Нацыянальная ідэя. Фэнамэналёгія Беларусі
Шрифт:
Возера плошчай 80 кілямэтраў квадратных, у катлавіне глыбінёй да 25 мэтраў, падпружанае ледавіковай марэнай у адгор'ях Сьвяньцянскіх градаў, сярод пэрлаў іншых вазёраў, на рачных пратоках незвычайнае чысьціні. Вада з Нарачы цячэ ў Вільню – і Вільня жменяй чэрпае Нарач.
Нарач – цуд Беларусі. Вада амаль паўсюль празрыстая да дна, рэліктавыя расьліны, рыба быццам у велізарным акварыюме, эўрапейскі вугар і амурскі сазан. Хараство, пяшчота й ласка ціхай, мілай беларускай прыроды. “Нарач” – хоць да раны прыкладай!
Нарач – наша маленькая мара. Гэткая раскоша па-беларуску, быццам “Нарачанскі хлеб” у краме. "Паехалі на Нарач!" – гэта для сярэднестатыстычнага беларуса нумар з разраду "люкс". "На Нарач" – значыць, шыкуем.
А ночы на Нарачы!… У часы застою заслужаныя трэнэры БССР прывозілі сваіх выхаванцаў нанач на нарачанскую турбазу, і на досьвітку вялі да возера. Шыхтавалі на ўзыходзе сонца перад Нараччу, напоўненай сьляпушчым сьвятлом, насустрач зары па-над цэлай краінай. "Вось яна, дзеткі, вашая Радзіма. Вось за гэта вы церпіце, жылы рвеце. За гэта будзьце гатовыя й жыцьцё аддаць." Нарач – любы пацалунак любому
НЁМАН
О Нёман, “і песьня, і слава!..”
Нёман – немы раман нацыянальнае ідэі. Выцякаючы з самых глыбіняў беларускае душы, Нёман зьбірае ўвадно ўсю празрыстасьць, усю чысьціню Заходняй Беларусі, скрозь прасякнутай тонкімі капілярамі рэчак і ручаёў.
Натхнёнае Панямоньне, цудоўны й таямнічы край, падсьвядома знаёмае любому беларусу: калыска Вялікае Літвы люляе генэтычную памяць кожнага тутэйшага. На мапе дастаткова ўватнуць іголку цыркуля ў Вільню, і радыюсам прыкладна да Менску адкроіць усю Паўночна-Заходнюю Беларусь: захад Віцебшчыны па самае Глыбокае, нарачана-вілейскія ваколіцы Меншчыны ўлучна з Налібоцкай пушчай, паўночную грыву Берасьцейшчыны – так, каб уся Гарадзеншчына апынулася ў зачараваным паўколе. Вось яна, перад вамі, небясьпечная зона, якую баяцца крануць нават маштабна-штабныя расейскія геапалітыкі. Фундамэнтальная Беларусь, у якой так і скразіць мэнтальнасьць. Капітальнейшая анамалія, страшна магнітная, прыцягальная, як прадоньне, з полюсам у мястэчку Суботнікі, Івейскі раён, дзе нарадзіўся геній чыстага беларускага нацыяналізму Зянон Пазьняк. Менавіта Нёман – улюбёны напой невычэрпнае беларускае рамантычнасьці. Творцы ў захапленьні ад Нёмана. Нёман – плынь сьвядомасьці лепшае беларускае паэзіі: Міцкевіч, Колас, Купала, Геніюш чарнільнымі струменьчыкамі працягвалі нёманскія прытокі ў вечнасьць. Ня трэба мець абсалютнага слыху, каб пазнаць мэлёдыку Нёмана і ў гімнах Агінскага, і ў опэрах Манюшкі, і ў фальклёрных зборніках Чачота. Затуманены Нёман ператварае беларушчыну са сну ў рэальнасьць, з рэальнасьці ў казку, а зь зямнога ў нешта паветранае й нябёснае. Напэўна, таму гарадзенская тытунёвая фабрыка, шклозавод і саўгас у Шчучынскім раёне – далёка ня самае лепшае ў Беларусі, што можа іменавацца “Нёманам”. Нёман бруіць вадзіцай з усіх крыніцаў усіх сталіцаў ВКЛ і задзіночвае Наваградак зь Вільняй, Крэва з Трокамі, Горадню зь Нясьвіжам. Нёман – ярдан беларускага габрэйства. Валожын, Мір, Івянец, Слонім – асабліва важныя месцы для юдэяў усяго сьвету: тут працавалі найзнакамітшыя іешывы й нараджаліся бацькі дзяржавы Ізраіль. Басэйн Нёмана – агромністы амфітэатар, што ўздымаецца да галоўных водападзелаў Міжмор’я – Менскага, Лагойскага, Вілейскага ўзвышшаў, Копыльскае ды Сьвяньцянскае градаў. Авансцэна Залатога веку беларускай гісторыі, што адкрывае Беларусь Захаду. Эталён беларускага нацыянальнага краявіду: узьнёслага, узгорыстага, вытанчанага да найвышэйшае ноткі, напоенага чыстым паветрам, празрыстай вадою й болем любові. Хвалюючага, быццам плынь самога Нёмана. “Плыве з-пад Сьвятое гары Нёман” – назваў свой захапляючы нарыс пра Беларусь Юрка Віцьбіч. Невыпадкова так. Бо Нёман – галоўная пульсуючая жыла беларускага хрысьціянства. На мапе канфэсіяў басэйн Нёмана ўтварае навукова зарэгістраваны німб: менавіта тут канцэнтруецца большасьць каталіцкіх парафіяў ды праваслаўных прыходаў Беларусі й амаль палова пратэстанцкіх грамадаў. Панямоньне, дзе цэрквы, касьцёлы й малітоўныя дамы па-сямейнаму глядзяць у вокны адно аднаму на цэнтральных плошчах, і ёсьць тым самым месцам сустрэчы, якое нельга зьмяніць. Панямоньне напоўненае жывой вераю. Тут сапраўды штодня моляцца Богу. Тут людзі не саромеюцца стаць на калені ў храме ды славіць Ісуса Хрыста на ўвесь голас. Тут нават мары дыхаюць Духам Сьвятым. Плыве з-пад Сьвятое гары Нёман…
ПАДЗЕМНЫЯ ВОДЫ
Сярод беларускіх азёраў, рэкаў і крыніцаў ніяк ня можаш пазбавіцца адчуваньня, што ты ўжо чытаў пра гэта ў самай важнай кнізе. Ну, вядома ж! "І ты будзеш як напоены вадою сад, і як крыніца, воды якой ніколі не перасыхаюць." (Ісайя 58:11) Беларусь перапоўненая вадою з самых нетраў. 43,5 трыльёнаў кубамэтраў, зь якіх 50 мільёнаў зямля гатовая даваць у суткі – вось адзін з галоўных нацыянальных рэсурсаў, наш стратэгічны запас і наша невычэрпнае багацьце. У нас пад нагамі азёры, рэкі й балоты куды большыя, чым на паверхні. Беларусь належыць да самых багатых на чыстыя падземныя воды краінаў Эўропы – праблемы недахопу вады, у адрозьненьні ад многіх рэгіёнаў і буйных гарадоў сьвету, для нас папросту не існуе. Геалягічна Беларусь уяўляе зь сябе гіганцкі купал фундамэнту, што ўзвышаецца над ускраіннымі западзінамі – купал Беларускай антэклізы, зь якога крынічыць намножаная й адфільтраваная падземная вада. Беларусь поіць нас сваім празрыстым сокам праз студні, калёнкі й артэзіянскія сьвідравіны. Глыбей падземныя воды мінэралізуюцца, набываюць у тоўшчах смак солі, ледзяную сьвежасьць і гаючыя ўласьцівасьці. Беларусь мае дзесяткі мінэральных крыніцаў – пад Менскам, у Берасьці, Рагачове, Барысаве – і раскручаныя маркі беларускага нарзану: "Дарыда", "Менская – 4", "Бярэзіна". Між іншым, мы прадаем мінэралку суседзям і экспартуем яе за нафтадаляры ў краіны Пэрсідзкае затокі! Калі пагружацца яшчэ глыбей, у разагрэтых нетрах на глыбіні больш 1,5 км воды ператвараюцца ў тэрмальныя расолы – унікальную гарачую вадкасьць, насычаную хімічнымі элемэнтамі паловы табліцы Мендзялеева. Ужо ў бліжэйшы час Беларусь зможа здабываць бром, ёд, бор і рэдкія мэталы з такіх канцэнтраваных расолаў: іх запасы велізарныя, мінэралізацыя дасягае 500 грамаў рэчыва на 1 літр вады, а дэбіт сьвідравінаў – да 70 мэтраў кубічных штогадзіны. Цэлае салёнае мора пад беларускай зямлёй – быццам Мёртвае ў глыбі Ізраілю. Падземныя воды – поўня цуду Божага для Беларусі. Вось
яно, сэрца Эўропы, напятае мільярдамі тонаў сьвежай салёнай крыві!ПРЫПЯЦЬ
"Спакойна і павольна, як у зачараваным сьне, утуліўшыся ў балоты, нясе Прыпяць сухадоламу Дняпру сваю багатую даніну" – у беларускіх школах гэтыя радкі з “Дрыгвы” Якуба Коласа, быццам закляцьце, вучаць на памяць.
З касьмічных вышыняў Палесьсе нагадвае велізарны ліст папараці, жылы якога сьцякаюцца ў Прыпяць. Агульная даўжыня прыпяцкіх прытокаў перавышае працягласьць зямнога экватару: 50 тысячаў кілямэтраў! Палескія балоты, гушчары й тысячы зарослых старыцаў – жывая казка для паляўнічага й рыбалова.
Прыпяць пранікае каранямі ў тайны старажытнае беларускае гісторыі – Тураў, Пінск, Слуцк, Давыд-гарадок. Калі папрасіць, Прыпяць прыпомніць і хрышчэньне Тураўскага княства, і пераправы татарскіх загонаў, і казацкія ўварваньні, і кроў ды трупы ворагаў, што сплывалі па рацэ пасьля літоўскіх пагоняў. Прыпяць – люстра нацыянальнага характару, партызанскай псыхалёгіі й стоенай сілы беларусаў. Сьціплая й глыбокая, яна ўвесь час выгінаецца, зьвіваецца, але пры гэтым няўхільна трымае адзін кірунак. Спакваля, ды ўладна яна прыцягвае да сябе воды ўсяго аграмаднага, набрынялага рэкамі, крынічкамі й балотамі Палесься ад заходніх да ўсходніх межаў Беларусі – і вы толькі паглядзіце, як выбухае ўвесну ды ўвосені!
Паводка на Прыпяці – найвялікшае відовішча ў Беларусі. З таяньнем сьнегу або дажджамі вада пачынае прыбываць штогадзіны. Берагі ўмомант захлынаюцца, дрэвы тонуць да верхавінаў, палі, лясы й дарогі залівае дакуль хапае вачэй – да 30 кілямэтраў! – і ўвесь гіганцкі патоп, віруючы ў ямах, нясе на ўсход паў-Беларусі. І жудасна, і велічна сярод гэтае неагляднае плыні горбам ўздымаецца вадзяны хрыбет – там, дзе зь імклівым напорам бурліць і струменіць рэчышча.
Прыпяцкія разьлівы й балоты Палесься былі смутна знаёмыя нават бацьку антычнае геаграфіі Герадоту як мора. Насамрэч, Палескае мора – гэта ня міт. Сотні мільёнаў гадоў тут панавала сапраўднае салёнае мора, якое намнажала кілямэтры асадкаў. Пад іх цяжарам зямная кара апускалася на глыбіню, утвараючы галоўную скарбніцу беларускай зямлі – Прыпяцкі прагін. Сучасны басэйн Прыпяці зьмяшчае ў сваіх нетрах найбуйнейшыя ў Эўропе радовішчы калійных і каменных соляў, тоўшчы бурага вугалю й сланцаў, нафты і алюміневых рудаў, пяскоў і торфу, запасы падземных водаў і рэдкамэталёвых расолаў.
Прыпяцкая вада цёмная ад тарфянікаў, паводак і глыбіні. Калі ўглядаесься ў гэтую цемру, не забывайся – на цябе глядзіць бездань Чарнобылю. "Прыпяць" – так называўся горад у сутоцы зь Дняпром, дзе жылі рабочыя ЧАЭС. У Прыпяцкім радыяцыйным запаведніку зямля дагэтуль родзіць пачварныя дрэвы й грыбы, жывёлаў-мутантаў й страшныя жоўта-чорныя знакі паабапал закінутых дарогаў.
Прыпяць – ва ўздутых жылах натруджаных рук кожнага палешука, пінскага шляхціча ці столінскага баптыста. Вы можаце прасачыць, як яна прабіраецца ад пальцаў да перадплечча – і, будзьце пэўныя, упадае ў самае сэрца.
ПРЫРОДА
Беларусь – цуд некранутай прыроды. Так кажа застаўка на Першым нацыянальным канале, і гэтым разам ня хлусіць.
Беларуская прырода – значыць, Белавеская пушча, Бярэзінскі запаведнік, Блакітныя азёры й Нарач, журавінавыя заказьнікі й масівы ўнікальнага лесу, 1650 відаў расьлінаў, больш 1000 – грыбоў, 284 – птушак, 37 – зьвярэй і аж 30 тысячаў відаў насякомых. Беларуская прырода – гэта сотні рэдкіх цудаў тварэньня Божага, адныя назвы якіх гучаць як музыка: астранцыя вялікая, тафіэльдыя чашачкавая, кадзіла сармацкае, кохія шарсьцістакветная. Гэта дзівосы кшталту лімнакалянуса, кугакаўкі барадатай, або шчырыцы жміндападобнай. Беларуская прырода – гэта 12% тэрыторыі Беларусі, занятыя балотамі, 16% пад лугавой расьліннасьцю й 7 мільёнаў гектараў, укрытыя лесам. Сёньня для эўрапейскага кантынэнту Беларусь – проста прастора зь невысокай шчыльнасьцю насельніцтва, поўная сьвежай зеляніны, жывой вады й чыстага паветра.
Дыхайце глыбей! Беларусь, што знаходзіцца ў зоне папераменнага ўплыву марскіх ветраў з Балтыкі й Чарнамор'я, на стыку глябальных ляндшафтаў, на ўзгорыстых вадападзелах Міжмор'я зь ледавіковым рэльефам і багацьцем водаў, выгодна адрозьніваецца разнаякасьцю ад аднастайных суседзкіх земляў – украінскага стэпу, прыбалтыйскіх нізінаў, расейскага поля ды тайгі: Госпад Бог даў нам усю поўню адметнасьці й харашыні.
Ва ўсіх асаблівасьцях прыроды Беларусі – яе простасьці й сьціпласьці, прыхаванай сіле й мілай прыгажосьці, натхнёнасьці, мяккасьці, ласкавай пяшчотнасьці – мы лёгка пазнаем беларускі нацыянальны характар. Варта толькі зьміргнуць вейкамі іскры інею, што пабліскваюць на лапінках зімовага лесу, або акунуцца ў калыханьне сьвятла пад аграмадамі летняга лісьця, або прыслухацца да ўрачыстага сьцішанага канцэрту восеньскага дажджу, каб пачуць усе шэпты, рухі й гукі беларускае душы. Сярод нашае прыроды хутка змаўкаеш і заміраеш. Уся істота пачынае дыхаць невымоўным захапленьнем перад Божай веліччу і любоўю, спалучанымі ўвадно з найвышэйшай гармоніяй – у краіне такой сьветлай і такой ціхай!..
Дотык лісьця. Цяпло ад зямлі, як ад цела. Вада чыстае сьлязы. Вочы сінія-сінія. І дыханьне каханьня. Беларусь. Ужо сёньня палову Беларусі можна аб'яўляць нацыянальным паркам сусьветнага значэньня. Разнастайныя краявіды, санаторныя зоны, заказьнікі й пушчы па меры ўкладаньня інвэстыцыяў і арганізацыі дагляду здольныя зрабіцца ўлюбёным месцам паломніцтва эўрапейскіх турыстаў. Чарнобыль?
Чарнобыль зробіць частку Беларусі толькі яшчэ больш запаветнай. Так, і ў экалёгіі Беларусь нясе свой крыж: беларуская зямля паражаная радыяцыяй, беларуская вада паглынае ўсе сьцёкі Міжмор’я, беларускае паветра – кантынэнтальная атмасфэрная ростань. 80-85% забруджваньня тэрыторыі Беларусі злучэньнямі серы і азоту даюць замежныя краіны. Зноў белая, чыстая Беларусь прымае на сябе бруд паловы Эўропы!