Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Пугачоўскі цырульнік

Шніп Віктар

Шрифт:

Вяртаюся дамоў з вянком, як са шчытом…

Люда і дзеці побач. Мамы няма…

Спрабую заснуць. Баліць сэрца, і я баюся не прачнуцца…

У шэсць гадзін я на кватэры ў бацькі. Пра маму нічога не кажу. Кармлю яго і ледзьве стрымліваю слёзы. Бацька ж паўтарае: «Мама была добрая…»

У восем гадзін выязджаем у Ракаў, дзе трэба ўсё падрыхтаваць да пахавання, пакуль маму ад сястры звозяць у Пугачы, каб прыйшлі аднавяскоўцы развітацца. Едзем моўчкі. Я ўсю дарогу гляджу на гадзіннік і на прыдарожныя слупы, па якіх даведваюся, колькі кіламетраў засталося да Ракава…

З цёткай Марыяй едзем да кафэ, дзе па дамоўленасці з гаспадыняй, якая жыве ў Мінску, будзе памінальная вячэра. Дзевяць гадзін. Кафэ на замку…

Цётка

Марыя ідзе да жанчыны, якая працуе ў кафэ, каб даведацца, чаму няма гаспадыні, калі дамаўляліся сустрэцца ў дзевяць гадзін. Мінула дзесяць хвілін, дваццаць, паўгадзіны. Цётка не вяртаецца…

Тэлефануе сястра, і я даведваюся, што яны затрымліваюцца з выездам, бо аўтобус не заводзіцца…

Ідзём з Людай шукаць цётку Марыю. Не знаходзім…

У дзесяць гадзін з’явілася цётка, якая зайшла ў суседні дом з кафэ і загаварылася. У гэты час прыехала з Мінска гаспадыня кафэ. Тут жа патэлефанавала сястра і паведаміла, што яны выехалі…

Тэлефаную бацюшку, каб напомніць, што мы з ім дамовіліся на адпяванне на 12 гадзін. Не можа на гэты час, бо ён у Мінску ў епархіі. Дамаўляемся на 13…

У вёсцы каля нашай хаты сябраліся вяскоўцы, каб развітацца з нашай мамай…

У 12 гадзін з Пугачоў маму прывозяць у Ракаў. Мароз і сонца. У царкве, як у лядоўні. Агеньчыкі свечак, як з раю залатыя пчолы…

Бацюшка адпявае. Гляджу на маму і мне здаецца, што яна вось­вось сядзе і скажа: «Ну добра! Хопіць мерзнуць! Пойдземце на вуліцу, парадуемся сонцу!»

Дол для мамы выкапаны на ўзгорку. Гляджу на дно магілы, а там пакладзены яловыя лапкі, а праз іх свеціцца, як неба, вада…

«Тут усюды вада, бо месца крынічнае»,— кажа далакоп, і я ўспамінаю, што ў метрах трохстах адсюль стаіць каплічка са святой крыніцай…

Развітваемся з мамай. Цалую ў лоб і рукі. Чую голас цёткі: «Пацалуй маме ногі на ўдачу…» Цалую і праз слёзы бачу, што мама ўсміхаецца мне…

Вяртаемся дамоў і, як малітва, гучыць ува мне: «Мама была добрая…»

* * *

17.02.2012. «Як там мама?» — запытаўся бацька. «Ляжыць. Адпачывае…» — адказаў я і адвярнуўся, каб бацька не бачыў слёз…

Да мамы ў Ракаў…

17.02.2012. Ранкам патэлефанавала сястра Валя і прапанавала: «Паехалі да мамы!» З учарашняга дня да мамы будзем ездзіць ужо не ў Пугачы, а ў Ракаў…

Люда і я сустрэліся з Вовам, Валяй і яе мужам Віцем на прыпынку «Каменная горка». Такой кампаніяй у дарогу да мамы мы сабраліся ўпершыню...

Раней за нас маму адведаў наш стрыечны брат, сын цёткі Марыі Ігар. Ён абгарадзіў магілу, каб і нашаму бацьку было месца каля мамы…

Успаміналі, якой была мама і якімі мы былі ў мамы. Выязджаючы з Мінска, планавалі пабыць з мамай хвілін пятнаццаць, бо марозна. Прабылі з мамай больш за гадзіну…

На могілках адведалі роднага брата мамы, мужа цёткі Марыі Паўла, які памёр ў 2003 годзе. Узгадалася, што, калі нашы бацькі пабраліся шлюбам, дзядзька Павел клікаў маладажонаў будавацца ў Ракаве. Бацька не захацеў пакідаць сваіх бацькоў, таму хату збудавалі ў Пугачах. Мама часта ўспамінала магчымасць жыць у Ракаве і шкадавала, што не паслухаліся Паўла. Цяпер яна побач з братам на Ракаўскіх могілках…

Заехаліся да цёткі Марыі, каб падзякаваць за дапамогу ў пахаванні і пачулі: «А я тут чытаю Псалтыр, каб Ніне было лягчэй».

Старэйшая маміна сястра Шурка другі тыдзень як у Ракаўскай бальніцы. Зайшлі да яе ў палату, і яна адразу нас усіх пазнала. Цётцы 89 год…

На пытанне: «Як жывяце?» — цётка Шурка адказала: «Жыву, як гарох пры дарозе. Усе шчыпаюць!»

Мама была добрай, з мамай было добра…

* * *

20.02.2012. Няспешна вяртаюся

з Храма,

І неба над мною, як мама…

* * *

20.02.2012. Чытаю малітвы, нібыта праз вечнасць іду ў пошуках мамы…

* * *

20.02.2012. Магіла мамы стала для мяне цэнтрам маёй зямлі, маёй Беларусі…

* * *

21.02.2012. Гэты свет, нібы двор прахадны,

Ад калыскі вядзе да труны…

* * *

22.02.2012. Для мяне жыццё падзялілася на жыццё з мамай і без мамы…

* * *

23.02.2012. Сёння дзевяць дзён, як у мяне няма мамы…

На слова «мама» мне ніхто не адгукнецца, І пройдзе гэта ноч, і новы дзень пачнецца, І буду я цяпер да скону сіратой, Без мамы, як без сонца, без вады жывой…

Сёння ў «ЛіМа» свята…

24.02.2012. Сёння «ЛіМ» святкуе сваё 80­годдзе. Я ў ім адпрацаваў амаль дзесяць гадоў. Узгадалася першая публікацыя ў штотыднёвіку: «Калі я вучыўся ў Мінскім архітэктурна­будаўнічым тэхнікуме, жыў на вуліцы Змітрака Бядулі. Яна знаходзілася зусім блізка ад Захарава, 19, дзе была і ёсць рэдакцыя «Літаратуры і мастацтва».

На той час я ўжо друкаваўся ў «Чырвонай змене», наведваў «Маладосць», а ў літаб’яднанні «Крыніцы» мне параілі схадзіць у «ЛіМ». І я, сямнаццацігадовы, вырашыў знайсці гэтую рэдакцыю. У мяне звычайна часу не было: гэта ж не лета, калі дзень доўгі, а восень — тут і заняткі, і цямнее рана… Я ж вясковы хлапец, які прывык не бадзяцца па незнаёмым горадзе, тым больш што маці гаварыла — нікуды па вечарах не хадзі, сядзі дома. І я сядзеў у інтэрнаце.

Але неяк вечарам выпадкова праходзіў з сябрамі па вуліцы Захарава і заўважыў шыльду «Газета “Літаратура і мастацтва”». Запомніў. Пасля падрыхтаваў вершы, спецыяльна на заняткі не пайшоў і выправіўся ў «ЛіМ». Хадзіў­хадзіў недзе гадзіны дзве, усё там абышоў — не знайшоў. Цяпер толькі дзіву даюся — як жа можна было не знайсці?..

Калі ж адшукаў, адразу скіраваўся ў аддзел паэзіі. Там працаваў Юрась Свірка. Вершы мае ўзялі і сказалі зайсці праз месяц.

Я зайшоў праз месяц — Свірка кажа: «Не чытаў, братка. Зайдзі яшчэ праз два». Заходжу праз два — не чытаў. Праз тры месяцы — не чытана нічога. Цякучка (як і цяпер). Тады хоць і людзей ў штаце было многа, але не паспявалі чытаць.

Праз год прыходжу і чую — будзем друкаваць. У якім нумары? «А вось хутка будзе Ленінскаму камсамолу 60 гадоў…»

У тым нумары (27 кастрычніка 1978 года, № 43) надрукаваліся Пятрусь Броўка, Рыгор Барадулін, Васіль Зуёнак, Мікола Мінчанка, Уладзімір Васько, Вольга Русілка, Тадэвуш Чарнавус, Леанід Пранчак, Алесь Пісьмянкоў, Уладзімір Мазго, Леанід Якубовіч, Валерый Шкурын, Таццяна Дзмітрусёва і я. Верш называўся «На адкрыцці абеліска». Патрыятычны такі… Пад нумар падбіралі. Для мяне гэтая публікацыя была вельмі значная, бо я ведаў, што ў такім узросце на той час друкаваліся толькі 17­гадовы Анатоль Шушко і Алесь Разанаў, яшчэ школьнік. Хоць на год і выходзіла 52 нумары газеты, пачатковец мог туды трапіць толькі ў сувязі з такімі вось датамі ці прадстаўляючы нейкае літаб’яднанне.

Поделиться с друзьями: