Чтение онлайн

ЖАНРЫ

На сьвятой зямлі

Глыбінны Уладзімер

Шрифт:

На Ўсевалада зрабіла асаблівае ўражаньне велічнасьць трох колаў калёнаў, пазалочаныя балюстрады, стаўпы і аркі калёнаў у мармуровых аздобах і кафлявых узорах, з прыгожай мазаікай і барэльефамі. І варта было пабачыць малельшчыкаў на скрозь разасланых пэрсыцкіх дыванох, іх фанатычныя твары, цалкам перайначаныя малітвай ад самага нутра, каб адчуць, што тут, па суседзтву з Сьцяной Плачу, дзе шмат стагодзьдзяў жыды аплаквалі былую моц і страчаную веліч, моцна ўкараніўся народ іншае веры, але які ў сваіх малітвах зьвяртаецца з просьбамі па сутнасьці да таго ж адзінага для ўсіх Бога. Нездарма, магаметане таксама паважаюць Ісуса Хрыста, вызнаюць яго адным з прарокаў, але над усімі, ведама, ставяць свайго Магамэта, які, калі разабрацца, шмат пераняў з вучэньня Хрыста, асабліва што да добрых справаў, дапамогі бедным і ўстрыманьня ад празьмернасьці.

«І як добра, што кажнае раніцы муэдзін прыгадвае кажнаму масульманіну аб існаваньні ягоных абавязкаў перад Богам», - думаў Усевалад, знаходзячы выяў мудрасьці ў тым, што калі каторы зь іх яшчэ і сьпіць, дык рупны муэдзін падбае за яго і дапільнуе законнага часу, каб аддаць патрэбную

даніну Божае пашаны. «І калі недзе ў шырокім сьвеце начныя гулякі ў шынкох яшчэ ўздымаюць чарговыя чаркі шкоднай гары і пазяхаюць іхныя наперсьніцы ад дарэмнай стомы, - далей цягнуў свае развагі Ўсевалад пра сучасны сьвет, - дык у Сьвятым Горадзе дбайны манах ўжо адчыняе браму царкоўнага двара, уваходзіць у Храм, каб там за момант напоўніць ягоную прастору гукамі нямоўчнага псальма на патрэбу духовага голаду, каб высака ўзьняцца ў неба душою і разам з нябеснымі анёламі прасіць Госпада Бога, Сына Божага і Сьвятую Маці, каб даравалі грэшным людзям на зямлі адпушчэньне іхніх грахоў, перасьцераглі ад дурных учынкаў, далі сілаў і змогі несьці свой крыж далей, заслужыць на тым сьвеце Царства Божае. І ніякія атамовыя хітрыкі веку, ніякія спакусы прыцягальных сілаў грэшнага жыцьця не адцягнуць тога падзьвіжніка ў манашскай сутане ад абавязку тае Службы. Так адбываецца штодзённае дакрананьне да тае вечнасьці, якая адна толькі і ў стане ўратаваць нас ад поўнае духовае звыраднеласьці. Адна сьведамасьць гэтага ўжо ратуе чалавека, надае яму моцы ператрываць лягчэй бачаную скрозь распусту. Дзякую табе, Госпадзі, што ты захоўваеш такую скарбніцу высокага духу і крыніцу жыцьця Сьвятога Слова, якой нам уяўляецца Сьвяты Горад. Дзякуй табе, Вялікі Ерусаліме, нізкі паклон табе, места, дзе стаяла нага жывога Госпада, які жыў сярод нас, тварыў цуды, вучыў нас дабру, прыняў пакорліва пакуты і дзеля нас памёр, каб уваскроснуць!»

Ціхановіч казаў у голас і сам зьдзівіўся, што ён якраз у Сьвятым городзе цяпер.

X.

У сьвятой ярданскай плыні

«Во Іордане крещающуся Тебе, Господи,

Тройческое явися поклонение».

З Трапара Хрышчэньня Гасподнега

Адзін пералік наведаных сьвятых месцаў у Ярданскай Палестыне будзе салідным. Акрамя ўжо названых раней месцаў тут варта назваць агляд Віфаніі, места сустрэчы Госпада з Марфаю, грабніцу Лазара, Дом Сімана Пракажонага, Капліцу Першамучаніка Стафана, Сьвятліцы Марыі Магдаліны ў Гефсіманіі, Дом Іаакіма і Анны - бацькоў Божай Маці, Віфезду, Крыжовы Шлях, Цямнічку, Ліфостротон, Храм каля Суднае Брамы, месца Сергія Раданежскага, Рускі Манастыр на Елеоне, Поле Пастухоў, Соракадзённую Гару, Манастыр Георгія Хазевіта, Лаўру Саввы Асьвячонага, Казанскую ікону Божай Маці, Эммаус, Самарыю, Студню Іякава, Манастыры Іоанна Хрысьціцеля, Мёртвае мора, Іерыхон, Елеонскі Сад у Іерыхоне, Іасафатаву Даліну, Столп Авессалона, Сілоамскую купальню, Хэўрон, Дуб Маўрыйскі, Манастыры Вялікамучаніка Георгія і прарока Ільлі, Рускі скіт пры Дубе Маўрыйскім, Пячору прарокаў, Храм «Ойча Наш», Келью Прэпадобнай Пелагеі, царкву роўнаапостальскага князя Ўладзіміра, Малую Галілею і, нарэшце, Іардань.

І цяпер Усевалад Ціхановіч прыгадвае тыя наведаныя мясьціны: перад яго вачыма, як жывыя, паўстаюць абразы сьветлай дарогі з Віфаніі - дому фінікаў або «беднасьці», паарабску - «Эль-Азарыя» - у Ерусалім, па якой наш Збаўца на осьліку ехаў у Сьвяты горад, а цяпер у Вербную суботу праваслаўныя ідуць крыжовым ходам. Удзячлівая памяць аднаўляе абраз Віфанскае праваслаўнае школы з інтэрнатам для арабскіх праваслаўных дзяўчатаў на чале з Ігуменьняй Марыяй і Матушкай Марфаю. Увушшу да гэтага часу зьвіняць галасы дзяўчатак, іх гульні і песьні ў часе перапынку ад працы па абслугоўваньні паломнікаў. Нельга не адзначыць з пачуцьцём глыбокае ўдзячнасьці ахвярную працу праваслаўных манашак і настаўнікаў гэтае школы, якія безінтэрэсоўна аддаюць справе выхаваньня і наўчаньня мясцовых арабак гэтулькі часу і энэргіі, што міжвольна сьхілішся перад падзвіжніцтвам Божай справе. А гэта ж дзьве ангелькі, што праняліся праўдаю праваслаўя, прынялі яго і пастрыгліся ў манашкі, пазналі паўнату веры і пасьвяцілі сябе працы на дзяцей. Дзякуючы іхняй актыўнасьці Віфанская школа набыла сярод Палестынскіх арабаў шырокую вядомасьць. Пазьней Марыя сталася настаяцельніцай сястрычаства пры Храме Марыі Магдалены ў Гефсіманіі, а Марфа жыве пры Школе ў Віфаніі. Дзякуючы ім сярод арабаў падтрымваецца разуменьне хрысьціянства, а дзяцей вучаць царкоўнаму пяяньню і літургіі. На двары школы знойдзены камень з надпісам па-грэцку: «Тут Марфа і Марыя пачулі ад Госпада слова аб Уваскрошаньні з мёртвых...» На тым месцы стаіць капліца, у якой у Вербную сыботу адбываецца служба з крыжовым ходам і вадахрыстам.

Да паездкі на Іардань Усевалад Ціхановіч рыхтаваўся загадзя. Ён ужо за колькі дзён да таго дамовіўся з Віфанскай манашкай пашыць для яго даўгую, чуць ні да пятаў, белую кашулю. Гэта каб споўніць стары славянскі звычай: у такой кашулі акунуцца ў сьвяшчэннай вадзе. І вось яшчэ ў прыцемку тае раніцы паломнікі рушылі ў Іюдэйскія горы. Мінулі Віфанію, прабег каля іхняга аўтабуса грэцкі жаночы манастыр «Сустрэчы». Неўзабаве пачалі набягаць пустынныя пясчаныя ўзвышшы: яны часам выдаваліся нейкімі шэра-таемнымі зданямі. Дарога то крута ўздымалася ўверх, то раптам пачынала адхонна падаць уніз. Тады неяк замірала, нібыта адрываючыся, сэрца, і жанчыны боязка ўглядаліся ў вочы суседзей-мужчынаў, нібыта шукаючы ратунку на выпадак няшчасьця. Адылі машына пачала спаўзаць ўсё ніжэй і ніжэй у даліну. Хутка заблішчалі першыя палоскі далёкага Мёртвага мора справа, а ўперадзе паказаліся і першыя

пробліскі Іардана з-пад нязвычнае ў пустыні зеляніны. Гэта сюды прыносіць з Ліванскіх гораў свае мутныя воды сьвяшчэнны Іардан, каб затым уліць іх у глыбокую чарку салёвае вады - Мёртвае мора. Тут ажывае пустыня. Густыя зарасьнікі сікамораў, таполяў і чароту захоўваюць раку ад пабочных вачэй. Увесну, калі многаводны Іардан пакідае свае берагі, ён аддае пустыні багата вільгаці, і яна вакол ажывае рознакалёрнымі краскамі. Пасьля ўлетку ўсё гэта гіне пад бязьлітасным сонцам, якое выпальвае кажную адзнаку жыцьця.

Іардан быў асьвечаны для нас хрышчэньнем Госпада Іаанам Хрысьціцелем, калі ён прапаведваў народу ізраільскаму пакаяньне і ачышчэньне на берагох гэтай ракі. Тут адбылося цуда пераходу ракі пад кіраўніцтвам Ісуса Навіна пасухому пры звароце ў Зямлю Запаветную. Тут жа пасухому пераходзілі раку прарокі Ільля і Елісей, а Нееман, вайсковы начальнік сірыйскі, вылячыўся ў гэтых водах ад праказы.

Паломнікі пад'ехалі да месца Хрышчэньня Збавіцеля. Гэта адно ў пяці кілёмэтрах ад Мёртвага мора, дзе бераг больш скацісты. Каменная лесьвіца вядзе да вады. Тут на Вадохрышча вада асьвячаецца штогоду. Але і цяпер пад навесам пачынаецца Божая Служба. Уладыка Мэфодзі сам моліцца на ваду, ўздымае высака сьвяты крыж і адбывае вадохрышча. Кажны паломнік падыходзіць пад Уладыкавае багаслаўленьне і атрымвае абдораньне ўжо пасьвечанай Іарданскай вадой. А пасьля распачынаецца купаньне ў сьвятой рацэ. Мужчыны зьлева пад навесам, а жанчыны наводдалі справа, адлучаныя дзялянкай гаю, пачынаюць пераапранацца і з асьцярогай спушчацца з адхону, каб папялёхаць хоць ногі ў сьвятой вадзе. А сьмялейшыя нават заплываюць на сярэдзіну, каб там пазмагацца з віратліва-хуткай плыньню. А тая гэтак і стараецца зьнесьці цела сваім хуткабежным цёкам. Патрэбна нямала спрыту і спрактыкаванасьці, каб ня даць сябе пераадолець. Трэба ўмець добра трымацца на паверхні вады, бо дно каменнае, поўнае выбоінаў і зыбкае гліны.

Усеваладу ўдалося моцнымі ўзмахамі рук адразу дапяць сярэдзіны ракі, але тут яго і злавіла хуткая плынь. Як ён ні стараўся падацца ўперад супраць цёку, апошні яго, аднак, больш адносіў назад. Нарэшце, змогшыся, ён пакінуў думку плыць ўверх. Быў рады што здолеў выбрацца на бераг, значна ніжэй па рацэ. Пасьля яшчэ быў заплыў на сярэдзіну, але даўгая кашуля блыталася паміж ног і не давала змогі вольна кіраваць рухамі. Патрымаўся крыху на паверхні вады, пакуль сябрук рабіў колькі здымкаў Усеваладавага спаборніцтва ды стомлены ледзь выкараскаўся на гліняны бераг. Тут ціхама доўга ўглядаўся ў жаўтавата-шэрую каламуць, сачыў за безьлічай малых рыбак, што падскоквалі з вады, ганяючыся за маленькімі мошкамі над паверхняй.

«І тут у гэтай імклівай каламуце не абыходзіцца бяз Божага стварэньня, - думаў Усевалад.
– Вось жа прыстасавалася неяк гэтая рыбіца да абставінаў жыцьця ў віруючай і мала спажыўнай плыні. Жыве, пацяшаецца самім існаваньнем пад сонцам. А шкада, што багата яе штодня ськідаецца ў Мёртвае мора, дзе яна ў салёнай горкай вадзе адразу і памірае. Колькі яе, тае бедалакі, ад нязнаньня пазбаўляецца непаўторнага дару жыцьця. І ты, няшчасная, гінеш дарэмна, як гінуць у сьвеце мільёны людзей ад узаемнае варажнечы і ўсё з-за нязнаньня або недастатковага ўразуменьня вялікіх Божых законаў аб узаемнай любові і даравальнасьці. О, яшчэ трэба шмат папрацаваць носьбітам Хрыстовае праўды, каб зрабіць яе набыткам усяго чалавецтва. А толькі тады станецца на зямлі той мір і ласка, якія адно могуць прынесьці шчасьце ўсяму людзтву. Дык працуйма больш аддана, каб гэта сталася!»

З гэтымі думкамі Ўсевалад пайшоў пераапранацца. Збоку, недалёка ад Водахрышча, ініцыятыўны араб адчыніў крамку халодных водаў. Даўгая чарга выстраілася за ліманадам. Кажны стараўся хутчэй заліць сваю смагу, а ў бутэлечку набраць сьвятой Іарданскай вады. Араб заўважыў, што пакупнікі зьнікаюць з бутэлькамі. Загадаў плаціць аж даляр закладу. Але і гэта не спыніла руплівасьці паломнікаў да сьвячонае вады. Усевалад ахвотна заплаціў свой даляр, каб мець ува што набраць тае вадкасьці, пра цудоўную сілу якое ён чуў яшчэ з маленства ад сваіх бабак і дзядуляў. Тут манашкі-паломніцы таксама расказвалі пра цудадзейныя здольнасьці гэтае вады. Гаварылі таксама, што яна ніколі і ня псуецца, хоць трымай яе ўсё жыцьцё, а калі чалавек верыць у яе, дык лечыць ад усіх хваробаў.

Так, ці ня гэтак, Усевалад набраў яе бадай-што з самае сярэдзіны ракі, бо зачарпнуў яе, прыгнуўшыся з носа лодкі, што на ланцугу стаіць на месьце вадохрышча. Ён цешыўся з думкі, што давязе яе, як найдаражэйшую рэлігійную рэліквію аж у Амэрыку і пасьля па крысе будзе там адліваць сваім знаёмым, каб вызваляць іх ад дзе-якіх немачаў.

Тут жа зарабляў бэдуін з вярблюдам ўва ўсёй красе вайсковай формы. Ён даваў змогу двум малым хлапчукам-паломнікам узлазіць на вярблюда, сядзець на ім, трымаючыся рукамі за горб, каб бацькі тым часам фатаграфалі іх. Найшлося колькі і дарослых - аматараў увекавечыць сябе на фотакартцы ў якасьці экзатычных наезьнікаў. А адна, надта ж ужо даходлівая паломніца, дык пастаралася вырабіць сабе цэлую стузіну падобных здымкаў. Казала, што раздасьць знаёмым, каб ведалі, якая Жэня баявая жанчына. «Ну, што ж, кажны можа бавіцца пасвойму, абы каб блага не рабіў», - апраўдваў яе Ўсевалад.

Тымчасам прышоў час рухацца далей. На гэты раз усіх чакала Мёртвае мора. Яно ўжо здалёку варажыла нязнанымі чарамі. Машына запынілася каля прыморскае Гасьцьніцы. За даўгім павільёнам пад адчыненым небам на тэрасе кафэ разьмясьцілася шмат столікаў. Далей у бок мора ляжала рудое, без расьцінкі, укрытае каменчыкамі, поле, а за ім бліскацела і іскрылася пад сонцам далёкая водная гладзь.

Бальшыня паломнікаў адразу кінулася ў кафэ, каб задаволіць смагу. Усевалад пабег да мора. «Вось яно тое славутае Мёртвае мора, аб якім столькі чуў і чытаў, - думаў ён, паскорана крочачы да вады.
– Здалёку яно здаецца і прывабнае і прыгожае. Але ці такім яно будзе зблізу? Ня ўсё тое золата, што блішчыць».

Поделиться с друзьями: