Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Пугачоўскі цырульнік

Шніп Віктар

Шрифт:

Усе баяцца купацца, бо ў вадзе, кажуць, ёсць нейкая зараза ад птушак. Але многія купаюцца...

Нарач. Трэці дзень...

6.08.2011. Сніўся Анатоль Сыс. Ён мне чытаў свае новыя вершы. Казаў, каб пасылаў усіх падалей, хто будзе вучыць, як жыць...

Разбудзіў тэлефонны званок ад мастака Алеся Квяткоўскага. Ён цяпер з жонкай у сяброў у Вілейцы. Пахваліўся, што амаль усю ноч спявалі песні на вершы Сыса, Адамовіча, Рублеўскай і мае...

З акна праз дарогу бачу, як на сваю будоўлю на новенькай машыне прыехаў мужчына гадоў сарака. Фундамент ужо зроблены,

а каля яго навернуты кучы пяску і цэглы. Па­гаспадарску пахадзіўшы па будоўлі, мужчына сеў у машыну і паехаў...

Хадзілі ў вёску Нарач, якая раней называлася Кабыльнік. Нас цікавілі Храмы. Царква была збудавана ў 1875 годзе. Мураўёўка. Усе абвесткі па­руску. Замкнутая. Касцёл быў збудаваны ў 1901 годзе. Адчынены. Усе абвесткі па­беларуску. Каля касцёла пахаваны ксяндзы. Адзін у 1922 годзе. Пражыў 27 гадоў. Другі пахаваны ў 1942 ва ўзросце 42 гадоў. Відаць, быў расстраляны. На тэрыторыі пры Храме стаіць скульптура Яну Паўлу ІІ.

У цэнтры вёскі Нарач, дзе мог стаяць гіпсавы Ленін, сціплы помнік землякам, якія загінулі ў партызанах і на фронце. Надпісы па­беларуску...

Вяртаючыся з вёскі Нарач, дзівіліся яе велічыні. Асабліва ўразілі шыкоўныя лецішчы, якія абляпілі вёску...

Прыпыніліся каля верталётнай пляцоўкі. Можна палётаць над Нараччу. 10 хвілін каштуе 700 тысяч...

Пад вечар хадзіў з Людай да Нарачы. Ветрана. Хвалі, як на моры. На чорным небакраі човен пад белым ветразем, як прывід...

Вечар. У краме людна. Шмат моладзі. Усе купляюць гарэлку і піва. А мы сок і малако...

Нарач. Чацвёрты дзень...

7.08.2011. Люда купалася ў Нарачы, а я не палез у ваду, бо ўсё яшчэ баліць зуб. Тэмпература паветра была 24 градусы, а вады — 21. Пакуль чакаў Люду з вады, над Нараччу лётаў верталёт — відаць, нехта не пашкадаваў 700 тысяч...

У траіх каталіся на катамаране. Нядорага — за гадзіну 10 тысяч. Заплывалі далёка за буйкі, дзе глыбока і вялікія хвалі. Гледзячы толькі на ваду, я ўяўляў, што мы сярод бяскрайняга мора...

Часта сустракаюцца маладыя кітайцы. Сярод іх ёсць вельмі сімпатычныя кітаянкі...

Нарачанскія хлопцы прапанавалі купіць рыбу. Мы адмовіліся. Але калі б яны прапанавалі парыбачыць, то мы б з радасцю ў іх узялі вудачкі...

У газетным кіёску пацікавіліся, ці прадаюцца якія­-небудзь беларускамоўныя літаратурныя выданні. Не прадаюцца...

Нарач. Пяты дзень...

8.08.2011. Прачнуўся ад шуму дажджу за акном. Адчыніў фортку — і ў пакой заляцеў матылёк...

Калі дождж прыціх, з Людай пайшлі да Нарачы. На пляжах пуста. На вадзе каля берага плавалі качкі, якіх нельга карміць...

Ідучы па пантоне, назіралі за рыбамі. Следам за намі на пантонны астравок прыйшлі хлопец з дзяўчынай. Ён яе абдымаў і называў «сонейкам», а дзяўчына ўсё пыталася: «Ці любіш мяне?..»

Пахадзілі па тэрыторыі санаторыя «Нарач». Паназіралі, як на лавачцы пад дрэвамі хлопчык пазіраваў мастачцы. І потым яшчэ ўбачылі лысага з вялікім жыватом мужчыну, які нёс згорнуты ў трубку гатовы партрэт сына і, гледзячы далёка перад сабой, задаволена ўсміхаўся, а хлопчык, як сабачка, плёўся следам...

Нарач. Шосты дзень...

9.08.2011. Выбраліся на экскурсію. Першы прыпынак быў на страусавай ферме. Праўда, там толькі два страусы, таму гэта ферма больш свінаферма, бо ў загонах

дзясяткі свіней розных парод...

Праязджалі каля вёскі Агароднікі, дзе нарадзіўся Уладзімір Дубоўка. Экскурсаводка падрабязна пераказала ўсю біяграфію рэпрэсаванага паэта. Нават зачытала асобныя радкі з вершаў...

Вёска Лучаі, як маёнтак, упершыню ў летапісах упамінаецца ў 1542 годзе. На сённяшні дзень Лучаі — даволі немалая вёска. Касцёл Святога Тадэвуша, нібыта чакаў нас, быў адчынены і на ўвесь двор гучала арганная музыка. Мы думалі, што гэта іграе арган. Ды не! Магнітафонны запіс. Ксяндза Мікалая не было, і мы ўсе вольна адчувалі сябе ў Храме, які ў свой час быў распісаны мастаком Казімірам Анташэўскім. З касцёла выходзілі пад песню «Авэ Марыя»...

У Паставах наш аўтобус спыніўся на цэнтральнай плошчы, на якой у гарвыканкам «ідзе» гіпсавы Ленін. Царква зачынена. З яе на рыштаваннях мужчына са шланга змываў пабелку, і пырскі бруднай вады выляталі аж на вуліцу. І мы пайшлі ў касцёл Святога Антонія Падуанскага 1880—1887 гг. і беззаганнага зачацця Прасвятой Дзевы Марыі. На касцёле вісіць шыльда, якая паведамляе ўсім, што будынак ахоўваецца дзяржавай. Герб жа дзяржавы зацёрты да непазнавальнасці. У касцёле ўсё па­беларуску. Мы якраз прыехалі перад службай і, вяртаючыся ў аўтобус, бачылі, што ў касцёл ідзе шмат моладзі...

Напрыканцы вандроўкі, экскурсаводка расказвала пра Ты­зенгаўзаў. І было вельмі прыемна чуць апладысменты, калі яна скончыла свой расповед пра нашых слаўных землякоў і прачытала верш пра Беларусь Анатоля Грачанікава...

Нарач. Сёмы дзень...

10.08.2011. Захацеў купіць якую­-небудзь газету. Падышоў да кіёска, а там стаіць маладая кіяскёрка, усміхаецца і корміць неўмаля...

З Людай пайшлі па беразе Нарачы ў бок Мядзеля. Прайшоўшы метраў пяцьдзясят, вярнуліся да дарогі — сцяжына, па якой мы хадзілі восем гадоў назад, зарасла трыснягом і кустамі...

...І ўсё ж праз кусты прабраліся да нарачанскага берага, на якім высяцца векавыя сосны...

У трыснягу знайшлі замаскіраваны вялікі човен. Магчыма, кантрабандысцкі. Паплаваць на ім не змаглі, бо човен быў прывязаны да ўбітага ў нарачанскае дно жалезнага кала...

Праз гадзіну па беразе Нарачы дайшлі да дарогі з аўтастанцыяй, адкуль можна паехаць у Мінск. А потым, згледзеўшы ўказальнік, з якога даведаліся, што праз 400 метраў знаходзіцца рыбны магазін, пайшлі па рыбу. На жаль, у рыбным магазіне нарачанскіх вугроў не было...

Які ўжо дзень у адпачынку, а я ўсё ніяк не магу расслабіцца — старасць і нямогласць бацькоў, як бомба, якая можа ў любы момант узарвацца, у маёй галаве і ў сэрцы...

Нарач. Восьмы дзень...

11.08.2011. Пахаладала. 15 градусаў. Змрочна. Але ўсё роўна адпачываючыя ходзяць каля Нарачы, як каля сваёй здзейсненай мары...

Сніўся памерлы аднакласнік Сашка Балотнік. Я хадзіў да яго дапамагчы ўключыць у хаце святло. Не дапамог...

Глядзелі дакументальны фільм пра Ота Юльевіча Шміта. З выгляду замухрышка, але добры авантурыст і шчасліўчык, які ўмеў забалабоніць усё і ўсіх, і ў тым ліку самога Сталіна. Калі «Чалюскінец» затануў і больш ста чалавек высадзіліся на льдзіну, Ота Юльевіч не даў нікому замерзнуць і так стараўся абагрэць усіх, што амаль усе жанчыны (іх было дзесяць) зацяжарылі. Не абмінуў Шміт і прыбіральшчыцу...

Поделиться с друзьями: