Прыгоды ўдалага ваякі Швэйка ў сусьветную вайну
Шрифт:
— Езус Марыя! — крыкнуў разьюшаны Вадзічка, — я ўжо больш ня вытрымаю! На чорта ты ўсё гэта расказваеш, ніяк зразумець я гэтага не магу. Учора з намі на допыце быў адзін якраз такі самы. У яго аўдытор пытаецца, кім ён быў да вайсковай службы, а ён адказвае: «Дыміў у Крыжа» — і цягнулася гэта цэлай поўгадзіны, пакуль ён растлумачыў, што разьдзімае мех у каваля па прозьвішчы Крыж. А потым, калі аўдытар запытаўся: «Дык што-ж, вы ў яго ў чалядніках?» — ён пачаў плесьці: «Так точна… адна пакута…»
На ўсходах пачуліся крокі і вокліч каравульнага:
— Новы!
— Нашага палка прыбыло, — з радасьцю сказаў Швэйк. Нябось падхопім у яго акурак.
Дзьверы адчыніліся, і ў камэру ўвапхнулі вольнапісанага таго самага, што сядзеў з Швэйкам пад арыштам у Будэйовіцах, а потым быў прыкамандыраваны да кухні аднае з маршавых рот.
— Пахвалёны Езус хрыстус, — сказаў ён, уваходзячы, на што Швэйк за ўсіх адказаў:
— Навекі вякоў. Аман!
Вольнапісаны здаволена глянуў на Швэйка, палажыў на падлогу коўдру, што з сабою прынёс, і прысеў на лаўку да чэскай колёніі. Потым ён раскруціў абмоткі,
— Мяне абвінавачваюць у паўстаньні.
— Ня страшна, — супакоіў Швэйк, — глупства.
— Вядома, — сказаў вольнапісаны, — калі мы такім чынам намерваемся выграць вайну з дапамогаю розных судоў. Калі яны ўжо вельмі хочуць са мною судзіцца, няхай судзяцца. Урэшце лішні процэс нічога ня зьменьвае ў агульнай сітуацыі.
— А як-жа ты паўстаў, — запытаўся сапёр Вадзічка, ветла гледзячы на вольнапісанага.
— Адмовіўся я чысьціць сарціры на гаўптвахце, — адказаў вольнапісаны — Павялі мяне проста да палкоўніка. Ну, а той — вядомая сволач! — пачаў на мяне крычаць, што я арыштаваны на падставе палкавога рапарту, а таму зьяўляюся самым звычайным арыштантам, што ён наогул дзівіцца, як гэта мяне зямля носіць і не перастане круціцца ад сораму, што ў шэрагах арміі знаходзіцца чалавек, які носіць форму вольнапісанага і мае права на афіцэрскую годнасьць і які, ня гледзячы на гэта, сваімі паводзінамі можа выклікаць толькі грэблівасьць у свайго начальства. Я адказаў яму, што вярчэньне зямной кулі ня можа быць парушана знаходкаю на ёй такога вольнапісанага, як я, і што закон прыроды мацней за нашыўкі вольнапісанага. Хацеў-бы я ведаць, — кажу, — хто можа мяне прымусіць чысьціць сарціры, якімі я не карыстаюся, хоць на гэта мае права, харчуючыся з сьвінскай палкавой кухні, дзе даюць гнілую капусту і тухлую бараніну. Да гэтага я дадаў, што мяне трохі дзівіць яго зьдзіўленьне, што як гэта мяне зямля носіць, бо, вядома, праз мяне зямлятрасеньня ніякага ня будзе. Палкоўнік у час мае прамовы толькі скрыгатаў зубамі, як кабыла, калі ёй у горла пападзе мёрзлы бурак, aпотым як зараве на мяне: «Дык будзеце чысьціць сарціры ці ня будзеце?!» — «Зусім не, сарціраў чысьціць ня буду». — «Не, будзеце, няшчасны вольнапёр!» — «Зусім не, ня буду!» — «Чэрці вас няхай возьмуць, вы ў мяне вычысьціце не адзін, а сто сарціраў!» — «Зусім не. Ня вычышчу ні сто, ні аднаго сарціра!» І вось так без канца. «Будзеце чысьціць?» — «Зусім не, ня буду чысьціць!» Мы перакідваліся сарцірамі, як быццам гэта былі дзіцячыя афорызмы з кніжкі для дзяцей малодшага ўзросту Паўліны Моўдрай [83] . Палкоўнік бегаў па канцылярыі, як шалёны, нарэшце сеў і сказаў: «Падумайце, як належыць, іначай я вас за мяцеж перадам дывізійнаму суду. Ня думайце, што вы будзеце першым вольнапісаным, які быў у гэту вайну расстраляны! У Сэрбіі мы павесілі двух вольнапісаных 10-й роты, а аднаго з 9-й расстралялі, як ягкя. А за што? Усё за іх упартасьць. Тыя два, якіх мы павесілі, адмовіліся закалоць жонку і хлопчыка шабацкага „чужака“ [84] , а вольнапісаны 9 й роты быў расстраляны за тое, што адмовіўся наступаць, адгаворваючыся, што ў яго азызьлі ногі і апрача таго пляскаты ступень. Дык будзеце чысьціць сарціры ці ня будзеце?» — «Зусім ня буду!» Палкоўнік паглядзеў на мяне і спытаўся: «Слухайце, вы не славянафіл?» — «Зусім не!» Пасьля гэтага мяне адвялі і абвясьцілі мне, што я абвінавачваюся ў мецяжы.
83
Чэская пісьменніца.
84
Сэрбскі партызан.
— Самае лепшае, — сказаў Швэйк, — калі будзеш прыкідвацца ідыётам. Калі я сядзеў у гарнізоннай турме, дык з намі таксама сядзеў адзін разумны адукаваны чалавек, выкладчык гандлёвай школы. Ён зьбег з поля бойкі, і хацелі ўзьняць шумны процэс, на якім ён на страх іншым павінен быў быць засуджаны на шыбеніцу. Ну, а ён з усяго гэтага вельмі проста вылез. Пачаў прыкідвацца, што ён хварэе спадчыннай хваробай і на аглядзе заявіў штабному доктару, што ён зусім не дэзэртыр, а што ўжо з малых дзён любіць бадзяцца, і ў яго ад самага нараджэньня вялікае жаданьне закаціцца куды-небудзь далей. Неяк раз ён прачнуўся ў Гамбургу, другі раз у Лёндане, сам ня ведаючы, як туды трапіў. Бацька яго быў алькоголікам і налажыў на сябе рукі незадоўіа да ягонараджэньня. Маці была простытутка, заўсёды была п‘яная і памерла ад белай гарачкі. Малодшая сястра ўтапілася. Старэйшая кінулася пад цягнік. Брат кінуўся з Вышаградзкага чыгуначнага мосту. Дзед забіў сваю жонку, абліўся газаю і падпаліў сам сябе. Бабка з другой радні цягалася з цыганамі і атруцілася ў турме запалкамі. Стрыечны брат некалькі разоў быў пад судом за падпал і ў Картоўзах перарэзаў сабе куском шкла сонную артэрыю. Стрыечная сястра з бацькавай радні кінулася ў Вене з шостага паверху. Абсолютна ніхто не сачыў за яго выхаваньнем, і да дзесяці год ён ня ўмеў гаварыць, бо, калі яму было паўгода і яго спавівалі на стале, усе з хаты нейдзе вышлі, а кошка яго сьцягнула з стала, і ён кідаючыся, стукнуўся галавою. Пэрыодычна ў яго моцна баліць галава, у гэтыя моманты ён сам не памятае, што робіць, і ў такім якраз стане ён пашоў з фронту ў Прагу, і толькі пасьля таго,
як яго арыштавала «У Флека» [85] вайсковая паліцыя, ён апамятаўся. Трэба было бачыць, з якой радасьцю яго вызвалілі ад вайсковай службы! Пяць чалавек салдат, што сядзелі з ім у адной камеры, на ўсякі выпадак запісалі на паперку:85
Самая популярная ў Празе піўніца.
«Бацька — алькоголік. Маці — простытутка.
I. Сястра (утапілася).
II. Сястра (цягнік).
Брат (з моста).
Дзед (жонку, газа, запаліў).
III. Бабка (цыганы, запалкі)» і г. д.
Потым, аднаго з пасьлядоўцаў мэтоду выкладчыка гандлёвай школы, калі ён пачаў плявузгаць тое самае штабному доктару і не пасьпеў яшчэ перабрацца і цераз стрыечнага брата, штабны доктар (гэта быў ужо трэці выпадак!), перапыніў: «А твая стрыечная сястра з бацькавай радні кінулася ў Вене з шостага паверху, за тваім выхаваньнем — абібок ты гэтакі! — ніхто не сачыў, але цябе перавыхаваюць у арыштанскіх ротах». Ну, яго завялі ў арыштанскія роты, зьвязалі ў козлы, і з яго як рукою зьняло дрэннае выхаваньне і бацьку-алькоголіка і матку-простытутку, і ён згадзіўся дабраахвотна пайсьці на фронт.
— Цяпер, — сказаў вольнапісаны, — на вайсковай службе ўжо ніхто ня верыць у спадчыннае вар‘яцтва, a то давялося-б усе генэральныя штабы заперці ў вар‘яцкі дом.
За жалезнымі дзьвярыма пачулася шчоўканьне ключа, і ў камеру ўвайшоў профос:
— Пехацінец Швэйк і сапёр Вадзічка — да пана аўдытора.
Усталі. Вадзічка зьвярнуўся да Швэйка:
— Вось, шэльмы, кожны дзень допыт, а толку ніякага! Ужо лепш-бы — халеры на іх! — засудзілі нас і не прыставалі-б да нас кожны божы дзень. Валяемся тут без работы цэлыя дні, а наўкол цябе бегае гэтулькі мадзьярскай шантрапы…
Ідучы на допыт у канцылярыю дывізійнага суду, якая знаходзілася ў процілеглым баку ў другіх казармах, сапёр Вадзічка і Швэйк гаварылі пра тое, калі-ж іх нарэшце будуць судзіць па-сапраўднаму.
— Усё толькі допыт да допыт, — злаваўся Вадзічка, — хоць-бы карысьць якая з гэтага была. Псуюць толькі чорт што паперы, а тут згніеш за кратамі, а сапраўднага суду і ў вочы ня ўбачыш. Ну, скажы па праўдзе, ці можна-ж іхнюю зацірку жраць? А іхнюю капусту з мерзлаю бульбаю? Чэрці яго няхай возьмуць, такой ідыёцкай сусьветнай вайны я ніколі яшчэ ня бачыў. Я думаў, што ўсё гэта будзе зусім іначай.
— А я здаволены, — сказаў Швэйк, — яшчэ некалькі гадоў таму назад, — калі я служыў на тэрміновай службе, — наш фэльдфэбель Сампэра казаў нам: «На вайсковай службе кожны павінен ведаць свае абавязкі!» — і, бывала, так табе пры гэтым заедзе па мордзе, што доўга будзеш памятаць! Ці нябожчык обэр-лейтэнант Квайзэр, бывала, калі прыдзе аглядаць стрэльбы, дык заўсёды прачытае нам лекцыю пра тое, што салдат не павінен даваць волю пачуцьцям: салдаты толькі жывёла, дзяржава іх корміць, поіць каваю, дае ім тытунь у люльку, — і за гэта яны павінны цягнуць ярмо, як валы.
Сапёр Вадзічка задумаўся і праз хвіліну сказаў:
— Калі прыдзеш, Швэйк, да аўдытара, дык ты не залжыся, а паўтарай тое, што казаў на прошлым допыце, каб мне не папасьціся. Галоўнае, што ты бачыў, як на мяне напалі гэтыя мадзьяры. Бо — што ты ні кажы — мы ўсё гэта рабілі з табою разам.
— Ня бойся, Вадзічка, — супакойваў яго Швэйк. Галоўнае будзь спакойны, не хвалюйся. Што тут такое стаць перад якімсьці там дывізійным судом! Ты б паглядзеў, як у ранейшыя гады такі вайсковы суд рабіў. Служыў у нас на тэрміновай настаўнік Гераль, дык той, калі ўсяму нашаму разьдзелу за кару было забаронена адлучацца ў горад, лежачы на ложку, расказваў, што ў Праскім музэі ёсьць кніга пратаколаў вайсковага суду пры Марыі-Тэрэзіі. Дык там напісана, што тагды ў кожным палку быў свой кат, які караў сьмерцю салдат ад штукі, — адзін тэрэзіякскі талер за галаву. Такі кат, як напісана ў тых пратаколах, у нёкаторыя дні зарабляў па пяць талераў.
— Вядома, — дадаў Швэйк паважна, — тагды палкі былі большыя і ўвесь час іх папаўнялі з вёсак.
— Калі я быў у Сэрбіі, — сказаў Вадзічка, — дык у нашай брыгадзе вешаў чужакоў за папяросы любы, хто падахвоціцца: калі павесіць мужчыну — даюць дзесятак папярос «Спорт», жанчыну ці дзіця — пяць. Потым інтэнданцтва пачало экономіць, і сталі расстрэльваць гуртам. Са мною служыў цыган адзін, пра яго мы доўга ня ведалі, што ён гэтым займаецца. Дзівіліся мы толькі, што яго заўсёды нанач клічуць у канцылярыю. Стаялі мы тагды на Дрыне, і вось раз уночы, калі ён пашоў, нехта ўздумаў папароцца ў яго рэчах, а ў гэтага хама ў рэчавым мяшку — цэлыя тры скрынкі папярос «Спорт» па сто штук у кожнай. Пад раніцу ён вярнуўся ў нашу адрыну, і мы з ім хутка расправіліся: павалілі мы яго, а Балёўн душыў яго папругаю. Жывучы быў, як кошка. — Стары сапёр Вадзічка сплюнуў. — He ўдавалася нам яго задушыць — дый годзе! Ужо ён абрабіўся, вочы ў яго вылезьлі, а ўсё яшчэ быў жывы, як недарэзаны певень. Тагды мы сталі разьдзіраць яго, як кошку: два за галаву, два за ногі, і так перакруцілі яму шыю. Потым надзелі мы на яго рэчавы мяшок з папяросамі і кінулі яго, дзе глыбей, у Дрыну. Хто-ж будзе курыць такія папяросы?! А раніцою сталі яго шукаць…
— Вам варта было адрапартаваць, што ён уцёк, — аўторытэтна дадаў Швэйк, — што ён ужо даўнода гэтага рыхтаваўся: кожны дзень гаварыў, што зьбяжыць.
— Ці варта было нам яшчэ пра гэта думаць, — адказаў Вадзічка. — Мы сваю справу зрабілі, а пра іншае мы не клапаціліся. Там гэта было проста: кожны дзень хто-небудзь прападаў, а ўжо з Дрыны ня вылоўлівалі. Згодна плылі там па Дрыне ў Дунай распухлы чужак з нашым абязьвечаным запасьніком. Няпрывычныя, калі гэта першы раз убачаць, дык дрыжаць, нібы іх трасца трасе.