Райскія яблычкі
Шрифт:
Што датычыць слаўных валечных чынаў караля Яна ІІІ Сабескага, яго першай значнай — Хоцімскай перамогі, то Яго мосць кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, прыхільнік і мецэнат мастацтваў і паэзіі, не абмежаваўся адно помнікам конным сармацкаму манарху-ваяру, не, ва ўгодкі слаўнай вікторыі замоўлена была эпапея, паэтычная “Хоцімская вайна”. І пазней у Станіслава Аўгуста заставаўся не так асадак непрыемны, як прысмак лёгкай расчараванасці. Собіла замовіць паэму творцу ў сутане, вядомаму паэту-біскупу, зусім не ваяўнічаму ў сэнсе мілітарным, бо працаўніку на ніве Божай. Так-так, майстру слова, спрытнай рыфмы, творцу выдатнаму, але іншага жанру, не гераічна-эпічнага, а зусім іншага — героекамічнага. Не-не, аўтар сумленна-дбайна прасякнуўся атрыманай ад Яго каралеўскай мосці замовай і выканаў яе нібы паводле падручніка — правільна, у рэчышчы паэтычнай нормы і канону, але зусім не бліскуча, хутчэй аднастайна, нудна, нейк безжыццёва, без іскры. Быццам выканаў халодную статую з цудоўнага карарскага мармуру, але якая не смяецца і не трыумфуе па-сапраўднаму, з жыццёвай моцай. Чытач не бачыў ззяння трубаў, не адчуваў радасці “віватаў”,
Што яшчэ дадаць? Паэма толькі формай нагадвае жыццё, але не зместам. Дбайная рамесніцкая праца, без натхнення, рэч без патрэбнага бляску, не твор мастацтва, якія застаюцца на вякі. Дрэнна. Усё разам стала выглядаць менавіта на нядобрую паслугу самому Яну ІІІ Сабескаму. Зразумела, зробленую з найлепшых перакананняў і памкненняў.
Вось несур’ёзная вайна, камічная, у аўтара атрымалася як мае быць, можа яна ў ім сядзела, задума яе, сцэны, персанажы, калі кароль замаўляў яму сваю паэму, якую паэт-біскуп пачаў пісаць насуперак той, што была ў яго ў галаве, змагаючыся з супрацьлегласцямі. Зусім не выключана. Перад вачыма адно, а ў кроплі чарніла на вастрые пяра — іншае. Так-так, зусім не выключана, што казаў сабе: трэба пастарацца, трэба намагчыся, каб выканаць замову і хутчэй узяцца за яе, сваю “Вайну мніхаў”, якая парушыла іхні “салодкі рай” і ў якой замест гарматных куляў ужываліся пыльныя фаліянты, каторых не чыталі болей, ленаваліся насельнікі кляштараў, бо іх даўно болей вабіла ежа фізічная, рэчаісная, вінцо, моцныя трункі і лайдацтва таксама. Асабліва гарэлка кменная ды ліквор празрысты, як сцвердзіў паэт у сутане. Так-так, яны часцей кленчылі перад шэрагам гарнцовых куфляў, чымсьці ля ног распятага. Карацей, таленавіты і папулярны паэт бліскуча апісаў хатнюю вайну паміж двума кляштарамі, у якіх зіму-лета хадзілі ў сандалях з драўлянымі падэшвамі, на жабрацкі капыл, “вайну жорсткую без зброі і мяча”, “рыцараў босых і голых”, “вайну манаскую”.
І прыкрым момантам здалося адназначна тое, што напісаў яе, тую зласлівую паэму біскуп-творца, бавячы свой час у палацы Фрыдрыха Другога ў Берліне прускім. Пры двары Варшаўскім, само сабой, раўніва паставіліся да першых жа радкоў, з якіх празрыста вынікала, што дзея магла адбыцца у кожным месце Рэчы Паспалітай, хаця б і ў гарадзенскім, крыху раўніва падумалася Станіславу Аўгусту пры ўзгадцы пра радкі:
“Старое замчышча, журботная пустэча — Існуюць тры карчмы, разваленыя брамы, Дзевяць кляштораў і лічба пэўная дамоў”.Кароль машынальна пачаў пералічваць кляштары гарадзенскія: досыць, сапраўды. І ў крыху завуаляваным кампліменце сабе далей прачытаў штось панібрацка-малапрыемнае, радкі самі паўтараліся-адбіваліся ў памяці, як жа там напісана было ад імя лайдакоў-мніхаў:
“Згары звычайна дакляруюць прыклад абы-які, Адтуль ідуць прычыны нашага няшчасця. О ты, які цяпер на польскім сядзіш троне, Вядома: мёду ты не любіш і не любіш віна!”І далей зусім ужо якімсь нізкім, карчомным стылем — што п’янства пры табе канае, што маеш густ да кніжак, а піўныя ў заняпадзе, што адарваў ад куфляў, шклянак, бочак свой люд, а сам у жыцці бадай ніколі не напіўся!.. Гэта ўжо гучаць словы самога аўтара. Непатрэбны рэверанс бадай, зморшчыўся кароль у думках, пахвальба, зрэшты безасабовая, без надрукаванага імя, але якаясь нягеглая пахвальба, ад якой толькі пачуццё прыкрасці. Лепей нічога не пісаць, як такія радкі. Што праўда, зроблена “Вайна мніхаў” жвава і ў большасці месцаў нават бліскуча, яна сама чытаецца, прычым пачынаеш, не задумваючыся, вымаўляць радкі ўголас. “Антывайна мніхаў”, якую аўтар напісаць па часе мусіў, каб падставіць тарчу на шляху крытычных стрэлаў, яна была ўжо іншым складам скроена, паважна-бесстароннім, але і менш чытэльным, не, не цяжкаважна, але без прысмаку эмоцый, без жарынак, без іскрыстасці, нібы ўсё тая ж хоцімская пра вайну паэма.
І што яшчэ амаль з зубоўным болем успрынята стала, што біскуп-творца, што салдафонства не цярпеў, знайшоў агульну мову з прускім каралём, пасля разбору Першага стаўшы яго падданым. І абурыла што зусім усю Варшаву, Горадню і Вільню, што выглядала справа як спаборніцтва паэтаў, неверагодна! Спаборніцтва у пасквілях на Польшчу! Біскуп: я напішу пра мніхаў ваяўнічыя справункі, а імператар — што ж, тады мая паэма называцца будзе “Вайна канфедэратаў” і не інакш…
Хаця мы скажам, што Станіславу Аўгусту было даволі зразумела: усе паэты бадай аднолькавыя, ці паэт у сутане, ці з аксельбантамі, напрыклад. Славалюбства іх яднае, славалюбства і прага чытачоў паболей мець. Фрыдрых ІІ прымаў гасцей шыкоўна, і ці магло не палесціць паэту-біскупу, што яму выпала займаць пакоі, у якіх раней гасцяваў, запрошаны да прускага двара аўтар разглоснай “Арлеанскай дзевы”, сам Вальтэр? Распаўсюднік вальнадумства, лібертанскай мыслі!
Апошняй кропляй, што разражніла караля, намёк якісь блазенскі ў “антыпаэме” біскупа, другой па ліку ў сэнсе, што датычыла манаскіх проста кажучы “загрудкаў”. Пад выгукі “Да зброі! Так, да зброі!” стаўляюць збан вялізны на чатыры гарнцы, а на ім — у выглядзе аздобы прылітаваны злотыя і срэбныя таляры з тварамі, а менавіта — “Жыгімонтаў, слаўных Уладыславаў”, а таксама, само сабой, і “Пястаў, Ягелонаў, Вазаў”. Маўляў, такімі збанамі калісьці бацькі нашы любілі выпіць, не смуткуючы залішне.
Нібы звычайныя радкі, але для караля апошняга — намёк, намёк на тое, што побач з іншымі няма манеты з яго тварам, неваяўнічым тварам караля, што любіць мову музаў, а не гарматны голас-рык.Так, любіць музы, але зноў жа прайграе: Вальтэр у Фрыдрыха гасцюе, Дзідро — у Кацярыны, а Русо, Русо павінен быў у пушчы Белавежскай быць, паблізу Панятоўскай жыць і цешыцца з натуры нечапанай, з нерушы літоўскай. І што ж? Не выйшла з гэтага нічога. Не бачылі Жан-Жака ні Горадня і ні Варшава. А тут вазьму я голас зараз, каб выказаць уласны погляд на падзею, што не адбылася, а магла адбыцца стараннямі, як нам вядома, Тызенгаўза Антонія, галоўнага у каралеўскай Горадні распарадчыка жыццём і будаўніцтвам-пашырэннем яе межаў.
Мы сёння, што цалкам натуральна выглядае, шкадуем вельмі, як уведаем, што не прыехаў сам Жан-Жак Русо, які паабяцаў, але змяніліся абставіны, а інакш мы б ганарыліся, што ён бываў у нас, што ашчаслівіў каралеўскі двор, што публіку парадаваў-пацешыў у Горадні над Нёмнам, апынуўшыся праездам у лясны прытулак свой, часовы, зрэшты, але не бяда, паколькі пушча стала б знакамітай на вякі не дзякуючы тым царам, генсекам, якія прыязджалі забіваць зуброў нашых, дзікоў, казуляў і сахатых, а дзякуючы ўсё ж яму, вядомаму пісьменніку і вальнадумцу, і шанавальніку прыроды-маткі нашай. Калісьці сама спадарыня дэ Эспінэ пабудавала для Русо на скраю свайго лесу ў Манмарансі дом-рай, названы Эрмітажам. Ды штось натура натурылася яго, штось муляла, таму свой адмысловы рай, пакрыўдзіўшы спадарыню дэ Эспінэ, пакінуўшы, ён перабраўся — побач — да мецэната у асобе герцага, які зафундаваў яму жыццё ў аслоне дрэў, дзе ўсё пайшло на слушную дарогу, дзе напісаў сваю ён “Элаізу новую” плюс “Эміля”… Вось жа і мы не проста шкадавалі, што гаворыцца абстрактна, а страчанай магчымасці шкада было нам. Вось прыкладам, каб напісаў Жан-Жак Русо у пушчы Белавежскай нашай штось знакамітае адразу ці пазней, вось ганарыліся б нашчадкі літвіноў пушчанскіх, дый не толькі — таксама гарадзенскіх, а ў асаблівасці ўсе тыя, хто моліцца на дзеі тых часоў і на людзей, хто пашыраў Гародню, хто праслаўляў яе, хто пакідаў ёй месца у аналах часу.
Аднак усё не вельмі ясна, апроч радка аднога: што вось Антоні Тызенгаўз са згоды караля, з Русо Жан-Жакам зрабіў дамову, што той прыедзе жыць і дом яму на скраю пушчы падрыхтаваў. І потым штось тлумачаць цьмяна-невыразна: якісь паляк славутага француза ашукаў, расчараваўся той і не прыехаў. Аргументацыя і тлумачэнне нядосыт пакідаюць, што зразумела і без лішняга абгрунтавання. Але задумацца: ці дапамог бы нейк сваёй прысутнасцю у нас, ці пасабіў бы, паспрыяў Жан-Жак Русо становішчу і сітуацыі вядомай, і нават рэпутацыі, што склалася, што існавала, і прыгнятала ў Гародні ўсіх свядомых патрыётаў, не толькі караля? Сын знаўцы механічнага жыцця гадзіннікаў і навучальніка — як танцаваць? Ці мог ён стрэлкі часу нейк скарэктаваць, злагодзіць іх хаду, нашараваць на вежы цыферблат, каб ззялі лічбы, каб рух у небе не азмрочваў, а натхняў? Наўрад — адказ мой так гучыць — наўрад.
Згаджацца можаце са мной, ці не згаджацца, такі я чалавек: палітык ён, паэт, не важна хто, але — калі ў паводзінах фігляр, зласлівец, ды што там гаварыць — пачвара, пачварай застанецца для мяне, зусім не важна — праклаў ён аўтабан, ці збудаваў палац, ці вершык напісаў, як шэпчуцца навокал, што надта ж геніяльны… Пашанцавала нам, што не прыехаў Жан-Жак Русо, дальбог пашанцавала. Той выпадак, калі, як кажуць, ён дапаможа што хваробе кашаль. Няўжыўчывы скандальнік, нервовы, недаверлівы, надумлівы і падазроны, пужлівы невымерна, але не толькі — няўдзячлівы і беспардонны, бязлітасны да шанавальнікаў сваіх, сяброў і мецэнатаў. Што яшчэ? Ён усе часы ўцякаў, напэўна ад сябе самога, бо кожны новы раз хтосьці даваў яму і дах, і стол, паперу, а што яшчэ патрэбна, каб пісаць? Але як вецер быццам гнаў яго адгэтуль і адтуль. Жан-Жак Русо? Грэблівасць, пагарда, пыха, ганарлівасць, так, фанабэрыя і несусветны эгаізм. Прырода знішчыла ту форму, з якой яго адліла, каб застаўся ў адзіным экземпляры — на ўсе часы — як пахваляўся ён публічна. Так-так, ён не такі, як людзі ўсе, ён не цярпеў каменных гарадоў, іх сцены, вежы, іх шум і гвалт, язду карэт па бруку, празмерны баляў бляск, ненатуральную прытворную размову, густую гаману званоў ў паветры, але, што не сакрэт, ён прагнуў славы ў тых самых гарадах, не толькі ў іх, у краінах усіх Еўропы цэлай, і ў Амерыканскіх Штатах за акіянам, што абвясцілі аб сваёй свабодзе ад каралеўскіх ланцугоў.
Не хочацца мне быць празмерна суб’ектыўным, але, сябры мае, мой клопат тут пра караля, манарха нашага, што сціснуты быў у абцугах падзей і закулісных дзеяў. Канечне, гэта на паверхні: яму здавалася, ён адчуваў ускосна падабенства лёсаў — Жан-Жака і свайго, манаршага. Устурбаваны памфлетам на сябе, бязлітасным і жорсткім, Жан-Жак Русо стварыў адповедзь, ад абароны перайшоўшы ў наступ у сваёй манеры уласцівай. Вось і кароль наш, каб патлумачыць непрыяцелям сваім, таксама і хаўруснікам у пэўным сэнсе, брашуру напісаў і ананімна уласным коштам ціснуў, натхнёны ў пэўным сэнсе творамі манархаў іншых, моцных, але таксама споведдзю яго, Жан-Жака. Яго, з якім ён згодны быў у тым, што ўлада і асвета ў адных руках павінна быць манаршых, каб поступ быў наперад. Так-так, усё гэта вядома: Вальтэр той у Берліне пры двары гасцюе, Дзідро, што не сакрэт, у Пецярбургу, а вось Жан-Жак, ён не прыехаў. Дык дзякуй Богу, я хачу сказаць, не адмаўляючыся ад свайго пераканання. Гэты візіт мог мець два вынікі ў той час здаецца мне: рэўнасць, што вырашыў сябе паставіць упоравень з каторымі, хто вырашаюць лёс яго і лёс яго дзяржавы, Рэчы Паспалітай — гэта адно, другое — скандалам магло закончыцца для караля такое запрашэнне, ды што скандал, і пасквілем таксама — з-пад рукі Жан-Жака, прыклады вядомы ўсёй Еўропе былі. А тут я стаўлю кропку, усё, я ўсё сказаў. І можаце згаджацца альбо не, то ваша права.