Чтение онлайн

ЖАНРЫ

На сьвятой зямлі

Глыбінны Уладзімер

Шрифт:

Недалёка ад Віфлеема ляжыць поле, агалошанае нябеснымі сьпевамі - анёльскім абвешчаньнем пастухам аб нараджэньні Хрыстовым. На месцы былой Царквы Пастухоў Віфлеемскіх цяпер адно рэшткі вялізарнага фундаманту, фрагмэнты калёнаў і капітоліяў перад спускам у падземную капліцу. Белы Крыж з каменя значыць месца зьяўленьня Анёла. У алтары з бедным іканастасам штотыднёва моляцца арабы-хрысьціяне. На дарозе ў Віфлеем знаходзіцца і грабніца любімай жонкі Якава - Рахілі. Яе шануюць і жыды і магамэтане. Апошнім і належыць тое месца.

Вяртаючыся ў перадвячорны час з Віфлеему ў Ерусалім і праяжджаючы па Есафацкай даліне, падарожны міжвольна прыпадзе паглядам да залітых сонцам залатых купалоў праваслаўнае царквы сьв. Марыі Магдалены. Сем аграмадністых і звычных нашаму воку цыбуляпадобных купалоў аж зіхацяць, пераліваючыся, адбітым сонцам і ўжо здалёку прыгадваюць, што мы, праваслаўныя паломнікі, там, на Сьвятой Зямлі, фактычна ў сябе ў хаце, на роднай нам глебе, зь якою пародненыя агульным Сьвятым Духам, адзіным духовым настаўнікам і агульнымі для нас помнікамі - храмамі ў славу Хрыстовую. І тады мы зноў у думках наведваем сьвятую Магдаленаву царкву, ўзіраемся ў цудоўны іканастас з белага мармуру, арнаментаваны цёмнай бронзаю, прыгадваем такую прыгожую Царскую Браму, цалуем іконы пэндзаля Верашчагіна. Мы ў думках зноў

стаім на рознаколернай мармуровай падлозе тае царквы і цешымся з яе багацьця і гульні колераў у гэтак заўсёды па-асабліваму сьветлай ад раскошы сонечнага сьвятла царкве. О, той сьветлы ўспамін ніколі не зьвядзецца ў уяўленьні кажнага чалавека, які яе хоць раз пабачыў у сваім жыцьці.

А хіба можна забыць суседнюю Царкву Ўсьпеньня Божай Маці зь яе шырокай лесьвіцай і ўпрыгожанымі ўрачыстым гарэньнем безьлічы сьвечаў на ступеньках, якія вядуць у падземны Храм, які ўважаецца не адно хрысьціянамі, але таксама і магамэтанамі, для якіх нават і адведзена адмысловае месца малітвы - так званы «міхраб» справа ад грабніцы. Над Гробам Прачыстай Багародзіцы тут у 754 годзе сьв. Іоанн Дамаскін трымаў натхнёную казань у прысутнасьці агромністае колькасьці архірэяў, манахаў і народу. Тут праваслаўные, сірыйцы, армяне, копты, католікі штодзённа служаць літургіі.

А вакол раськінуўся аліўкавы Гефсіманскі Сад, які штодня ўвечары купаецца ў зыркім сонцы і адпраменьвае яго сваёю пашарэлай зелянінай і гушчынёю стройна-высокіх кіпарысаў. За ім уздоўж дарогі зрок вядзе вышэй на Елеонскую гару, месца Ўзвышэньня Госпада Ісуса Хрыста. Там на тым месцы некалі стаяў пастаўлены царыцай Аленай вялікі Храм «Імвамон» без купала, каб маленьнікі сузіралі ў часе малітвы тое самае неба, куды ўзьнёсься Збаўца. Пэрсы яго разбурылі. Цяпер над камнем, зь якога адбылося Ўзьнясеньне, стаіць капліца. Камень з ступнёю Хрыстовай абведзены мармуровай рамкаю. У дзень Узьнясеньня цяперашнія ўласьнікі-магамэтане дазваляюць служыць у двары вакол капліцы ў шатрох. За невялікую плату дапушчаюць аглядаць Божую ступню, т.зв. «Стопачку». На месцы колішняга манастыра крыжаносцаў цяпер там побач з «стопачкай» - мінарэт. Але над усім гэтым на гары Елеонскай (масьлічнай) узвышаецца белай каланчой і праваслаўным крыжом над ёю Царква Ўзьнясеньня Гасподняга і жаночы манастыр пры ім. Каланча вышынёю аж у 64 мэтры. Там жа створаны археялягічны музэй працамі архімандрыта Антаніна. Царква перажыла цяжкія часы турэцкай акупацыі Палестыны, барбарскія зьдзекі над хрысьціянскімі сьвятынямі турэцкага салдацьця, што стаяла нейкі час у царкве ў часе Першае Сусьветнае вайны. Пасьля вызваленьня ад туркаў сёстры знайшлі панішчанымі крыжы, замазаныя вапнай абразы, паламаныя іконастасы. Працамі саміх сясьцёр Царква і манастыр былі адноўленыя, абразы зноў расьпісаныя ў бізантычным стылі. Цяпер вялікі абраз «Хуткапаслушніцы» ўважаецца цудатворным. Вялікія мастацкія каштоўнасьці ляжаць у мазаічных абразах Капліцы Знаходжаньня Галавы Іоанна Прадцечы. На Елеонскай жа гары ў 1907 годзе была распачатая пабудова Храма Страшнога Суду Гасподняга, але вайна і рэвалюцыя ў Расеі запынілі сродкі з Расеі, і Храм гэтак і застаўся пабудованым адно першым ніжнім храмам, які цяпер і носіць назоў Царквы сьв. Філарэта Міласьцівага. Наагул у Сьвятых Месцах можна бачыць шмат не даведзеных да канца пабудоваў цэркваў за кошт Колішняга Расейскага Палестынскага Аб'еднаньня, якое было зачыненае пасьля рэвалюцыі. Пры манастыры на Елеоне маецца малочная гаспадарка, садоўніцтва, золаташвэйная і іконапісная майстроўні, якія выконваюць заказы для ўсёй Эўропы і Амэрыкі. Разам з падаяньнем ахвярных паломнікаў гэта дае змогу эканамічна існаваць манашаскай браціі і сястрычаству, людзям, што шукаюць яднаньня з Богам на Сьвятой Зямлі і ахвяруюць усе свае адлічаныя гадзіны жыцьця Божай службе. Іхняю ахвярнаю працаю Сьвяты Елеон і ўсе сьвятыя мясьціны вакол Граду непарушна стаяць на варце Хрыстовага вучэньня і будуць заўсёды падтрымваць агонь, запалены тут бадай што дзьве тысячы гадоў таму назад.

Усеваладу Ціхановічу было соладка перабіраць у думках чыны тых ахвярных людзей, і ён удзячліва пастараўся мацней зацеміць іх у сваёй памяці.

Ад гэтых думак яго адцягнула пабачаная неўзабаве з вакна аўтабуса далёка ўперадзе насупраць Храма Ўсьпеньня Божай Маці невялікая капліца ў цені кіпарысавай. Гэта было месца пабіеньня каменьнямі сьв. першапакутніка Стафана. На адчыненым паветры стаялі колькі дзесяткаў людзей і маліліся ўкленчыўшы ў знак памяці пакутніка Стафана.

А насупраць Гары Елеонскай у мурох Ерусалімскай Сьцяны Ўсевалад ня ў стане быў і на гэты раз не адзначыць асобна Залатую Браму. Яго ўяўленьне заўсёды хвалявала ідэя Замураванае на доўга яшчэ, мабыць на тысячагодзьдзі, зачыненае для руху людзкога, каб не апаганьваць сябе сучаснаю Садомаю і Гамораю Брамы, каб некалі чыстай цудоўна расчыніцца ў часе другога прыйсьця Сына Божага, каб даць яму ўва ўсёй духовай раскошы зноў прайсьціся па старых шляхох і прынесьці канчальнае вызваленьне чалавеку ад ягонае грэшнае існасьці.

– Дай жа, Божа, каб хутчэй тое збылося!
– прагаварыў сябе Ўсевалад і зноў аддаўся ружовым уяўленьням, як будзе з усяго сьвету народ вітаць зварот свайго Збаўцы і Залатая Брама будзе прамяніцца водбліскам вечнае славы Богачалавека.

З гэтымі прыцягальнымі ў думках абразамі яго і ўвозіў у Сьвяты Горад шумлівы звычайна, але на гэты раз неяк прыцішэўшы аўтабус. Сьвяты Град ужо напаўняўся зноў гаварлівым натоўпам загарэлае моладзі і заліваўся вечаровым сонцам.

ІX.

Крыніца духовага ачышчэньня і збавеньня

«Внидем в селеніе Его, поклонимся

на место, идеже стоясте нозе Его».

З сьв. Пісьма

Сьвяты горад Ерусалім ведамы яшчэ з старажытных часоў як Уру-Салім, горад Міру. Пад гэтым назовам яго згадваюць эгіпецкія і бабілёнскія пісьмёны. Ім доўга ўладалі дзікія плямёны Іевусеяў, а за тысячу гадоў да Народжаньня Хрыстовага там запанавалі юдэі. Давід здабыў гару Сіён і ператварыў яе ў моцную крэпасьць супраць іевусеяў з усходу. Туды ж Давід перанёс быў тагачасную народную сьвятыню - каўчэг Запавету. З таго часу Сіён стаў Сьвятою Гарою. На Сіёне Давід і быў пахаваны. Цяпер ягоная магіла апынулася з другога боку мяжы паміж Іарнаніяй і Ізраілем. Ерусалім дасягнуў асаблівага росквіту пры цары Саламоне. На бліжэйшай да Сіёну гары Морыя быў пабудаваны Храм і Палац. Даліну паміж імі засыпалі і новы квартал абнесьлі высокай сьцяной. Пазьней, у VІІІ стагодзьдзі да Нараджэньня Хрыстовага цар Юдэйскі Іёфан прылучыў да гораду і абнёс сьцяной прадмесьце вакол узвышша Офель. У тым

жа стагодзьдзі цар Езекія, баючыся аблогі з боку бабілёнцаў, адвёў у горад воды крыніцы Гіхона і побудаваў для іх у цэнтры гораду вялікі басейн, вядомы да сяньня пад ягоным імем. З мэтай бясьпекі той жа цар пабудаваў на поўнач ад Сіёну сьцяну і Рыбную Браму. Былі ўзьнятыя моцныя вежы Хананаіла і Біра, будучая вежа Антонія, дзе зьмяшчалася ў Рымскія часы і прэторыя Пілата. Крэпасьць Давіда пасьля 170 году да Нараджэньня Хрыстовага была пашыраная аж да ўзвышша Акра, адкуль Маттафія павёў ізраільскі народ паўстаньнем супраць тырана Антыёха. Прадмесьце Гарэб з Галгофаю і Гробам Госпада і суседняе ўзвышша Везефа ўвайшлі ў межы гораду адно ў 43-м годзе пасьля Народжаньня Хрыста. За паўстаньне супраць рымлянаў пры імпэратары Веспасіяне ў 70-м годзе Храм быў спалены, а сам горад дашчэнту быў зруйнаваны ў 133-м годзе. Паміж ІV і VІІ стагодзьдзямі ў Ерусаліме панавала Хрысьціянства. Горад рос і забудоўваўся, хрысьціянскія сьвятыні аднаўляліся, забудоўваліся Храмамі, пакуль Ерусалім не захапілі і не зруйнавалі пэрсы пры цары Хозроі. А праз 30 гадоў яго захапіў арабскі халіф Омар, які, праўда, не чапаў хрысьціянскіх сьвятыняў. Затое адзін з наступны халіфаў - Хакім, уявіўшы сябе Богам на зямлі, загадаў разбурыць усе хрысьціянскія храмы, спаліць Храм Гасподняга Гробу, зруйнаваць Галгофу і шмат іншых месцаў, дарагіх хрысьціянскім сэрцам. Гэта і выклікала т.зв. Крыжовыя паходы з Эўропы. Крыжаносьць валодалі Палестынай 90 гадоў, пакуль іх ня выгнаў адтуль Саладзін. Іхнія пабудовы, акрамя Сьвятога Гробу, былі панішчаныя. А ў 1517 годзе Палестыну захапілі Оттаманскія туркі і панавалі там аж 400 гадоў. Хрысьціянскія сьвятыні пацярпелі ў часе салдацкіх пастояў у Першую Сусьветную вайну. Ад 1917 г. да 1948 Палестына з сьвятымі месцамі знаходзілася пад аховай ангельскага мандату. Пазьней была падзеленая паміж Ізраілям і Іарданіяй, частка дасталася Эгіпту (Газа). Ерусалім таксама быў падзелены: найбольшая, мадэрная частка яго, адышла да Ізраіля. Але стары горад, у якім знаходзіцца бальшыня важнейшых святых месцаў Ерусаліму, належыць арабам, як ім жа належыць бальшыня і іншых, за межамі гораду, Эвангельскіх месцаў. У межах Ізраіля знаходзіліся Галілейскае возера, Назарэт, гара Сіён, гара Фавор, Канна Галілейская, Іоппія (Яффа), Кармільская гара. Пабачыць іх можна адно будучы ў Ізраілі і ўжо хіба толькі пасьля наведаньня ўсіх Сьвятых месцаў у Іарданіі. Гэта дзеля таго, што Іарданія ня пушчала ніводнага чалавека з боку Ізраіля, незалежна ад таго, чыім грамадзянінам ён ёсьць. Сам факт прабываньня на тэрыторыі варожага ім народу разглядаўся як няпрыязны да арабаў ўчынак. Такіх людзей яны не дапушчалі да сябе і ім не выдавалі візы на права наведаньня Іарданіі. З старога гораду (арабскага) ў Новы Ерусалім (ізраільскі) можна было трапіць без звароту назад. Карацей, рух паломнікаў дазваляўся адно ў адным кірунку. Але калі паломнікі зьвязаныя агульным білетам і групавымі, згары аплочанымі, абслугоўваньнямі, гатэлямі і транспартам, прыходзілася адмаўляцца ад спакусы зьезьдзіць яшчэ і на сьвятыя мясьціны па другі бок дэмаркацыйнае дзяржаўнае мяжы па жывым целе адзінага сьвятога гораду. І ніхто ня стане гарантаваць Вам жыцьця ў часе праходу так званой «Но мэн» зямлі - вузкай абязлюдненай зоны паміж двумя варожымі і ўзброенымі да зубоў табарамі.

Таму, калі на сьхіле дня паломнік сьхіляў свае вочы на заліты захадам сонца Ерусалім, які ўвесь непадзельна па абодвы бакі штучнае мяжы аднолькава зіхацеў і пераліваўся ружаватай бялізною сваіх бязьлічных камяніцаў, міжвольна зрок шукаў і сярод іх знаныя і гэтак блізкія сэрцу велічныя Храмы, душа падказвала шукаць і пазнаваць іх і па той бок сьвятога граду. А іх нямала можна адцеміць вокам і з узвышшаў арабскае часткі гораду. Аднолькава радуе сэрца бачаньне такіх хрысьціянскіх сьвятыняў, як цэрквы на т.зв. Рускіх пабудовах, арабская пратэстанцкая царква, Дом Тайнай Вячэры і Манастыр на Сіёне, колькі іншых храмаў, вызначных для гісторыі хрысьціянства ў Палестыне.

Аднак, добра, што і арабы атрымалі сваю долю Ерусаліма, бо і ім гэты горад выдаецца сьвятым. Мусульмане кажуць, што Магамэт, дарма, што жыў і дзейнічаў пераважна ў Арабіі і Сырыі, сказаў некалі: «Ерусалім - самае сьвяшчэннае месца ў сьвеце». Паводле магамэтанскага паданьня, Магамэт маліўся на Божым камяні, дзе цяпер стаіць мячэць. Магамэтане вераць, што адгэтуль Магамэт узносіўся ў неба, пакінуўшы адбітак свае рукі на камні. Яны таксама паважаюць зямлю Морыа, падзяляючы з жыдамі веру, што менавіта туды паслаў Госпадзь Аўраама з сынам, як і веру ў Аўраамава ахвяра-прынашэньне.

Паводле ж талмудавых кнігаў, выгнаныя з раю першыя людзі пасьля колькісотгодняга вандраваньня і пакаяньня па волі Божай сустрэліся зноў на тым самым узвышшы, дзе пазьней быў закладзены Ерусалім. Калі Адам памёр, ён быў пахаваны сынам Сіфам на Сіёне. Ной, знайшоўшы размытыя косьці і чэрап прабацькі, пахаваў іх пад скалою на Лобным месьце, пазьнейшай Галгофе, месцы пакутаў абяцанага Збаўцы сьвету. Гэтак Ерусалім становіцца сьвятым месцам, паважаным трымя веравызнаньнямі, аднолькава дарагім месцам як для хрысьціянаў, гэтак і для жыдоў, і для магамэтанаў. Ужо на працягу многіх стагодзьдзяў апошнія з фанатычнай заўзятасьцяй і нячуванай сілай бароняць яго супраць неаднаразовых наскокаў крыжаносцаў і іншых ваяўнічых і мірных абаронцаў Хрысьціянства і Юдэйства. Відаць, што ў тых Юдэйскіх узвышшах - Елеоне, Сіёне і Морыа - хаваецца нейкая асобная сіла прыцяганьня, што з непераадольнай сілай цягне да сябе розум, увагу, пачуцьці, душы і сэрцы многіх народаў сьвету. Ад часоў прабацькі Адама і да сёньняшняга дынамічнага, навукай і культурай пасунутага далёка ўперад, сьвету чалавек заўсёды сваімі самымі інтымнымі і сардэчнымі марамі цягнуўся і будзе цягнуцца да тых Божых пунктаў на зямной кулі. Нейкая незямная, няведамая сіла падказвае яму вечна імкнуцца да Сьвятога Гораду, як крыніцы духовага жыцьця, сьвятла праўды і ўзору дасканаласьці, як месца ачышчэньня і Збавеньня. Ужо адно імя Эль-Кудс, або Эль-Шэрыф, як завуць гэты горад арабы і што азначае «сьвятасьць» або «сьвяцільня», выклікае ў кажнага араба асабліва ўмільнае і набожнае пачуцьце. Гэта для яго імя места, якое ягоныя вусны прамовяць як нешта асабліва правялебнае.

І запраўды, варта было Ўсеваладу Ціхановічу наведаць мячэць Омара на гары Морыа, каб пераканацца ў бязьмежнай сьвятасьці Ерусаліма і для магамэтанскага сэрца. Неаднаразова мінаючы месца Залатой Брамы, кажны раз ягоны позірк затрымваўся на агромністым залатым купале гэтай арабскай Бажніцы. На яго цяперашнім месцы калісьці стаяў Храм Саламона. Крыжаносцы ператваралі мячэць Омара ў хрысыцянскую царкву, але пры першай нагодзе яна была зьвернутая магамэтанам, як Эль-Акса, г.зн. «аддаленая» ад Мэккі. Яна захоўвае памяць і аб месцах малітвы Давіда, Саламона і прарокаў адмысловымі паказальнікамі на сьценах. Пасярэдзіне і ўзвышаецца камень Ўзвышэньня Магамэта. Залатая Брама для арабаў мае падобны нашаму сэнс: магамэтане вераць, што праз іх войдзе ў Сьвяты Горад ісламскі Пераможца.

Поделиться с друзьями: