Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Пугачоўскі цырульнік

Шніп Віктар

Шрифт:

Дзень закончыўся сонечна і дарогай да бацькі і дамоў…

Бачна з акна…

27.04.2012. У двары на дрэвах пачала распускацца лістота і дамы, што насупраць майго, хаваюцца ў зелені, нібыта зацягваюцца зялёнай павутой…

* * *

28.04.2012. На кватэру, якую здымаем для бацькі, прыходзіла гаспадыня. Да сустрэчы мы з бацькам, як маглі, падрыхтаваліся, і атрымалі ад гаспадыні тры яблыкі, як узнагароду…

* * *

29.04.2012. У сем гадзін раніцы, ідучы да бацькі на кватэру, убачыў каля прыёмнага пункта шклатары ў дзіцячым

выгульным вазочку бамжа, які спаў. А палове дзявятай я вяртаўся ад бацькі. Бомж яшчэ спаў, як дзіця…

* * *

29.04.2012. Ноччу ў двары каля дома, дзе жыве бацька, зацвілі слівы і вішні. Адламаўшы белую ад квецені галінку, прынёс бацьку. Цяпер і ў бацькі ў кватэры вясна…

* * *

29.04.2012. Дзякуючы сябрам, былі за горадам, як у свеце, у якім заўсёды добра, бо там мы бываем рэдка…

* * *

29.04.2012. Сёння паўгода, як бацька жыве ў горадзе. І я за гэты час, ходзячы да бацькі на кватэру і назад, прайшоў амаль 1000 кіламетраў…

* * *

29.04.2012. Гарачыня пад 30. Хадзіў босы і не адчуваў зямлі пад нагамі…

* * *

30.04.2012. Прачнуўся сярод ночы і доўга не мог заснуць, думаючы пра родную пустую хату ў вёсцы, якая можа праз тыдні два зарасці травой і быльнягом…

* * *

30.04.2012. Учора, відаць, перагрэўся на сонцы, бо сёння з ранку баліць сэрца. А на вуліцы каля пад’езда сядзіць старая суседка. Ёй летам будзе 85. Гляджу на старую і бачу ў ёй сваю маму…

* * *

30.04.2012. Па старых могілках ходзяць людзі, як мёртвыя…

Расказала супрацоўніца

30.04.2012. «Іду я дамоў праз сквер і раптам чую за спінай дробнае «тук­тук­тук­тук­тук­тук…» Адварочваюся і бачу малога сабаку ў баціначках!»

ТРАВЕНЬ

Максім

1.05.2012. У 10 гадзін 35 хвілін дзевятнаццаць гадоў таму нарадзіўся сын Максім. Вага была — 3 500, рост — 54 см. Цяпер Максім студэнт Акадэміі мастацтваў…

Да 100­годдзя Купалы…

2.05.2012. Быў час, быў век, была эпоха… Трапіўся ў рукі часопіс «Полымя» № 6 за 1982 год. Амаль усе матэрыялы прысвечаны 100­годдзю з дня нараджэння Янкі Купалы, і яны друкуюцца пад рубрыкамі «Ідзе, таварышы, камуна», «Вам на памяць серп і молат…» і «З цэлым народам гутарку весці…»

Пісьмянкоў луг

2.05.2012. Атрымаў запрашэнне на І абласное свята паэзіі і аўтарскай песні «Пісьмянкоў луг», якое пройдзе 19 мая ў вёсцы Бялынкавічы Касцюковіцкага раёна. Пачатак у 10 гадзін. Усё цудоўна, але, мне здаецца, што сам Алесь Пісьмянкоў (мы з ім былі знаёмыя і сябравалі амаль трыццаць гадоў) быў бы засмучаны, што запрашэнне ў свет ягонай паэзіі зроблена на рускай мове…

Банкамат і былы сусед

2.05.2012. Вяртаючыся ад бацькі, захацеў зняць з карткі грошы. Падыходжу да банкамата і чую: «Прывітанне, паэт!» Гляджу і бачу перад сабой былога суседа, які ў свой час працаваў у банку. Гадоў дзесяць назад сусед развёўся з жонкай і знік з майго жыцця. «Прывітанне! Куды ідзеш і адкуль?» — спытаў я і пачуў: «Іду з поўдня на поўнач!» — «Як справы?» — пацікавіўся я. «Як бачыш, нармальна!» — «Дзе працуеш?» — «Галоўнае, не дзе працаваць, а

колькі атрымоўваць!» — «Згодны!» — «Тая вунь серабрыстая машына — мая! Купіў новую! Абрыдла купляць патрыманыя!» — паказваючы на ўзбочыне дарогі на шыкоўную машыну, сказаў сусед. І тут падышла мая чарга да банкамата. Я паглядзеў, колькі ў мяне грошай на картцы, і, нічога не зняўшы, развітаўся з былым суседам…

Новая зямля…

3.05.2012. У восьмым класе вясной вывучалі «Новую зямлю» Якуба Коласа. Чытаў дома. Я быў вельмі ўражаны гэтым творам і асабліва мяне кранула канцоўка, дзе апісваецца смерць Міхала. Захапіўшы паперу і аловак, я пайшоў у забалочаны лясок, што быў непадалёк ад нашай хаты. Там, абхапіўшы бярозку, доўга сядзеў на купіне сярод вады і прыдумляў працяг «Новай зямлі». Па сённяшні дзень у памяці засталіся радкі:

Вада бяжыць. Навокал ціха, І недзе Міхал Ў зямлі ляжыць…

* * *

4.05.2012. З галавы не выходзіць думка пра родную хату. Па дарозе ад бацькі зарыфмавалася:

Зялёны агонь у зялёнай траве Наш дом асвяціў, дзе ніхто не жыве. І ў дом я заходжу, нібыта ў той свет. Гаршкі і каструлі парадам планет Стаяць прада мною на пыльным стале, І муха, як чорны анёл, у святле Лятае самотна…

* * *

6.05.2012. Яшчэ зусім нядаўна словы «дзеці», «дзіцячы садок», «школа», «вучоба» былі ў мяне самымі ўжываемымі, а пасля смерці мамы на першы план выйшлі «мама», «бацька», «могілкі»…

* * *

6.05.2012. Бацька ўспомніў, што да яго ў вёсцы гадоў пяць таму прыходзіў сусед і, узяўшы ножык, па сённяшні дзень не аддаў. Сусед у мінулым годзе памёр…

* * *

6.05.2012. Пад вокнамі ў двары распусціўся белы бэз. У мінулым годзе на яго глядзела мама і паўтарала: «Прыгожа… прыгожа…»

Суседзі

7.05.2012. Вяртаючыся ад бацькі, трапіў на вочы суседа Дзімы: «Пазыч чырвонец!» І толькі я хацеў зманіць, што грошай няма, як з­за куста бэзу выйшаў мой другі сусед, які нядаўна засяліўся ў наш пад’езд, і Дзіма тут жа заявіў: «Знаёмся! Гэта наш паэт Віктар! Жонка ў яго вядомая мастачка!» — «Яна большая за мяне пісьменніца!» — запярэчыў я, але, атрымаўшы ад мяне чырвонец, суседзі далей не захацелі высвятляць хто я і хто мая жонка…

* * *

8.05.2012. У выдавецтва заходзіў празаік Алесь Савіцкі. Бадзёры, энергічны, нягледзячы што яму 87 гадоў. Казаў, што ўсюды пішуць, што ён з 1924 года, але дакладна ён нарадзіўся ў 1925. Год нараджэння ён сам памяняў, каб у час вайны ўзялі ў партызанскі атрад. Гаворачы пра вайну, Алесь Ануфрыевіч успомніў, як ён выплаўляў тол са снарадаў: «Тол выцякае і тут жа застые і на ім з’яўляюцца карункі, як ад марозу на шыбах. Такі вось прыгожы твар смерці…»

Любоў

Поделиться с друзьями: