Прададзеная споведзь
Шрифт:
— А «Фауста» ты таксама не чытаў?
— Цалкам — не.
— А вось я калісьці чытаў. Памятаеш, што Мефістофель прапанаваў Фаусту?
— Спыніць імгненне, калі не памыляюся.
— Так. На мой погляд, гэта вельмі цікавая спакуса. Толькі спыніць хацелася б не пэўны момант, а пэўнае становішча, пэўную сітуацыю. Ведаеш, вось у дзяцінстве, напрыклад, жыццё падаецца статычным. Нараджаешся, і адразу, як толькі пачынаеш усведамляць сябе і наваколле, падаецца, што свет быў менавіта такім, якім ты яго бачыш, заўсёды. Разумееш, што жыццё было і да цябе, разумееш, што ўсё старое калісьці было новым, што ўсе дарослыя калісьці былі дзецьмі. Нават можаш глядзець старыя фотаздымкі, на якіх твае дарослыя сваякі яшчэ малыя. Табе тлумачаць, што некаторыя з людзей на гэтых фотаздымках ужо памерлі. Ты ведаеш, што ўсё нараджаецца, старэе і памірае, і гэта падаецца натуральным. Аднак яшчэ не разумееш гэтага насамрэч, а проста ўспрымаеш як факт. Усё, што было да твайго нараджэння, для цябе з'яўляецца небыццём, тым, чаго ніколі і не было, а калі і было, то вельмі-вельмі даўно. І па вялікім рахунку не мае значэння, калі канкрэтна нешта адбывалася — за сто, за дзесяць
Існуе меркаванне, што чалавек фарміруецца як асоба і дакладна разумее сваё «я» ўжо ў тры гады. Дык вось, калі табе ўсяго тры-чатыры гады, тэрмін у дзесяць гадоў падаецца велізарным, бо ён ў некалькі разоў перавышае працягласць твайго жыцця. І пры гэтым ты разумееш, што ўжо шмат чаму навучыўся, шмат што засвоіў. І калі спрабуеш уявіць сабе адрэзак у дзесяць ці ў сто гадоў, табе здаецца, што за такі вялікі тэрмін можна навучыцца абсалютна ўсяму, можна знайсці адказы на ўсе пытанні. Сто гадоў падаюцца табе амаль бясконцасцю. Бо ты проста не разумееш, што большую частку жыцця будзеш вымушаны марнаваць не на самога сябе.
Але ж я крыху адхіліўся. Калі чалавек прыходзіць у гэты свет, ён быццам трапляе ў нейкі мастацкі твор, у нейкую п'есу, дзе ўсё прапісана ў самым пачатку. Кшталту, персанаж такі, у такім вось узросце, мае такі вось характар і гэтак далей. Тое ж і з «дэкарацыямі». У цэнтры сусвету дзіцяці знаходзіцца яно само. Дзіця з'яўляецца пакуль не галоўным героем, але ўжо галоўным гледачом «п'есы», у якую яно трапляе. І вось у чым галоўнае хараство ўспрымання часу і нават жыцця ўвогуле ў дзяцінстве: табе здаецца, што так, як ёсць, было заўсёды, што старыя заўсёды былі старымі, што хворыя заўсёды былі хворымі, што багатыя заўсёды былі багатымі, а бедныя — беднымі, добрыя — заўсёды добрымі, буркатлівыя — буркатлівымі. Больш за тое, табе здаецца, што кожнага чалавека задавальняе яго становішча. Ты нават можаш кпіць з інвалідаў і перадражніваць іх, але не таму, што ты такі злы і бессардэчны, а проста таму, што не разумееш усёй трагедыі: усё, што ты бачыш навокал, здаецца табе нормай. Здаецца, што нейкі стары перакошаны будынак развальваўся заўсёды, але пры гэтым ён ніколі не разваліцца. Здаецца, што патрэсканы асфальт з ямамі заўсёды быў патрэсканым і з ямамі, але ён ніколі не стане горшым, чым зараз. Здаецца, што выцвілая і аблупленая фарба на сцяне заўжды была выцвілай і аблупленай, але яна ніколі не выцвіце і не аблупіцца канчаткова... Ды што далёка хадзіць — ва ўласным доме ўсё здаецца спрадвечным і вечным: шпалеры, мэбля, свяцільні, нават некаторыя хібы кшталту драпін і плям. Канечне, пры гэтым існуе рух, рух і ў часе, і ў прасторы. Аднак падаецца, што ён адбываецца ў межах статычнай карціны. Ведаеш, я думаю, што ў гэтым і ёсць шчасце ранняга дзяцінства: ілюзія абсалютнай статыкі і стабільнасці. І вось спыніць гэта — не імгненне, а ўсю сітуацыю, закансерваваць яе — вялікая спакуса, якой бы я, магчыма, паддаўся б. А вярнуцца ў той дзіўны свет можна толькі ў снах — як у тым «Зімовым шляху».
Маявер паглядзеў на Даяведа і працягнуў:
— Потым час крыху паскараецца. Дзіця пачынае заўважаць цыклічнасць: зімой яно памятае мінулую зіму, летам — мінулае лета. Цыклічнасць падкрэсліваюць і сямейныя святы, традыцыі. Напрыклад, Раство ці Вялікдзень. Рэлігійныя святы. Бо традыцыі ў іх, калі адзначаць правільна, даволі жорсткія, нават у наяўнасці пэўных страў і спосабу прыёму ежы. Дзень нараджэння самога дзіцяці кожны год адбываецца па-рознаму, таму цыклічнасць, напэўна, тут у поўнай ступені не заўважаецца. А вось на рэлігійныя святы існуе пэўны непарушны алгарытм. Асабіста я, напрыклад, часткова памятаю пост перад Раством. Мае бацькі не былі фанатычнымі вернікамі, але ў некаторай ступені посту прытрымліваліся. Памятаю, як кожны год 24 снежня мы ставілі і ўпрыгожвалі ялінку. Потым хадзілі ў лазню. І гэта была не проста лазня: было адчуванне, што менавіта ў гэты дзень ты становішся чысцей не толькі целам, але і душой. Потым была адмысловая вячэра, з адмысловымі стравамі, якія ў нашай сям'і гатавалі звычайна толькі перад Раством... Усе апраналі «параднае» адзенне, хоць нікуды не хадзілі, ды і да нас ніхто не прыходзіў. Па тэлебачанні ў гэты дзень таксама было нешта адмысловае, у тым ліку і для дзяцей. І засыналася 24 снежня неяк па-іншаму, не так, як звычайна. Адчувалася атмасфера нейкага цуду і менавіта рэлігійнага, духоўнага свята — весялосці не было, але было пачуццё ўрачыстасці. У маёй дзіцячай галаве нават былі нейкія развагі пра Бога, пра ўласную грахоўнасць. Хоць у той час я быў яшчэ дашкольнікам і, здаецца, нічога асабліва грахоўнага нарабіць яшчэ не паспеў. Я засынаў з малітвай, але пры гэтым дзесьці ў галаве блукалі і звычайныя дзіцячыя думкі: хацелася як мага хутчэй заснуць, каб раней прачнуцца і пабегчы пад ялінку за падарункам. А на наступны дзень свята насіла больш свецкі характар.
Нешта падобнае памятаю і пра Вялікдзень. На гэта свята звычайна збіралася шмат сваякоў у найстарэйшага прадстаўніка роду. І хоць Вялікдзень не прывязаны да пэўнай даты, ён усё роўна характарызуецца строгай традыцыйнасцю, а таму — выразнай цыклічнасцю.
Зноў я паглыбіўся ва ўласнае, але ж гэта толькі прыклады, каб ты лепш зразумеў, пра што я кажу. Не ведаю наконт рэлігійных святаў, аднак упэўнены, што ў многіх існуюць аналагічныя ўспаміны пра Новы год у дзяцінстве... Даўно не адчуваў такіх пачуццяў, як калісьці на Новы год.
Пасля (напэўна, калі ідзеш у школу) час паскараецца вельмі заўважна. Заўважаеш у першую чаргу лінейны рух: ты хутка расцеш, хутка пераходзіш з аднаго класа ў іншы. У цябе застаецца вельмі мала вольнага часу, дні здаюцца значна карацейшымі, чым раней. Навучальны год пралятае значна хутчэй, чым табе здавалася. І толькі летам можна быццам бы вярнуцца назад, у пэўную бесклапотную статычнасць і стабільнасць. Але і лета пралятае вельмі-вельмі хутка. Калі табе было тры-чатыры гады, лета здавалася амаль
бясконцым. Бо ў тры-чатыры гады ты за адзін дзень атрымліваў настолькі велізарны аб'ём інфармацыі, што і сам гэты дзень падаваўся вялікім і надзвычай цікавым. А школьныя канікулы — так, як пашэнціць. Канечне, у малодшых класах гэта яшчэ дзяцінства, гэта яшчэ гульні, актыўны клопат бацькоў, нейкія адкрыцці і вялікая прага і цікавасць да жыцця. Вечарамі нярэдка было сумна, што дзень ужо прайшоў, і хацелася, каб хутчэй надышоў новы, бо ў цябе было шмат цікавых і прыемных спраў.Дык вось, падчас навучання ў школе, на мой погляд, рух часу выглядае больш лінейным: ты ідзеш наперад крок за крокам. Цыклічнасць застаецца і нават падкрэсліваецца школьным жыццём: 1 верасня, чвэрць, канікулы, чвэрць, вялікія зімовыя канікулы з Раством і Новым годам, чвэрць, канікулы, чвэрць, апошні званок, лета. Лета ў школьныя гады — як маленькае жыццё. Але гэтая цыклічнасць ужо не ў межах статычнай карціны — яна дынамічная; гэта не рух па коле — гэта рух па спіралі. Рух быццам бы ўверх, але ў той жа час — у невядомасць. Акрамя таго, менавіта ў школьныя гады ты ўжо памятаеш дастаткова цыклаў. Дастаткова для таго, каб асобныя ключавыя падзеі згубілі сваю ўнікальнасць, сваю чароўную атмасферу, свой шарм. Усё становіцца, як кажуць, «ужо не тым». І самае галоўнае — у гэты час ты канчаткова разумееш, што ніякай стабільнасці не існуе. Ты бачыш, як усё змяняецца (часта не ў лепшы бок), і разумееш, што нічога вечнага не існуе. Ты разумееш, што хворым не падабаецца быць хворымі, а інвалідам — інвалідамі. Разумееш, што дурныя звычкі ці кепскі характар у некаторых людзей — не налады «па змаўчанні», а вынік нешчаслівага лёсу. Ты непазбежна сутыкаешся з пераменамі, куды больш радыкальнымі, чым, напрыклад, перастаноўка мэблі ці замена шпалер. І дакладна ўсведамляеш: таго, што было, ужо больш ніколі не будзе, і тое, што ёсць, таксама наўрад ці захаваецца на доўгія часы.
А потым, дзесьці са старэйшых класаў і асабліва пасля школы, час пачынае несціся, як шалёны. Усё ператвараецца ў нейкі віхор: усе магчымыя цыклы неверагодна паскараюцца, іншым разам нават не паспяваеш заўважыць, як змяняюцца поры года. Што ўжо казаць пра чаргаванне будніх і выхадных. Нават Новы год, здаецца, адзначаецца не так ужо і рэдка. І самае цікавае, што вельмі часта ўсе гэтыя цыклы нейкім чынам адасабляюцца ад твайго жыцця, зноў быццам бы становяцца дэкарацыямі. Іх спіраль ператвараецца ў нейкі тунэль, унутры якога ты проста крочыш сваёй дарогай. Ты рухаешся крок за крокам да нейкай мэты, а вакол цябе пракручваюцца тыдні, месяцы, гады. Перастаеш заўважаць спецыфічныя, характэрныя толькі для пэўных сезонаў пахі ў паветры; не звяртаеш увагу на тое, калі ўзыходзіць і садзіцца сонца, колькі працягваецца дзень. А ўсё чаму? Таму што, як там было ў Кэрала: «Трэба бегчы з усіх ног, каб толькі заставацца на месцы, а каб куды-небудзь трапіць, трэба бегчы як мінімум удвая хутчэй». Толькі невядома, куды ты ўрэшце «прыбяжыш» і ці варта было туды «бегчы» з такой хуткасцю, каб не бачыць тое, што адбываецца навокал.
Калі б жыць засталося тры гады
Маявер разумеў, што яго ўжо «панесла», што яго маналог, падобны на нейкую п'яную споведзь, ужо зацягнуўся. Аднак вельмі хацелася выгаварыцца, і ён працягнуў:
— Ведаеш гэты трывіяльны сюжэт, калі чалавек памірае, але нейкім чынам выпрошвае сабе яшчэ пэўны перыяд жыцця? Уяві, вось ты, напрыклад, памёр, трапіў на нябёсы і пачаў кленчыць яшчэ некалькі гадоў жыцця на зямлі. І нейкім дзівам табе далі дазвол. Маўляў, ідзі ты ўжо куды хочаш, толькі хопіць тут ныць. І ты вяртаешся на зямлю, скажам, на тры гады — не больш, але, магчыма, менш. Ніякіх гарантый таго, што ты не памрэш раней, няма — тут усё як звычайна. Пры гэтым уявім, што тваё здароўе не пагоршылася з моманту клінічнай смерці. І ты дакладна ведаеш, колькі дзён табе засталося. Але што б ты рабіў?
Кінуць усё і вандраваць, гуляць па свеце, жыць у сваё задавальненне — някепска. Аднак для гэтага неабходны грошы. Добра, калі ў цябе ёсць пэўная маёмасць, якую можна прадаць, каб апошнія тры гады жыць так, як табе падабаецца. Але ці шмат каму ёсць што прадаваць? Пасля апошняй палучкі кінуць працу і стаць жабраком? Ну, добра, пажывеш крыху. А што рабіць астатнія два гады адзіннаццаць месяцаў і тры тыдні? Узяць крэдыт у банку і збегчы — вельмі рызыкоўна: ёсць шанец правесці рэшту жыцця за кратамі.
Жыць як жыў, толькі пры гэтым казаць і рабіць усё, што хочацца? Таксама вельмі небяспечна: ёсць перспектыва добра атрымаць па мордзе, страціць тую ж працу і патрапіць за тыя ж краты. Ну, урэшце, гэты сцэнар можна прыхаваць на апошні тыдзень жыцця. А ў самы апошні дзень — увогуле адарвацца па поўнай. Верагодна, за твае паводзіны цябе і заб'юць. Такі вось эфект Разэнталя на практыцы. Дарэчы, цікавая думка. Калі крыху перайначыць, можа атрымацца пацешная гісторыя: чалавек, напрыклад, падчас аперацыі бачыць галюцынацыю, быццам памірае, але выпрошвае яшчэ некалькі гадоў жыцця. Толькі гэта ўсё галюцынацыя. Тым не менш пасля аперацыі ён даведваецца, што сапраўды быў у стане клінічнай смерці, таму шчыра верыць у сваё ўяўленне. Падлячыўшыся, чалавек мяняе сваё жыццё: становіцца вельмі актыўным, але ў той жа час бескампрамісным. Дзякуючы сваёй актыўнасці і працавітасці ён дасягае значных поспехаў і становіцца, напрыклад, вядомым палітыкам або, наадварот, апазіцыйным актывістам. Ці без палітыкі — бізнесоўцам або рэлігійным ці культурным дзеячам. Ён разумее, што часу ўсё менш, таму яго бескампраміснасць і прынцыповасць становяцца больш выразнымі, ён становіцца вельмі рэзкім і нават радыкальным. І, натуральна, ёсць тыя, каму яго дзейнасць не падабаецца. І гэтыя людзі вырашаюць яго «прыбраць». Чалавек, «ведаючы» з галюцынацыі дату ўласнай смерці, вырашае схвацца ў гэты дзень. Але замах адбываецца раней: цяжкапараненага чалавека адвозяць у бальніцу, за яго жыццё змагаюцца некалькі сутак, але ў рэшце рэшт ён памірае, не прыходзячы ў свядомасць. Нядрэнная гісторыя, так? Толькі ў гэтай гісторыі сапраўды эфект Разэнталя, а я кажу пра сітуацыю, калі дата смерці насамрэч вызначана.