Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Нарач

Танк Максим

Шрифт:

4

Віднеюцца гарбатыя Узгоркі, берагі; Кладуцца цені захаду На шэрыя снягі. Смяецца вечар спознены Званочкам паддугой, I зоры асыпаюцца, Як залацісты рой. Далёка сіратлівыя Мігаюць аганькі, — Не спяць, хоць працай Змораныя, Ноччу рыбакі. Кранула верхаводка іх, Шум веснавой вады; Ім сняцца хвалі сінія, Ім сняцца невады, Трысцё, яклес, зялёнае, Чаўны ля берагоў I першы серабраны іх На возеры палоў… Спакойна засынаючы, Сінеюць берагі, Кладуцца цені захаду На шэрыя снягі. Спіць вёска нарачанская Пад месяца дугой, I зоры асыпаюцца, Як залацісты рой.

5

Грышка

Зноў неспадзявана наведаў я вас, Знаёмыя сэрцу прасторы. Відаць, не апошні і гэты папас Ля вашых сяліб
і азёраў.
Калі раніцою асенняй пайшоў Ад вас я, зазнаў шмат трывогаў, Але, чую сэрцам, і шчасце знайшоў Ля гэтых рыбацкіх парогаў. Знайшоў, калі ў поўнач цвілі верасы, I неспадзявана, бы ў казках, Знайшоў сваё шчасце са звонам расы, Апаўшай ў барах нарачанскіх. Было яно, помню, як сон залаты, Як ззянне зары напрадвесні, Было яно, помню, Тацяна, як ты Ці Нарачы дзіўная песня.

Тацяна

Цямнее. На гутарку час не такі. А не, — раскажы што з былога. Збіраюцца заўтра на сход рыбакі. Ты лепш адпачыў бы з дарогі!.. А вецер калыша над возерам ноч. У хаце пахіленай, цеснай Гучыць аднастайна, як восенню дождж, Сымонава ціхая песня.

6

«Былі ў нас азёры, — быў хлеб і соль. Паны ў нас азёры ўзялі, Толькі нам кінулі чорствы падзол, Голад, бяду, мазалі. Калышуцца і гнуцца трыснікі, Як бура наляцеўшая ударыць. Ніколі цябе, Нарач, Не кінуць рыбакі. Нарач нам змывала з твару слёзы, пот I ад вясны да вясны Нас гадавала, карміла сірот, Латала нам рызманы. Калышуцца і гнуцца трыснікі, Плывуць чаўны на сонечным загары. Яшчэ ты ўбачыш, Нарач, Устануць рыбакі! Шумяць на узбярэжжы, шумяць лясы. Будзем мы вольнымі зноў! Крылле уздымуць чаўноў парусы, Ўдаль паплывём на палоў. Калышуцца і гнуцца трыснікі, Збіраюцца навеяныя хмары. З табою буру, Нарач, Мы любім, рыбакі».

7

Што не спіцца, Тацяна? Можа, ноч без зарніц, Ноч вясенняя Моцна крыллем шуміць За парканам? Вецер, можа, за ўзгоркам, У гушчарах між дрэў Заблудзіўшыся, Зашумець зашумеў Галасамі? Можа, сны, сны паўночы Неспакойна снуюць Ці прысніліся Ў гэту сінюю муць Чые вочы? Эх, дарэмна пытаеш, Аб чым ціха звіняць Зоры зорныя I сасонкі шумяць, — Не згадаеш. Такдзявочыя мары, Думы дзіўныя, сны Небывалыя, Расцвітаюць яны На загары, Раніцой напрадвесні, Ці паўночнай парой, Нібы папараць, Ці світальнай зарой, Ці песняй.

Частка чацвёртая

І

Кашуля шырокая з порту, Лапці з пяньковых абор, Ў шапцы салдацкай падзёртай Ходзіць па вёсцы Прахор. Ходзіць ад хаты да хаты: — Гэй, нарачанскі народ, Госці прыехалі ў сваты, Клічуць збірацца на сход! А вецер з-за возера сіні З пахам смалістай сасны Зблытаў Прахора чупрьшу, Рве на грудзях рызманы, Гне вербалозінаў веткі, Шэпчучы казкі свае, I на развешаных сетках Песню пра Нарач пяе. — Эх, рыбныя дні наступаюць, Панства накорміць сірот! — Ходзіць Прахор і склікае Ўвесь нарачанскі народ. Хаты прачнуліся, гумны, I затрашчалі калкі, — Вулкай вясковаю шумна Гуртам пайшлі рыбакі.

2

У хаце Архіпа Рана збіраўся натоўп. Тужліва глядзелі ўдаль Слепаватыя шыбы. Горкі і ўедлівы Дым ад махоркі ішоў. Пахла балотам, Вясной, Невадамі і рыбай. Каля стала — улада. Загад: маўчаць! Ды толькі шуміць Да адказу набітая хата. Плача ў калысцы З соскай пустой дзіця, I плачуць ў кутку Сіратліва Пад ложкам ягняты. А за акном далёка Відаць рабы З-пад снегу гасцінец, Старыя бярозы і гоні, Скібы разораў I межаў бясконцых гарбы, Як мазалі На працоўных сялянскіх далонях. З лавы падняўся Солтыс грамадскі, Угору задзёр бараду — Вехаць іржавай саломы. Камнем лягла цішыня На спінах рыбацкіх. Кашаль сухі надрываў Грудзі Сымону старому. Солтыс пачаў гаварыць, Што Рэч Паспалітая хоча Ўсім рыбакам памагчы Рыбу лавіць невадамі… Плёў небыліцы, як п'яны, Заплюшчыўшы вочы, — Нат і старыя ў кутку Ўсе замахалі рукамі. Пасля з-за стала падняўся Войт у акулярах: — Трэба урад шанаваць!.. — Карамі страшыў законам.

З натоўпу

Але як жыць нам, скажы, Калі вы адбіраеце Нарач? І палыном з лебядой Нас не пракормяць загоны. Тут секвестратар пачаў: — Усе мы павінны Подаці спраўна плаціць, Ціха жыць, не бунтавацца I працаваць на карысць Нашай айчыны. З гора каб выйсці, з бяды, Трэба не шкадаваць сваёй працы… Сёння будуем для вас Дарогі-гасцінцы; Польшча культуру нясе У беларускія сёлы. Можаце самі, Ідзеці вашы вучыцца Могуць дарма у святліцах I
ўшколах…
Словамі сыпаў, Як рыбай з падзёртага саку. Нават успомніў I пра рыбацкае гора, I над рыбацкаю доляй Ён ледзь не заплакаў. I мімаходам пачаў Гаварыць пра азёры.
А цішыня, Як хмара, апала на плечы. Толькі часамі Шэпат хусткі і шапкі ўскалыша, Змые натоўп, Згасне ў кутку Каля печы. Чутнатады: Шэры дождж Шыбы аконныя ліжа.

Сымон

Я, паны, ўжо не рыбак, I сілы не маю, Сілы сваёй маладой. Дні ўжо мае мінавалі. Рукі не так ужо моцна Вёслы трымаюць, I на руках мазалёў Больш, як у пана медаляў. Шмат каштавала ўсім нам Міколы айчына. I панская, ваша, відаць, Яшчэ з горшага лыка саткана. Сёння на брацкіх магілах Вербы, хваіны Павырасталі, — Толькі ў грудзях не загаіліся раны. А паглядзіш на зямлю, Як вокам ахопіш, — Ямы, канавы — Рубцы не зажылі і чарнеюць, Плугам не раз Выараш дрот, косці з акопаў, Пліты разбітых магіл — Рэшткі даўнейшых траншэяў… I успаміны прыйшлі З асенніх дарог і вясновых, Дзе непагодай ліхой Вербы сумуюць маркотна. Усталі мінулыя дні З-пад магіл-валатовак, Дзе паласкаў дождж Зрэбныя ніваўпалотны… — Кажаш, пан, нам пра гасцінцы… Чорнага поту Шмат пралілося і там З рук нашых, З нашага карку. I там, пан, пабачыш нашу работу. Вёска пацвердзіць, Як нас катавалі шарваркі. Так і асвета, паны… Не павіднела У нашых саломенных хатах. Дзень непагодны, ветраны, шэры, Невадам з стрэхаў рыбацкіх Спусціўшыся, мокне, I шалясцяць на стале Загады-паперы; Мутна глядзяць Запацелыя вокны. Вось тут умова ляжыць, — Зноў пачаў войт ў акулярах. Быццам ударыў віхор У алавяную цішу: — Не! — Пастаім да канца за Нарач! — За Нарач! — Не, з рыбакоў ні адзін Гэтых умоў не падпіша!.. Солтыс яшчэ гаварыў — Крычаў неяк хрыпла. Хата шумела, як бор, Грозна, магутна і гулка. Натоўп, як рака напрадвесні, Нястрыманы выплыў, Хваляй расплыўся, пайшоў Бурна вясковаю вулкай.

З

Над шляхамі, пераваламі, Над разорамі і хатамі, Над глухімі пералескамі, Над лясамі над кудлатымі Гаслі зоры, загараліся, Майскім цветам асыпаліся… Толькі маладосць адзіная Расцвіла ў садах рабінаю. Расцвіла, а можа, восенню Яе скосяць ветры чорныя, Што гуляюць над азёрамі, Над старонкай непакорнаю. Ці мо скутая і босая Пройдзе сцежкамі, палосамі, Незнаёмымі разлогамі, Невядомымі дарогамі I пачне блудзіць зноў песнямі Па-над нівамі прасторнымі, На ўсхвалёваных гармоніках Тэнарамі непакорнымі… Быў пагодны, быў сонечны час. На шырокім на Мядзельскім рынку Надрывалася хрыпла катрынка — Пачынаўся вясенні кірмаш. Быццам войска, пасталі вазы, Бы на нейкім парадзе, на вечы. I з натоўпу, як з цёмнай лазы, Лес аглобляў узняўшы на плечы. Сотняй звітых вясёлак паркаль Усміхаўся з палатак на сонцы, I каралі цвілі на руках Прадаўцоў, у прыборах бясконцых, Вецер пальцамі перабіраў З гарманістам вясёлым частушкі, Шматкаляровыя яркія стужкі У дзявочыя косы ўплятаў. На шнурах — чаравікі, кнаты; А вышэй, на падмостках і ганках, — Скуры жоўтыя і хамуты I, яксонца, вянкі абаранкаў, Плешча мора людскіх галасоў. — Гэй, тавар загранічны, парыжскі! — I кудакчуць між крам і вазоў Маладзіцы, купляючы міскі. Ззяюць хусткі вясёлкай, зарой. Шоўк дзяўчына ускіне на грудзі. — Гэй, купі чарнабровай сваёй, Пакахае і век не забудзе!

4

Грышка доўга па рынку хадзіў Прыглядаўся да розных убораў; Хустку, не таргаваўся, купіў — Сіні шоўк з пералівам азёраў. Добра — блізка дзяўчат не было, Бо, пакуль бы з мястэчка прыехаў, Раззваніла б у лапці сяло, Было б гутаркі лішняй і смеху.

Iван

Што прыехаў: наведаць кірмаш Ці мо стужкамі палюбавацца?

Прахор

Кінь, Іван, чалавек гэта наш, I не варта табе з ім спрачацца. А табе, Грышка, гэтак хадзіць Па мястэчку ніколі не раю… Тут пранюхае, можа сачыць Дэфензіўская лютая зграя. Ды нам час. Каля крайніх вазоў Нас чакаюць, сабраўшыся, людзі. Шмат баторынскіх ёсць рыбакоў, Нехта з Гатавіч, з Пасынак будзе.

Грышка

Крыху сілы збіраць пачалі. Справу з месца крануць было горай. Калі б ўсіх рыбакоў паднялі — Ўскалыхнуліся б нашы азёры. Рынак, як навальніца, шуміць, То ён шматкаляровы, то зрэбны. Сонца горача паліць, гарыць На люстэрках, на хустках, на грэбнях, Маладзіцы свой лён прадаюць: Дываны, ручнікі, палатніны. I калі яны зноў напрадуць Ўсё, што вынесла гора на рынак? Як сцяжынкі, цвітуць паяскі, I расшытыя яркія стужкі Ў каляровыя зоры і птушкі, Ў каласы, верасы, васількі. Ззяюць крамаў багатых рады. Гоман-шум гандляроў, ржанне коней. Вецер з возера, з Мястры, густы Ў залатыя шарахаўкі звоніць. — Гэй, купіце прыборы хутчэй!.. — Не, купец не маніў, не марудзіў. Ведаў — хлопца любіць весялей Чарнабровая з хустачкай будзе.
Поделиться с друзьями: