Прададзеная споведзь
Шрифт:
Дык вось, відавочна, што большасць людзей з'яўляюцца эканамічна залежнымі, усё пакінуць і з'ехаць у цёплыя краі можа далёка не кожны. Пры гэтым быць занадта правільным ці рабіць і казаць усё, што хочацца, — таксама небяспечна. І што ж застаецца? Прысвяціць сваё жыццё іншым і апошнія тры гады дапамагаць людзям? Стаць валанцёрам, заўсёды даваць міласціну. А хто перашкаджаў займацца гэтым раней? Ці хто перашкаджаў раней паспрабаваць сябе ў творчасці або навуцы? Хто перашкаджаў раней зрабіць нешта такое, што б, груба кажучы, запісала тваё імя ў гісторыю?..
Я б нават мог паверыць у тое, што дакладнае разуменне хуткай і непазбежнай смерці запускае ў чалавеку нейкі інстынкт, нейкі механізм, з дапамогай якога можна правільна расставіць прыярытэты. Я б мог у гэта паверыць, толькі практыка паказвае, што нічога такога не існуе. Людзям нярэдка ставяць смяротныя дыягназы, у першую чаргу рак. Пасля гэтага звычайна застаецца колькі месяцаў, пакуль арганізм працуе амаль паўнавартасна. І што робяць людзі ў гэты перыяд? Так, некаторыя да апошняга змагаюцца, спрабуюць утрымацца за кожную
— Ёсць жа фільм «Дастукацца да нябёсаў». Глядзеў?
— Ну, дык гэта ж фільм, мастацкі вымысел. Героі выпадкова ўкралі машыну з мільёнам. долараў ці чаго там. У сапраўдным жыцці такога быць не можа. Але добра, смяротныя хваробы — асобная тэма. Вернемся да нашай сітуацыі.
Ёсць тры гады і ўмова, што здароўе не будзе пагаршацца з кожным днём. Што б ты змяніў? Што б ты здолеў змяніць? Зноў узнікае пытанне магчымасцей і ідэй ці, калі трэба, жаданняў. Ці з'явіліся б у цябе новыя ідэі і жаданні, а калі так, то чаму яны не з'явіліся раней? А калі ўжо былі — чаму ты іх да гэтага часу не здзейсніў? Усё ж, на мой погляд, галоўная праблема вельмі празаічная: чалавек з'яўляецца эканамічна залежным. І для большасці людзей сумная праўда ў тым, што, каб пражыць хоць бы і апошнія тры гады адзетым, абутым, сытым і з дахам над галавой, трэба будзе захаваць ранейшы ўклад жыцця: пяць дзён на тыдзень аддаваць на працу мінімум па дзесяць гадзін уключна з дарогай і абедам. Мне здаецца, што менавіта ў гэтым — сапраўдная трагедыя сітуацыі. У гэтым, а не ў тым, што жыць засталося тры гады.
Чаго б ты хацеў пасля смерці?
Маявер крыху памаўчаў, разумеючы, што ўжо, магчыма, надакучыў суразмоўцу і ўвогуле выглядае дзіўным і залішне навязлівым, але не стаў чакаць, пакуль слова возьме Даявед:
— Але што, калі смерць — не канец?.. Толькі абстрагуемся ад рэлігійных уяўленняў: вось ты паміраеш, але пасля існуе нейкі працяг. І калі б ты сам мог вызначыць, якім ён будзе, чаго б ты хацеў?..
— Не ведаю. Хацеў бы паразмаўляць з Богам. Спытацца, у чым быў сэнс майго асабістага жыцця і ў чым сэнс жыцця ўвогуле, спытацца, навошта Яму ўсё гэта трэба і што будзе пасля. Пасля Апакаліпсіса... Хацеў бы даведацца, ці існуе і ці існавала дзесьці яшчэ ў Сусвеце разумнае жыццё. Ці існавалі раней цывілізацыі на Зямлі. Хацеў бы даведацца, якім чынам увогуле пабудаваны Сусвет і ці сапраўды ён з'яўляецца бясконцым. А яшчэ мяне б цікавіла, што было да Вялікага Выбуху. Як і дзе ўтварыўся Сусвет, калі раней нічога не было... Увогуле, як гэта: нічога не было?.. Карацей, я б хацеў даведацца пра тое, чаго не можа даведацца звычайны чалавек. Заўжды цікавіла, прадвызначана ўсё ў гэтым жыцці ці не. Калі не, хацелася б паглядзець альтэрнатыўныя варыянты развіцця падзей. Здаецца, што і бясконцасці мала, каб высветліць усё цікавае.
Маявер быццам толькі і чакаў, пакуль Даявед скончыць. Напэўна, ён задаў пытанне суразмоўцы выключна з ветлівасці ці толькі для таго, каб пачуць у адказ «А ты?». Бо ў галаве самога Маявера ўжо быў падрыхтаваны новы маналог. Хоць чаканага сустрэчнага пытання і не прагучала, Маявер ніколькі не збянтэжыўся і пры першай жа магчымасці пачаў агучваць свае думкі:
— У дзяцінстве мне здавалася, што ўсё маё жыццё запісваецца на відэакамеру. І я ўяўляў сабе, як калісьці мы ўсёй сям'ёй — я з бацькамі — будзем разам глядзець гэты запіс. Канечне, уяўляў сабе даволі прымітыўна: быццам мы ў тагачасным узросце, я зусім малы, бацькі маладыя, у сваёй гасцёўні нядзельным вечарам сядзем на канапе і будзем глядзець запіс нашага жыцця па тэлевізары. Зараз нават смешна. Я ўяўляў, што запіс будзе вельмі вясёлы, як быццам нейкая камедыя. Прагляд будзе ўтульным, мы будзем уголас абмяркоўваць і каментаваць пэўныя эпізоды. Я нават іншым часам рабіў пэўныя «рэпартажы», дзе распавядаў пра нейкія навіны, пра сваю сям'ю, пра сябе. Ці проста дурэў і ўчыняў пацешныя выхадкі, каб потым пасмяяцца.
Толькі ведаеш, на справе атрымалася не камедыя, а нейкая драма.
Ведаеш, калі цяпер час ад часу ў мяне ўзнікае думка, што ўсё маё жыццё запісваецца і з'яўляецца, скажам так, «матэрыялам справы», мне ўжо нявесела. Мне больш сорамна і страшна. Бо далёка не заўсёды я паводзіў сябе так, як варта паводзіць сябе галоўнаму пратаганісту. А калі ў сваім уласным жыцці галоўны пратаганіст не я — то хто ж яшчэ?.. Ведаеш, у адной краіне падчас масавых мерапрыемстваў у натоўпе працуюць адмысловыя аператары — агенты спецслужбаў. Яны імкнуцца не вылучацца з натоўпу, ніякім чынам нікому не замінаюць. Яны проста здымаюць
— так, на ўсякі выпадак. Калі раптам што, гэтыя архівы могуць спатрэбіцца. І калі ўявіць, што побач з кожным чалавекам ёсць, напрыклад анёл-аператар, які заўжды здымае ўсе дзеянні чалавека з лепшых ракурсаў. У такім выпадку маё жыццё — вартае жалю відовішча. І адначасна адзін вялікі кампрамат.
— Ага, патрапіш да Пятра, і ён такі скажа, ну што, шаноўны, давайце зараз паглядзім адзін фільмец. А ты такі — не, не, я, калі ласка, у пекла. Дазвольце толькі
касету з сабой узяць.— Даяведу, напэўна, ужо надакучылі сумныя і нудныя псеўдафіласофскія маналогі Маявера і ён вырашыў далучыцца да гутаркі. І не проста далучыцца, а пажартаваць, каб змяніць танальнасць размовы і перавесці яе ў іншае рэчышча.
— Ага.
— Ці можна сказаць, што гэта такі артхаўс. Маўляў, на аматара, не кожны зразумее.
— Насамрэч сумна ўсё гэта. Іншым разам вінаваціш сябе, што зрабіў не так, як трэба. Але потым зноў наступаеш на тыя ж граблі. Карацей, наўрад ці я б хацеў пасля смерці праглядзець стужку свайго жыцця. Магчыма, некаторыя эпізоды. Хоць, напэўна, памяць і так захоўвае лепшае. Мне было б больш цікава паназіраць за сабой збоку. Даведацца, што казалі пра мяне людзі, калі мяне не было побач. А самае цікавае, на мой погляд, павандраваць у мінулым. Не вельмі далёкім — будаўніцтва пірамідаў ці нешта такое мяне не цікавіць. Я б хацеў, напрыклад, хоць на дзень трапіць на дзесяць гадоў назад. Паглядзець збоку на сябе, сваіх сяброў, родных. Проста паназіраць. Пасядзець у родным доме, паблукаць па родным горадзе. Усё ж за дзесяць гадоў шмат што мяняецца. Потым — яшчэ на дзесяць гадоў назад. Зноў: спачатку паглядзець на сябе, падзівіцца, чым я тады займаўся, як выглядаў; паназіраць за блізкімі і сябрамі. Зноў паблукаць па горадзе. На наступны дзень — яшчэ на дзесяць гадоў назад, потым яшчэ і яшчэ. Урэшце цікава было б апынуцца ў часе, які я яшчэ не памятаю. А пасля — у часе, калі мяне яшчэ не было. Уяві, як гэта цікава. Магчыма, было б і пэўнае расчараванне, бо той час падаецца нейкім дзіўным і загадкавым, нейкай невядомай эпохай. А насамрэч можа выявіцца, што тады не было нічога незвычайнага. Але ж цікава. У любым выпадку, тады была іншая мода, іншыя рэчы. Усё было іншым.
Потым адматаць яшчэ дзесяць гадоў. Паназіраць за зусім маладымі мамай і татам, якія ячшэ нават не былі знаёмыя. Крыху пагасцяваць у іх дома, паглядзець, як яны жылі. Магчыма, параўнаць іх паводзіны са сваімі. Потым адматаць яшчэ дзесяць гадоў, у той час, калі бацькі самі яшчэ былі дзецьмі. Паглядзець, якія ў іх былі цацкі, як яны бавілі час, чым захапляліся, аб чым марылі. Паглядзець на маладых бабуль і дзядуль. І зноўку — паблукаць па горадзе. Горад, напэўна, ужо б значна адрозніваўся ад таго горада, у якім я жыў. Дарэчы, што тычыцца назіранняў за роднымі, я б, напэўна, спыніўся на дзяцінстве бабуль і дзядуль, бо прабабулі і прадзядулі для мяне — фактычна чужыя людзі. Я іх амаль не ведаю, і наўрад ці мне было б цікава сачыць за іх жыццём. Так, у агульных рысах: побыт, ежа, адзенне. А вось родны горад — гэта зусім іншае. Мне сапраўды было б цікава блукаць па ім у розныя часы. Цікава было б паглядзець на яго падчас акупацыі, у перадваенны час, нават асабліва ў перадваенны. Цікава было б паглядзець, як узводзіліся вядомыя будынкі. Карацей, я б, напэўна, блукаў па родным горадзе ў мінулым аж да таго моманту, як на яго месцы пасяліліся першыя людзі.
— А ў будучыню?
— Не. Ну, чыста з цікаўнасці зазірнуў бы адным вокам. Проста, каб даведацца, ці будзе якое развіццё, ці працягнецца застой, ці ён увогуле прыйдзе ў заняпад. Але на значна большы інтэрвал: не на дзесяць, а на пяцьдзясят або на сто гадоў. А пасля, магчыма, адразу на пяцьсот, на тысячу. Але будучыня мяне не так цікавіць, як мінуўшчына. У мінуўшчыне — мае карані, як фізічныя, так і духоўныя. А будучыня — гэта пакуль пустое месца, голае паветра, у якое, магчыма (а магчыма і не), прарастуць новыя галіны і лісце.
Іголка і кружэлка
Маявер задуменна замаўчаў. Даявед вырашыў гэтым скарыстацца і паспрабаваў пераняць ініцыятыву ў гэтым выразна несіметрычным дыялогу, які нагадваў размову пасля п'янкі, калі ўсе ўжо разышліся, але двое самых трывалых працягваюць дапіваць гарэлку, паліць і разважаць аб жыцці, засынаючы над талеркамі:
— Разумееш, усё адносна. Табе можа здавацца, што жыццё лінейнае, што ў ім ёсць пачатак і канец. У гэтым сэнсе яно тоеснае часу. Час ідзе няспынна і незваротна, а ўнутры яго ідзе тваё жыццё. Шмат людзей марылі аб тым, каб адматаць пэўны адрэзак часу назад, вярнуцца да пэўнай кропкі, нешта змяніць. Ды і нават не змяніць — проста перажыць ці толькі пабачыць штосьці, што здаецца назаўсёды згубленым у мінулым. Але ўсё адносна. Вось возьмем, напрыклад, грамафон. Адносна іголкі — песня лінейная. У яе быццам бы ёсць пачатак і канец, яна мае пэўную працягласць і змяняецца ў часе. Бо гэта — іголка: яна можа адначасова «бачыць» толькі адну кропку. Аднак мы можам узяць у рукі кружэлку, на якой уся песня цалкам існуе ў адзін і той жа час. І адносна самой кружэлкі песня не мае развіцця, яна статычная. «Пачатак» і «канец» тут — рэчы ўмоўныя. Мы нават можам пракруціць яе наадварот, ззаду наперад, можам пракруціць больш павольна ці больш хутка. А іголка ў любым выпадку будзе «бачыць» толькі лінейнае развіццё, кропку за кропкай, якія змяняюцца з цягам часу. Мы ж можам проста дакрануцца да кружэлкі пальцам, тым самым дакранаючыся адначасова да некалькіх кропак, якія адносна іголкі знаходзяцца на вялікай адлегласці, паміж якімі палягае нібыта сам час. Разумееш? Тое, што адносна кружэлкі — толькі прастора, для іголкі — яшчэ і час, бо адносна яе заўжды будзе кропка, якая знаходзіцца ў мінулым, кропка, на якой іголка стаіць у сучасным, і кропка, якая наперадзе, гэта значыць у будучыні. А адносна кружэлкі часу быццам бы не існуе, бо ўсе кропкі на яе паверхні, кожная канаўка, кожны зашыфраваны гук суіснуюць адначасова. І гэта — не штосьці абстрактнае, не якая-небудзь там «тонкая матэрыя», гэта, можна сказаць, бытавы прыклад, добра вядомы амаль кожнаму чалавеку. І гэты прыклад з'яўляецца фізічнай дэманстрацыяй адноснасці часу.