Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Пугачоўскі цырульнік

Шніп Віктар

Шрифт:

Зноў, як у цягніку…

2.07.2011. Зноў мама ў нас. І мая ноч прайшла, як у цягніку, які спыняўся разоў дзесяць…

* * *

2.07.2011. Дождж. Пад ліпамі абляцелы цвет, як вялікія мёртвыя пчолы…

На «Птушыным востраве»…

2.07.2011. Два тыдні таму ў парку на Камсамольскім возеры з маёй працы былі жанчыны. Ім там усё спадабалася, а на «Птушыным востраве» яны бачылі толькі дзвюх варон, пра якіх так весела расказалі, што і мне захацелася на іх паглядзець. І вось сёння мы з Людмілай выбраліся на Камсамольскае возера. На жаль, увесь час ішоў дробны дождж. І ўсё ж гуляць пад парасонамі па парку было хораша. Заглянулі мы і на «Птушыны востраў», дзе амаль адразу напаткалі дзвюх варон, якія, пакуль мы хадзілі, увесь час былі непадалёку, нібыта віжавалі за намі. І калі мы ўжо збіраліся

дамоў, як пачуўся параходны гудок і, нібыта вынырнуўшы з XIX стагоддзя, міма вострава ў дажджлівай прасторы праплыў белы цеплаход…

Секс і філасофія

2.07.2011. З Людмілай паглядзелі фільм іранскага рэжысёра Махсена Махмальбафа «Секс і філасофія». Мінула гадзіна пасля прагляду, а ў мяне перад вачыма запаленыя белыя свечкі, чырвоная ружа, чырвоны парасон, чырвонае віно, адзін туфель белы, другі чырвоны, першы белы снег і жоўтае апалае лісце, якім замятаецца падлога, дзе танцавалі дзяўчаты, сярод якіх былі каханыя галоўнага героя фільма. Мне найбольш спадабалася першая дзяўчына, сцюардэса, якая прыйшла на сустрэчу з ружай і якая, развітваючыся, не дала сябе пацалаваць і горда пайшла ў сваё жыццё. Ад дзяўчыны, што была ў рознага колеру туфлях, я сам бы ўцёк, а не пайшоў бы ноччу за ёй услед, як гэта зрабіў галоўны герой фільма. З трэцяй дзяўчынай знаёмства адбылося ў бальніцы, куды трапіў наш герой, атруціўшыся малаком. На пытанне, якая ў вас прафесія, атручаны адказаў: «Я паэт…» — «І я вершы пішу…» — адказала дакторка­прыгажуня. З ёй я таксама асабліва б не звязваўся, але не таму, што ў мяне жонка паэтка. Чацвёртая палюбоўніца была аднагодкай паэта. Яна не дачакалася, калі яе палюбоўнік развітаецца з маладымі саперніцамі і сышла дамоў, выпіўшы ўсё віно. Потым яна патэлефанавала паэту і запрасіла яго дахаты на 12 гадзін ночы. Паэт прыйшоў да жанчыны, а ў яе за гасцінным сталом, дзе гараць белыя свечкі, ужо сядзяць тры мужчыны. Звяртаючыся да мужчын, жанчына адразу ж прызналася, што яна пераняла вопыт у паэта. Пачуўшы гэта, адзін мужчына тут жа ўстаў і, ударыўшы жанчыну па твары, сышоў. Следам пайшоў другі, за якім і пабегла жанчына. За сталом засталося трое чалавек — паэт, незнаёмы мужчына і я…

* * *

3.07.2011. З Людмілай схадзілі ў царкву. І дождж стаў светлым…

Ахілес дагнаў чарапаху

3.07.2011. Паглядзелі фільм Такешы Кітано «Ахілес і чарапаха». Хлопчыку, якога назвалі ў гонар Маціса, у дзяцінстве задурылі галаву, што ён будзе мастаком. Да ўсяго сябар бацькі, вядомы мастак, хлопчыку падарыў берэт са сваёй галавы, нібыта німб таленавітасці. І вось Маціс кожны дзень малюе, але ад яго малявання толькі адны непрыемнасці і для яго і для блізкіх. Ідуць гады, меняецца свет, а Маціс ніяк не можа вылезці з­пад падоранага майстрам берэта, які з німба ператварыўся ў пятлю. У канцы фільма гучыць за кадрам: «І ўсё ж Ахілес дагнаў чарапаху!» Сумна, але справядліва…

* * *

4.07.2011. Знайшоў у чарнавіках два радкі: «Белы лёд тваіх вачэй. Чорны снег маіх начэй…» Нешта ў іх ёсць, але ўжо мінула больш трох месяцаў з дня запісу і цяпер гэтыя радкі, як чужыя, і не патрабуюць працягу…

Вісельнікі

4.07.2011. Даведаўся ад аднавяскоўца, што тыдзень таму ў Пугачах павесіўся трыццацідзевяцігадовы хлопец. Ён збіраў па вёсцы малако для дзяржавы. Любіў выпіць. Некалькі гадоў таму павесіўся бацька гэтага хлопца. У старога быў рак лёгкіх. А яшчэ раней павесіўся брат малакавозчыка. Усе гэтыя вісельнікі спынілі сваё жыццё ў хляве на адным і тым жа круку…

Настрой

4.07.2011. Захмурэлае неба. Час ад часу сыпле дробны дождж. Сумна і не хочацца працаваць. Узгадалася вясковае, нярэдка жартам сказанае бацькам: «Ці ж я дурань працаваць? Няхай працуе трактарыст!»

* * *

5.07.2011. Сёння ў маёй Людмілы дзень народзінаў. Каб нешта талковае купіць і падарыць ёй, няма дастаткова грошай. Хацеў верш напісаць, але не напісаў. Знайшоў ранейшы, які канкрэтна прысвечаны Людміле:

Ты ў мяне адна, нібыта неба раннем Светлае, нібы царкоўнае віно, У якім надзея, вера і каханне Злітыя, нібыта ў сонца, у адно Светлае, святое і, як кроў, зямное, Без якога не пачнецца вечны шлях… Дзень прайшоў і сум, нібы згарэла Троя. Я з табой, як попел на тваіх нагах.

Губараў

і Аляхновічы

6.07.2011. Нарэшце Наталля Шаранговіч прынесла рукапіс кнігі пра мастака Валянціна Губарава. Гадоў дваццаць таму ён працаваў у «Мастацкай літаратуры», потым паехаў у Францыю, дзе апошнім часам часцей за ўсё і жыве. Чытаючы рукапіс кнігі, даведаўся, што жонка мастака Ларыса Карыткіна нарадзілася ў Аляхновічах, якія ў шасці кіламетрах ад маіх Пугачоў. У свой час яна завочна вучылася ў паліграфічным інстытуце ў Маскве, дзе і пазнаёмілася з Валянцінам. Пад уражаннем прачытанага я тут жа пазваніў мастаку. Аказалася, што Валянцін з жонкай доўгі час жыў у Аляхновічах і там выраслі іх дзеці, там і цяпер жыве іх сваяк дзед Ракоць. Ходзячы па наваколлі, мастак бываў і ў маёй вёсцы. І амаль усе ягоныя карціны з краявідамі — гэта мае родныя мясціны, ды і людзі на карцінах у большасці — гэта мае землякі. Дамовіліся як­-небудзь восенню разам паехаць у Аляхновічы і ўзгадаць як стваралася карціна «Восень у Аляхновічах»…

Міра, дарога і Сыс

8.07.2011. Міра Лукша, прыехаўшы з Беластока на фестываль беларусаў свету, не абмінула нашу хату. Раней заўсёды спынялася ў нас і мы па вечарах доўга гаварылі пра паэзію і наогул пра літаратуру. Цяпер у нас мая хворая мама і ўжо няма ўмоў для тых шумных пасядзелак, што былі раней. На гэты раз вячэралі спакойна і ўспаміналі маладыя гады. Позна вечарам, праводзячы Міру на тралейбус, узгадаў, як гадоў дзесяць таму вось гэтак я з Анатолем Сысам вёў дварамі нашу сяброўку і яна ўвесь час казала: «Я такой дарогай ніколі да вас не хадзіла!» А дарога да нас дамоў была выбрана спецыяльна, каб Анатоль яе не запомніў…

* * *

8.07.2011. Міра Лукша, узгадваючы сваё сяброўства з Анатолем Сысам, прызналася, што Анатоль, гаворачы пра мяне і Людмілу, нярэдка ўскіпаў: «Гэта ж трэба! Такую дзеўку Шніп адхапіў! Як яму ўдалося?»

Застаўся без трох дыпломаў…

10.07.2011. Прачнуўся ў гадзіну ночы. Спаць не хацелася, і я ўзяў пачытаць свежы нумар «Краязнаўчай газеты». Адразу ж натрапіў на рэцэнзію Міхася Маліноўскага на кнігу Мікалая Півавара «Краязнаўцы Віцебшчыны», у якой зачапіўся за радок: «Крытыкаваць пачну не аўтара, а рэцэнзента…» І за што ж крытыкуе спадар Міхась Віталя Скалабана, які на кніжцы пазначаны, як рэцэнзент? За ўхвальную рэцэнзію на рукапіс кніжкі Півавара? Не, бо рэцэнзіі ў кніжцы няма і я думаю, што спадару Міхасю рэцэнзію ніхто не паказваў. Таму крытыкаваць Скалабана за тое, што ў кніжцы Півавара адсутнічаюць артыкулы пра некаторых краязнаўцаў Віцебшчыны неяк несур’ёзна, а тым больш што ў самой рэцэнзіі Скалабана маглі быць заўвагі, якія не ўлічыў Півавар і якія пасля выхаду кнігі сталі прадметам крытыкі вядомага даследчыка. Да ўсяго ў кожнай кніжкі ёсць рэдактар, які не менш, чым аўтар, адказвае за змест выдання. Аднак у рэцэнзіі Маліноўскі пра рэдактара нават не ўзгадвае, нібыта ў кніжкі яго і не было. Дарэчы, трэба адзначыць, што Маліноўскі кніжку прачытаў уважліва: «А мяне дык увогуле пакінулі без «дырэктарства» ў Ашмянскім краязнаўчым Музеі імя Францішка Багушэвіча і трох дыпломаў аб адукацыі… Пра свае заўвагі я напісаў і Віталю Скалабану ў Мінск, і Мікалаю Півавару ў Лужасну, але яны пакуль маўчаць». І, прачытаўшы да канца рэцэнзію, я не змог яшчэ доўга заснуць. Думаў пра тое, каб газета з рэцэнзіяй Маліноўскага не трапіла на вочы Віталя Скалабана, які нядаўна перанёс вельмі цяжкую аперацыю…

Караткевіч глядзіць у бок Пугачоў…

10.07.2011. У Ракаве на доме Вячаслава Рагойшы, дзякуючы раённым уладам, скульптару Івану Міско і самому Вячаславу Пятровічу, была адкрыта мемарыяльная дошка з надпісам: «Гэты дом часта па­сяброўску наведваў класік беларускай літаратуры Уладзімір Караткевіч». Пасля ўрачыстасці Рагойша падышоў да мяне і сказаў: «Караткевіч глядзіць у бок тваіх Пугачоў!» — «І не дзіўна, што глядзіць у бок Пугачоў, бо ён там хоць і адзін раз, але ўсё­ткі бываў»,— адказаў я, памятаючы тое, што мне расказвала мая цётка Валянціна Іосіфаўна, у якой, працуючы ў Пугачоўскай школе, жыў будучы доктар філалагічных навук Павел Дзюбайла і да якога з Радашковіч часта ў госці прыходзіў супрацоўнік раённай газеты Адам Мальдзіс. Дзякуючы Мальдзісу, Караткевіч і быў у Пугачах…

У Івана Міско

10.07.2011. Вярнуўшыся ў Мінск з Ракава, дзе на доме Рагойшы была адкрыта мемарыяльная дошка, прысвечаная Уладзіміру Караткевічу, мы з Людмілай, дзякуючы Анатолю Бутэвічу і Міхасю Кеньку, трапілі ў госці ў майстэрню да скульптара Івана Міско. Амаль чатыры гадзіны Іван Якімавіч расказваў пра сваё творчае жыццё і ўвесь гэты час на нас з паліц і пастаментаў глядзелі сотні скульптур. Часам, слухаючы Івана Якімавіча, мне было страшна, бо здавалася, што мы сядзім у пекле сярод адрэзаных акамянелых галоў, а часам было на душы светла і ўзнёсла, як быццам мы ўсе трапілі ў рай. Раней у будынку, дзе цяпер майстэрня, была канюшня. Пачуўшы гэта, падумалася: «Пры Саветах не толькі Храмы ператваралі ў канюшні, але часам і канюшню аддавалі пад Храм…»

Поделиться с друзьями: