Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Прададзеная споведзь
Шрифт:

Маявер расчаравана ўздыхнуў — хацелася паліць:

— Цыгарэты забіваюць... Але колькі трэба выпаліць цыгарэт, каб яны цябе забілі?.. Тысячы, дзясяткі тысяч. І толькі тады можа ўзнікнуць рак лёгкіх, ці яшчэ нешта. І скажуць: «Яго забілі цыгарэты». Але калі за ўсё жыццё выпаліць усяго адну цыгарэту — нічога не будзе. Калі за ўсё жыц­цё выпаліць пачак і нават блок — нічога не будзе. Калі паліць усё жыццё па адной цыгарэце ў дзень — напэўна, таксама нічога не будзе. Разумееш? Цыгарэты забіваюць, толькі калі іх вельмі шмат і калі паліць іх сістэматычна. Тое ж самае і з любымі непрыемнасцямі, стрэсамі, крыўдамі, расчараваннямі. Калі яны дробныя і здараюцца нячаста — іх можна нават не заўважыць. Калі адбылося нешта насамрэч сур'ёзнае — гэта можна перажыць. Але калі яны ідуць суцэльным

патокам, калі новая непрыемнасць наганяе цябе яшчэ да таго, як ты здолеў адысці ад папярэдняй, — гэта забівае. Забівае ў самым прамым сэнсе, як забіваюць цыгарэты ці іншая атрута. Гэта не вобразнасць і не перабольшванне. Дарэчы, на дапамогу прыходзяць тыя ж цыгарэты, бухло, яшчэ не­шта. Чалавек мае неабходнасць у нейкіх транквілізатарах, у нейкіх антыдэпрэсантах, але ў нашых умовах самымі даступнымі з іх з'яўляюцца нікацін і этанол.

Паўсюдная незадаволенасць, якая ёсць ва ўсіх сферах, пачынаючы ад асабістага і завяршаючы нечым глабальным, нібы правакуе піць і паліць. Я разумею, што гэта не аргумент, што гэта — спроба перакласці адказнасць з сябе на вонкавыя фактары. Але ж нездарма гэтая краіна — у сусветных лідарах па колькасці алкаголікаў і суіцыднікаў.

Есці перад тэлевізарам

Даявед вырашыў паспрачацца:

— Ведаеш, я, як і многія іншыя людзі, люблю есці перад тэлевізарам. Там, праўда, звычайна паказваюць розную дрэнь. Цыцкі, дупы, жарты пра лайно. Неверагодна тупыя і прымітыўныя фільмы, у якіх акцёры нейкім чынам могуць і недаігрываць і пераігрываць адначасова. Паказ­ваюць рэпартажы пра вайну, разруху, трупы, калек, галосячых жанчын, паміраючых дзяцей. А я ем. І ведаеш што? Мне смачна.

Разумееш, пра што я кажу? Трэба імкнуцца да нейкіх ідэалаў, да нейкай дасканаласці. Але разам з гэтым нельга прымаць блізка да сэрца ўсё тое, на што сам не можаш паўплываць. Так, калі па­глядзець тэлевізар, а іншым разам — нават глянуць у акно, хочацца напіцца і забыцца ці выпаліць пару цыгарэт, каб супакоіцца. Але трэба прасцей да ўсяго ставіцца. Нават і ў асабістым.

— Гэта добра для тых, хто з'яўляецца насамрэч незалежным суб'ектам. Калі ў цябе ёсць уласны кавалак зямлі, гаспадарка, якая цябе цалкам забяспечвае, і ружжо, каб у выніку чаго пастаяць за сябе, — гэта адна справа. Пры такім раскладзе можна быць эгаістычным аднаасобнікам і смачна есці, гледзячы, як па тэлевізары паказваюць апакаліпсіс у жывым эфіры. Гэта сто гадоў таму мож­на было вось так вось жыць на якім-небудзь хутары паводле прынцыпу «мая хата з краю — нічога не знаю». Але нават і тады маглі прыйсці і ўсё забраць. Дарэчы, і прыходзілі, і забіралі. А цяпер усё яшчэ горш, бо ты не суб'ект, не гаспадар, а так — у лепшым выпадку арандатар. І калі што — нагой табе пад зад і ўсё. І праблема нават не ў тым, што так ёсць па сутнасці, праблема ў тым, што гэта ўсё навідавоку і немагчыма забыцца на такое становішча і жыць, пакуль жывецца. Бо кожны дзень усё гэта наваколле нагадвае, што ты тут ніхто і зваць цябе ніяк. Нават сам гэты горад.

Горад

— А што з ім не так?

— Ну, па-першае, трэба ўдакладніць, што я не мясцовы. Гэты горад мне не родны і ніколі такім не стане. А па-другое. На мой погляд, гэта не горад, гэта нейкі вялікі вакзал, і людзі ў ім — нібы праездам. Няма нейкай утульнасці, адчування, што ты дома. Ведаеш вакзалы? Граніт, шкло. Усё строга, усё прыбрана. Але няма нейкіх дробязей, нейкіх рэчаў, якія адрозніваюць вакзал ад жытла. Такі казарменны парадак і чысціня. І ўвесь час туды-сюды сноўдаюць паліцыянты і прыбіральшчыцы. Паліцыянты і прыбіральшчыцы, казарменны парадак і чысціня. Але няўтульна. Усё функцыянальна, усё побач — ежа, чытво, прыбіральня, крэслы. Але немагчыма насамрэч расслабіцца. Няма на вакзалах. ну, ва ўсякім разе на тых вакзалах, дзе я быў, такіх куточкаў, дзе табе добра і спакойна, дзе ты адчуваеш сябе як дома. І справа, напэўна, не ў паўсюдных паліцыянтах, прыбіральшчыцах, бамжах і камерах назірання. Проста сама гэта вакзальная атмасфера, ведаеш? Мітусня. І, нягледзечы на парадак,

чысціню і нават пэўную прыгажосць, увесь час смярдзіць чабурэкамі і танным бухлом. Вось прыкладна такое ж уражанне ў мяне і ад гэтага горада.

І людзі. Мясцовыя людзі не жывуць у гэтым горадзе, яны жывуць толькі ў сваіх уласных кватэрках. Калі не казаць пра бамжэй. А ў самім горадзе яны, як і на вакзале, — праездам. На працу, з працы, туды-сюды. Я ж кажу, на сапраўдных вакзалах заўжды ёсць нейкія патрэбныя пункты: кропкі харчавання, крамы, кавярні, прыбіральні, цырульні, забаўляльныя цэнтры. І тут таксама: з кватэркі — на працу, з працы — у кавярню, з кавярні — у краму, з крамы — у кватэрку. Але ў самім горадзе, як мне здаецца, амаль ніхто не жыве. Бо гэты горад, як той вакзал — казённы. Гэта не твой дом, гэта дзяржаўная ўласнасць. Для мясцовых людзей нават пад'езд ці лесвічная пляцоўка

— не іх дом. Таму ўвесь час такая мітусня і абыякавасць, бо па вялікім рахунку ўсе ў гэтым горадзе

— праездам.

— Але ж ты ў ім жывеш.

— Так склаліся абставіны. Скажам так, мой горад даў мне інструменты, але ў ім не было рэсурсаў. А тут яны ёсць. Але я б не сказаў, што жыву тут — я тут пражываю, часова знаходжуся. І таму адчуваю сябе, быццам на вакзале. Пакінуў рэчы ў платнай камеры захоўвання — і па спра­вах. Увогуле, пра сваё жыццё я табе ўжо распавядаў.

«Shocking Blue»

Маявер цяжка ўздыхнуў. Магчыма, ён успомніў нейкія асабістыя праблемы ці свой маналог пра аўтобус:

— ...І вось што ў такім жыцці добрага?

— Ну як жа. Як мінімум «Shocking Blue».

Маявер разгубіўся ад такога нечаканага адказу. Ён нават крыху задумаўся — ці не пачулася яму. Зразумеўшы, што не пачулася, усвядоміў: гэта такі жарт. Аднак усім сваім выглядам быццам бы запытаў у Даяведа: «Ці ты дурны, ці ты смяешся?». Тым не менш пасля невялікай паўзы сказаў:

— Я ж маю на ўвазе сваё жыццё, а не жыццё ўвогуле.

— Ну. У цябе ёсць магчымаць слухаць «Shocking Blue».

Маявер паспрабаваў зрабіць сваю міміку, якая ўвасабляла неагучанае рытарычнае пытанне, больш выразнай. Аднак на яго твары ўжо сама сабою расплывалася шырокая ўсмешка. Яму ста­ла сапраўды весела. Маявер разумеў, што адказ суразмоўцы не такі ўжо і просты, што ў ім ёсць пэўная філасофія і глыбокі сэнс. Але весела яму было ўсё ж ад абсурднасці і нечаканасці такога адказу, ад нейкай дзіцячай непасрэднасці, якая ў ім была.

— Ды ідзі ты са сваім «Shocking Blue.»

Маявер знарок паспрабаваў адказаць раздражнёна, злосна. Ён жа тут душу раскрывае, а Да­явед жартуе, ператвараючы інтымны момант, чарговую споведзь, у нейкі сіткам. Аднак у яго адказе адчувалася толькі весялосць. Даявед задаволена усміхаўся. Маявер, таксама усміхаючыся, на некалькі імгненняў аб нечым задумаўся, быццам спрабаваў нешта згадаць. Пасля паглядзеў на Даяведа і нягучна прабубнеў:

— There's a long and lonesome road. па-па-па-па-world. of you and me, babe.

Ён амаль шэптам прамармытаў яшчэ два радкі, а пасля гучна і дастаткова выразна праспяваў:

— Well, I wonder, well, I wonder, where I am.

Твар Маявера зноў стаў сумным:

— Гэта ж амаль пра мяне. «Мне цікава ведаць, дзе я знаходжуся. Ёсць доўгая і самотная дарога.» Нічога сабе. Таму ты згадаў менавіта «Shocking Blue»? Няўжо ты прадугледзеў?..

— Я проста пажартаваў. Увогуле ў гэтага гурта шмат добрых песень. Я не мог прадугледзець, што ты згадаеш менавіта гэту. Я нават не ведаў, ці памятаеш ты што-небудзь з «Shocking Blue» увогуле.

420

Даявед паглядзеў на гадзіннік на руцэ.

— Прабач, я зараз, — ён падняўся і выйшаў з пакою.

Праз некалькі хвілін ён вярнуўся са шклянкай вады, якую паставіў на столік перад Маяверам. Гэтым разам шклянка была поўнаю практычна да краёў:

— Калі ласка. Стаміўся?..

— Не, нармальна. — Маявер узяў шклянку і адразу ж выпіў больш за палову.

— Як ты звычайна засынаеш?

— У сэнсе?..

— Хутка ці не? Што робіш, калі не можаш доўга заснуць?

— Ну. па-рознаму.

Поделиться с друзьями: