Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Пугачоўскі цырульнік

Шніп Віктар

Шрифт:

Электразварка

25.06.2011. Акрамя цыркулярнай пілы ў тэхнікуме ўсе баяліся электразваркі. Без роспісу ў сшытку, што калі цябе заб’е токам, то ты і толькі ты будзеш вінаваты ў сваёй смерці, да працы з электразваркай нікога не дапускалі. І вось праз некалькі дзён страху я адважыўся і паставіў у сшытку свой роспіс, і мне далі смяртэльны апарат. І толькі я пачаў прыварваць арматурыну да нейкага швелера, як на сцяне на момант убачыў свой чорны цень, дзе на маёй галаве дыба стаялі валасы, а на іх ляжала, як гарэлы блін, шапка — гэта праз мяне прайшоў ток. Ачухаўся я праз некалькі хвілін каля станка, дзе цыркулярная піла сыпала на мяне пахучыя бярозавыя апілкі…

Плавец

25.06.2011.

Зімой у тэхнікуме на ўроках фізкультуры нас вадзілі ў адкрыты басейн у Палац воднага спорту, што каля парку Чалюскінцаў. Плаваць я не ўмеў і не навучыўся. А тут трэба здаваць залік. Хворым прытварыцца я не паспеў, таму, як і ўсе, выйшаў на старт. Вакол басейна гурбы снегу, а над вадой густая пара. І калі ўсе паплылі, паплыў неяк і я. Даплыўшы да густой пары, я тут жа бокам­бокам дайшоў да раздзявалкі, у якой нікога не было. Хуценька апрануўся і паехаў у тэхнікум на чарговую лекцыю, якая пачалася праз паўгадзіны. У аўдыторыі, акрамя мяне, нікога не было. Выкладчыца пахваліла, што я не ўцёк з яе лекцыі і адпусціла мяне ў інтэрнат. І толькі я выйшаў з тэхнікума, як, з прыйшоўшага трамвая, да мяне кінуліся мае аднакурснікі: «Дзе ты быў?! Мы думалі, што ты ўтануў у басейне і цэлую гадзіну ныралі, шукаючы цябе!»

Сямён Оркін

26.06.2011. З Сямёнам Оркіным я пазнаёміўся на пасяджэнні літаб’яднання «Крыніцы» пры «Чырвонай змене». Мне было дваццаць, а Сямёну — пад пяцьдзясят. Але вялікая розніца ў гадах не стала перашкодай для нашага творчага сяброўства. Сямёна ў рэдакцыях не любілі, бо ён заводзіў з імі бясконцыя злыя перапіскі. Аднак Сямён злым не быў, ён проста хацеў справядлівасці ў адносінах да сябе. А справядлівасці не было — і гэта злавала паэта, і асабліва выводзіла яго з сябе тое, што калі ён пасылаў свае вершы ў рэдакцыі ўперамешку з вершамі класікаў, то атрымоўваў разгромныя адказы і на свае творы, і на Багдановіча, і на Ясеніна. Перапіску Сямён вёў сур’ёзна. У яго ўсё было ў некалькіх копіях падшыта ў асобных папках і пазначана, калі і куды што адаслана. Паказваючы мне гэтыя свае папкі, Сямён смяяўся: «Я іх навучу разбірацца ў паэзіі!» Акрамя вершаў, мой сябрук пісаў гумарыстычныя творы. І дзякуючы яму я доўгі час хадзіў на пасяджэнні мінскіх сатырыкаў і гумарыстаў, сярод чалавек пятнаццаці я быў самым маладым. Збіраліся таем­ на ў нейкім падвале, дзе была нейчая майстэрня. Чыталі свае творы, абмяркоўвалі, планавалі сумесныя публікацыі ў Маскве і ў замежжы, гаварылі пра палітыку і пра тое, што трэба з’язджаць з гэтай краіны. І, відаць, усе тыя гумарысты і сатырыкі з’ехалі, як з’ехаў у Ізраіль Сямён Оркін, бо нікога з іх больш ні ў жыцці, ні ў нашым друку не сустракаў…

На Маскоўскіх могілках

26.06.2011. З Людмілай ездзілі на Маскоўскія могілкі. Пакланіліся любімым пісьменнікам. Уразіла магіла Барыса Сачанкі, да якога ў мінулым годзе была падхавана ягоная жонка. Цяпер помнік выглядае так, нібыта пад ім нехта капаўся, шукаючы золата і не знайшоўшы нічога, прыкрыў кучу зямлі вянком…

Ужо хутка будзе шэсць гадоў, як няма помніка мастаку Яўгену Чамадураву. Магіла зарасла быльнягом, з якога сіратліва выглядае драўляны крыж. Цяпер разумею старога, які пражыў больш за 90 гадоў і апошнія сілы аддаў, каб у «Мастацкай літаратуры» выйшла ягоная кніжка ўспамінаў пра сябе і сваіх родных у серыі «ЖЗЛБ». У кніжцы ўсе сваякі мастака чулыя і клапатлівыя людзі…

Магіла Васіля Быкава засыпана кветкамі. І камень на ягонай магіле, як цэнтр болю беларусаў за Беларусь…

Магілу Уладзіміра Караткевіча нядаўна прыбіралі. На свежым пяску мурашкі здужалі пчалу, і, пакуль мы ў думках размаўлялі з Уладзімірам Сямёнавічам, яны ў яе забралі жыццё…

Ніколі не мінаю Анатоля Грачанікава. Пасля яго з Людмілай падышлі да Яўгеніі Янішчыц. Анатоль і Яўгенія — гэта мая маладосць…

Па могілках хадзілі амаль дзве гадзіны. На некаторых магілах вясна, на некаторых лета, а на некаторых ужо восень…

Раман Тармола-­Мірскі

27.06.2011. З інтэрнэту даведаўся, што 25 чэрвеня на 76­м годзе жыцця памёр паэт Раман Тармола­Мірскі. Гадоў пятнаццаць назад яму выразалі злаякасную пухліну ў страўніку. Пасля чаго

спадар Раман не перастаў быць аптымістам і, відаць, ягоны аптымізм дапамог яму яшчэ нямала пажыць. У той час паэт быў частым госцем у «ЛіМе» ў Барыса Пятровіча і мяне. Яго было цікава слухаць, з ім было добра гаварыць і маўчаць. Дзякуючы Барысу многае з новага, што пісаў Тармола­Мірскі, друкавалася ў «ЛіМе». І калі сышоў з тыднёвіка Пятровіч, знік некуды і Раман. Некалькі разоў я спрабаваў адшукаць паэта, але так і не змог знайсці яго. Я нават думаў, што ён памёр і ніхто гэтага не заўважыў…

Званок ад Пташнікава

28.06.2011. Тэлефонны званок. Падымаю трубку і чую хрыплаваты голас вельмі падобны на Івана Курбекі, які некалькі гадоў назад памёр. Нават на момант падумалася, што гэта і тэлефануе сам Курбека. «Віктар, цябе турбуе Іван Пташнікаў. Дапамажы мне звязацца з выдавецтвам «Беларусь». Там па «ШБ» выдаюць мае творы…» — сказаў Іван Мікалаевіч. Адшукаўшы патрэбныя нумары тэлефонаў, я пацікавіўся ў Пташнікава пра здароўе. «Так сабе…» — адказаў празаік. «Што­-небудзь новае цяпер пішаце?» — «Пішу крыху…» Пажадаўшы адзін аднаму ўсяго найлепшага, мы развіталіся. Пасля размовы я зазірнуў у пісьменніцкі даведнік: «Іван Пташнікаў нарадзіўся 7 кастрычніка 1932 года…»

Мужык з касой

28.06.2011. Вяртаюся дахаты. На прыпынку «Тэатр музкамедыі» ў аўтобус з касой зайшоў пажылы мужык. Людзі моўчкі расступіліся, даючы дарогу касцу. На наступным прыпынку мужык з касой выйшаў і пайшоў у краму. Хлопец, які стаяў побач са мной, прашаптаў сяброўцы: «Нейчая смерць пайшла…»

Сумна…

28.06.2011. На працу да мяне заходзіўся Казімір Камейша. Пагаварылі пра жыццё­быццё. Узгадалі добрым словам нядаўна памерлага Рамана Тармолу­Мірскага. Пашкадавалі яго як чалавека. На развітанне Казімір Вікенцьевіч, сумна ўсміхнуўшыся, працытаваў эпіграму Міколы Татура: «Я быў на вечары Тармолы. Кароль жа голы…»

Дэзірцір…

29.06.2011. «Расійскі дэзірцір Пацееў выехаў у ЗША праз Беларусь…» — гэтая інтэрнэтаўская інфармацыя напомніла мне пра мінулагоднюю паездку ў адзін з раёнаў нашай краіны. Выступаў я ў вясковай бібліятэцы, і, як звычайна, пасля бібліятэкарка павяла да сябе дамоў паабедаць. Па дарозе даведаўся, што жанчына некалькі гадоў таму выгнала мужа, які не хацеў нічога рабіць і толькі п’янстваваў. Цяпер у яе ўжо другі год жыве трыццацігадовы хлопец, які ўцёк з Чачні, дзе ваяваў па кантракце…

Маналог

30.06.2011. Мастак Валерый Рагалевіч прынёс пачытаць часопіс «Монолог» (Свободное творчество) № 15. Зроблена па­еўрапейску. Амаль усё цікава. Заселі ў галаве радкі Веніяміна Блажэннага:

Я последним покинул концертную залу, Потому что уже я недужен и стар, Потому что душа мая скрипкою стала И я ждал, когда скрипку уложат в футляр…
ЛІПЕНЬ

Літаратурнае прадмесце

1.07.2011. Учора ў Музеі Янкі Купалы пафарбавалі падлогу, і сваё «Літаратурнае прадмесце» Людміла Рублеўская прывяла дамоў. На жаль, не ўсе змаглі дабрацца да нас, а тыя, хто не пабаяўся грамадскага транспарта (Мікола Кандратаў, Юрась Нераток, Юрась Пацюпа з сяброўкай­паэткай Зояй, Таццяна Пратасевіч, Наста Грышчук, Наталля Кучмель і Віктар Лупасін), абмеркавалі рукапіс новай кніжкі Міколы Кандратава. Гаварылі шмат. Мікола з нечым згаджаўся, недзе маўчаў, а часам і спрачаўся. Прысутныя сышліся на адной думцы — кніга атрымалася цікавай і амаль усе вершы ў ёй напісаны на добрым мастацкім узроўні. Потым, як звычайна, усе чыталі свае новыя вершы. Пачалі з Пацюпы, які агучыў творы з «Дзеяслова» № 52, і закончылі маімі вершамі з «Полымя» № 6…

Поделиться с друзьями: