Quo Vadis
Шрифт:
Вініць хацеў выскачыць на спатканне, але шчасце адняло яму сілы, і стаяў са скачучым сэрцам, без дыху, ледзь трымаючыся на нагах, сто разоў болып праняты, чым тагды, як першы раз пачуў над сабою свіст ваенных стрэлаў.
Яна ўбегла, нічога не спадзеючыся, і, згледзеўшы яго, затрымалася таксама як укопаная. То чырванела, то бялела, пазіраючы трывожлівымі вачыма на прысутных. Але наўкола сябе бачыла пагодныя, поўныя дабрыні, міны, а Апостал Пётр падыйшоў да яе ды кажа: — Лігія, ці кахаеш ты яго заўсёды?
Маўчанне. Губкі дрыжаць, як у дзіцяці, якому пад сэрца падступае жаль, бо пачуваецца да віны й бачыць, што трэба прызнацца.
— Кажы, — асмяляе Апостал.
Тады пакорна-баязліва вышаптала, асоўваючыся
ХXXIV
Шпацыруючы ў садочку, Вініць расказваў ёй кароткімі, вырванымі з сэрца словамі тое, што нядаўна вызнаў Апосталам: неспакой у душы, перамены ў ягонай удачы і, урэшце, тую няўтульную тугу, якая пасля побыту ў Мырыям амарочыла яму жыццё. Прызнаўся Лігіі, што спрабаваў забыць пра яе, але не мог. Думаў аб ёй цэлымі днямі й начамі. Прыгадаў той крыжык, які звязала яму з галузак, як хавае яго ў лярарыюме, як мімаволі аддаваў яму пашану боскую. І тужыў штораз мацней, бо каханне было сільнейшае за яго і ўжо ў Аўлаў цалкам авалодала ягонай душою… Іншым прадуць ніткі жыцця Паркі, а яму снавала ейнае каханне, туга і сум. Нядобрыя былі ягоныя ўчынкі, але пабуджала іх каханне. Кахаў яе ў Аўлаў і на Палатыне, і як глядзеў на яе ў Острыянуме, слухаючы слоў Пятровых, і як ішоў на поймы яе з Кратонам, і як даглядала яго ў хваробе, і як збегла ад яго. І вось прыйшоў Хілон, які выследзіў ейную кватэру і раіў адабраць, але ён палічыў за лепшае ўкараць Хілона ды пайсці да Апосталаў прасіць праўды й яе… І багаславіў хвіліну, якая прыслала яму такую думку, бо дзякуючы гэтаму ён вось пры ёй, а хіба ж яна не будзе ўжо больш уцякаць ад яго так, як апошні раз уцякла з дому Мырыям… — Я не ад цябе ўцякла, — адазвалася Лігія.
— Дык чаму ж так зрабіла?
А яна падняла на яго ірысавыя вочанькі, потым спусціла сарамяжліва голаў і кажа: — Ты ведаеш… Вініць змоўк на момант, перапоўнены шчасцем, а пасля гаварыў далей: як паволі пераконваўся, што яна цалкам адметная ад рымлянак, хіба да аднае Пампоніі падобная. Не ўмеў ёй добра расталкаваць, бо й сам не цяміў сваіх адчуванняў, бачачы, што ў асобе ейнай прыходзіць на свет зусім іншая краса, якое да гэтых пор зусім не бывала, і якая не толькі ёсць мармуравым архітворам, але й душою. Сказаў прымеж таго і тое, як ён кахаў яе нат за ейныя ўцёкі ад яго, ды што будзе святою яму пры вогнішчы. Хапіў пасля яе за руку і, не могучы далей гаварыць, толькі любаваўся ёю з захапленнем, як знойдзеным шчасцем, ды паўтараў ейнае імя, казаў бы жадаў упэўніцца, ці знайшоў яе, ці ёсць яна пры ім: — Ах, Лігія! Лігія!..
У канцы пачаў яе распытваць пра ейныя перажыванні, а яна прызналася яму, што яго пакахала яшчэ ў Аўлаў, што была б сазналася ў каханні, калі б адвёў назад яе з Палатыну, і памагла б яму іх перапрасіць.
— Я прысягаў табе, — кажа Вініць, — што мне і ў голаў нат не прыходзіла адбіраць цябе ў Аўлюсаў. Пятроні некалі скажа табе, тады ж яшчэ прызнаваўся яму я, што кахаю цябе і хачу звянчацца. Сказаў яму гэтак: «Хай намасціць мае дзверы воўчым тукам і засядзе пры маім вогнішчы!» Але ён выкпіў мяне і падсунуў цэзару думку, каб зажадаў цябе як заложніцы ды аддаў мне.
Колькі ж разоў я праклінаў яго падчас журбы, але, можа, гэта памысны трап, бо інакш не пазнаёміўся б я з хрысціянамі ды не зразумеў бы цябе.
— Вер мне, Марк, — адказала Лігія, — гэта Хрыстус вёў цябе да сябе гэтаю дарогаю.
Вініць зрабіў галавою жэст здзіўлення.
— Праўда! — жыва прытаківаў. — Усё так дзіўна сплялося, што я, гукаючы цябе, знайшоў хрысціянства… У Острыянуме з подзівам слухаў Апостала, бо такіх рэчаў ніколі не чуў. Ты малілася за мяне?
— Так! — цвердзіла Лігія.
Прайшлі міма
абзелянелага летніка і падыйшлі да мейсца, дзе Урсус, задавіўшы Кратона, кінуўся на Вініція.— Тут, — кажа юнак, — каб не ты, быў бы мне канец.
— Не згадвай і не дакарай яму за гэта.
— Ці ж я мсціўся б яму за тое, што цябе бараніў? Вызваліў бы зараз, калі б ён быў нявольнікам.
— І Аўлюсы яго даўно вызвалілі б.
— Памятаеш, — прыгадваў Вініць, — як я маніўся цябе аддаць Аўлам?
Але ты не хацела, бо мог бы даведацца аб гэтым цэзар і мсціцца над імі. Ну а цяпер магчымеш з імі спатыкацца даўспадобы.
— Як гэта, Марк?
— Кажу «цяпер», а маю на думцы тую хвіліну бяспечную, калі будзеш ужо маёю. Так!.. Бо калі б цэзар, даведаўшыся, спытаў, што я зрабіў з закладніцай, якую мне паверыў, адкажу: «Звянчаўся з ёю, і да Аўлаў ходзіць з мае волі». Ён доўга не будзе ў Анцыюме, бо яму хочацца ў Ахайю, а хоць бы й забавіўся, не патрабую спатыкацца з ім штодзень. Як Павал навучыць мяне вашае веры, зараз прыйму хрост і вярнуся сюды, адсвяжу прыязнь з Аўламі, якія на днях вернуцца ў горад, і не будзе ўжо перашкод, а тады забяру цябе і пасаджу ля майго вогнішча. О carissima, carissima!
Сказаўшы гэта, выцягнуў рукі, казаў бы неба заклікаў у сведкі свайго кахання, а Лігія, падняўшы на яго палаючыя вочы, дасказала: — І тагды прысягну: «Дзе ты, Кай, там і я, Кая».
— Не, Лігія! — адазваўся Вініць. — Прыракаю табе, што ніколі ніводная жанчына не была, можа, так паважана ў доме, як ты будзеш у мяне.
Праз хвіліну йшлі моўчкі, не могучы змясціць у грудзях шчасця, раскаханыя ў сабе, падобныя да пары бостваў, так прыгожыя, як бы іх разам з кветкамі вычаравала вясна.
Затрымаліся ўрэшце пад цыпрысам недалёка ўваходу ў дом. Лігія абаперлася ля дрэва, а Вініць пачаў прасіць дрыжачым голасам: — Загадай Урсусу прынесці ад Аўлаў да мяне твае манаткі й забаўкі.
А яна, зачырванеўшыся, бы ружа ці зарніца, перасцерагла: — Звычай дыктуе йнакш… — Я ведаю. Заносіць звычайна пронуба [48] за сужэнкаю, але ты зрабі для мяне вынятак. Я забяру іх з сабою ў маю віллу да Анцыюма, і будуць мне прыгадваць цябе.
Згарнуў рукі, бы дзіцянё, і налягаў далей:
48
Матрона, павучаючая аб абавязках жонкі (заўвага аўтара).
— Пампонія на днях вернецца, дык зрабі мне прыемнасць, дзіва, зрабі, carissima мая!
— Хай Пампонія зробіць, як захоча, — адказала Лігія, румянячыся на ўспамін «пронубы».
Ды зноў замоўклі, каханне прыпыняла ім дух у грудзях. Лігія апіралася плячыма аб цыпрыс, з белым, як кветка, абліччам, з вачыма апушчанымі і жыва хвалюючымі грудкамі, а Вініць мяняўся на твары, бляднеў. У паўднёвай цішыні чулі біццё сваіх сэрцаў, упоеныя, раскашуючыся ўсім, што іх акружала.
У дзвярах з’явілася Мырыям і запрасіла іх на полудзень. Заселі разам з Апосталамі, якія глядзелі на іх з уцехаю, як на новае пакаленне, што па іхняй смерці прахоўваціме і засяваціме зерне новае навукі. Пётр ламаў і багаславіў хлеб; на ўсіх абліччах была пагода, нейкае вялікае шчасце напаўняла гэту хату.
— Ну дык бачыш, — адазваўся ўрэшце Павал, звяртаючыся да Вініція, — якія мы непрыяцелі жыцця й радасці.
А той адказаў: — Ведаю ўжо, як ёсць, ніколі я не быў так шчаслівы, як між вамі.
XXXV
Вечарам таго ж дня Вініць, ідучы праз Форум дамоў, убачыў пры ўваходзе на Вікус Тускус залочаную лектыку Пятронія, якую несла васьмёх бітынцаў, і, затрымаўшы іх ківом рукі, падыйшоў да фіранак.
— Прыемнага й салодкага сну! — адазваўся, смеючыся, да соннага Пятронія.