Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Порт у тумане (на белорусском языке)
Шрифт:

Яна ўздрыгнула.

– Калi?

– Сёння ноччу цi ранiцай.

– Луi тут?

Здавалася, што пытанне напалохала яе, збiла з панталыку.

– "Сэн-Мiшэль" прыйшоў.

Гэтыя словы крыху яе супакоiлi, быццам яна баялася, што брат з'явiцца тут без шхуны.

– Дык ён адправiўся ў Кан?

– Не! Ён пайшоў спаць на драгу.

– Хадзем!
– сказала яна.
– Мне холадна.

Вецер з мора ўсё свяжэў, а хмары яшчэ больш зацягвалi неба.

– I часта ён спiць на старых суднах?

Яна не адказала. Гаворка абарвалася сама сабою.

Яны iшлi, чуючы толькi шапаценне пяску пад нагамi i гудзенне прыбярэжнай машкары - устрывожаная людзьмi, яна спынiла свой пiр i кружыла цяпер над водарасцямi, выкiнутымi на бераг прылiвам.

"Яхта... Асадка з залатым пяром", - круцiлася ў галаве ў Мэгрэ.

Камiсар думаў. Ранiцай цяжка было растлумачыць, хто б мог згубiць на пiрсе гэтую асадку: знаходка нiяк не вязалася нi з экiпажам "Сэн-Мiшэля", нi з ягонымi гасцямi, людзьмi для такой рэчы дужа простымi. "Яхта... Асадка з залатым пяром..."

Цяпер з'яўлялася логiка! Багаты немалады мужчына шукае яхту для падарожжаў i губляе асадку з залатым пяром...

Але заставалася яшчэ растлумачыць, чаму гэты чалавек, замест таго каб прыйсцi ў порт са шхунаю, сышоў з яе i перасеў у лодку, потым выбраўся на пiрс i схаваўся на дразе, якая цi не напалову ўжо затанула.

– У той вечар, калi знiк Жарыс, брат, як прыходзiў да вас, нiчога не казаў пра свайго пакупнiка? Не казаў, напрыклад, што той на шхуне?

– Не... Ён толькi аб'явiў мне, што справа амаль ужо скончана.

Яны падышлi да маяка. Жарысаў дом стаяў побач, злева, i ў садзе яшчэ вiднелiся кветкi, пасаджаныя капiтанам.

Жулi пахмурнела, разгублена азiрнулася вакол, як чалавек, якi ўжо не ведае, што рабiць у жыццi.

– Мусiць, вас хутка выклiчуць да натарыуса з нагоды завяшчання. Цяпер вы багатая...

– Ды кiньце вы!
– сказала яна суха.

– Што вы хочаце сказаць?

– Самi добра ведаеце... Казкi ўсё гэта - пра багацце... Капiтан не быў багаты...

– Вы не можаце гэта ведаць.

– Ён нiчога не ўтойваў ад мяне. Калi б у яго былi сотнi тысяч франкаў, ён сказаў бы. I, вядома, купiў бы летась зiмою паляўнiчую стрэльбу за дзве тысячы франкаў. Яна ж яму так спадабалася! Ён убачыў яе ў мэра i даведаўся пра цану...

Яны падышлi да брамкi.

– Вы зойдзеце?

– Не... Я, мабыць, хутка вас убачу...

Яна не рашалася ўвайсцi ў дом, дзе зноў застанецца адна.

* * *

Прайшло некалькi гадзiн. Нiчога не здарылася. Мэгрэ хадзiў вакол драгi, паглядаючы на яе, усё роўна як разявака ў нядзелю, якi з мiжвольнай пачцiвасцю назiрае новае для сябе вiдовiшча. А тут было што разглядаць: вялiкiя трубы, каўшы, ланцугi, кабестаны...

Гадзiн у адзiнаццаць ён выпiў аперытыву з партавiкамi.

– Не бачылi Вялiкага Луi?

Яго бачылi ранiцай. Ён выпiў у шынку дзве чаркi рому i рушыў некуды па шашы.

Мэгрэ хацелася спаць. Ноччу ён, мусiць, прастудзiўся. I настрой у яго быў, як у чалавека, якi захварэў на грып. Гэта можна было прыкмецiць па яго рухах i млявым твары.

Камiсар i не спрабаваў хаваць свой дрэнны настрой, што яшчэ больш устрывожыла наведнiкаў шынка, якiя ўпотайкi паглядвалi на яго. Размова

не клеiлася. Капiтан Дэлькур спытаў:

– Што мне рабiць са шлюпкаю?

– Прышвартуйце яе дзе-небудзь.

I зноў Мэгрэ задаў пытанне без неабходнай хiтрасцi:

– Нiхто не бачыў сёння на вулiцы незнаёмага?.. Не заўважылi нiчога такога каля драг?..

Нiхто нiчога не бачыў! Але цяпер, пасля гэтага пытання, усе пачалi нечагась чакаць.

Цiкава: людзi чакалi, што здарыцца нейкая драма. Прадчуванне? Пачуццё таго, што ланцуг падзей не замкнуўся, што ў iм не хапае нейкага звяна?

Пачуўся гудок парахода, якi запрошваў у шлюз. Партавiкi ўзнялiся. Мэгрэ пайшоў на пошту паглядзець, цi няма яму якiх паведамленняў. Люка адбiў тэлеграму, што прыедзе ў дзве гадзiны дзесяць хвiлiн.

У названы час цягнiчок, якi iшоў уздоўж канала Кан - Вiстрэам i быў падобны на дзiцячую цацку - са сваiмi вагонамi ўзору тысяча васемсот пяцiдзесятага года, прагудзеў удалечынi. Пад грукат тугiх тармазоў i свiст пары ён спынiўся каля самага порта.

Люка выйшаў, падаў камiсару руку. Здзiвiўся, убачыўшы хмурны твар Мэгрэ.

– Ну як?

– Нармальна.

Нягледзячы на рознiцу ў чыне, Люка не ўтрымаўся ад смеху.

– Па вас не скажаш!.. Ведаеце, я не абедаў...

– Хадзем у гатэль. Там што-небудзь засталося напэўна, каб перакусiць...

Яны селi ў вялiкай зале, дзе гаспадар зладзiў стол новаму жыльцу. Гаварылi вельмi цiха. Гаспадар, здавалася, чакаў моманту, каб уставiць слова.

Падаўшы сыр, ён рашыў, што момант настаў, i спытаўся ў Мэгрэ:

– Ведаеце, што здарылася з мэрам?

Мэгрэ ўздрыгнуў. Твар у яго быў такi ўстрывожаны, што гаспадар сумеўся.

– Нiчога асаблiвага... Карацей кажучы, ён упаў у сябе дома на лесвiцы... Не ведаю, як гэта яго собiла, але твар у яго цяпер такi размаляваны, што ён нават злёг...

У галаве ў Мэгрэ адразу ж блiснула здагадка. Менавiта здагадка, бо ў адно iмгненне ён выразна ўявiў, як яно здарылася.

– Панi Гранмэзон цяпер у Вiстрэаме?

– Не. Ранiцаю, як толькi развiднела, паехала з дачкою на машыне... Думаю, у Кан...

У камiсара грыпозны настрой як рукою зняло.

– Доўга ты яшчэ будзеш аб'ядацца?
– буркнуў ён iнспектару.

– Ну, вядома, - спакойна адказаў Люка, - таму, у каго жывот поўны, галодны за сталом здаецца монстрам... Яшчэ тры хвiлiны! Не забiрайце камамбер*, гаспадар!

* Гатунак сыру.

VI. ПАДЗЕННЕ НА ЛЕСВIЦЫ

Гаспадар гатэля не падмануў. Але ўсё-такi перабольшыў: Гранмэзон не ляжаў у ложку.

Калi, адаслаўшы Люка назiраць за драгаю, Мэгрэ падыходзiў да мэравай вiлы, ён заўважыў за адным акном постаць чалавека ў класiчнай позе хворага, вымушанага сядзець дома.

Камiсар не разгледзеў твару. Але, вiдавочна, гэта быў мэр.

Далей ад акна стаяў яшчэ адзiн чалавек, распазнаць якога было немагчыма.

Калi Мэгрэ пазванiў, крокаў у доме пачулася больш, чым калi б нехта проста пайшоў адчыняць. Нарэшце з'явiлася служанка, жанчына сярэднiх гадоў, даволi свавольнага выгляду. Пэўна, яна без меры пагарджала ўсiмi наведнiкамi, бо нават слова не сказала.

Поделиться с друзьями: