На сьвятой зямлі
Шрифт:
З гэтым радасным адчуваньнем ён на каленях, увесь час тварам да Божага Ложа, павольна і асьцярожна выбраўся з Сьвятое Пячоры. Жагнаючыся і на разьвітаньне яшчэ колькі разоў цалуючы сьвятыя абразы ў Аўтары Анёла, Усевалад выйшаў з Кувукліі. Тут яго яшчэ чакаў агляд Грэцкай саборнай Царквы Ўваскрошаньня - г.зв. КАФОЛІКОНА, якую завуць «маткаю ўсіх цэркваў». Апошняя адлучана ад галоўнае Ратонды Храма Ўваскрошаньня дзьвума лёгкімі перагародкамі і аркаю, г.зв. «Царскаю Брамаю», справа каля Аўтара - трон патрыярха, па левую - трон дл Архірэя,які ў адсутнасьць Патрыярха ўзначальвае Божую Службу. У Кафоліконе ўсюды відаць іконы, некалі падараваныя нашымі суродзічамі з Колішняе Расейскае Імпэрыі. Багата Плашчаніцаў, вышытых на нашай Бацькаўшчыне, часам з беларускім гэаметрычным арнамэнтам. Па сярэдзіне мармуровай падлогі - мармуровая урна з вытачаным яблыкам уверсе. Гэтае месца завуць асноўным цэнтрам зямлі, як бы ў пацьверджаньне царкоўнай песьні: «Спасеніе соделал еси посреде земли, Хрысте Боже». Тут некалі стаялі
Калі Ўсевалад Ціхановіч апынуўся зноў на майдане перад Храмам Жываноснага Гробу Госпада, яму прыгадаліся словы Хрыста, калі той уваходзіў у Ерусалім перад сваімі пакутамі: «Калі яны замоўкнуць, дык каменьні загалосяць» (Лука, 19, 40). І Ціхановіч пакідаў той Храм з непераадольным адчуваньнем, што тут сапраўды кажны камень гаворыць нашаму сэрцу пра ягоную гісторыю, кажная пясчынка нясе ў сабе доказ Хрыстовае Праўды, а кажнае беспасярэдняе сутыкненьне з імі пакідае такі непазбыўны сьлед у душы чалавека, што тых уражаньняў выстарчыць на ўсё жыцьцё.
VI.
Малітва перамогі над сьмерцю
«Чертог твой вижду, Спасе Мой, украшенный, и, одежды не имам да вниду в он. Просвети одеяніе души моея, Светодавче, и спаси мя».
З Малітвы Граду Іерусаліму
Чытач, аднак, ня меў бы поўнага абраза ўражаньняў, якое робіць на паломніка Храм Жываноснага Гробу Гасподняга ў Ерусаліме, калі б мы нічога не сказалі аб ночных богаслужбах у ім. Яны перажываюцца асобна і пра іх варта хаця-ж коратка нешта сказаць.
У суботу ўвечары а шостай паломнікі выяжджаюць з мейсцаў сваіх стаянак да Храму Жываноснага Гробу. Сэрцы стукочаць ад усхваляваньня. Прыбліжаючыся да Галгофы, чуецца грэцкае чытаньне Павячэрніцы і слых прыемна вырозьнівае сьпяваньне Канона «Хваляю Марскою». Гэта вучні Духоўнай школы магутным сугаласьсем маладога, зычнага хору вяшчаюць сьвету малітоўныя галашэньні перад Крыжом Богачалавека. Паломнікі займаюць месцы вакол Кувукліі, на Галгофе і іншых цэнтральных прыдзелах Храма. Неўзабаве іншыя вернікі пакідаюць паломнікаў адных. Урачыста зачыняюцца дзьверы, і паломнікі застаюцца сам-на-сам з вялікшымі ў сьвеце хрысьціянскімі помнікамі. Колькі гадзінаў яны могуць самі ціха маліцца, як каму на душу пакладзена. Ціха тады ўва ўсіх Божых куткох вялікае царквы, адно чуецца шапаценьне вуснаў - словы ўдзячнасьці Вялікаму Пакутніку. І кажны тады неаднокраць успомніць ўсё сваё жыцьцё і праэкзаменуе яго ў сьвятле Божае праўды. Недзе каля адзінаццатай гадзіны ўначы дзьверы Храма зноў урачыста адчыняцца. У прысутнасьці прадстаўнікоў трох веравызнаньняў тады прапушчаецца ў Храм служачы Архірэй. Прагучаць унутранныя званы перад пачаткам Богаслужбаў: праваслаўнай, каталіцкай, армянскай. Тры дыяканы абыйдуць увесь Храм з панікадзілам. Пачнецца ютрань, пасьля Божая Літургія, з крыжовым абходам Кувукліі ў часе Вялікага Ўваходу. Пасьля памінаньне запісаных імёнаў з чытаньнем асобай збаўчай («разрешительной») малітвы. Затым - Прычасьце. Дараваньне Вялікоднае дзеля таго, што Гроб Гасподні ёсьць штодзённы і Вечны Вялікадзень, Парогам да Раю, вакном у вечнасьць. Гэта ёсьць мейсца найбольш магчымага на ўсёй зямлі набліжэньня да вялікага выратаваўчага чыну Богачалавека.
Паломнікі моляцца далей, сьпяваюць сьвятыя песьні ў сваёй роднай мове. Чуюцца незнаёмыя словы сірыйскае, армянскае, грэцкае, арабскае мовы; у іхняе разнагалосьсе плаўна ўліваюцца латынскія псальмы. Для праваслаўнага вуха нашых суродзічаў наймілей гучыць медзь стараславянскае, звыклае ім, мовы. Усе разам урачыста сустракаюць нядзелю, як дзень вялікага Ўваскрошаньня. Нядзельны Трапар у вуснах нашых суродзічаў асабліва вылучаецца сілай слоўнае выразнасьці і надзвычай уразліва гучыць асаннаю ідэі перадоленьня сьмерці праз самую сьмерць. Вось прарэзьлівы жаночы голас высока ўзносіцца над іншымі:
«Христос воскресе из мертвых...
Дзесяткі і сотні розных галасоў магутна падцягваюць:
смертию смерть поправ...
І ўжо як у набат усе разам сьцьвярджаюць вялікі гуманістычны сэнс Хрыстовага чыну:
и сущим во гробех живот даровав».
Ніколі яшчэ ў жыцьці Ўсеваладу Ціхановічу не даводзілася гэтак глыбака прымаць да сэрца гэтыя простыя і разам з тым наймудрэйшыя словы, напоўненыя самым асэнсаваным і найбольш прачулым зьместам. Яны рабіліся тут гэтулькі многазначнымі і так прыпадалі да сэрца, будзячы ў ім што ёсьць найбольш добрадзейнага і закранаючы самыя патаемныя струны чалавечай існасьці.
Ён пачуваў, што ўжо ніколі тыя струны не замоўкнуць у ім на ўсю моц і што ўжо цяпер ён ведае, да каго будзе
ляцець у парываньнях скранутая са здраньцьвеньня душа. Ён вяртаўся з Храма апусьцелым перадранішнім Ерусалімам і ўся ягоная ўсхваляваная істота сьпявала хвалу Сьвятому Гораду, які прасьвятляў ягоную збалелую душу, лячыў яе раны, надзяляў яе сьвятлом і ўздымаў увысь. Усевалад цяпер ведаў, што недарэмна ён абраў гэтае далёкае падарожжа. Ужо дзеля адной той трапяткой радасьці, якая агарнула яго цяпер і будзіць надзею на лепшае, больш набліжанае да ўзору Хрыстовага, жыцьцё, паўнейшае ахвярнасьцяй і добрымі справамі, варта было сюды ехаць. Ён пачуваў сябе на сваёй хрысьціянскай Бацькаўшчыне, тут у гэтым абраным месьце. Сьвяты горад уводзіў яго ў вечны Ерусалім Нябесны, даў змогу дакрануцца да яго духоўных палацаў і апаліць сэрца тым вечным нязгасным агнём любові Хрыстовай, за які Табе, Творца, вечная ўдзячнасьць і найвялікшы Дзякуй. І Ўсевалад прыкленчыў да Ерусалімскае зямлі каля Дамаскае Брамы на пляцу і ад усяго расчуленага сэрца пацалаваў яе. І адразу пачуўся яшчэ больш акрыленым і лёгкім.Першыя праменьні ўзыходзячага сонца неяк раптам асьвятлілі тую плошчу і кінулі колькі пасмаў на ягоны твар. І ён засьвяціўся нязнаным дагэтуль, сукрытым раней сьвятлом, што рабілі тыя хвіліны хады па вуліцах Сьвятога Граду найбольш шчасьлівымі з усіх зазнаных у жыцьці. Пачуцьці самі сабою выліваліся нескладанымі радкамі вершу ў гонар Вечнага Сьвятога Места, на вялікі жаль незапісанымі!
VII.
Крыжовым шляхам
«Ісус, каб асьвяціць свой народ,
быў мучаны, за варотамі».
Ап. Паўла, да жыдоў 13, 12
Незабыўныя ўражаньні пакідае на ўсё жыцьцё ў кажным паломніку Крыжовы Шлях Хрыстоў ад Гефсіманіі да Галгофы. З паказаньняў Эвангелістаў ведама, што пасьля Разьвітальнай Вячэры і раздачы вучням Свайго вельмі чыстага Цела і Крыві, Збавіцель павёў іх з Сіёнскай Сьвятліцы на гару Елеонскую, у паселішча Гефсіманіі, за паток Кедрон, дзе быў сад. Гэта на заходнім усхоне Елеонскай гары, насупраць Ерусаліму. Там дагэтуль захаваліся пячоры, у якіх Гасподзь маліўся з сваімі вучнямі ў халодныя зімовыя ночы. Пакінуўшы вучняў на звычайным, ведамым Юдзе месцы, Гасподзь з трымя з іх падаўся далей у сад. Пасьля, адыйшоўшы ад іх на адлегласьць кіненага камня, маліўся да крывавага поту. У сярэдніх вякох там была Царква Хрыстовага Маленьня. У вялікі чацьвер крыжовы ход з Елеону, пасьля страстной службы ў базыліцы Ўзьнясеньня, спушчаўся ў Гефсіманскі сад да месца Хрыстовага Маленьня і ўкленчыўшы, падобна Хрысту, усе маліліся. У царкве Хрыстовага Маленьня чыталася Эвангельле да словаў: «Чувайце і маліцеся, каб ня ўпасьці ў спакусу» (Мацьв. 26, 41). Далей спушчаліся ў самое мястэчка Гефсіманію, куды быў прыйшоў Юда з воінамі, каб здрадзіць Ісуса. Цяпер няма тае царквы. Але каля цяперашняй расейскай царквы сьв. Марыі Магдалены каля Гефсіманскага саду, у нішы па дарозе да расейскага саду, стаіць абломак калёны той царквы з грэцкімі словамі, што азначаюць: «Ойча Мой!». А ў Гефсіманскім садзе мы бачым ступені на крамяністым камені, што вядуць на Віфанскую дарогу. Там Юда спаткаў Госпада і выдаў яго воінам здрадніцкім пацалункам. На гэтым месцы таксама некалі стаяла Царква Вялікага чацьвярга. Сірыйцы ў ІХ стагодзьдзі пры пабудове тут Храму напаткалі фундамант і мазаіку ІV стагодзьдзя. Цяпер там узвышаецца прыгожая францісканская базіліка, пабудаваная намаганьнямі 12 эўрапэйскіх дзяржаваў. Сьцены яе ўпрыгожаныя мазаікай. Перад прастолам агароджаны прыродны камень. Вокны з сіняга шкла, каб у сярэдзіне стаяла вечная Гефсіманская ноч. А вакол - аліўкавыя дрэўцы, што паходзяць ад тых самых аліўкаў, якія чулі тужлівую малітву сьмяротна засмучанае душы Гасподняй.
Адгэтуль праз крыніцу Кедронавую павялі Мучаніка да першасьвятара. Паломнікі ідуць той-жа дарогаю, па якой вялі Богачалавека. Справа ўздымаліся высокія сьцены Ерусаліму. Ніжэй у даліне ў ночнай цішы журчаў вядомы сьвету ручай. Зьлева хутка мінулі помнік Авесалому, прайшлі паўз грабніцы. Раздуваныя начным вецярком з Елеону паходні воінаў выхоплівалі з цемені кавалкі краменчатай дарогі, што вілася з узгоркаў далавах і зноў на ўзгоркі. Часам з-за хмарынак паказваўся месяц, і тады залітая бледным сьвятлом даліна набывала яшчэ большай таямнічасьці; узвышша Офель і гарадзкая гара Сіён над купельлю Сілаамскай выглядалі ўначы дзіўнымі страшылішчамі, дакорамі ня меньш страшным чалавечым справам.
Ісуса Хрыста прывялі спачатку да першасьвятара Анны, як сьведчыць эвангеліст Іоанн, які з сьв. Пятром ішоў усьлед Госпада. Па дарозе, пазнаўшы настаўніка, малады чалавек дапытваўся, куды вядуць арыштаванага. Вырываючыся ад стражнікаў, пакінуўшы ў іхніх руках свой плашч, ён здолеў голым уцячы. Іншыя вучні пазналі ў ім аднаго з 70 апосталаў - Марка. Цяпер у паўночна-ўсходняй частцы армянскага кварталу на месцы дома апостала і эвангелістага Марка стаіць сірыйскі манастыр. А на месцы дома першасьвятара Анны цяпер манастыр армянскіх сёстраў, г.зв. Аліўкава, бо ў двары багата аліўкавых дрэваў, да аднаго з якіх быў прывязаны Збаўца. У царкве таго ж манастыра ў адным з аўтароў паломнікам паказваюць месца допыту Збаўцы Аннаю і дзе адзін з прыганятых ударыў Богачалавека ў твар.