Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Порт у тумане (на белорусском языке)
Шрифт:

Другiм разам! Гэта ўжо лiшне! Мэгрэ ледзь не выцягнуў з кiшэнi сваю велiзарную люльку.

– Дазвольце развiтацца... Мне трэба разабрацца ў некаторых дэталях справы...

Нiхто i не спрабаваў яго трымаць. Зрэшты, яго прысутнасцю тут не даражылi, як i сам ён не адчуваў асалоды ад кампанii гэтых людзей. На вулiцы ён набiў люльку i пайшоў паволi ў порт. Камiсара тут ужо ведалi. Знаючы, што ён прапусцiў з партавiкамi ў шынку, некаторыя здароўкалiся з iм, як з добрым знаёмым.

Калi ён падыходзiў да пiрса, машына, якая забрала цела капiтана Жарыса, кацiла ўжо ў бок Кана. За акном на першым паверсе дома нябожчыка можна было

разгледзець твар Жулi, якую жанчыны спрабавалi вывесцi на кухню.

Каля рыбацкага баркаса, якi вярнуўся толькi што з уловам, стаяла некалькi чалавек. Два матросы перабiралi рыбу. Таможнiкi, абапершыся на парапет моста, бавiлi доўгiя гадзiны дзяжурства.

– Мне толькi што пацвердзiлi, што "Сэн-Мiшэль" прыбывае заўтра, - сказаў капiтан, падыходзячы да Мэгрэ.
– Ён прастаяў тры днi ў Фекане на рамонце бушпрыта...

– Скажыце, ён перавозiць калi-небудзь сушоную трасковую iкру?

– Трасковую iкру? Не. Яе прывозяць з Нарвегii на скандынаўскiх шхунах цi параходзiках... Але яны не заходзяць у Кан, а iдуць адразу да портаў, у раёнах якiх ловяць сардзiны, - у Канкарно, Сабль-д'Алон, Сэн-Жандэ-Люз...

– А маржовы тлушч?

Капiтан аж вочы вылупiў.

– А гэта нашто?..

– Не ведаю...

– Не! Судны кабатажнага плавання перавозяць заўсёды амаль адно i тое ж: гароднiну, асаблiва цыбулю - у Ангельшчыну, вугаль - у брэтонскiя парты, камень, цэмент, шыфер... Я гаманiў са шлюзаўшчыкамi наконт апошняга заходу "Сэн-Мiшэля". Шаснаццатага верасня ён прыйшоў з Кана якраз у канцы прылiву. Партавiкi збiралiся закончыць работу. Жарыс сказаў, што ў фарватэры мала вады, каб выходзiць у мора, асаблiва ў тумане. А капiтан дамогся ўсё ж такi свайго, i iм дазволiлi прайсцi шлюз, каб яны маглi адплыць ужо на золку. Яны правялi ноч вось тут, у пярэдняй частцы порта, прышвартаваўшыся да паляў. У адлiў судна ледзь не села на водмель, i яны адплылi толькi а дзевятай гадзiне ранiцы...

– Брат Жулi быў на борце?

– Вядома! Iх усяго трое: капiтан, ён жа i гаспадар судна, i два матросы. Вялiкi Луi...

Гэта мянушка катаржнiка?

– Але. А iмя - Луi. Ён ростам вышэйшы за вас i прыдушыць любога адной рукою...

– Небяспечны тып?

– Калi вы спытаеце пра яго ў мэра або ў iншага тутэйшага буржуа, вам скажуць, што небяспечны. Ну, а я ведаў яго да таго, як ён трапiў на катаргу. Нячаста ён тут i бывае. Магу адно сказаць, што ў Вiстрэаме ён глупстваў нiколi не рабiў. П'е, вядома... Цi пэўна п'е... цяжка сказаць... Заўсёды нейкi спляжаны... То з'явiцца, то знiкне... Накульгвае на адну нагу, галава i плечы ўсё роўна як крыху перакошаныя - вось i выглядае падазрона... Толькi капiтан "Сэн-Мiшэля" iм задаволены...

– I ён быў учора, калi адсутнiчала сястра?

Дэлькур адвярнуўся, не рашыўшыся зманiць. I Мэгрэ зразумеў, што ўсяе праўды яму тут нiколi не скажуць: усе гэтыя людзi мора былi звязаны нейкiм моцным духам еднасцi.

– Не адзiн ён.

– Што вы хочаце сказаць?

– А нiчога. Кажуць, што бачылi нейкага незнаёмага... Зрэшты, хто яго ведае...

– Хто яго бачыў?

– Не ведаю... Кажуць так некаторыя... Можа, вып'ем?..

Гэтым разам Мэгрэ ўвайшоў у шынок, пацiскаючы працягнутыя рукi.

– Хуценька ж яны ўправiлiся, пракуратуршчыкi!..

– Што будзеце пiць?

– Пiва.

За ўвесь дзень сонца нi разу не схавалася. Але памiж дрэвамi працягнулiся

ўжо смугi туману, дый вада ў канале пачынала дымiцца.

– Зноў на ўсю ноч у гэтую вату!
– уздыхнуў капiтан.

I адразу ж завыла сiрэна.

– Гэта сiгнальны буй, там, пры ўваходзе ў фарватэр.

– Капiтан Жарыс часта хадзiў у Нарвегiю?
– спытаўся раптам Мэгрэ.

– Калi служыў у Ангельска-Нармандскай кампанii, дык нярэдка. Асаблiва адразу пасля вайны: не хапала дрэва. Паршывы груз, нiякай магчымасцi манеўраваць...

– Вы служылi ў адной кампанii?

– Нядоўга. Я больш служыў у бардоскай кампанii "Вормс". Хадзiў, як мы кажам, на "трамваi", гэта значыць па адным i тым самым маршруце: Бардо - Нант, Нант - Бардо... I так - васемнаццаць гадоў!

– Адкуль родам Жулi?

– Дачка рыбака з Порт-ан-Бэсэна... Зрэшты, якi там рыбак!.. Бацька нiколi сур'ёзнай справай не займаўся... Памёр у вайну... Мацi, напэўна, i сёння гандлюе на вулiцы рыбай, а больш п'е ў шынку.

I зноў, думаючы пра Жулi, Мэгрэ ледзь прыкметна ўсмiхнуўся. Ён згадаў, як яна рашуча ўвайшла ў яго кабiнет у Парыжы, а потым, як сёння ранiцай спрабавала вырваць у яго з рук братаву цыдулку.

Жарысаў дом ужо знiкаў у тумане. Святла не было нi на другiм паверсе, адкуль забралi нябожчыка, нi ў сталовай - яно гарэла толькi ў калiдоры i, мабыць, на кухнi, дзе суседкi сядзелi з Жулi.

У шынок увайшлi памочнiкi шлюзаўшчыкоў. Каб не замiнаць камiсару i капiтану, яны селi за столiк у глыбiнi шынка i пачалi партыю ў дамiно. У порце запалiлi маяк.

– Паўтарыце!
– сказаў капiтан афiцыянтцы, паказваючы на чаркi.
– Цяпер я частую, - зноў павярнуўся ён да Мэгрэ.

А той спытаў у яго нечакана мяккiм голасам:

– А дзе б ён цяпер быў, Жарыс, калi б быў жывы? Тут?..

– Не! Сядзеў бы ў сябе дома ў пантофлях!

– У сталовай? У спальнi?

– На кухнi... чытаў бы газету, потым садовую кнiгу... З нейкага часу ён захапiўся кветкамi... Паглядзiце! Позняя восень, а ў яго поўны сад кветак...

Астатнiя наведнiкi шынка засмяялiся. Але, вiдаць, iм было крыху нiякавата ад таго, што яны марнуюць час тут, а не маюць якога-небудзь вартага захаплення, накшталт кветак, як у Жарыса...

– Ён не хадзiў на паляванне?

– Зрэдку... Хiба што калi яго хто запрашаў...

– З мэрам?

– I такое бывала... Калi качак было багата, яны разам палявалi з будана...

Святло ў шынку было такое слабае, што ў тытунёвым дыме амаль не было вiдаць гульцоў у дамiно. I паветра было спёртае: увесь час палiлi ў печцы. На вулiцы была поўная цемра, але ў тумане яна рабiлася мутная - нечым нездаровым патыхала ад яе. Па-ранейшаму выла сiрэна. Люлька ў Мэгрэ патрэсквала.

Адкiнуўшыся на крэсле i прыплюшчыўшы вочы, ён спрабаваў злучыць асобныя дэталi справы, пакуль яшчэ нiчым мiж сабою не звязаныя.

– Жарыс знiк на паўтара месяцы i вярнуўся з разбiтым i залатаным чэрапам!
– сказаў ён, не прыкмецiўшы, што думае ўголас.
– А ў дзень вяртання яго чакала тут атрута. I толькi на ранiцу Жулi знайшла цыдулку ад брата!

Мэгрэ цяжка ўздыхнуў i прамармытаў, нiбы рабiў выснову:

– Урэшце, яго спрабавалi забiць! Пасля вылечылi. А потым усё ж такi забiлi! Калi толькi...

Гэтыя тры падзеi нiяк не звязвалiся ў адно. I тут раптам у галаву прыйшла дзiўная думка - настолькi дзiўная, што нават спалохала яго.

Поделиться с друзьями: