На сьвятой зямлі
Шрифт:
Зьвязанага Хрыста далей вядуць у дварэц Кайяфы што каля Давідавай Брамы. Тое месца цяпер на Ізраільскім баку. Гэта там адбылася трагедыя адрачэньня Пётры, пасьля чаго ён горка плакаў у пячорах. На тых месцах была пабудаваная царква Плачу сьв. апостала і само мейсца называецца па лацінску «Галлі Канту», што значыць «сьпяваючы певень».
Зьвязаны Хрыстос быў асуджаны сінэдрыёнам на сьмерць уначы. Каб атрымаць згоду Прэтора Пілата, трэба было чакаць раніцы. Разбэшчаны рымлянін не любіў уставаць рана. Ён звычайна хроп у пасьцелі да паўдня. Асуджанага сьмяротніка вялі ў перадранішнім мораку, каб схаваць ад вачэй натоўпу і вучняў па гулкім бруку вузкіх вуліцаў старажытняга Ерусаліму. Яго прывялі да Прэторыі, вежы Антонія, што цяпер на вуліцы ад Авечай Брамы. Грубы стражнік адмаўляўся прымаць арыштаванага: Прэтор яшчэ сьпіць і ня любіць, каб яго турбавалі гэтак рана. Але жыды ўзмаліліся, каб недзе знайшоў месца арыштанту. Тады рымскі стражнік забраў Хрыста і пасадзіў яго ў турму ў піўніцы, якая пад сучасным будынкам аж да сяньня
Паломнікі спушчаюцца ў маленькую царкву на месцы колішняй турмы, дзе вязьнем быў сам Богачалавек. Там жа трымаліся разбойнікі Варавва і іншыя з ягонай шайкі. Камэра Вараввы была ў ніжнім ярусе, куды арыштантаў спушчалі па лесьвіцы праз дзірку ў столі. Там у нішы за кратамі сядзелі найбольш небясьпечныя злачынцы. У камэры Хрыста і цяпер можна бачыць каменную лаўку з праробленымі ў скале дзіркамі для ног, якія закоўваліся ў кайданы.
Другі ярус гэтае турмы пазьней паміж сотым і трохсотым гадамі служылі катакомбамі для першапачатнай хрысьціянскай царквы ад перасьледу жыдоў.
Верхняя частка ўсё ж яшчэ значна ніжэй сучаснага ўзроўню глебы становіць сабою заходнюю частку Ліфастротана, дзе ён выходзіў у горад з Прэторыі. Там некалі перад тысячным народным морам Пілат паставіў на памосьце сваю Ахвяру ў барвовым вянку і выгукнуў: «Се, Человек!» Ён ужо знаходзіўся пад уплывам свае жонкі, якая пасьпела паслаць яму на судзілішча просьбу не караць сьмерцяй: вязень ужо цэлую ноч змушаў яе пакутваць і не пакідаў яе думак. Пілат прапанаваў абмежавацца адно бічаваньнем. Але на пляцу Ліфастротана варожы Хрысту натоўп ніяк не хацеў задаволіцца жалюгодным выглядам пакаранага Пакутніка. Юдэі голасна крычалі: «Распні Яго!
– Гэта Цар ваш! Ці ж я вашага цара распну?
– пытаўся ў натоўпу Пілат.
– Распні, распні, укрыжуй яго!
– адным немым голасам вымагаў разьюшаны натоўп. «І перамог крык іх і архірэяў» (Лука 23, 23). Пілат памыў рукі і аддаў Хрыста на ўкрыжаваньне. Тут жа быў прадыктаваны і падпісаны Пілатам прысуд і тут жа на плечы Хрыстовыя быў узложаны Крыж.
Цяпер над уваходам у тое самае месца адна з трох арак Брамы Прэторыі на вуліцы завецца «Се, Человек», бо туды былі перанесеныя два камні, на якіх стаялі Богачалавек і Пілат у тыя вызначныя хвіліны.
Адгэтуль, з Ліфорстратону і пачынаецца Крыжовы Шлях Гасподзен. З цяжкім крыжом Хрыстос сышоў з Ліфостратону, прайшоў пад аркаю і далей па пакутным шляху. На рагу першага перакрыжаваньня вуліцаў некалі стаяла пабудованая царыцай Аленай у 4-м стагодзьдзі царква Божай Маці, бо там якраз, паводле паданьня, Марыя стаяла, стомлена чакаючы пастановы Пілатавага суду. І вось яна пабачыла скрываўленага пад крыжом Сына. Мазаіка ІV стагодзьдзя паказвае дробнымі каменчыкамі сляды ейных ног. Некалі там быў Бізантыйскі храм, цяпер - армянскі каталіцкі прастол.
Усевалад Ціхановіч усю дарогу ўздоўж былой гарадзкой сьцяны да Суднае Брамы, праз якую Хрыста вывялі, каб весьці да Галгофы, ішоў за групай паломнікаў з нізка сьхіленай галавой. Рабіў ён гэта ў знак пашаны тым вялікім падзеям на іх сапраўдных мясцох. Глыбокім болем адгукаўся ў ця кажны спынак на мясцох, дзе Хрыстос падаў на зямлю пад цяжарам крыжа. Ён нізка ўкленчваў на кажнай з 13 г.зв. «станцыяў» крыжовага шляху, дзе каталікі пабудавалі капліцы: іх яны кажную пятніцу пасьля трэцяй гадзіны абходзяць з малітваю. Сапраўднымі месцамі тых падзеяў зьяўляюцца, акрамя згаданых ужо турмы і Ліфостротана, таксама Армянская царква з яе падзямельлем, рэшткі глыбокага сутарэньня і сьцяны, як і старых фундамантаў пад мелхідскім манастыром на сёмай станцыі. Рэшткі гарадзкой сьцяны часоў Хрыстовых і самы парог Суднае Брамы былі выяўленыя ў 1883 годзе ў канцы Крыжовага Шляху на сучаснай расейскай дзялянцы раскопак. Каля Суднае Брамы рымляне звычайна абвяшчалі канчатковыя прысуды сьмяротнікам. Дзеля таго, што, паводле Эвангельля, у тыя часы Галгофа і месца Гасподняга Гробу, скала ў садзе Іосіфа Арымафейскага, былі за межамі гораду, «за варатамі», як кажа сьвятое Пісьмо, Хрыстос прайшоў Судную Браму, ідучы на Галгофу. Але старая сьцяна была разбураная, і на тых месцах за даўгі час нарасло на руінах новых пластоў на 30 мэтраў. Калі ў мінулым стагодзьдзі Расейскі ўрад купіў ад абісінцаў дзялянкі поблізу Храма Гасподняга, архітэктары пры раскопках знайшлі рэшткі масыўнай сьцяны з характэрным для часоў Хрыстовых абчэсваньнем каменьняў. Навуковыя досьледы давялі, што гэта і былі рэшткі старажытняй Ерусалімскай сьцяны з Суднаю Брамаю. Там жа было адкапана шмат іншых рэчаў тае пары, сярод іх - арка з калёнамі старажытнага дойліцтва часоў базылікі Канстантына Вялікага над Гасподнім Гробам. Гэта была рэшта прапілеяў, якімі акружаўся вакол велічны храм. Гэтыя вынаходзтвы былі вызнаныя ўсім сьветам. Заместа плянаванага Расейскага Консульства рашылі будаваць Храм Крыжовага Шляху. Перад знойдзеным каменным прастолам, часткаю колішняй Базылікі, на ўсход выбудавалі аўтар і іконастас, Храму было дадзена імя сьв. Александра Неўскага. Парог Суднае Брамы накрылі драўлянай Рамаю са шклом. За ім высіцца вялікае Ўкрыжаваньне на абломку мясцовага камня. Абраз Збаўцы з Крыжом на ўсю сьцяну аж да іншае старадаўняе іконы. У паўночным кірунку 12 ступеняк вядуць уніз да аркі портыка былой Базылікі. У Вялікі чацьвер праваслаўнае духавенства з Гафсіманскага Саду пасьля Ютрані і чытаньня 12-ці Эвангельляў, з сьвечамі і сьпяваньнем, з працэсіяй вернікаў Сьв. Гораду ськіроўваецца да Сьвятога Парогу
і там Страстная Служба аддае належнае сьветазбаўчым пакутам над тым самім месцам, дзе Богачалавек ўзыходзіў на Галгофу, сьхіляючыся пад цяжарам Крыжа і вяшчаючы сваімі ранамі і цярпеньнямі новую эру ў гісторыі чалавецтва.На Галгофе замыкаецца кола Страснога Шляху, і Пакуты Хрыстовы дасягаюць свайго апагэю. Сьціскалася Ўсеваладава сэрца ад болю ўсьведамленьня рэальнасьці тога шляху, якімі прайшло ці адно пакаленьне паломнікаў, а цяпер давялося і яму зазнаць ягоную відавочнасьць.
VIII.
У віфлееме, месьце давідавым
«Слава в вышних Богу, и на земли
мир, в человецех благоволеніе!»
За два тыдні штодзённых экскурсыяў па сьвятых месцах Арабскае Палестыны паломнікам пашэнціла пабываць яшчэ ў многіх царквах, манастырох, капліцах на мясцох дзейнасьці самога Хрыста або ягоных вучняў, сьвятых эвангелістаў і апосталаў, прызнаных хрысьціянскімі царквамі падвіжнікаў і памнажальнікаў Хрыстовага сьвету. Ніколі не забудзецца наведаньне мясьцінаў народжаньня Хрыста ў Віфлееме, градзе Давідавым, дзе і цяпер пераважна хрысьціянскае насельніцтва. Яшчэ здалёку, пасьля сямікілямэтравага падарожжа з Ерусаліму, ён раптам узьнікае перад зьдзіўленымі вачыма высокай каланчой і вежамі сваёй базылікі Народжаньня Хрыста. Яна ў самым асяродку горада. Даўней, у біблейскія часы, батлейка знаходзілася на поўдзень ад тагачаснага Віфлеему. Тады там хаваліся ў благое надвор'е пастухі з скацінай. З усходу пячоры яна вяла ўніз. Скала прыхоўвала ўваход, закрываючы яго, як брылем, ад дажджоў і паводкі. Гэта была даўжынёю ў 12 мэтраў, ушыркі і вышыню нешта каля трох мэтраў. Тады ўваход знаходзіўся з заходняга боку. Цяпер ён закладзены каменьнямі. Каля ўсходняга канца ў таўстой скале была ніша. Там і адбылося Божае ўцелаўленьне ў чалавека.
У трох кроках ад яго ёсьць іншая ніша ніжэй з выдаўбленым камнем: яна была за кармушку для ягняткаў. Яна і сталася Божаю калыскай.
Здаўна жыхары Віфлеема пакланяліся таму месцу. Пачынаючы ад Першага Ерусалімскага япіскапа вяліся запісы аб ім. Першыя хрысьціяне пабудавалі там Царкву. Рымскі цэзар Адрыян разбурыў яе і паставіў быў там паганскае божышча Адоніса. Але ў 330 г., прызнаўшы Хрыста, цар Канстантын Вялікі паставіў над сьвятымі Ясьлямі цудоўную базыліку. Божым цудам ёй адзінай пашэнціла ўцалець ў разбуральных падзеях часу. У ёй вось ужо больш чымся 16 стагодзьдзяў моляцца хрысьціяне. Праўда, крыжаносцы пабудавалі вакол яе магутныя сьцены. Цяпер сама Царква Народжаньня Хрыстовага бадай што знадворку не бачна. Яна цалкам ўлучаная ў сьцены замку-крэпасьці, якая і ратавала яе неаднокраць ад разбойных наскокаў бэдуінаў. З трох уваходаў у Царкву два былі зусім замурованыя, а пакінуты ўваход у Царкву быў гэтаксама часткава замурованы. Чалавек можа ўвайсьці ў яго адно сагнуўшыся. Гэта каб не дазволіць ўехаць у Царкву бедуінскаму конніку, які і хацеў бы паграбіць у Храме, пазьдзеквацца з хрысьціянскае сьвятыні, ды яму не выпадала злазіць з каня. І цяпер можна бачыць там сьляды архітэктурнае формы высокіх дзьвярэй-уваходу ў Царкву, простакутны портык з перакрыцьцем з цясанага камня наверсе ды з двумя кансолямі-падпоркамі чыста Аттычнае прыгажосьці. Але ў мэтах бясьпечнасьці і пакінутая адтуліна замыкаецца магутнымі жалезнымі дзьвярыма.
Увайшоўшы праз тую адтуліну, наведвальнікі трапляюць адразу ў вялізарную даўгую царкву з высокімі калёнамі карынфскага стылю, што ў два рады ідуць па абодвых бакох, творачы шырачэзнейшыя крылы, крыху ніжэйшыя за цэнтральнае, вышынёю ў 15 мэтраў. Удаўжыню паломнікі ідуць аж 22 мэтры, пакуль дойдуць да ўзьнятага алтара і іконастаса над самім колішнім месцам батлейкі. Да яе вядуць два баковыя спускі па напоўкруглых лесьвіцах. Усярэдзіне хораму на падлозе яшчэ захаваліся рэшткі першапачатнай мазаікі, якія цяпер знаходзяцца пад адмысловай драўлянай накрыўкай, бо сучасная падлога пазьнейшага паходжаньня. Захавалася і старадаўняя купель з чырвонага парфіра.
Трох'ярусны іканастас адлучае высокай сьцяной вялікі алтар, упрыгожаны вялікім абразом Укрыжаваньня. На абразах дарагія рызы. Скрозь вісяць панікадзілы. На калёнах відаць рэшткі бізантычнага царкоўнага малярства. Па бакох галоўнага алтара - бочныя алтары сьв. Міколы (грэцкі) і па аднаму абісінскаму і армянскаму.
Месца Батлейкі ўнізе на ўзроўні мармуровае падлогі абазначана срэбранай зоркай і надпісам: «Тут ад дзяўчыны Марыі нарадзіўся Ісус Хрыстос». Над зоркаю - 15 срэбраных лампадаў. Вышэй - мармуровая дошка за прастол. Над ім зноў лампады. На сьценах - дарагія аксамітныя ткані. Тут праваслаўныя чыняць Літургію. Справа насупраць батлейкі прастол каталіцкі, прысьвечаны тром вяшчунам. Колькі малых панікадзіл і два падсьвечнікі асьвятляюць сярэдзіну першага жыльля Госпада. У заходняй частцы Батлейкі ёсьць колькі пячораў: сьв. Язэпа, дзе яму зьявіўся Анёл, пячора пахаваньня сьв. Ероніма і месца пахаваньня сьв. Паўлы і Еўстохіі. Яны належаць каталікам. Апошнія маюць манастыр, што мяжуе з Царквою Нараджэньня Хрыстовага. Сама ж Царква Нараджэньня належыць праваслаўным. З паўдня да яе прылягае грэцкі манастыр з рэшткамі вежы часоў Юстыніяна. Там жыве Япіскап Віфлеемскі. На падворышчы тога манастыра раскопкі выкрылі агромністыя падземныя магілы з безліччай дзіцяцых касьцей. Відаць, там было масавае забойства дзяцей ў часы Ірада.