На сьвятой зямлі
Шрифт:
І вось, пасьля здавалася-б бясконцага змаганьня і пераадоленьня гандлярскіх спакусаў меркантыльнага сьвету па дарозе, нарэшце мы каля Храму Жываноснае Дамавіны. Ён увесь у абыймах іншых царкоўных пабудоваў: Грэцкай Патрыярхіі, Лацінскага, Армянскага і Коптскага манастыроў. Дзеля таго яго ня відно здалёку. Пасьля землятрусу 1827 г. ангельскія інжынеры ўмацавалі яго жалезнымі і драўлянымі контрфорсамі. Ужо каторы год Храм у рыштаваньнях дзеля таго, што адбываецца рамонт. Дзень і ноч чуецца стук малаткоў: выпрабоўваецца кажны камень, каб уся пабудова не абвалілася ў крытычныя часіны землятрусаў, якія часам наведваюць гэты край. Усімі працамі кіруюць тры архітэктары: француз, грэк і армянін. Разам з тым праводзяцца раскопкі. Ужо дакапаліся аж да пластоў з часоў крыжаносцаў. А не так даўно ўжо дайшлі нават да фундаманту з часоў Царыцы Алены, г.зн. ІV стагодзьдзя.
Тут, дарэчы, будзе на часе прыгадаць крыху з гісторыі гэтага найвызначнейшага Храму ў сьвеце.
Пасьля
Храм Уваскрошаньня Хрыстовага, гэты Новы Ерусалім, быў нагэтулькі дасканалым узорам хрысьціянскага дойлідства і цалкам зіхацеў золатам і мармурам, што ўяўляў сабою незраўнаны ні з чым узор вялікапышнасьці і хараства. Нездарма аб ім сьпяваецца ў Вялікодным Каноне: «Светися, светися, Новый Іерусалиме...» Дарэчы, тагачасны Храм быў у тры разы большы за сучасны.
Храм Уваскрошаньня Гасподняга ўжо тады аб'яднаў сабою пад адным дахам Пячору Ўваскрошаньня Хрыстовага, Галгофу і месца Знаходжаньня Крыжа. Гэта быў Храм вялізарнешых памераў. Знадворку сьцены былі зробленыя з цёсаных каменьняў. Зьверху царкву пакрывалі волавам, а ў сярэдзіне столь з разных кесонаў накшталт шырокага мора. Яно пашыралася над сярэднім нэфам, пакрытым золатам, якое асьвечвала ўвесь храм блескам накшталт праменьняў сонца.
Ува ўсю даўжыню Храма ішлі Калянады. Насупраць трох усходніх уваходаў у Храм было дванаццаць калёнаў па колькасьці Апосталаў. Яны былі ўпрыгожаныя па капітэлях вялікімі сярэбранымі келіхамі.
Урачыстае асьвячэньне Храма Ўваскрошаньня Хрыстовага айцамі Тырскага Сабору 13 верасьня 335 году адзначаецца да сёньня сьвятам «Аднаўленьня Храму ў Ерусаліме» штогодне 13 верасьня, ведамага ў народзе, як сьвята «Словущаго Воскресения», г.зн. заместа нядзелі дзеля таго, што 13 верасьня не заўсёды выпадае на нядзелю.
Аднак пабудаваны царыцай Аленай у ІV стагодзьдзі вялікасны Храм Уваскрошаньня Гасподняга не захаваўся да нашых дзён. Ён неаднаразова разбураўся заваёўнікамі-іншаверамі, адбудоўваўся, зноў разбураўся да фундаманту. Апошняе зруйнаваньне яго мела месца ад выпадковага пажару ў 1809 г. І толькі адноўлены пасьля тога пажару ён дажыў да нашых дзён. Цяпер ён, ведама, больш сьціплы ў параўнаньні з Храмам чацьвёртага стагодзьдзя. Аднак, ягоная слава і значаньне ляжаць, магчыма, больш у сярэдзіне яго, чымся знадворку - іначай кажучы, ягонае значаньне духовае, а не ў вонкавым выглядзе і пышнасьці. Для кажнага хрысьціяніна наведваньне яго становіць найважнейшую надзею ў духовым жыцьці і станаўленьні або самавызначэньні рэлігійнае станоўкасьці.
ІII.
Малітва ля каменя памазаньня
«Войдите, странники, во обитель Господа, во Гроб Жизни, где благодать обитает и благословенный Свет не иссякает».
З колішняга надпісу
на левым баку Храма Гасподняга
Перад адзіным цяпер уваходам у Храм Гасподзен невялікі пляц. Мы стаім на ім удзячлівыя лёсу за тое, што ён даў нам змогу цяпер мілаваць зрокам гэтыя пэрлы. Справа Аўраамаўскі манастыр, дзе цяпер жыве Сьвятагробскае Брацтва і які быў пабудаваны на месцы, дзе некалі, паводле паданьня, Патрыярх Аўраам рыхтаваўся прынесьці ахвяру - свайго сына Ісаака. Манастыр пабудаваны ў ХVІ-ХVІІ стагодзьдзях. А да VІІ стагодзьдзя там быў стол для зьбіраньня міласьці для бедных. Мы любуемся Храмам Сарака Пакутнікаў, з каланчы якое чуцён урачысты звон званоў, падараваных царкоўнымі людзьмі нашае Бацькаўшчыны ў часе Крымскае вайны. Далей вочы спыняюцца на Храме Жонак-Міраносьбітак, пабудаваным на месцы зьяўленьня Хрыста Ўваскрослага сьвятой Марыі Магдаліне. А побач з ім нельга не адзначыць Храм Сьв. Якава, Брата Гасподняга, дзе захоўваецца
трон патрыярхаў сьв. Града, спадчыньнікаў сьв. Якава. Некалі на правым баку Храма Гасподняга быў надпіс: «Вкуси, поклонник, истаннаго наслаждения; войди в радость Господа, в многообильное светом небо - матерь церквей».І мы трапятліва ўваходзім у Хорам Хорамаў. Айцец Архімандрыт з глыбокай пашанай прыкладваецца да апаленай калёны, зь якое ў Вялікую Суботу праваслаўныя атрымалі Жыватворны Агонь, які вяшчаў ім зварот Храму.
Мы ўсе сьхіляемся ўкленчаныя перад жоўта-ружовай мармуравай плітою - Камнем Мірапамазаньня. Пад ёю сапраўдны камень, на якім зьнятае з крыжа Вельмічыстае цела Хрыстовае рыхтавалася да пахаваньня Сьв. Язэпам і Нікадзімам. Да пачатку рамонтных работ над плітою стаяў высокі пазалочаны балдахін з чатырмя ад праваслаўных, двумя ад каталікоў і двумя ад армянаў вялікімі незгасальнымі лампадамі. Каля іх стаялі шэсьць вялікіх падсьвечнікаў. Вакол пліты на раме грэцкі тэкст, які значыць: «Благообразный Иосиф с древа снем пречистое тело твое, плащаницею чистою обвив и благоуханьми покрыв положи».
Гэта ў часе Чына Пахаваньня ў Вялікую Пятніцу Сьвятая Плашчаніца крыжовым ходам узносіцца на Галгофу і адтуль пасьля ўнізе кладзецца на Камні Памазаньня, пасьля таго, як яе тры разы абнясуць вакол. У той час адзін з сьвятароў узьлівае міру на Плашчаніцу. Затым яе пераносяць у Дамавіну Гасподню і пакідаюць яе там да раніцы.
Дзеля таго, што Камень цяпер быў самотным, пазбаўленым упрыгожаньня балдахінавага і незгасальных лампадкаў, ён яшчэ больш адцяняў і рабіў уразьлівым напамін аб тым, што тут адбылося бадай-што дзьве тысячы гадоў таму назад. Паломнікі надоўга застывалі сьхіленымі над камнем Памазаньня, як бы не ўстане адарвацца губамі ад вялікшае рэліквіі пакутаў за кажнага з нас паасобку і за ўсе нязьлічаныя пакаленьні ў вякох.
Усевалад Ціхановіч як укленчыў і прыпаў тварам да халоднага мармуру, то гэтак і застаўся праз доўгі час, раз-за-разам хрысьцячыся і абліваючыся непадробленымі сьлязьмі. Каля яго з абодвых бакоў увесь час мяняліся людзі, зьгіналіся, цалавалі камень і разьгіналіся, а ён усё ніяк ня мог адарваць мокры твар ад Пліты Пакутаў. У ягоным уяўленьні паўставалі абразы таго, чыё зраненае і ўкрываўленае цела сьвяцілася тут пад Плашчаніцай адвечнай тайнай нясьцерпных Жарсьцяў і чые пакуты сталіся Збавеньнем усяго людзтва на векі вечныя.
«Божа, мой Божа, Госпадзь Ісус, як-жа мала мы зрабілі яшчэ ў жыцьці дабра, добрых справаў, калі параўнаеш іх з тваім Вялікім Чынам!» - думаў Усевалад, усё такжа ўкленчыўшы і плачучы ўсім сваім страсянутым нутром.
– Ты дзеля нас аддаў усё жыцьцё і не збаяўся самое сьмерці, хаця ж і мог ухіліць яе. А мы, сьмертныя і вінаватыя на гэтай грэшнай зямлі, што мы зрабілі, каб іншым, блізкім і далёкім, сталася лепш у гэтым жыцьці і каб зямля змыла з сябе больш грахоў? Ці ж мы рабілі заўсёды паводле твайго запавету - любі бліжняга свайго, як сябе самога? Хіба ж мы заўсёды плацім чыстай любоўю за зьдзейсьненае нам і іншым зло? Твае чыны былі, ёсьць і вечна будуць для нас пуцяводнаю зоркаю, якую блізу што дзьве тысячы гадоў таму назад запаліў Вялікі Ўладар Сьвету і паслаў нам за настаўніка свайго Сына. А твае пакуты паказалі нам шлях да ачышчэньня і збаўленьня. О, ніхто ніколі яшчэ не зазнаў такіх выпрабаваньняў, гэткіх кпінаў і пакутаў з боку грэшнага чалавека, дзеля выратаваньня і збаўленьня якога Ты быў пасланы ў гэты сьвет. Воіны цябе аплёўвалі, акідвалі брыдкімі словамі, калолі цернямі, крывавілі цябе пікамі, ўганялі цьвікі ў тваё жыватворчае цела. Ты паміраў, сьцякаючы крывёю пад выгукі зброду, які сам ня ведаў, што за злачынства ён чыніць. Але цаною сьмерці і пазьнейшага Ўваскрошаньня Ты выратаваў нас, у тым ліку і тваіх катаў, ад пагрозы духовае сьмерці. Ты сваёй сьмерцяй перамог сьмерць. І толькі дзякуючы твайму Божаму дзеяньню мы цяпер усе нясём у сабе надзею на Збаўленьне і магчымасьць Праведнага жыцьця і ў гэтым і ў іншым сьвеце. Даруй, Божа, нашыя недасканалыя справы, каб мы сталіся лепшымі паводле твайго Сьвятога Ўзору. Пашлі нам тваю ласку, дазволь тваёй духовай раскошы адведаць нас і збагаціць нас няўміручымі каштоўнасьцямі любові, даравальнасьці і дабрыні», - шапталі Ўсеваладавы вусны.
– «І чаму ж ня мне, грэшнаму, Бог паслаў такія выпрабаваньні? Але мусіць так трэ' было, бо толькі з тваёй духовай сілай адно і магчыма было ператварыць іх на дабро ўсім людзям. Адно ты мог сьмерцяй сьмерць пераадолець. Слава табе, Слава! Клянуся быць лепшым, каб спадобіцца табе. Амін!»
Раптам Усевалад адчуў у сабе нейкую надзвычную палёгку. Быццам цяжкі камень адпаў з ягоных грудзей і ён пачуваў сябе нібыта вызваленым ад немачы. «Значыцца, Ісус Хрыстос пачуў мае словы», - з радасьцяй прамовіў сам сабе ён і пачаў зноў горача дзякаваць Збаўцу. За момант ён ужо быў у стане спыніць свае лемантаваньні і крыху асушыць твар ад гарачых сьлёзаў. Ён узьняўся, перажагнаўся яшчэ раз, пацалаваў наапошку Камень Мірапамазаньня і акрылёны адыйшоў убок. І ўжо тую рэшту часу ў Храме Гасподнім ён пераканаўча адчуваў, што анёл-захавальнік распасьцер свае крылы над ім і ўжо не пакідаў яго ні на момант самотным.