, ягоны сэнс.
Я торгаю вуха, ушчыкваю клуб і як той андэрсанаўскі хлопчык, толькі ня весела, а з сумам, пярэчу: “Чалавек голы”.
Я ганарлівы, як засьцянковы шляхцюк, але гэта ўжо занадта. Што, я сябе ня ведаю? Зь якой-такой ласкі — найвялікшая каштоўнасьць, за што такая пашана?
Магчыма, іншых гэта не цікавіць, а мяне дык надта: як раб божы стаўся самакаштоўнай цацай? Калі чалавек спрычыніўся да сэнсу быцьця, чаму ссунуў на сябе гэты сэнс?
А было нават так: “І паказаўшы рукою Сваёю на вучняў Сваіх сказаў: вось маці Мая і браты Мае: бо хто будзе выконваць волю Айца Майго, Які ёсьць у нябёсах, той Мне брат і сястра, і маці”.
Гэта нават больш за адмаўленьне ад сябе — адмаўленьне ад маці дзеля прыналежнасьці да ідэі.
Ідэя, сэнс і сутнасьць быцьця знаходзіліся па-за асобай да той пары, пакуль ня ўзьнікла пытаньне: ці вольны чалавек у сваім зямным выбары, ці пан ён над сваімі немудрагелістымі ўчынкамі?
З гэтага пытаньня спакваля высьпеў гуманізм.
Гуманізм — гэта чалавек, вылуплены з-пад шкарупіны субстанцыі Бога.
Ува ўлоньні гуманізму канчаткова сфармаваўся эгаізм.
Рэнэсанс, справакаваны ідэяй гуманізму (ці наадварот?), паспрыяў разьняволеньню эгаізму, надаў яму імпульс для выяўленьня раней прытоенага патэнцыялу.
Сэнс чалавека — чалавек. Сам дзеля сябе, сабою цалкам і абсалютна завершаны. Найвялікшая каштоўнасьць.
Наймагутную духоўную крызу не змаглі стрымаць ні контррэфармацыя XVI-XVII стагодзьдзяў, ні камунізм XX. Зрэшты, чаму крыза?
Напэўна, ужо сёньня мы можам разглядаць гісторыю чалавецтва як эвалюцыю эгаізму. Ад інстынкту самазахаваньня да пабытовага эгаізму і далей праз гуманізм да татальнай самадастатковасьці.
Гуманізм паступова выціскае хрысьціянства, як і ўсе іншыя не-эгаістычныя канцэпцыі прысутнасьці чалавека ў сьвеце. Апошняй яго ахвярай стаўся калектывізм.
На зыходзе XX стагодзьдзя эгаізм няўмольна датрушчвае тыя ідэі, якія яшчэ месьцяцца па-за асобай. Чалавек перакуліў сьвет на сябе, і эгаізм заняў мейсца пануючай духоўнай ідэі.
Ёсьць тое, што ёсьць, і калі эгаізм перамог усе іншыя магчымасьці быцьця, то, значыць, сапраўды няма ў прасторы і часе нічога, што было б больш значным за чалавека. Значыць, і сапраўды няма нічога больш важнага за гэтыя семдзесят кіло костак, тлушчу, цягліц і вадкасьці чырвонага колеру, зьмешчаных у колькі там мэтраў бляклай скуры.
Але, але... Рэч у тым, што асабіста я не хачу быць месьцішчам абсалютнага сэнсу, бо ня бачу ў сабе, зь якога боку ні глядзеў, адпаведнага абсалюту зьместу. Больш таго, з кожным днём для мяне робіцца выразьнейшым разуменьне канчатковай бессэнсоўнасьці асобнага чалавека, якая вынікае зь яго не-абавязковай прысутнасьці ў жыцьці.
Пакінуўшы слоўныя мудрагельствы, сфармулюем гэта гранічна проста, быў асабіста ты альбо цябе не было і ніколі ня будзе — усё адно. І таму ў сьветапоглядным сэнсе менш за ўсё мяне цікавіць маё Я, а калі цікаўнасьць усё ж узьнікае, я адразу бачу, як з-пад яе покрыва вытыркаюцца рожкі эгаізму.
Я — голы чалавек на скразьняках часу, і калі шукаць нешта вартае ў зьвязку з маёй асобай, то гэта ня я сам, а мой этнас ува мне.
Я — гэта колькі там тысяч год і колькі там соцень каленаў майго роду, і ўся мая каштоўнасьць — гэта каштоўнасьць скарбонкі, у якую ссыпаны скарб, набыты нястомнай працай на працягу невядома якога часу. І калі я прыходжу да высновы, што я ўсяго толькі месьцішча, дзе мой этнас працягвае існаваньне з усімі сваімі тысячагодзьдзямі і каленамі, то амаль міжволі вымаўляю: мой бог — мой этнас.