Пугачоўскі цырульнік
Шрифт:
Упершыню за сем гадоў працы ў выдавецтве ўжо тыдзень адпачываю за межамі горада. А так звычайна даводзілася амаль кожны дзень забягаць на працу і вырашаць нейкія творчыя пытанні, якія б маглі вырашыцца і без мяне...
Люда з Максімам ходзяць у санаторый «Белая Русь» у басейн. Хваляцца, што там вельмі добра...
Нарач. Дзявяты дзень...
12.08.2011. Адпачынак на Нарачы адпачынкам, а дома ўсё роўна лепей пры любым надвор’і...
Сёння не выспаўся. Нічога страшнага. У нашым жыцці сон — не самае галоўнае...
Раніца. Цяплее. Ужо 17 градусаў. Сіноптыкі абяцаюць 20. Буду чакаць, бо ўчарашнія 15 мяне замардавалі...
Ужо 22 градусы, і мая душа пачынае вызваляцца
Сяджу адзін у чужой кватэры на пятым паверсе, як у вежы рэстаўраванага на сучасны лад замка...
Навальніца. Жадання пабегаць босым пад дажджом ужо няма...
На Нарачы хвалі, як на беларускім моры...
З Людай прайшлі каля лецішчаў Лынькова, Куляшова і Танка. Углядаліся ў зарослыя двары, нібыта спадзяваліся ўбачыць старых гаспадароў...
Цямнее. Старыя і пажылыя вяртаюцца ад Нарачы па сваіх дамах, а моладзь, нягледзячы на дождж, ідзе да вады...
Нарач. Дзясяты дзень...
13.08.2011. Адпачываць можна і нікуды не выязджаючы з Нарачы, што многія і робяць, седзячы ў шашлычных. Мы ж прыехалі, каб спазнаваць мясціны, у якіх цяпер часова жывём. На жаль, цікавых экскурсій для адпачываючых прапаноўваецца малавата...
Па дарозе ў вёску Княгініна ад экскурсаводкі даведаўся, што раней наш курортны пасёлак называўся мястэчкам Купа. І гэтае мястэчка было не менш слаўнае, чым цяпер, маючы назву, курортны пасёлак Нарач...
Вёска Княгініна вядомая з XV стагоддзя. У ёй Троіцкая царква збудавана ў канцы XVII стагоддзя. Храм драўляны, невялікі, захаваліся вельмі старыя іконы. У царкве каля сценкі стаіць прыгожы крыж з пазнакай: «Жертва воина Константина Дубяго. 25 марта 1914 года». Каля Храма пахаваны а. Мітрафан (1864.V.25—1928.Х.1) і ягоная жонка Алена (1864.V.20—1949.ІХ.13), а таксама мітрафорны протаіерэй Мікалай Башко (1927.29.03—1996.28.02)...
Праязджаючы каля Пількаўшчыны, экскурсаводка паведаміла, што гэта родная вёска Максіма Танка і прачытала ягоны верш пра Нарач. На жаль, наведванне магілы паэта не ўваходзіць у экскурсійны маршрут...
У Будславе мы з Людмілай і Максімам ужо былі два гады назад. Частка касцёла цяпер рэстаўрыруецца, а так нічога не змянілася. Праўда, сёння сам Храм мне падаўся не такім велізарным, якім я ўбачыў яго ўпершыню...
Крыху ад’ехаўшы ад Будслава, экскурсаводка падзякавала за ўвагу і сціхла. І амаль гадзіну мы ехалі дамоў сярод цікавых мясцін, чытаючы ўказальнікі...
Нарач. Адзінаццаты дзень...
14.08.2011. У доме, дзе мы кватаруем, на другім паверсе мае кватэру паэтгумарыст Уладзімір Ермалаеў. Ён учора вечарам прыехаў з Мінска і, адпачыўшы, сёння нас запрасіў да сябе паспрабаваць кавуна. Мы з радасцю пайшлі, бо крыху засумавалі без гутарак з творчымі людзьмі. Павінен быў да нас далучыцца Мікола Шабовіч, які жыве каля Нарачы ў 30 кіламетрах, але не паехаў, бо пабаяўся кепскага надвор’я. І, відаць, правільна зрабіў, што не прыехаў, бо, як толькі мы селі за стол, пачалася страшная залева, якая ў двары пазатаплівала машыны. Пазней мы даведаліся, што ў Мінскай вобласці наогул быў вялікі буран і град. І пакуль бушавала навальніца, Уладзімір Фаміч чытаў нам свае пародыі, і ўсім нам было весела і светла...
Некалькі дзён назад мне снілася вёска. Прыйшоўшы да сажалкі, што на перакрыжаванні, я сустрэў Уладзіміра Ермалаева, які выдаваў ровары пакатацца. На роварах ужо каталіся мае памерлыя аднакласнікі Сашка Балотнік і Вова Звярок. І так хутка яны ездзілі па вуліцы, што аж страшна было. І я ад страху прачнуўся. Сёння, гасцюючы ў Ермалаева, я ўбачыў у яго два ровары, і Уладзімір Фаміч, згледзіўшы куды я гляджу, сказаў: «Можаце ўзяць пакатацца...»
Нарач. Дванаццаты дзень...
15.08.2011. Яшчэ ў першы дзень кватаравання заўважыў, што ў ложка, на якім сплю, няма адной ножкі, а замест яе пакладзены
тры кніжкі. Сёння пачытаў назвы: першая кніжка — падручнік для 4 класа па англійскай мове, другая — нейкая таксама замежная і трэцяя — «Судьбы книг. В. Сажин. Книги горькой правды»...Уладзімір Ермалаеў спецыяльна для Людмілы і мяне прынёс з бібліятэкі кніжку Генадзя Малышава і Алега Карзеёнка «Нарочанское эхо Вердена. К 90летию Нарочанской трагедии Первой мировой войны (18.03.— 28.03.1916)». На жаль, дзе гэтая кніжка выйшла і якім накладам — невядома. А зацікавіла мяне гэтае выданне найбольш таму, што ў 1916 годзе на вайне загінуў мой прадзед Яська Шніп...
Першую сусветную вайну ў рускай арміі называлі Еўрапейскай вайной...
У кніжцы шмат фотаздымкаў з фронту, які праходзіў па нарачанскім краі. Гледзячы на здымак з подпісам «Тоска по женщине. Художник (разведчик Алексеев) и его скульптура из сырого песка», узгадаў Геніка Лойку з яго легендарнымі скульптурамі...
У СвятаІльінскай царкве ў вёсцы Кабыльнік (цяпер Нарач) быў нямецкі шпіталь 21га армейскага корпуса...
За час Еўрапейскай вайны было збіта 12 250 самалётаў (нямецкіх і рускіх). Большасць паветраных баёў адбылося ў беларускім небе...
У 80я гады мінулага стагоддзя каля вёскі Беркаўшчына Княгінінскага сельсавета (цяпер вёска не існуе) было знішчана пахаванне рускіх салдат, якія загінулі ў час газавай атакі: спачатку бульдозерамі знеслі драўляныя крыжы, а потым экскаватарамі бралі пясок на падсыпку дарогі да птушкафермаў... У вёсцы Варашылкі прама на немецкім пахаванні пабудаваны дом, каля якога валяецца каменная пліта з нямецкім надпісам...
Над Нараччу кожны дзень лётае па некалькі разоў верталёт. А гэта значыць, што ў адпачываючых грошы яшчэ не скончыліся...
Нарач. Трынаццаты дзень...
16.08.2011. Першае, што сёння зрабіў — павіншаваў сваю малодшую сястру Валю з днём народзінаў...
Вужык, як шнурок з бацінка велікана, перапоўз лясную сцяжыну...
У паветры запахла школай. У гэткі час у дзяцінстве перад 1 вераснем мяне стрыг бацька. Стрыг пад нуль, і я прыходзіў у школу калючы, як вожык...
Па тратуары два мужыкі валакуць газонакасілку. Старэйшы кажа: «Ты ведаеш, а ў нашай працы на Нарачы ёсць вялікі плюс!» — «Які ж?» — пытаецца маладзейшы і чуе: «Вельмі многа прыгожых маладых жанчын!»
Нарач. Чатырнаццаты дзень...
17.08.2011. І дамоў не хочацца, і на Нарачы ўжо амаль усё аблазілі. І я гляджу праз акно на нарачанскія сосны і сумую па першых днях адпачынку...
Уладзімір Ермалаеў усё прапануе і прапануе пакатацца на яго роварах. А я ніяк не магу забыцца пра сон, дзе на яго роварах каталіся мае аднакласнікі Сашка Балотнік і Вова Звярок, якія памерлі...
У кніжцы Генадзя Малышава пра Еўрапейскую вайну і Нарачанскую трагедыю (18.03 — 28.03.1916 г.) ёсць і старонка пра каханне, дзякуючы якому не згубіўся журнал ваенных дзеянняў ад 19 ліпеня 1914 года з імёнамі 202х Георгіеўскіх кавалераў 22га Ніжагародскага палка. Журнал захавала Лідзія Ільінічна Дунец, 1918 года нараджэння, якая яшчэ нядаўна жыла ў доме, збудаваным яе бацькам у 1902 годзе ў вёсцы Баяры Мядзельскага раёна. У Еўрапейскую вайну, па словах Лідзіі Ільінічны, у іх доме кватараваў палкоўнік, які і пакінуў журнал. Аднак журнал, відаць, захоўваўся не таму, што ў ім спіс Георгіеўскіх кавалераў, а таму, што ў ім запісана чатырохрадкоўе, прысвечанае Лідзе Дунец: «Я помню всё и голос милый и ласки, ласки без конца. Я буду помнить до могилы черты любимого лица. К. 23.06.40 г.». Як не спрабаваў Генадзь Малышаў даведацца ў 87гадовай гаспадыні журнала, хто ж хаваецца за «К», яна так і не прызналася. І ўсё ж бабуля расказала, што яна адналюбка і, калі «К» прысвячаў ёй вершы, яна кахала другога, а той другі быў закаханы не ў яе. Так Лідзія Дунец і не выйшла замуж. На жаль, не ўсе старонкі журнала захаваліся. Магчыма, сярод Георгіеўскіх кавалераў быў і мой прадзед Яська Шніп...