Чтение онлайн

ЖАНРЫ

На сьвятой зямлі

Глыбінны Уладзімер

Шрифт:

XII.

У патрыярхіі ерусалімскай

«Паўстань, сьвяціся, Ерусалім, бо прыйшоў сьвет твой, і слава Гасподняя ўзышла над табою. Уздымі вочы твае і паглядзі вакол: усе зьбіраюцца, ідуць да цябе...»

Ісаія 60, 1, 4

Улетку 1966 году праваслаўная група паломнікаў, зь якою езьдзіў у Палестыну аўтар гэтых нарысаў, была асабліва ўражаная згуртаванасьцяй і салідарнасьцяй усіх удзельнікаў, сьвятароў і вернікаў. Усе з цяплынёю на сэрцы прыгадваюць той энтузіязм, з якім наведваліся сьвятыя месцы і тую дапамогу і прыём, з якім іх сустракалі ў Патрыярхаце Ерусалімскім і на месцах. Нельга забыць тае радасьці і любові, якая сьвяцілася ў тварах архімандрыта Дзімітрыя - начальніка Духоўнай Місіі ў Ерусаліме, радаснага

малебну і сьлёзаў у вачох, калі паломнікі слухалі сьпяваньне маладых арабак, вучаніцаў Віфанскае школы, і манашак Гефсіманскае Сьвятліцы.

Назаўсёды панесьлі ў сваёй удзячнай памяці паломнікі абраз сапраўднае, хрыстовае дапамогі брату ў Хрысьце. Адзін з паломнікаў, благачынны Філядэльфійскай Акругі, протаіерэй Мікола Сянькоўскі цяжка захварэў, быў часова пакладзены ў Шпіталь на Елеоне, а пасьля самалётам вывезены назад у Амэрыку. І вось, напярэдадні ягонага звароту ў ЗША, ён быў сабораваны япіскапам Мэфодыям і ўсімі сьвятарамі. Пасьля гэтага зварушлівага таінства хворы на насілках быў унесены ў Храм Гасподні і пад сьпяваньне вялікодных трапароў быў пастаўлены на падлозе каля самаго Гасподняга Гробу. З сьлязамі вялікага замілаваньня хворы мог дакрануцца да Сьвятога Ложа, памаліцца і выканаць найвялікшы абрад кажнага паломніка. Затым яго паднесьлі да Камня Памазаньня і далі змогу дакрануцца і памаліцца на Галгофе. Хавальнік Гасподняга Гробу ігумен Данііл дазволіў і дапамог хвораму прыкласьціся да сьвятыняў Рызьніцы. З нязвычнай цярплівасьцяй і дзівугоднай мужнасьцяй пакутнік разьвітаўся з паломнікамі, для кажнага знайшоўшы асобнае слова міласьці і ласкі. Ніколі не забудуцца жартлівыя словы хворага сьвятара. Лежачы на насілках, ён яшчэ знаходзіў змогу жартаваць:

– Вось бачыце, я маю перавагу перад іншымі. Усе Вы на собскіх нагах наведваеце гэтыя жыцьцядайныя месцы. А мяне нясуць, як пана, ды яшчэ ўслугоўваюць.

Усе мы надзвычайна цешыліся з тае прычыны, што хвораму далі змогу пабачыць тое, дзеля чаго ягонае струджанае цела пакрыла было гэткую адлегласьць праз Акіян і ўсю Эўропу, што не прайшла дарэмна ягоная мара пабачыць у жыцьці Сьвятыя мясьціны. Пабачыў, такі, дарма, што ў вельмі і вельмі крытычны час жыцьця. Усіх надзвычай цешыла сьведамасьць выкананага абавязку, радавала брацкая дапамога і хрысьціянская спагадлівасьць.

Кажны дзень на Сьвятой зямлі прыносіў богалюбівым паломнікам усё новыя доказы няўміручае Хрыстовае любові і асаблівай увагі да шукальнікаў Божае праўды. У дзень першага пакланеньня Гасподняму Гробу 15 ліпеня для іх адбыўся адмысловы прыём у Троннай Залі Патрыярхіі. Блажэнны Патрыярх Ерусалімскі Венэдзікт з сапраўднаю любоўю прымаў праваслаўных паломнікаў. Ён шчыра радаваўся, што колькасьць іх штогодне ўзрастае і выказаў пажаданьне, каб у будучым годзе іх было ўдвая больш. Ён ахвотна даў дазвол на наведаньне ўсіх Сьвятых месцаў, багаславіў Уладыку Мэфодыя з Парыжа і прыбылых зь ім восем протаірэяў адбываць літургію каля Гасподняга Гробу на Галгофе, у Віфлееме, каля Гробу Божай Маці і ўсюды, дзе Ўладыка пажадае.

У дапамогу паломнікам суправаджаць іх па Сьвятых месцах Патрыярх Венэдзікт прызначыў іх вернага сябру, любімага і аўтарытэтнага архімандрыта Феадосія - ігумена Віфанскай Жаночай Сьвятліцы. Дарэчы, частка паломнікаў і жыла ў кіраваным ім манастыры, а частка ў інтэрнаце Віфанскай Школы. Прыемнасьць і сардэчнасьць прыйма паломнікаў у Патрыярхіі была замацаваная інтымнаю бяседаю з самім Патрыярхам і кажнаму паднесенай чаркай смачнага віна, як і частаваньнем усходнімі салодкімі ласункамі.

Немалым здавальненьнем было для паломнікаў агляданьне ўнутраных пакояў Патрыярхіі з безьлічай фотаздымкаў царкоўнага жыцьця Ерусалімскае Патрыярхіі. А напярэдадні ад'езду паломнікаў з Палестыны Блажэнны Патрыярх Венэдзікт зноў прыняў іх, на гэты раз у Летняй Рэзідэнцы і ў Малой Галілеі. Гэта менавіта там незадоўга да гэтага адбылося гістарычнае спатканьне Папы Рымскага з Сусьветным Патрыярхам Афінагорам. Прыемна было пачуць там ад Патрыярха Венэдзікта запросіны Ўладыку Мефодыю зноў наведаць з групай паломікаў Сьвятыя Месцы. Патрыярх уласнаручна ўзнагародзіў Правялебнага япіскапа Мэфодыя і восем сьвятароў-паломнікаў адмысловым мэдалём, адчаканеным з нагоды перанясеньня мошчаў Сьв. Саввы Асьвячонага з Вэнэцыі ў ягоную даўнюю лаўру на Сьвятой Зямлі. За асаблівыя заслугі ў справе дапамогі Сьвятым месцам сакратарка Парыжскага Палестынскага Камітэту была ўзнагароджаная Крыжом з кавалкам Жыватворнага Крыжа Гасподняга. А ўсе паломнікі атрымалі ад Блажэннага Патрыярха Венэдзікта адмысловы дыплём - пасьведчаньне паломніцтва ў Сьвятую Зямлю. Тут ніжэй падаецца арыгінальны ангельскі тэкст такога пасьведчаньня, выданага на імя аўтара гэтых нарысаў.

The Holy Sepulchre

CERTIFICATE OF PILGRIMAGE

The undersigned the Very Reverend Archimandrite Germanos, Guardian and Superior of the Church of the Holy Sepulchre, hereby certificates that

Dr. Vladimir Seduro

has duly visited the Church of the Holy Sepulchre of our Lord and Saviour Jesus Christ and the other Holy Shrines within the Basilica of the Holy Sepulchre and as a Pilgrin has made therein his pious devotions on this the 15th day of July in the year of Our Lord One Thousand Nine Hundred and sixty sixth; Whereof this Certificate signed and sealed in the Holy City of Jerusalem is a Witness.

We pray and beseech the Almighty and Eternal God that He will bless and save this Pilgrim, preserving him from all evil and danger; and that He will guide and strengthen him in the way or Piety and Holiness, so that he may take his part in the building of Christ's Kingdom of Earth.

(Seal) (Signature)

Guardian of the Church of the

Holy Sepulchre

XIII.

Перамога

духа

«Ісус Хрыстос перамагае...»

З падпольнага выданьня

Ніколі ні сатрэцца з памяці той вечаровы перадзакатны час, калі паломнікі азіралі заліты зырка-чырвонымі пасмамі заходзячага сонца белакаменны Ерусалім. З гары Малой Галілеі Патрыяршай летняй рэзыдэнцыі ўвесь Ерусалім, і арабскі, і Ізраільскі, ляжаў рэльефна, як на далоні, і нібыта песьціўся ў апошніх праменьнях сонечнага дня. Манахі называлі многія добрабачныя і знаныя будынкі па тым баку мяжы. Даўгою высокаю каменнаю выгінастаю градою разлёгся будынак Ізраільскага Парлямэнту. Яго абступалі гістарычныя прысадзістыя камяніцы, што помняць і носяць рубцы на сабе розных часоў і зьменаў уладальнікаў. А там жа сярод іх ці мала і такіх, пад якімі ляжыць таксама зямля, выхаджаная і ўтаптаная ступнямі Хрыстовых вучняў і нат' самім Збавіцелем.

Балела сэрца і станавілася сумна, што выхаджаная Хрыстом і палітая яго кроўю зямля цяпер ляжыць падзеленая паміж двумя варажнечымі табарамі. І няма наразе ніякіх палітычных лекаў на тую варожасьць. Колькі сьвет ні стараецца перашкодзіць раздзьмухваньню штучнага пажару на той дзялянцы, яму ўдаецца адно прыпыніць той агонь на нейкі час, а ў сярэдзіне ён тлее і дае раз-паразу ведаць пра сябе выбухам усё новых і новых забойчых дзеяньняў з абодвых бакоў. Слухаючы тлумачэньні бакоў у Аб'еднаных Нацыях, цяжка разабрацца, хто вінаваты. Кажны раз разгляд той не дае вынікаў і справа каторы раз зноў кладзецца пад сукно.

«І мусіць так будзе яшчэ доўга-доўга, пакуль людзі ня зьвернуцца да адзіна правільнага сродку вырашэньня спрэчак па-Божаму: дараваць адзін другому ўсе крыўды і пачаць жыць па-новаму з любоўю і ласкаю да кажнага, як вучыў Збавіцель. Гэта-ж ён і праліў сваю высокародную кроў у імя такога пагадненьня людзей», - думаў тады там Усевалад Ціхановіч, седзячы на невысокай пашчэрбленай сьцяне, што адлучала з захаду сад высокіх магутных дрэваў Патрыяршае рэзыдэнцыі ад прасторы няведама каму належачых выгарэлых і пажоўклых узгоркаў ніжэй.

І яму тады на Сьвятой Зямлі прыгадаўся Сьвяты Іоанн Златауст з залатымі словамі: «Чаму-ж ты ня здольны дараваць крыўду свайму ворагу? Зьмяні свой нораў: калі ты злосны, старайся быць рахманым; калі помслівы, ня помсьці; любіш абгаворваць і пляткарыць - устрымайся, і г.д. Рабі ў дні паста больш дабра, будзь спагадлівым да людзей, ахвотней дапамагай тым, хто патрабуе дапамогі, маліся больш дбайна, цяплей, і г.д.». А прэпадобны Серафім вучыў здабываць Сьвяты Дух Божы і тым агнём распальваць сэрцы і чэрава, раіў зьвяртацца да пакаяньня і малітвы, скарыцца ў вызнаньні чалавечых грахоў. І вось каб усе людзі ўсьвядомілі сябе грэшнымі, вінаватымі перад усімі, за ўсе былыя і сучасныя грэшныя дзеі, дык лягчэй бы было і міру дасягнуць. А тут, на Сьвятой Зямлі веліч Хрыстовых чыноў, значеньне ягонае пропаведзі любові і дараваньня асабліва пераканаўчыя. Бадай-што дзьве тысячы гадоў Сьвятыя Месцы стаяць надзейнымі вартаўнікамі вялікіх запаветаў і перамаглі шмат варожых разбуральных стыхіяў. І яшчэ выстаяць ці мала наскокаў, бо ўрэшце-рэштаў Хрыстос заўсёды перамагае. Сучасныя дасягненьні навукі давялі, што матэрыя, у якую гэтак сьлепа верылі матар'ялісты-бязбожнікі і якую яны з часоў Маркса абагаўлялі, ёсьць нічым іншым, як відам энэргіі, г.зн. паходзіць ад Сілы, Волі, Духа, іначай кажучы, ад Бога. І цяпер, магчыма, як ніколі раней хрысьціяне мусяць яднацца, знаходзіць аднаверцаў у Божую праўду. І Сьвятая Зямля становіць сабою важны стымул у хрысьціянскім адраджэньні і духовым уздыме нашага часу.

Поделиться с друзьями: