Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Порт у тумане (на белорусском языке)
Шрифт:

– У мяне яе ўжо няма!

Мэгрэ паглядзеў на халодны камiн, на зачыненае акно.

– Дайце мне яе!

Жулi ўся сцiснулася i была цяпер падобная не на дарослую дзяўчыну, а на раззлаванае дзiця. Злавiўшы яе позiрк, Мэгрэ зычлiва сказаў:

– Дурнiца!

Цыдулка была пад падушкаю, на якой Жулi толькi што ляжала. Але замест таго, каб прыцiхнуць, упартая дзяўчына зноў пачала наступаць на Мэгрэ, спрабуючы вырваць цыдулку. Яго ж такiя паводзiны проста пацяшалi.

– Ну, годзе!
– нарэшце пагрозлiва вымавiў ён, перахапiўшы руку дзяўчыны.

Цыдулка была кароткая.

Адразу ж кiнулiся ў вочы нязграбныя лiтары i мноства памылак: "Калi вернешся з гаспадаром, глядзi за iм, бо ёсць чалавек, якi мае на яго зуб. Я вярнуся з суднам праз два-тры днi. Катлет не шукай, я iх з'еў. Твой брат навек".

Мэгрэ апусцiў галаву, настолькi збiты з панталыку, што забыўся ўжо зусiм на дзяўчыну.

Праз чвэрць гадзiны начальнiк порта сказаў яму, што "Сэн-Мiшэль" цяпер, мабыць, у Фекане i прыйдзе сюды, калi не пераменiцца вецер, ноччу.

– Вы ведаеце, дзе якое судна ў якi час?

Мэгрэ занепакоена паглядзеў на зiхоткае мора - недзе ўдалечынi вiднеўся адзiнокi дымок.

– Памiж портамi iснуе сувязь. Паглядзiце, вось спiс суднаў, якiя мы чакаем сёння, - паказаў капiтан Дэлькур на чорную дошку, што вiсела на сцяне партовай канторы: там былi напiсаны крэйдаю назвы суднаў.

– Знайшлi што-небудзь?.. Не верце надта таму, што расказваюць... Нават калi гэта людзi сур'ёзныя!.. Ведалi б вы толькi, колькi тут можа быць розных дробных разлiкаў!.. Зайздрасць, якая-небудзь крыўда, - сказаў Дэлькур, памахаўшы рукой капiтану судна, што выходзiла ў мора. Потым, зiрнуўшы ў бок шынка, уздыхнуў.
– Убачыце самi!

Гадзiны ў тры дня прадстаўнiкi пракуратуры закончылi агляд дома нябожчыка, выйшлi на двор, адчынiлi садовую брамку i накiравалiся да сваiх машын, каля якiх сабралася нямала вiстрэамцаў.

– Мабыць, тут багата качак!
– сказаў пракурораў намеснiк мэру, акiнуўшы позiркам наваколле.

– Сёлета не вельмi... А вось летась...

Мэр кiнуўся да першае машыны, якая кранулася з месца.

– Спынiмся на хвiлiнку ў мяне, добра? Жонка чакае нас...

Мэгрэ застаўся на вулiцы адзiн, i мэр, хочучы здавацца ветлiвым, сказаў яму:

– Едземце з намi. Вам трэба пабыць трохi з гэтымi людзьмi.

У капiтанавым доме засталiся толькi Жулi i дзве жанчыны, а каля дзвярэй палявы вартаўнiк чакаў фургон, якi павiнен быў забраць нябожчыка ў Кан.

У машынах размовы ўжо дужа выдавалi на тыя, што нярэдка здараюцца пасля пахавання i заканчваюцца ў люднай кампанii вельмi i вельмi весела. Мэгрэ ўладкаваўся не лепшым чынам: сядзеў на адкiдным крэсле. Мэр гаварыў з пракуроравым намеснiкам:

– Калi б гэта залежала ад мяне аднаго, я жыў бы тут увесь год. Але жонцы вёска не вельмi даспадобы, таму i жывём больш у нашым доме ў Кане... Цяпер яна вярнулася з Жуан-ле-Пэн, дзе адпачывала месяц з дзецьмi...

– Колькi гадоў старэйшаму?

– Пятнаццаць.

Партовыя служачыя глядзелi на машыны, што праехалi акурат мiма iх, з вiдавочнай цiкаўнасцю.

Неўзабаве пад'ехалi да мэравай вiлы. Стаяла яна каля дарогi на Лiён-сюр-Мэр. Гэта быў вялiкi дом, пабудаваны ў нармандскiм стылi. Вакол яго былi газоны з белымi агароджамi i фаянсавымi фiгуркамi звяркоў.

У вялiкай

прыхожай гасцей сустрэла панi Гранмэзон, у сукенцы з цёмнага шоўку. Яна стрымана ўсмiхалася, як i належыць даме з вышэйшага свету. Дзверы ў гасцёўню былi адчыненыя. На стале было поўна лiкёраў i скрыначак з цыгарамi.

Усе добра ведалi адно аднаго: тут сабралася цяпер цi не ўся канская элiта. Служанка ў белым фартуху прымала палiто i капелюшы.

– Пан суддзя, вы напраўду не былi нi разу ў Вiстрэаме, хоць i жывяце ў Кане столькi гадоў?..

– Дванаццаць гадоў, панi... Бог ты мой, а вось i мадэмуазель Жызэль...

Да гасцей выйшла пакланiцца дзяўчынка гадоў чатырнаццацi, якая здавалася ўжо дзяўчынаю, асаблiва манераю трымацца, вельмi свецкай, як i ў яе мацi. Мiж тым пазнаёмiць Мэгрэ з гаспадыняю дома забылiся.

– Мяркую, пасля таго што вы ўбачылi, вы ахвотней вып'еце чарачку лiкёру, а не гарбаты... Трошкi каньяку, пан намеснiк пракурора? Ваша жонка ўсё яшчэ ў Фантэнбло?..

Гаварылi з усiх бакоў разам. Мэгрэ лавiў абрыўкi фраз.

– Не!.. Дзесятак качак за ноч - сама болей... Клянуся, зусiм не холадна... Будан уцеплены...

З iншага боку:

– ...вялiкiя маюць страты ад крызiсу ў фрахтаваннi?..

– Усё залежыць ад кампанii. Тут гэта не адчуваецца. Нiводнага судна не паставiлi на прыкол. Але дробныя суднаўладальнiкi, асаблiва тыя, у каго толькi маленькiя кабатажныя шхуны, ужо ў накладзе... Можна сказаць, у прынцыпе ўсе шхуны мэтазгодна прадаць: яны сябе не акупляюць...

– Не, мадам, - шэптам тлумачыў непадалёк пракурораў намеснiк.
– Не трэба нiчога баяцца. Тайна гэтага забойства, калi яна iснуе, хутка будзе разгадана. Цi ж не так, пан камiсар?.. Але... Дарэчы, вас пазнаёмiлi?.. Камiсар Мэгрэ, адзiн з выдатных кiраўнiкоў нашай крымiнальнай палiцыi...

Мэгрэ ўсё роўна як застыў на месцы, твар у яго быў абсалютна абыякавы. Ён неяк дзiўна зiрнуў на Жызэль, якая падавала яму талерку з пiрожнымi.

– Дзякую, не трэба.

– Вы не любiце пiрожных?

– Ваша здароўе!

За здароўе нашай мiлай гаспадынi!

Судовы следчы, высокi хударлявы чалавек гадоў пяцiдзесяцi, якi вельмi дрэнна бачыў, хоць i насiў акуляры з тоўстымi лiнзамi, адвёў Мэгрэ ўбок.

– Вядома, я даю вам поўную свабоду дзеяння. Але тэлефануйце мне кожны вечар i трымайце ў курсе. Што вы пра ўсё гэта думаеце? Забойства з мэтаю рабунку, праўда?..

I паколькi да iх падыходзiў Гранмэзон, ён загаварыў гучней:

– Вам пашанцавала з мэрам: ён аблегчыць вашу задачу... Цi ж не, мой мiлы сябар?.. Я казаў камiсару, што...

– Калi ён таго пажадае, мой дом будзе i яго домам... Мне здаецца, вы спынiлiся ў гатэлi?

– Але. Дзякую за запрашэнне, толькi там мне блiжэй да порта.

– I вы мяркуеце, што падступiцеся да разгадкi ў шынку?.. Асцярожней, камiсар!.. Вы не ведаеце Вiстрэама!.. Падумайце, чаго толькi не забяруць у галаву людзi, што днямi сядзяць у шынку!.. Ды яны на бацьку нагавораць, на мацi, абы языкамi пачасаць...

– Давайце не будзем болей пра гэта, - прапанавала панi Гранмэзон, лагодна ўсмiхаючыся.
– Пiрожнае, камiсар?.. Няўжо?.. Вы праўда не любiце салодкага?..

Поделиться с друзьями: