Прыгоды ўдалага ваякі Швэйка ў сусьветную вайну
Шрифт:
— Ім варта даць хіны, — сказаў Швэйк.
Гэтак гаворачы, яны ўвайшлі ў барак, дзе зьмяшчаўся дывізійны суд, і канвойныя іх зараз-жа завялі ў канцылярыю № 8, дзе за доўгім сталом, укрытым сьціртаю паперы, сядзеў аўдытор Рулер.
Перад ім ляжаў том Збору законаў, на якім стаяла недапітая шклянка гарбаты. З правага боку стаяў крыж з тандэтнай сланёвай косьці і запыленым хрыстом, які безнадзейна глядзеў на падстаўку свайго крыжа, на якой ляжаў попел і акуркі. Аўдытор Рулер аднэю рукой пастукваў новаю папяросаю па падстаўцы крыжа, на новыя пакуты ўкрыжаванага бога, а другою аддзіраў шклянку з гарбатаю, якая прыклеілася да Збору законаў. Ададраўшы шклянку, ён далей гартаў кнігу, узятую ў афіцэрскім сабраньні. Гэта была кніга Фр. С. Краўзэ з многазначным загалоўкам: «Forschungen zur Entwicklungsgeschichte der geschlechtlichen Moral [86] .
86
Досьледы
Аўдытор захапіўся разглядваньнем рэпродукцый з наіўных малюнкаў мужчынскага і жаночага родавага прыладзьдзя з адпаведнымі вершамі, якія знашоў вучоны Фр. С. Краўзэ ў прыбіральнях бэрлінскага заходняга вакзалу, і не заўважыў, як увайшлі Вадзічка і Швэйк.
Ён адарваўся ад рэпродукцый толькі пасьля таго, як Вадзічка закашляў.
— Was geht los? [87] — запытаўся ён, перагортваючы дален і шукаючы новых прымітыўных малюнкаў і замалёвак.
— Асьмелюся далажыць, пан аўдытор, — адказаў Швэйк, — колега Вадзічка прастудзіўся і кашляе.
87
У чым справа?
Аўдытор толькі цяпер глянуў на Швэйка і Вадзічку. Ён настараўся надаць свайму твару строгі выгляд.
— Нарэшце прыцягнуліся — сказаў аўдытор, рыючыся ў кучы спраў на стале. — Я загадаў вас паклікаць у дзесяць гадзін, а цяпер ужо зараз адзінаццаць. Як ты стаіш, асёл? зьвярнуўся ён да Вадзічкі, які асьмеліўся стаяць „вольна“. Калі скажу „вольна“, можаш рабіць з сваімі нажышкамі, што хочаш.
— Асьмелюся далажыць, пан аўдытор, — абазваўся Швэйк, — у яго раматус.
— Дзяржы язык за зубамі! — сказаў аўдытор Рулер. — Адкажаш, калі ў цябе папытаюцца. Быў ты ў мяне ўжо тры разы на допыце, і з цябе нічога ня выцягнеш. Знайду я гэту справу нарэшце ці не знайду? I было-ж мне з вамі, нягоднікамі, клопату! Ну, ды гэта вам так ня пройдзе, дарэмна завальваць суд работай! Ну дык слухайце, крапіўнае насеньне, — сказаў ён, выцягваючы са сьцірты актаў вялікую справу, з загалоўкам: „Швэйк і Вадзічка“. Ня думайце, што праз якую-небудзь дурную бойку вы і далей будзеце ляжаць на баку ў дывізійнай турме і акапаецеся тут часова ад фронту. Праз вас, ёлапаў, мне прышлося тэлефонаваць у суд пры штабе арміі.
Аўдытор уздыхнуў.
— Што ты робіш такую сур‘ёзную міну — быццам ня вінаваты. — На фронце ў цябе прападзе ахвота біцца з гонвэдамі, — сказаў аўдытор Швэйку. — Справа пра вас абодвых спыняецца і кожны з вас пойдзе ў свой полк, дзе будзе пакараны ў дысцыплінарным парадку, а потым пойдзеце са сваёю маршавай ротай на фронт. Няхай толькі пападзяцеся яшчэ раз мне ў рукі, нягоднікіі Я вас так вазьму ў работу, што вы доўга будзеце памятаць! Вось вам ордэр аб вызваленьні, і трымайце сабе прыстойна. Завядзеце іх у другі нумар.
— Асьмелюся далажыць, пан аўдытор, — сказаў Швэйк, — мы абодва ўсе вашы словы замацавалі ў нашых сэрцах і нявыказна вам удзячны за вашу дабрату. Каб гэта ня было на вайсковай службе, дык я дазволіў-бы сабе назваць вас залатым чалавекам. Мы абодва вас вельмі просім дараваць нам за тое, што вам прышлося праз нас гэтулькі клапаціцца. Па праўдзе кажучы, мы гэтага не заслужылі.
— Выбірайцеся вы нарэшце к чортавай матары! — крыкнуў на Швэйка аўдытор. — Каб не заступіўся за вас палкоўнік Шрэдэр, дык ня ведаю, чым-бы ўся гэта справа скончылася.
Вадзічка адчуў сябе ранейшым Вадзічкаю толькі ў калідоры, калі яны пашлі разам з канвоем у канцылярыю № 2.
Салдат, які іх вёў, баяўся спазьніцца на абед і сказаў ім:
— Дык вы, хлопцы, трошкі прыбаўце кроку. Цягняцеся, як вошы.
На гэта Вадзічка сказаў канваіру, каб ён вельмі не разыходзіўся, шчасьлівы яго бог, што ён чэх, а каб ён быў мадзьяр, ён разадраў-бы яго, як селядца.
З прычыны таго, што вайсковыя пісары пашлі з канцылярыі на абед, канваір, які вёў Швэйка і Вадзічку, прымушан быў завесьці іх назад у арыштанскае памяшканьне дывізійнага суду. Канваір на чым сьвет стаіць праклінаў зьненавідную расу вайсковых пісароў.
— Таварышы зноў вылавяць у мяне ўсю тлустасьць з супу, — закрычаў ён трагічна, — а замест мяса пакінуць адны жылы. Учора вось таксама вадзіў двух у лягер, а нехта ў мяне зжор палавіну пайка, які за мяне атрымаў.
— Вы ў дывізійным судзе апрача жраньня ні пра што іншае ня думаеце, — сказаў
павесялелы Вадзічка.Калі Швэйк і Вадзічка расказалі вольнапісанаму, як скончылася іх справа, ён ускрыкнуў!
— Дык, значыць, у маршавую роту, — сябры! „Пажадаем-жа, каб вецер служыў у дарогу вашай экскурсіі“, як напісалі-б у часопісі чэскіх турыстаў. Падрыхтоўчая праца да экскурсіі ўжо скончана. Начальства пра ўсё загадзе паклапацілася. А вы, запісаныя, як удзельнікі экскурсіі ў Галіцыю, адпраўляйцеся ў дарогу ў вясёлым настроі із лёгкім сэрцам. З цёплым пачуцьцём сустрэньце вобласьць, якая пазнаёміць вас з акопамі. Прыгожае і цікавае відовішча. Вы адчуеце сябе на далёкай чужыне, як дома, як у роднай краіне, амаль як у сваёй сям‘і. З узьнятым пачуцьцём вы ўвойдзеце ў вобласьці, пра якія яшчэ стары Гумбольд сказаў: „Ва ўсім сьвеце я ня бачыў большага хараства, як гэта дурнецкая Галіцыя! Багатая практыка, набытая нашай пераможнай арміяй пры адступленьні з Галіцыі пасьля першага паходу, бясспрэчна будзе таею зоркаю, якая будзе паказваць шлях пры складаньні програмы другога паходу. Толькі наперад проста ў самую Расію і ад радасьці выпусьціце ў паветра ўсе патроны!
Пасьля абеду перад тым, як Швэйку і Вадзічку ісьці ў канцылярыю, да іх падышоў няшчасны настаўнік, што склаў верш пра вошы і, адвёўшы абодвых у бок, таямніча сказаў:
— He забудзьцеся, калі будзеце ў рускіх, зараз-жа сказаць рускім: „добры дзень, рускія браты, мы браты-чэхі, мы не аўстрыйцы“.
Калі яны выходзілі з казармаў, — Вадзічка, жадаючы дэмонстрацыйна выказаць сваю нянавісьць да мадзьяраў і паказаць, што нават арышт ня мог пахіснуць і зламаць яго пераконаньняў, наступіў мадзьяру, які прынцыпова адмаўляў вайсковую службу, на нагу і закрычаў на яго:
— Абуйся, куксач!
— Шкода, што нічога не адказаў, — нездаволена сказгў сапёр Вадзічка Швэйку, — Дарэмна нічога не сказаў. Я-б яго мядзьярскую храпу разадраў ад вуха да вуха. А ён, дурніца, маўчыць і дазваляе наступаць сабе на нагу. Чэрці яго няхай возьмуць, Швэйк, злосьць мяне бярэ, што нас не засудзілі! Гэтак выходзіць, што з нас як-бы кпяць. А мы-ж, па праўдзе кажучы, біліся, як львы. Гэта ты вінават, шта нас не засудзілі, а далі нам такое пасьведчаньне, як быццам мы і біцца, як мае быць, ня ўмеем. За каго яны нас лічаць? Усё-ж такі гэта быў зусім нядрэнны конфлікт.
— Любы мой, — сказаў дабрадушна Швэйк, — я па праўдзе кажучы, як належыць не разумею, чым ты нездаволен. Дывізійны-ж суд прызнаў нас за абсолютна прыстойных людзей, супроць якіх ён нічога ня мае. Праўда, я пры допыце ўсяляк выкручваўся, гэта так трэба. „Ваш абавязак хлусіць“, казаў заўсёды адвакат Бас сваім кліентам. Калі мяне аўдытор запытаўся: „Чаго вы ўварваліся ў кватэру пана Каконя?“ — дык я яму на гэта проста адказаў:“ Я думаў, што мы бліжэй за ўсё пазнаёмімся з панам Каконем, калі будзем хадзіць да яго ў госьці». Пасьля гэтага аўдытор ужо больш нічога ў мяне ня пытаўся. Гэтага было яму зусім досыць. Памятай, брат, заўсёды, — разважаў Швэйк далей, — вайсковаму суду нельга прызнавацца. Калі я сядзеў у турме пры гарнізонным судзе, дык у суседняй камеры адзін салдат прызнаўся, а калі рэшта арыштантаў пра гэта даведалася, дык «накрылі яго коўдрай» [88] і прымусілі яго адрачыся ад свайго прызнаньня.
88
Арыштанты зьбіваюць таварыша, які перад імі правініўся, накрыўшы коўдрай, каб не пазнаў, хто б‘е.
— Калі-б я зрабіў што-небудзь ганебнае, дык ня прызнаўся-б, — сказаў сапёр Вадзічка. — Ну, а калі мяне гэты тып аўдытор проста пытае: «Біліся?» Дык я яму адказаў: «Так, біўся». — «Ці зьбілі каго-небудзь?» — «Так точна, пан аўдытор». — «Ці дайшла справа да калецтва?» — «Вядома, пан аўдытор». Няхай ведае, з кім гаворыць. Які сорам, што нас вызвалілі! Гатак выходзіць, быццам ён ня хоча верыць, што я схвастаў аб гэтых мядзьярскіх хуліганаў сваю папругу, што я іх на макарону зрабіў і наставіў ім гузоў і ліхтароў. Ты-ж быў пры гэтым, як на мяне напалі тры мядзьярскія халуі і як праз хвіліну ўсе яны ляжалі на зямлі і я іх тапатаў нагамі. I пасьля ўсяго гэтага нейкі там аўдыторскі смаркач спыняе сьледзтва. Гэта ўсёроўна, як-бы ён мне сказаў: «Кожная з… — лезе яшчэ біцца!» Як толькі скончыцца вайна, і я буду ў цывільным, я яго, сапляка, знайду і пакажу яму, як я ўмею біцца! Потым прыеду сюды ў Кірал-Хіду і наладжу тут такі мардабой, што яшчэ ў сьвеце такога ня было! Людзі будуць хавацца ў скляпы, як толькі пачуюць, што я прышоў паглядзець на іх кіральхідзкіх валацуг, на гэтых басякоў, на гэтых шэльмаў!