Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Прыгоды ўдалага ваякі Швэйка ў сусьветную вайну

Гашак Яраслаў

Шрифт:
* * *

У канцылярыі справа была скончана як бач. Фэльдфэбель з тлустымі яшчэ ад абеду губамі, падаючы Швэйку і Вадзічку паперы і зрабіўшы пры гэтым надзвычайна сур‘ёзны твар, не абышоўся без прамовы перад імі абодвымі, у якой апэляваў да іх вайсковага духу. Прамову сваю (ён быў сілескі паляк) фэльдфэбель аздобіў каралямі свайго дыялекту. Разьвітваючыся, Швэйк сказаў Вадзічку:

— Як толькі скончыцца вайна, зайдзі мяне даведацца. Я кожны вечар з шасьці гадзін «У Келіха» на Боішчы.

— Вядома прыду, — адказаў Вадзічка, скандалы-ж там бываюць?

— Кожны дзень — абяцаў Швэйк, — а ўжо калі будзе вельмі ціха, дык мы, паводле нашых сіл, самі што-небудзь наладзім.

Сябры разышліся, і, калі ўжо былі досыць далёка адзін ад другога, стары сапёр Вадзічка крыкнуў Швэйку:

— Дык ты там паклапаціўся ўжо пра якое-небудзь для мяне разгарненьне, калі я куды прыду!

На гэта Швэйк крыкнуў:

— Ды глядзі ж, прыходзь пасьля вайны!

Адышліся

яшчэ адзін ад другога і раптам пачуўся з-за вугла другога шару баракаў голас Вадзічкі:

— Швэйк! Швэйк! Якое падаюць «У Келіха» піва?

Як рэха адгукнуўся Швэйк:

— Вялікапаповіцкае!

— А я думаў, што сьміхоўскае! — крычаў здалёк сапёр Вадзічка.

— Есьць там і дзяўчаты! — крычаў Швэйк.

— Дык, значыць, пасьля вайны ў шэсьць гадзін вечара, — крычаў здалёк Вадзічка.

— Прыходзь лепш а палове сёмай, можа я спазьнюся! — адказаў Швэйк.

Потым пачуўся яшчэ, ужо вельмі здалёк, голас Вадзічкі.

— А ў шэсьць гадзін прыйсьці ня здолееш?

— Прыду ў шэсьць! — пачуў Вадзічка адказ таварыша.

Так разлучыліся ўдалы ваяка Швэйк з старым сапёрам Вадзічкам.

Сябры ў момант разьвітаньня З надзеяй шэпчуць: «Да спатканьня» [89] .

Разьдзел V

З моста на Літаве ў Сокал

Раззлаваны паручнік Лукаш бегаў па канцылярыі адзінаццатай маршавай роты. Гэта была цёмная дзіра ў адрыне, дзе зьмяшчалася рота, адгароджаная толькі дошкамі ад калідора. У канцылярыі стаяў стол, два крэсла, бутэлька з газаю і ложак. Перад Лукашом стаяў старшы пісар Ванэк, які складаў у гэтым памяшканьні ведамасьці на салдацкую пэнсію, вёў справаздачнасьць пра салдацкую кухню, адным словам, быў міністрам фінансаў усяе роты, праводзіў тут цэлы божы дзень, тут-жа і спаў. Ля дзьвярэй стаяў тоўсты пехацінец, які аброс барадою, як краканош [90] . Гэта быў Балёўн, новы дзяншчык паручніка, да вайсковай службы мелькік, з-пад Чэскага Крушлова.

89

Песенька аўстрыйскіх немцаў.

90

Чэскі казачны герой.

— Няма чаго сказаць, знайшлі вы мне дзяншчыка, — зьвярнуўся паручнік Лукаш да старшага пісара, — вельмі вам дзякую за такі сюрпрыз! У першы-ж дзень пасылаю яго па абед у афіцэрскую кухню, а ён, пакуль прынёс, дык зжор палавіну майго абеда.

— Выбачайце, я яго разьліў, — сказаў тоўсты вялікан.

— Згодзімся, што так. Разьліць можна суп ці падліўку, але не франкфурцкае смажэньне. Ты-ж ад смажэньня прынёс такі кусочак, што яго пад ногаць схаваць можна. Ну, а куды ты дзеў яблычны пірог?

— Я…

— Няма чаго лгаць. Ты яго зжор!

Апошняе слова паручнік сказаў так строга і так энэргічна, што Балёўн на ўсякі выпадак адступіў на два крокі.

— Я сягоньня даведваўся на кухні, што ў нас было на абед. Быў суп з фрыкадэлькамі з пячонкі. Куды ты дзеў фрыкадэлькі? Ідучы павыцягваў? Ясна, як дзень. Апрача таго была вараная ялавічына з агурком. Куды яна дзелася? Таксама зжор. Два кускі франкфурцкага смажэньня, а ты прынёс мне толькі паўкусочка Ну? Двакускі яблычнага пірага. Куды іх дзеў? Напхаўся, паршывая і брудная сьвіньня? Кажы, куды дзеў яблычнае пірожнае? Можа, ты ў гразь яго ўпусьціў? Ну, шэльма! Пакажы мне тое месца, дзе ляжыць гэты кусок у гразі. Можа, як назнарок, прыбег туды сабака, знашоў гэты кусок і панёс яго? Божухна ты мой, Езус хрыстус! Я так наб‘ю табе морду, што яна будзе ў цябе, ях ражка! Гэта сволач асьмельваецца яшчэ хлусіць! Ведаеш, хто цябе бачыў? Старшы пісар Ванэк. Ён сам прышоў да мяне і кажа: «Асьмелюся далажыць, пан паручнік, ваш Балёўн жарэ, сукін сын ваш абед. Гляджу я ў вакно, а ён напіхваецца, як быццам цэлы тыдзень нічога ня еў». Слухайце, старшы пісар, няўжо вы не маглі знайсьці горшую жывёліну за гэтага малончыка?

— Асьмелюся далажыць, пан обэр-лейтэнант, мне паказалася, што з усяе маршавай роты Балёўя найбольш для гэтага падыходзіць. Гэта такая дубіна, што ня мог наўчыцца зрабіць ніводнага прыёму з стрэльбай, і каб яму даў у рукі вінтоўку, дык ён-бы яшчэ бяды нарабіў. Нядаўна, страляючы халастымі набоямі, чуць не прастрэліў вока свайму суседу. Я думаў, што ён, прынамсі, будзе годны на гэту службу.

— Зжэрці абед свайго афіцэра! — сказаў Лукаш. — Як быццам яму не хапае свае порцыі. Ну цяпер, думаю, ты ўжо не галодны?

— Асьмелюся далажыць, пан обэр-лейтэнант, я заўсёды галодны. Калі ў каго застаецца хлеб, дык я тут-жа выменьваю яго на папяросы і ўсё мне мала, такі ўжо я ўрадзіўся. Думаю: ну цяпер ужо наеўся — адно-ж не! Хвіліну пачакаўшы, пачыяае ў мяне зноў у жываце бурчаць, як да яды, і глядзіш, ён, сьцерва, зноў не дае мне спакою. Іншы раз думаю, што ўжо сапраўды хопіць, што больш у мяне ўжо ня ўлезе, дык дзе вы бачылі! Як убачу,

што хто-небудзь есьць ці пачую які-небудзь пах, дык зразу ў жываце, быццам яго памялом вымялі: зноў ён пачынае заяўляць пра свае правы. Я тагды гатоў хоць цьвікі глытаць! Асьмелюся далажыць, пан обэр-лейтэнант, — я ўжо ня раз прасіў: ці ня можна мне атрымоўваць падвойную порцыю. Праз гэта я быў у Будэйовіцах у палкавога доктара, а той замест падвойнай порцыі засадзіў мяне на два дні ў шпіталь і прапісаў мне ў дэень толькі кубачак чыстага бульёну. «Я, — кажа, — пакажу табе, нягоднік, як табе твае порцыі не хапае! Прыдзі толькі яшчэ раз, дык пойдзеш адгэтуль, як шчэпка». Мне ніяк нельга, пан паручнік, глядзець на смачныя рэчы, дый простыя выклікаюць у мяне такі апэтыт, што ў мяне сьлінка цячэ. Асьмелюся прасіць, пан обэр-лентэнант, зрабеце такую боскую ласку, загадайце, каб мне давалі падвойную порцыю. Калі мяса ня будзе, дык хоць-бы бульбу давалі, кнэдлікі, трошкі падліўкі, гэта-ж заўсёды застаецца.

— Досыць з мяне тваіх нахабных выбрыкаў! — адказаў паручнік Лукаш. — Ці бачылі вы калі-небудзь, старшы пісар, больш нахабнага салдата, як гэты асталоп: зжор абед ды яшчэ хоча, каб яму выдэвалі падвойную порцыю. Гэты абед табе праз бок вылязе! Старшы пісар, — зьвярнуўся ён да Ванэка, — завядзеце яго да капрала Вайдэнгофэра, няхай той яго мацней прывяжа на дварэ каля кухні на дзьве гадзіны, калі будуць раздаваць гуляш. Няхай прывяжа вышэй, каб ён трымаўся толькі на самых пальчыках і бачыў, як у катле варыцца гуляш. Ды зрабеце так, каб нягоднік гэты быў яшчэ прывязаны, калі будуць раздаваць гуляш, каб у яго сьлінка пацякла, як у галоднай сукі, каля тая аціраецца ў кілбасьні, скажэце кухару, няхай яго порцыю падзеліць і аддасьць.

— Слухаю, пан обэр-лейтэнант. Хадзем, Балёўн.

Калі яны ўжо выходзілі, паручнік затрымаў іх у дзьвярах і, гледзячы проста ў спужаны твар Балёўна, пераможна сказаў:

— Ну што? Дабіўся свайго? Прыемнага апэтыту! А калі яшчэ раз зробіш са мною такую штуку, я цябе адразу пашлю ў вайскова-палявы суд.

Калі Ванэк вярнуўся і абвясьціў, што Балёўн ужо прывязаны, паручнік Лукаш сказаў:

— Вы мяне, Ванэк, ведаеце, я ня люблю гэтага рабіць, але я ня мог зрабіць іначай. Па-першае, вы ведаеце, што калі нават у сабакі адбіраюць, костку, дык, і яна агрызаецца. Я не хачу, каб каля мяне жыў нягоднік. Па-другое, тая акалічнасьць, што Балёўн прывязаны, мае вялікае моральнае і псыхолёгічнае значэньне для ўсяе каманды. За апошні час хлопцы, як толькі пападуць у маршавы батальён і ведаюць, што іх заўтра ці пасьлязаўтра адправяць на позыцыі, робяць усё, што ім уздумаецца. — Паручнік са змучаным выглядам ціха гаварыў далей: — Пазаўчора ў час начных манэўраў павінны былі мы дзейнічаць супроць вучэбнай каманды вольнапісаных за цукравым заводам. Першы разьдзел, які ішоў у авангардзе пад маёй камандай па шашы, больш-менш захоўваў цішыню, але другі, што павінен быў ісьці налева і раставіць пад цукровым заводам дазоры, той трымаў сябе, як моладзі, што варочаецца з загароднай прагулкі. Пяюць сабе і стукаюцьнагамі, аж у лягеры чуваць было. Апрача таго на правым флангу ішоў на рэкогносцыроўку мясцовасьці каля лесу трэці разьдзел. Гэта было ад нас на адлегласьці прынамсі хвілін на дзесяць хады, а ўсё-ж добра відаць было, што гэтыя шэльмы кураць: усюды агнявыя кропкі. А чацьверты разьдзел, той, што павінен быў быць ар‘ергардам, чорт ведае якім чынам раптам зьявіўся перад нашым авангардам, так што мы палічылі яго за няпрыяцеля, і я сам павінен быў адступіць перад сваім ар‘ергардам, які наступаў на мяне. Гэта была адзінаццатая маршавая рота, якую цяпер мне далі. Што я з гэтай каманды магу зрабіць? Як яны будуць трымацца ў часе бою.

Пры гэтых словах Лукаш з тварам пакутніка злажыў рукі, як быццам зьбіраўся маліцца, a нос у яго выцягнуўся.

— Вы на гэта, пан паручнік, не зьвяратайце ўвагі, — стараўся супакоіць яго старшы пісар Ванэк. — Ня варта пра гэта і думаць. Я вось ужо быў у трох маршавых ротах, і кожную з іх разам з усімі батальёнамі раскалашмацілі, а нас адпраўлялі зноў формавацца. Усе гэтыя маршавыя роты былі адна горшая аа другую і ніводнай з іх вось на столечкі ня была лепшаю за вашу, пан обэр-лейтэнант. Горшаю за ўсе была 9 ая. Тая з сабою пацягнула ў палон усіх унтэраў і ротнага камандзіра. Мяне выратавала толькі тое, што я адправіўся ў палкавы абоз па ром і віно, і яны зрабілі ўсё гэта без мяне. А ці ведаеце вы, пан обэр-лейтэнант, што ў час апошніх начных манэўраў, пра якія вы былі ласкавы расказваць, каманда вольнапісаных, якая павінна была абыйсьці нашу маршавую роту, заблудзіла і вышла да Нэзыдэрскага возера? Маршыруе сабе ўсё далей і далей аж да самай раніцы, а выведныя патрулі — дык тыя проста ўлезьлі ў балота. А вёў яе сам пан капітан Сагнэр. Яны-б дайшлі аж да самай Шопроні, каб не разьвіднелася! — гаварыў далей конфідэнцыяльным тонам старшы пісар, які смакаваў такія здарэньні; ніводнае з іх не магло схавацца ад яго ўвагі. — Ці ведаеце вы, пан обэр-лейтэнант, — сказаў ён, інтымна падміргваючы Лукашу, — што пан капітан Сагнэр будзе назяачаны камандзірам нашага маршавага батальёну? Раней — як пра гэта казаў фэльдфэбель Гэгнэр з штабу спачатку меркавалася, што камандзірам, як самы старшы з нашмх афіцэраў, будзеце назначаны вы, а потым нібы прышоў у брыгаду загад з дывізіі, што назначан пан капітан Сагнэр…

Поделиться с друзьями: