Мяжа
Шрифт:
На кухню забегла спрытнае чарнавокае дзяўчо з вялікімі белымі каснічкамі на русай галаве.
— Мама! — ускрыкнула яна і паказала пальцам на стол. — Дед опять натрескался!
— Хадзі, мая ластачка малая, — працягнуў да яе дзед свае голыя рукі з жыламі, — хадзі, мая ластачка залатая…
Ён нахіліўся наперад, стульчык пад ім упаў, унучка адскочыла, але дзеду ўдалося злавіць яе за руку.
Адбіваючыся, унучка плюнула дзеду на грудзі.
Прыбегла высокая жанчына ў расшпіленай кофце і стукнула дзеда па руцэ, вырвала малую. Дзед, насмех хукаючы на пабітую руку, быццам яму балела, падняў стульчык і падсунуў жанчыне.
— Вось,
— Ах, божа мой мілы, нашто вы тут накурылі! — прастагнала Марыя і ўзялася за галаву. — Нашто вы тут напілі, накурылі…
— Агітавалі нашую ўнучку! — абвясціў урачыста мужчына, быццам гэтая абвестка павінна была зняць з яго віну за парожнія пляшкі і за цыгарэтны дым. — Скажы, Ірачка, сама — хочаш вучыцца па-беларуску?
— А вы мо настаўнік? — жанчына паглядзела на Міцуру.
— Я… ведаеце… Не, не настаўнік. Можа, вы напішаце такую заяву, каб Ірына вучылася на роднай мове, у беларускім класе? — сказаўшы ўжо, Міцура зразумеў, што зрабіў памылку. Трэба было ісці не адразу ў лоб, а зноў растлумачыць хоць збольшага. — Падумайце, прашу вас…
— Не, вось пісаць я нічога не буду, — пакруціла галавой Марыя, — як усе — так і я.
Дзяўчынка тым часам спадылба агледзела Міцуру і падышла да дзеда. Здаволены, ён схапіў яе, пасадзіў на калена і пачаў прытупваць нагою.
— Мая-лас-тач-ка-малая, — нараспеў, у такт, казаў ён.
Міцура зразумеў, што яму трэба ісці.
На пыльнай вечаровай вуліцы ён, лена перастаўляючы ногі, пайшоў у канец двара, да месца збору. Каля аднаго з пад’ездаў, на лаўцы, ён убачыў Вяргейчыка, свайго сябра з педагагічнага інстытута. Паўгода назад Вяргейчык пачаў вучыць Міцуру мове, а сёння ўпершыню прывёў на збор заяваў.
— Што, як улоў? — падымаючыся, епытаў Вяргейчык. — Нашыя ўсе паразыходзіліся. Напісаў хоць хто?
— У мяне — ніхто.
Яны пайшлі ў бок прыпынку.
— Чуе мая душа, што заявы готыя няшчасныя мала што дадуць. Звычайна яны ці «губляюцца», ці «назад забіраюцца»… Крыўдна, Міцура, вось што — мы б’ёмся-б’ёмся, а толку мала, — Вяргейчык засмяяўся, зірнуў на Міцуру і змоўк. — Прыйдзеш заўтра?
— Прыйду, — адказаў Міцура рашуча. — Дзе і калі збіраемся?
22. Буклет і рэкорд
«Маладыя галасы», 1990 г.
САЧЫНЕННЕ. Аповесць, апавяданні. 6 арк. Цана 40 кап.
«Зборнік уключае аповесць „Мяжа“ і апавяданні. Яны аб’яднаны агульнай тэматычнай накіраванасцю. Героі твораў — прадстаўнікі сучаснай моладзі з іх няспынным пошукам ісціны, праўды, справядлівасці, свайго месца ў жыцці… Без перабольшання можна сказаць, што героі кнігі — людзі актыўныя, поўныя высокай духоўнасці і веры ў светлую будучыню».
З аднаго боку яно добра, што мне ў чарговы раз пашэнціла і гэтая «вера ў светлую будучыню» так і не пабачыла свет — застаўся адзін анонс.
А з іншага — што за сумны рэкорд, каму ён трэба: 15 гадоў не выходзілі «дарослыя» кнігі! І якіх гадоў для пісьменніка: ад 30 да 45!
23. «Гарадскі сшытак»
(Урыўкі з аповесці «Мяжа», 1986 г.)
Восень. «…Па асфальце вецер гоне ліст чырвоны, ліст зялёны…», — думаў Міцура. (Ну што, ёсць у спалучэнні гэтых колераў нешта?)
Міцура
ішоў на кватэру да Аленкі ў другі раз.Ён не любіў двор, дзе жыла цяпер Аленка, як не любіў усе новыя мікрараёны. Палескага местачковага жыхара, яго проста палохалі чатырохкутныя даўжэзныя гмахі, страшэнная неўладкаванасць, ён рабіўся неспакойны і то задзіраў галаву, баючыся, каб што не ўпала зверху, то апускаў вочы, каб не ўваліцца ў яму ці ў траншэю, якімі быў перакапаны ўвесь двор…
Двор, дзе жыла цяпер Алена, размяшчаўся ў новым мікрараёне. Міцура ішоў сюды ўжо ў другі раз. Палескі местачковы жыхар, ён не любіў, цярпець не мог новых сталічных мікрараёнаў…
Мікрараён здаваўся Міцуру страшэнна неўладкаваным і не падабаўся яму. Ад вуліцы наўскасяк двара вяла доўгая, шырокая і глыбокая траншэя, праз якую былі перакінуты шчыты; сярод двара ляжалі ў беспарадку, прысыпаныя снегам… з зямлі тырчэла палавіна абабітай да арматуры пліты — нічога не змянілася, усё засталося, як і месяц (?) назад, калі ён прыходзіў… Хіба што пасярод двара чарнелі… накапалі новых вялікіх і малых ямак… дабавілася новых ямак і траншэй.
Як і ў першы раз, так і цяпер, пераходзячы па хісткім шчыце траншэю, Міцура перш за ўсё падумаў аб сваёй прафесіі — інжынер-будаўнік.
Даўжэзныя шэрыя шматпавярховікі, што з чатырох бакоў глядзелі вокнамі на гэтую траншэю, на ямы і пліты, — на ўвесь гэты бруд-бардак, які Аленка важна называла «наш двор», у другі раз выклікалі ў Міцуры адны і тыя ж пачуцці. Па-першае, усё ў ім бунтавала супраць слова «двор» у гарадскім разуменні. Палескі местачковы жыхар, ён уяўляў сабе двор як нешта зялёнае, з мурагом, плотам, на калках якога гладышы, па якім ходзяць куры і клююць мурог, з хатаю і хлявамі.
Па-другое, ён успомніў, пачынаў думаць, што вучыца на інжынера-будаўніка, і ўсё будучае жыццё ўяўлялася яму тады звязаным з такімі вось недабудовамі, плітамі, будаўнічымі каскамі накшталт той, што валялася на дне траншэі, калі ён пераходзіў па шчытах…
І па-трэцяе, у галаве сама сабой аднекуль узнікала хуткая адэская мелодыя: «Небоскрёб, небоскрёб, а я маленький такой: то мне страшно, то мне грустно, то теряю свой покой».
«Але ці будзе ЯНА дома?» — сам у сябе спытаў Міцура, каб перабіць дакучны матыў, і, спыніўшыся, задраў галаву. Цямнела, і некаторыя вокны ўжо свяціліся. Ён нічога не ўбачыў, таму што не ведаў нават Аленінай кватэры, дзе яе вакно. Але на міг яму зрабілася і радасна, і сумна адначасова.
«Любая, хутка мы расстанемся, — падумаў ён (пра Алену); так як на словах стараўся пазбягаць сентыментальнасці, так у думках не баяўся яе. — Я цябе пакіну, і што са мной станецца! Сап’юся, а ты жыві, выходзь замуж, нарадзі дзяцей… Можа, калі і ўспомніш, гартаючы альбом і спатыкнуўшыся вачыма на фота…»
Адносіны да Алены, дзяўчыны са сваёй групы, з якой адвучыўся тры гады, Міцура лічыў асаблівымі, не такімі, як у іншых.
На першым курсе ён не заўважаў яе таму, што навокал шмат было дзяўчат лепшых, на другім — пабачыўшы, наслухаўшыся выдумак і праўды аб любоўных гісторыях, ён зрабіўся ледзь не першым цынікам (АНЕКДОТ: першы курс — «нікому», другі — «яму аднаму», трэці — «каму хачу», чацвёрты — «каму?! каму?!») — і яго проста баяліся, і толькі на палове трэцяга ён адкрыў: дзяліць трэба не на хлопцаў і не на дзяўчат, а на добрых і кепскіх людзей. (Вось, толькі гэты сказ і гучыць.)