Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Федарэнка Андрэй

Шрифт:

Усё да таго йшло. Не бачылася магчымасці нікуды вырывання.

Можна спытаць — а куды вырывацца? Навошта? Пасля аповесці «Вёска», у якой я, хочучы праклясці сялянскае жыццё, міжволі блаславіў яго, крытыкі пісалі: «Нашто герой некуды імкнуўся? Яму ж рай там быў».

Вось толькі з гэтага рая, як у прымаўцы, «не выйдзе ні…», словам, анічога. Рай там быў да 14 гадоў, а пасля для таго, хто не паспеў і спазніўся, пачыналася пекла. І вырыванне з тагачаснай вясковай рамантыкі было сінонімам слову «жыць».

Аднак неаднойчы яшчэ я пачую ад самых розных людзей карысныя парады.

Сяргей Дубавец: «Ну, скончыш

інстытут, застанешся ў Мінску і ці прападзеш, ці яшчэ горш — станеш такім жа пісьменнікам, як усе яны. Трэба жыць у вёсцы, сярод народа…»

Алесь Рыбак: «Эх, мне б вашы гады… Пераехаў бы ў вёску, пісаў бы там на прасторы…»

Іван Пташнікаў: «Каб мне ваша маладосць!.. Я б пешкі пайшоў па Беларусі, потым асеў бы ў вёсцы…»

Анатоль Сыс, доўга не могучы мне дараваць працу ў «Полымі» (ён лічыў, што я займаю яго месца): «У Бярозаўку, (…)!» (Бярозаўка — гэта мая вёска.)

Калі Булгакаву аднойчы пачалі даказваць, што ён «павінен змагацца за чысціню тэатральных прынцыпаў» і т. п., і прыводзілі аргумент:

— Вы ж прывыклі галадаць, чаго вам баяцца! — Булгакаў адказваў:

— Я, канечне, прывык галадаць, але не вельмі люблю гэта. Так што вы ўжо самі змагайцеся.

«Менавіта таму, дарагія, што я дастаткова там пажыў і ведаю, што гэта за мёд, я туды не вельмі імкнуся — вы ўжо самі там жывіце».

18. Субяседаванне

Лёгка сказаць — вырвацца.

Трэба не проста з’ехаць упрочкі. Трэба была абавязкова вышэйшая навучальная ўстанова, і абавязкова звязаная з літаратураю, бо залежнасць ад яе была ўжо куды мацнейшай, чым ад таго ж спіртнога.

Як гэта зрабіць? Без грошай, без блату, без «чырвонага дыплома», без накіравання? У кожнае ВНУ каля дзесяці чалавек на месца. Плюс гуманітарныя ВНУ патрабуюць, каб меў нейкае дачыненне да творчасці (а ўся мая «творчасць» — сіні канверт ды два вершыкі ў раёнцы, і тыя згубіліся). І тут, як не раз яшчэ здарыцца ў жыцці, памагла армія, радок з характарыстыкі: «активно сотрудничал с „Боевым лиском“, некоторое время являлся редактором его…»

З гэтым радком узнікаў адзін з сотні шанс быць — не, не дапушчаным да экзаменаў, не стаць абітурыентам, а ўсяго толькі слухачом на падрыхтоўчым аддзяленні. І нават ім зрабіцца няпроста, трэба прайсці «субяседаванне». Тры прадметы: гісторыя? нямецкая? — не памятаю. Апошняя — літаратура. «Паднятая цаліна». Пашэнціла. «Всерьёз собрались Рваные шчупать Советскую власть…» Выдатна, пяць. Тры пяцёркі. (Як Бунін ніколі не змог прывыкнуць да савецкага правапісу, так я ніколі не прывыкну да цяперашняй дэбільнай дзесяцібалкі.)

Выйшаў на вуліцу. Іншымі вачыма агледзеў гэты горад, іншымі вушамі яго пачуў, іншымі ноздрамі ўдыхнуў яго паветра…

Вечар, цягнік, купэ, толькі я і нейкая жанчына. Дастаю пляшку «чарніла», набулькваю поўную, 250 грамаў шклянку, спакойна выпіваю да дна. І раптам жахлівы стогн:

— О-ох, Божа мой мілы, Божа літасцівы! Што ж гэта робіцца на белым свеце?!

19. Мінск

Як заўсёды ў такіх выпадках, доўга, месяцы два (дзелім на дні і гадзіны), цягнулася маўчанне. Мёртвае. І, як заўсёды, калі герой праходзіць усе неабходныя фазы: адчаю, злосці і абыякавасці — менавіта ў той момант з’яўляецца паведамленне з казённым штэмпелем.

Вось

ён перада мной, гэты жоўта-шэры аркушык таннай (самай дарагой у свеце!) паперы, які правёў чарговую рэзкую мяжу паміж маім папярэднім жыццём і будучым.

«Прыёмная камісія паведамляе, што Вы залічаны…»

Мінску я ўжо дастаткова праспяваў дыфірамбаў. «Гэта мой горад». Ён зрабіў амаль немагчымае — залячыў боль адразання пупавіны; больш таго — ён прызнаў мяне, прыняў маю любоў і адказаў мне ўзаемнасцю. І дзе б мяне потым ні насіла, толькі калі апынаўся тут, супакойваліся душа і думкі…

Трэба ведаць, што ў той час кожны малады чалавек, які трапляў у Мінск, неўзабаве пачынаў гаварыць сабе: «Я беларус, і ганаруся гэтым»… Мінск здаваўся яму найвялікшым у свеце горадам, душа яго свабодна аддалася на тое, каб у ёй старанная рука напісала веру ў Бацькаўшчыну…

…Хвілінку, выбачаюся — тут выпадкова ўплішчылася чужое, а я забыў узяць у двукоссе. Але чые гэта два апошнія сказы?

Гэта піша ў 1944 годзе, за год да смерці, Кузьма Чорны ў сваім аўтабіяграфічным рамане.

Тады яшчэ крыху, ужо з двукоссем:

«…Адчуваў сябе на мяжы двух светаў: мінулага і будучыні, Заходняй Еўропы і Расіі, каталіцтва і праваслаўя…»

20. Вечарына

У мяне, як у Плюшкіна, нічога не прападае, усё пад рукою — бібліятэчна-бібліяграфічная адукацыя плюс сялянская натура.

Вось сімпатычны вузенькі запрашальнік:

«Паважаны таварыш!

ЗАПРАШАЕМ ВАС

на літаратурны вечар-сустрэчу

з Таварыствам маладых літаратараў

пры Саюзе пісьменнікаў БССР.

Чакаем Вас 10 снежня 1987 года».

Дыхнула трохі залатымі часамі? «Таварыш», «БССР»… Дом літаратара, паўнюткая зала. У першым радзе Законнікаў, Быкаў, Гілевіч, Брыль, Сачанка… Анатоль Сыс — вядучы. Дабіраюцца да майго ўрыўка «Заява» з аповесці «Мяжа», чытае прафесійны дыктар з радыё, светлай памяці Алесь Свістуновіч, чытае з такім уздымам, пафасам — як сапраўдную класіку, і як жа страшэнна сорамна слухаць гэта, і думаецца: ды каб ведаў, што яно будзе гучаць са сцэны, хіба так напісаў бы — стараўся б лепш у сто разоў!..

Тым не менш, дзякуючы Свістуновічу, гэтая амаль школьная слабізна праходзіць на «ўра». Мне перадаюць словы Барыса Іванавіча Сачанкі: «Не, у такім ключы, на такім узроўні аповесці ён не выцягне…» (Як у ваду глядзеў, аповесць з такой назваю я не напісаў.) Анатоль Сыс — Сяргею Законнікаву: «Ну што, возьмеце ў „Полымя“?» — «Калі ўся аповесць такая — возьмем». Запабягаючы наперад, у «Полымя» ўзялі не аповесць, а мяне самога, літаральна са студэнцкай парты, я вучыўся, здаваў экзамены і адначасова працаваў на поўную стаўку ў часопісе.

Міхась Тычына: «А ўсё так добра пачыналася — з’явілася апавяданне Андрэя Федарэнкі „Заява“, і пра яго дружна загаварылі. І „левыя“, і „правыя“, і „цэнтрысты“. Кожны знайшоў у творы нешта сваё: традыцыяналісты-бытапісальнікі — вернасць паказу жыцця „ў формах самога жыцця“, адкрывальнікі „новай літаратуры“ — смеласць у пастаноўцы „рабром“ вострых нацыянальных праблем. Над аб’ектыўным сэнсам намаляванай карціны, як водзіцца, мала хто задумаўся…»

21. «Заява»

Поделиться с друзьями: