Пугачоўскі цырульнік
Шрифт:
Бухгалтарка
13.07.2011. Некалькі гадоў таму старая жанчына прынесла ў выдавецтва рукапіс успамінаў свайго памерлага брата. На жаль, прапанаванае па сваіх мастацкіх якасцях вельмі слабое. Пра гэта было пісьмова паведамлена жанчыне, якая, атрымаўшы адмову, недзе праз паўгода пачала патрабаваць выдаць кніжку брата, нібыта рукапіс быў адобраны. Старая патэлефанавала і сёння. На гэты раз яна сказала: «Вы гаворыце няпраўду, што на выданне такой кніжкі, як у майго брата, трэба 50 мільёнаў. Я ўсё жыццё прапрацавала бухгалтаркай і ўчора ў кіёску даведалася, што пачак паперы прадаецца за 59 тысяч, а гэта значыць, што адзін ліст каштуе 118 рублёў. У кніжцы брата 250 старонак. Значыць, на адну кніжку трэба 125 лістоў паперы, а калі ліст падзяліць на два, то хопіць і 65. Цяпер памножце 65 на 118
* * *
14.07.2011. Глянуў на вокладку адной кнігі, і ў галаве тут жа прагучала: «Яна была цудоўнай, як палена…»
Горача
15.07.2011. Муха заляцела ў кватэру і лётае за мной, нібыта я вінаваты, што і ёй горача…
Кроплі мёду
16.07.2011. Пад ліпамі першае жоўтае лісце, як вялікія кроплі мёду, які пчолы не паспелі сабраць з квецені…
Каштанавы воск
16.07.2011. Каштанавыя свечкі даўно адсвяцілі і цяпер першае апалае лісце пад каштанамі, як воск ад каштанавых свечак…
Храм, масток і замкі
16.07.2011. Па дарозе з Мінска ў Маладзечна ў раёне Драздоў колькі разоў мы з Людмілай бачылі новы Храм. І вось сёння мы выбраліся паглядзець на яго зблізку. Выходзілі з дому пры пагодзе, а па дарозе трапілі пад дробны дождж, які ўсё ж нас не напалохаў. Храм цяпер рамантуецца, з яго зняты пазалочаны купал, які тут жа ля Храма ляжыць у траве, як шалом велікана. Абышоўшы ўсе царкоўныя збудаванні, мы пайшлі да святой крыніцы, дзе на жалезным мастку маладажонамі падчас вяселля начэплена на шчасце некалькі дзясяткаў замкоў. Пасля наведвання царквы і малітвы замкі на мастку мне падаліся паразітамі, якія харчуюцца жалезнымі мастамі…
Наша Кальварыя
17.07.2011. Сёння Людміла Рублеўская для свайго «Літаратурнага прадмесця» (змаглі прыйсці: Мікола Кандратаў, Таццяна Барысюк, Наталля Кучмель, Дар’я Лосева, Маргарыта Аляшкевіч і Юрась Нераток) правяла цікавую і змястоўную экскурсію па Кальварыйскіх могілках. І хоць я для сябе нічога новага не пачуў, бо падобныя экскурсіі Людміла праводзіць для ўсіх нашых сяброў і знаёмых вельмі часта, але выпадкова на радасць усіх экскурсантаў знайшоў магілу Яна Матусевіча, які з 1990 года быў пробашчам першай грэкакаталіцкай парафіі ў Мінску. Янам Матусевічам быў пасвечаны крыж у Курапатах, пастаўлены на месцы масавых расстрэлаў у трыццатыя гады. У красавіку 1989 года Ян Матусевіч удзельнічаў у першым маршы «Чарнобыльскі шлях». Быў сябрам Рады Таварыства беларускай мовы ў Мінску, ад моманту заснавання ТБМ. За дзве гадзіны экскурсіі па Кальварыі мы абышлі ўсе вядомыя нам магілы дзеячаў культуры і ўсклалі да іх палявыя кветкі. Праўда, на некаторых і так расла трава…
Для чаго ты пішаш?
18.07.2011. З Людмілай паглядзелі фільм «Пока не наступит ночь» пра лёс кубінскага пісьменніка Рэйнальда Арэнаса — зоркі кубінскай паэзіі, надзеі кубінскай рэвалюцыі і любімца Фідэля Кастра. Фільм «Пока не наступит ночь» расказвае пра трагічны лёс пісьменніка і яго існаванне «паза грамадствам»… На пытанне сябра: «Для чаго ты пішаш?», Рэйнальд Арэнас адказаў: «Каб адпомсціць!» На гэтае ж пытанне і ў мяне ёсць свой адказ: «Каб зайздросцілі і злаваліся!»
* * *
19.07.2011. Калюжына, як Еўропа…
* * *
21.07.2011. Гарачыня. Думкі ў галаве, як з мёду…
Пачарнелы і светлая…
22.07.2011. У тралейбус зайшоў п’яны, пачарнелы, як вэнджаны, мужык гадоў пад сорак са светлай дзяўчынкай гадоў дванаццаці. Пракампасіраваўшы талончык, малая села каля вэнджанага, які тут жа яе абхапіў, як мужык
жонку, і пачаў драмаць. Дзяўчынка, амаль не міргаючы, стала глядзець перад сабой, нібы гаворачы: «Гэта мой бацька…»* * *
22.07.2011. На вуліцы дождж. У пакоі змрочна. Мама спіць пад жоўтай коўдрай, як матыль, пад апалым кляновым лістом…
* * *
22.07.2011. Еду ў метро пад Кальварыйскімі могілкамі, нібы ў тунэлі праз Той свет…
* * *
22.07.2011. Ідучы на радыё, праходжу праз двор каля дома, дзе на першым паверсе гадоў восем назад была рэдакцыя часопіса «Крыніца». Заглядаю ў акно і бачу Алеся Разанава, які праз хвіліну ператвараецца ў незнаёмца…
* * *
23.07.2011. Раніцай хмары каля сонца, як вата прыкладзеная анёламі да Божай раны…
* * *
23.07.2011. У мамы пад падушкай каляндар «Родны край», з якога яна час ад часу адрывае лісты. Сёння ў мамы яшчэ 18 ліпеня…
Чарга за «Осенним хлебом»
23.07.2011. Хадзіў у краму. Натрапіў на смярдзючую чаргу з алкаголікаў і бамжоў (чалавек трыццаць) — куплялі «чарніла» «Осенний хлеб». Некаторыя, як інтэлігенты, віталіся з касіркай. Большасць на мяне з малаком і мінералкай глядзела, як на «ворага народа»…
Пятнаццаць хвілін
23.07.2011. Люда не змагла, і я пайшоў адзін на Мухлю глядзець на качак. Сеў на лавачку каля вады і стаў слухаць з мабільнага музыку. І чым далей сядзеў, тым мацней адчуваў дыскамфорт ад таго, што я сюды прыйшоў без Люды. Праз пятнаццаць хвілін вярнуўся дамоў…
Станюта, час і памяць…
25.07.2011. З Аляксандрам Станютам (пісьменнікам і сынам актрысы Стэфаніі Станюты) я знаёмы ўжо гадоў дваццаць пяць. За гэты час мы сустракаліся разоў дзесяць і наогул апошні раз бачыліся даўнымдаўно. Нягледзячы на гэта, пісьменнік з маёй памяці не знік. І сёння, калі да мяне прыйшоў ягоны сын Дзмітрый і прынёс падпісаныя кнігі, мне было вельмі прыемна даведацца, што Аляксандр Аляксандравіч не забыўся пра мяне, і вельмі мяне засмуціла тое, што ён цяпер невылечна хворы…
Стэфанія
26.07.2011. Сярод падораных мне кніг Аляксандрам Станютам найбольш зацікавіла «Стэфанія», выдадзеная ў 1994 годзе ў выдавецтве «Беларусь». І чамусьці адразу ж кніга разгарнулася вось на гэтых словах Стэфаніі Станюты: «Мінулую восень Мая Кляшторная — я добра яе ведаю, бацька ейны — пісьменнік, быў рэпрэсіраваны,— дык яна расказвала. Прыйшла, як і шмат іншых людзей на Дзяды, увечары на вуліцу Урыцкага, да гэтай вядомай усім будыніны. Свечку запаліла, як і ўсе — у памяць родных, што загінулі без віны. І нічога ж не рабілі, ціха стаялі, сядзелі. Не, не падабаецца — падыходзяць да іх раз за разам і ўсё: «Ідзіце дадому, ноч на дварэ, ідзіце і кладзіцеся спаць». Але больш за ўсіх шчыравала нейкая п’яная кабета, што апынулася там на досвітку. «А чаго вы тут тырчыце, га? Няма чаго рабіць? Усе людзі даўно спяць, а вы…» — так і растак!.. І гэткія во — самыя небяспечныя. Яны нейкім асаблівым нюхам беспамылкова заўсёды ўчуюць, дзе і хто жыве нечым большым, чым яны,— тым, да чаго ім не дацягнуцца. І такіх людзей яны не выносяць фізічна. Заўсёды хочуць сцягнуць іх уніз, на свой узровень: калі ўсе ўнізе, дык іх не заўважаеш. Галоўнае, каб ніхто не вытыркаўся. Цяпер я шмат чаго разумею, дазналася».
Памяць
28.07.2011. Працягваю чытаць у «Полымі» рамандзённік Уладзіміра Гніламёдава «Сем год у ЦК». Спыняюся на запісах:
«1972 год. 10 сакавіка. У цэху футаралаў Мінскага радыёзавода пад раніцу здарылася буйная аварыя. Загінула шмат рабочых. Сітуацыя надзвычайная, такога яшчэ не было. Меў рацыю малады і мудры У. Караткевіч, калі пісаў (у адным з вершаў — «Баладзе»): «Трагедыі не знікнуць і пры Камуне…»
11 сакавіка. Шмат загінулых і параненых у цэху футаралаў. Трагедыя! Дастаюць зпад завалаў. Пакуль што налічылі 82 чалавекі. Сэрца разрываецца. У апошні час у нас стала болей розных ЧП, пажараў, паводак, землятрусаў, вывяржэнняў вулканаў.