Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Порт у тумане (на белорусском языке)
Шрифт:

Вялiкi Луi сядзеў, ссутулiўшыся i паклаўшы рукi на стол. Налiваючы ў шклянкi, Ланэк адказаў:

– Але, былi.

– Вы рэдка начуеце ў порце? З-за прылiву тут вачэй нельга спускаць са швартовых...

– Бывае такое, - адказаў Ланэк i вокам не маргнуўшы.

– Гэта дае магчымасць выйграць некалькi гадзiн, - уступiў у гамонку Дэлькур, якi, здаецца, узяў на сябе ролю лагодна настроенага пасрэднiка.

– Капiтан Жарыс не падымаўся ў тую ноч да вас на борт?

– Калi шлюзавалiся... А больш не.

– I вы i не бачылi i не чулi нiчога дзiўнага?

Ваша здароўе!.. Не... нiчога.

– Вы, Луi, ужо спалi?..

– Здаецца, спаў...

– Што вы сказалi?

– Я сказаў, што, здаецца, спаў... I ўжо даўно.

– Вы не заходзiлi да сястры?

– Можа, i заходзiў... Ненадоўга.

– А хiба Жарыс не забаранiў вам прыходзiць у яго дом?

– Пустое!

– Што вы хочаце гэтым сказаць?

– Нiчога... Пустая балбатня - i ўсё... Я вам яшчэ патрэбен?

Нiякiх фактаў супраць яго не было.

– Сёння - не.

Луi сказаў нешта па-брэтонску гаспадару, узняўся, дапiў налiтае i дакрануўся рукою да брыля фуражкi.

– Што ён вам сказаў?
– спытаўся камiсар.

– Што я не маю ў iм патрэбы, каб схадзiць у Кан i назад. Я забяру яго па дарозе назад, разгрузiўшыся.

– Куды ён пайшоў?

– Гэтага ён не сказаў.

Дэлькур падышоў да люка, высунуў галаву i прыслухаўся.

– Ён на борце драгi, - сказаў начальнiк порта.

– На борце чаго?

– Вы бачылi дзве драгi, у канале? Яны стаяць на прыколе. Там можна заначаваць. Маракi ахвотней спыняюцца нанач на судне, чым у гатэлi.

– Яшчэ шкляначку?
– прапанаваў Ланэк.

Прыплюшчыўшы вочы, Мэгрэ агледзеўся па баках i ўладкаваўся ямчэй на крэсле.

– У якi порт зайшлi вы адразу пасля шаснаццатага верасня, як выйшлi з Вiстрэама?

– У Саўтхэмптан... Мне трэба было выгрузiць там будаўнiчы камень...

– А потым?

– У Булонь.

– А ў Нарвегiю вы не заходзiлi пасля гэтага?

– Я быў там толькi адзiн раз, шэсць гадоў таму...

– Вы добра ведалi Жарыса?..

– Мы тут, вы разумееце, усе няблага знаёмыя... Ад Ля Рашэлi да Ратэрдама... Ваша здароўе! Джын я прывёз якраз адтуль, з Галандыi. Вы цыгары палiце?

Ён дастаў з шуфляды скрыначку з цыгарамi.

– Яны каштуюць там дзесяць цэнтаў... цэлы франк штука!..

Цыгары былi тоўстыя, з залатымi абадкамi.

– Дзiўна!
– уздыхнуў Мэгрэ.
– Мне сказалi, што Жарыс падымаўся да вас на борт ужо ў порце, разам з нейкiм чалавекам...

Ланэк засяроджана абрэзаў кончык цыгары. Калi ён падняў галаву, твар у яго быў такi ж спакойны, як i да камiсаравай заўвагi.

– Мне не было б сэнсу ўтойваць гэта...

Пачуўся шум - наверсе нехта скочыў на палубу. Над лесвiцай паказалася галава.

– Параход з Гаўра!

Дэлькур ускочыў i ўжо на хаду кiнуў камiсару:

– Трэба падрыхтаваць для яго шлюз... "Сэн-Мiшэль" зараз адправiцца...

– Думаю, што мне можна iсцi далей, - сказаў Ланэк.

– У Кан?

– Ну. Заўтра вечарам закончым, пэўна, разгрузку...

Усе яны здавалiся прастадушнымi. Усе глядзелi адзiн аднаму ў вочы. I ўсё ж такi ва ўсiм адчувалася i нешта фальшывае! Але пачуццё

гэтае было настолькi няўлоўнае, што цяжка было сказаць, чаму яно ўзнiкала, ад чаго менавiта патыхала фальшам.

Мiлыя людзi! I Ланэк, i Дэлькур, i Жарыс, i ўсе наведнiкi "Марацкага прытулку" - пра каго з iх можна было сказаць што благое? А хiба Вялiкi Луi не здаваўся ладным марачком?

– Я сам аддам швартоў, Ланэк... Сядзi!

I начальнiк порта пайшоў здымаць трос з кнехта. Стары матрос, якi вылез з будкi, зусiм скалелы i незадаволены, вылаяўшыся, сказаў:

– Вялiкi Луi зноў змыўся!

Ён паставiў ветразi - фок i бом-клiвер, пасля бусаком адштурхнуў шхуну ад прычала. Мэгрэ саскочыў на зямлю ў сама апошнi момант. Цяпер ужо iшоў дождж, якi разагнаў туман. Можна было ўбачыць агнi ў порце, постацi людзей, параход з Гаўра, якi нецярплiва даваў гудкi.

Скрыпелi дзержакi. Вада выцякала са шлюза праз адчыненыя пад'ёмныя засаўкi. Ветразi шхуны перакрывалi перспектыву канала.

Стоячы на мосце, Мэгрэ разгледзеў дзве драгi - жудаснага выгляду збудаваннi з вельмi складанымi контурамi i змрочнымi заржавелымi надбудовамi.

Ён падышоў да iх асцярожна, бо наўкол валялася ўсялякае смецце, старыя канаты, якары, розныя жалязякi. Пасля прайшоў па дошцы, якая служыла сходкамi, i ўбачыў праз шчылiны слабае святло.

– Луi!
– паклiкаў ён.

Святло адразу ж пагасла. З люка, якi нiчым не быў прыкрыты, высунуўся Вялiкi Луi i буркнуў:

– Чаго вам?

У той самы час пад iм, у труме драгi, пачуўся шоргат. Потым асцярожна праслiзнуў нейкi цень. Чуваць было, як чалавек на нешта натыкаўся. Разы са тры празвiнела лiставое жалеза перакрыцця.

– Хто тут з табою?

– Са мною?..

Мэгрэ агледзеўся, зрабiў крок убок i ледзь не ўпаў у трум, на дне якога было цi не па каленi гразi.

Несумненна, тут нехта толькi што быў, але цяпер ужо ён далёка адсюль. Скрып даносiўся з другога боку драгi. Мэгрэ ступiў яшчэ крок i ўдарыўся галавою аб велiзарны коўш.

Не маючы нiякага ўяўлення пра тое, што i дзе тут месцiцца, камiсар адчуваў сябе на дразе бы сляпы.

– Маўчыш?

У адказ пачулася нейкае невыразнае мармытанне, якое, пэўна, азначала: "Не разумею, пра што вы будзеце казаць..."

Каб абшукаць у гэтакай цемрадзi абедзве дарогi, спатрэбiўся б добры дзесятак палiцэйскiх, якiя выдатна ведаюць порт. Мэгрэ адступiў. Праз дождж галасы было чуваць здалёк - проста надзiва. Камiсар пачуў, як нехта ў порце сказаў:

– ...якраз папярок фарватэра...

Мэгрэ падышоў да шлюза. Памочнiк капiтана з гаўрскага парахода паказваў нешта Дэлькуру, якi, убачыўшы камiсара, збянтэжыўся.

– Цяжка паверыць, што яны згубiлi яе i не прыкмецiлi гэтага, - сказаў чалавек з парахода.

– Што згубiлi?
– спытаўся Мэгрэ.

– Шлюпку.

– Якую шлюпку?

– Тую, на якую мы натыкнулiся ў порце, - адказаў чалавек з парахода.
– З паруснiка, што iшоў наперадзе нас. Назва напiсана на карме "Сэн-Мiшэль".

– Можа, яна сама адвязалася, - уставiў Дэлькур, пацiснуўшы плячыма. Бывае i такое.

Поделиться с друзьями: