Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Райскія яблычкі

Астравец Сяргей

Шрифт:

Балі, на якіх не адчуваеш зусім разняволеным, зусім гаспадаром сябе, на якіх нібыта пад прыглядам, кароль мусіў бачыць абавязкова сёння самых моцных (з мядзведжымі абдоймамі) сваіх хаўруснікаў, спадчыну па Сасах, нікуды не падзецца, не адмовіцца ад якіх, не ўцячы. Прэсныя кампліменты, фармальныя ўсмешкі, падцукраныя размовы з келіхам у руцэ. Як жа яны апрыклі: амбасадар са світай, генералы з ад’ютантамі, пецярбургскія дамы са сваімі веерамі і пазяханнем. З’ехаць, з’ехаць, хутчэй з’ехаць з напалову свабоднай сталіцы, з напаўзалежнага існавання ў стары горад над Нёманам, у правінцыю, дзе яшчэ ўдавалася адасобіцца, адчуць сябе гаспадаром, дзе радавала вока, цешыла, абуджала амбіцыі вялікая будоўля, распачатая мілым яго сэрцу Тызенгаўзам Антоніем, пастаўленым кіраваць каралеўскай эканоміяй. Новыя сцены, рыштаванні, драбіны, стосы цэглы, пах свежай вапны і пілавіння.

У гарадзенскай рэзідэнцыі, у зусім новым вялікім палацы цяпер перабудова, адпаведна яго густам і патрэбам, там ён адчуваў сябе амаль у свабодзе, хаця яна не

магла быць суздром сапраўднай, лёгкай, але як ілюзія яго бадай задавальняла ў вельмі вялікай ступені, не хацелася яе страціць таксама. Так, Горадня была Яго каралеўскай мосці эканоміяй, яго тэрыторыяй, яго маленькай прыватнай краінай. Так, не зважаючы, у якім краі, каралеўстве, ці царстве, ці зусім азіяцкай дэспатыі стаіць горад — ён зменшаная мадэль, узор усёй вялікай краіны, у якой цяпер знаходзіцца, з яе законамі, парадкамі, звычаямі, з яе палітычным уладкаваннем і рэлігійнай будовай.

Гарадам уласціва закладаць падмуркі, будавацца, замажнець і рабіцца праз гэта ласым кавалкам, здабычай, вайсковым трафеем. Некаторым шчасціць перажыць захоп, знявагу, рабункі, разбурэнні, акупацыю, іншыя перастаюць існаваць, ад сценаў, вежаў і храмаў застаюцца крушні і зарастаюць быльнягом. Здараецца, ад магутнага багатага места толькі жменя хацін, збудаваных на гарэлішчы або, у лепшым разе, яно ператвараецца ў мястэчка, захаваўшы герб, але без ратушы, без дзыгара на ёй, час больш не адмерваецца, горад апынаецца ў гістарычнай твані, у шлаку. Жыхары не могуць патлумачыць нават самім сабе: адкуль мог узяцца герб з арламі, цяльцом або афрыканскімі львамі. Ці не памылка часам цудоўны гербавы шчыт з незвычайнай выявай? Ці не згубіў яго ў несамавітай мізэрнай мясціне хтось, ступаючы аружна па раздарожжах гісторыі?

Бывае, гарады вандруюць, уласна назва іхняя, альбо аднолькавае імя атрымліваюць розныя гарады больш-менш па-суседску, ці на істотнай адлегласці. І калі ў хроніцы ці ў летапісе пра горад з такім назовам захаваецца якаясь згадка — вельмі важная, ці наадварот, цьмяная, нязначная, амаль выпадковая, папросту радок, пазнейшыя даследчыкі зацята псуюць дзіды ў акадэмічных спрэчках, пасылаюць баявых сланоў і калясніцы, штурмавыя вежы і сценабойныя машыны, выкарыстоўваюць хмары крытычных стрэлаў і ледзьве не славуты грэцкі агонь, які надзвычай цяжка пагасіць, робяць запальна ўсё магчымае, каб давесці сваю рацыю, каб перамог іхні менавіта погляд на тое, які менавіта горад называўся ў сівых вяках, напрыклад, Горадзень, Горадня, Гародня?

І не мінула ста гадоў пасля дэпартацыі апошняга караля, як вучоным мужам заманулася ў навуковых дыспутах і ў часопісах спрачацца нагвалт, атакоўна высоўваць свае аргументы, свае доказы таго, ці з’яўляецца раней каралеўскі горад над Нёмнам той самай летапіснай Гародняй, дзе трубы граюць, як напісаў аднойчы безназоўны манах-летапісец? Спрэчка здарылася не проста філалагічнага кшталту, вучоныя па яе выніках меліся вызначыць век, назваць дату пачаткаў Горадні: яна, ці не яна? Бойка атрымалася сапраўды нежартоўная, хоць для масцітых прафесараў, прызнаных знаўцаў у адпаведнай галіне, пытанне не ўяўлялася зусім каляным гарэшкам, таямніцай з мноствам пячатак і нарэшце агучаны адказ быў амаль відавочным. Але спрэчка патрэбна, каб вылузалася ісціна, як фасоліна, як боб. Хоць агульнавядомая рэч: часта баламуцяць дылетанты з апломбам.

Горадня з манаршага жадання і яго ласкавай згоды пачынала набываць і ўсё болей мела сталічны прысмак, дзякуючы імпэту, нястомным старанням працавітага Тызенгаўза Антонія. Як гарады трапляюць неаднойчы ў палон, або, наадварот, у райскія амаль шаты — з цягам перасоўвання межаў, спачатку ўладальніцкіх княскіх, графскіх, затым межаў каралеўстваў ды імперый, так краіны набываюць новыя абрысы і памеры — сцінаюцца з пагрозай знікнуць зусім, ці пашыраюцца, распаўзаюцца па паверхні мапы і таксама — ці самі кагось апаноўваюць. Так, ці трапляюць у чужы склад, як і гарады — на ўдачу, ці на няшчасце, апынаюцца ў прыніжаным стане, у галоце і нэндзе. Гэта як з картамі за сталом, ніколі не ўгадаеш — удача чакае, ці пустая кішэня. Хаця ў міжкраёвых сутыкненнях, у дачыненнях дыпламатычных шулеры таксама трапляюцца, блефаваць яны ўмеюць не горш, чым у карты. Станіславу Аўгусту Панятоўскаму, бадай, не здаралася пазбыцца адчування, што ў цяперашняй картачнай гульні, калі стаўкі такія значныя, геапалітычныя, кажучы на сённяшні лад, яму застацца не ў пройгрышы, захаваць свой капітал з найменшымі стратамі будзе вельмі, вельмі цяжка. Не хацелася так думаць, ніхто не ведае наперад дакладна, так-так, не хацелася быць песімістам, выклікала нежаданне магчымая роля ахвяры або ахвярнага казла, ці вялікая розніца?

Каханак царыцы, шапталіся за каралеўскай спінай. Што тут праўда, што не? У пагалосках ніхто не шукае праўды, чуткі — яны самамэта, яны дастаўляюць пякоткае задавальненне. Каханак? А можа хутчэй сімпатык, воляю лёсу? Яму падабаліся каханкі без неагучаных думак, без схаваных ад яго памкненняў, без здрадных жаданняў, без хцівых мэтаў. Цікаўных заўжды будзе прыцягваць гэтая гісторыя, і ніколі не знайсці ім у прыску гісторыі — дзе быў агонь, іскры, а дзе толькі дым. Кацярына ІІ была гаспадыняй, адной з трыяды моцных, яе імперыя, наставіўшы свае шаблі-пікі, штыхі і гарматы, папаўзла на Найяснейшую Рэч Паспалітую, як ацяжэлая ад віна і пажаднасці цёмная бясформная хмара, што праўда, з белым парыком напагатове. Каб усё прыгожа, цывілізавана,

без пораху і гранат, у стылі асамблеі, з келіхамі, клавесінам і скрыпкамі, з менуэтам і нават кракавякам. Што таксама праўда, порах пры канцы будзе ўжыты, але без забойства, без крыві: гарматныя віваты і піратэхнічныя марныя выбухі, каляровая кудаса ў начным небе, клубкі іскраў, россыпы кветак-знічак, не паспяваеш абрадавацца як след, нават усвядоміць, што радавацца няма падставы…

У палацы на нёманскім беразе ў караля была гравюра з выявай старадаўняга горада, зробленая так, як ён мог выглядаць з птушынай вышыні, іншымі словамі, як чалавеку немагчыма было ўбачыць: з вулічнымі лабірынтамі, завулкамі і тупікамі, з дробнымі і вялікімі пабудовамі, з дахамі рознай формы, якія нібы ваярскія шчыты абаранялі горад ад стрэлаў з паветра. Горад за тоўстымі, непашкоджанымі, надзейнымі мурамі нагадваў каралю нутро валоскага гарэха або турэцкага граната. Горад як краіна, як зменшаны сусвет. Горад — яйка і зародак, ён збоку, Яго каралеўскай мосці прыгожы светлы палац.

Горад можа быць крохкім нібы яечнае шкарлупінне, але пакуль што яго каралеўскі горад толькі зрабіў крокі за свае даўнейшыя межы і будаваўся, шырыўся, напаўняўся рознамоўнымі галасамі, гукамі будоўлі, рухаўся хутчэй карэтамі, ветракамі, мануфактурнымі машынамі, пачынаў вылучацца больш каляровым, разнастайным жыццём, у горада ў кішэнях пачалі затрымлівацца манеты. Засмучала Станіслава Аўгуста рана ў душы, нябачная трэшчына, нібы расколіна ў глінянай судзіне ўнутры, недасяжная пакуль воку. У зборы старых геаграфічных мапаў яму падабалася назіраць, як акрэсліваліся паступова абрысы мацерыкоў, астравоў, асобных краін, горных ланцугоў, як больш дакладна пачыналі пазначаць кірункі рэк, азёры, моры, як напачатку няпэўныя на картах сталі вымалёўвацца невядомыя раней акіянскія астравы і цэлыя кантыненты. Гэта быў рух наперад, поступ, крок па кроку, асабліва з тых часоў, як Папа падзяліў свет — вядомы і не знойдзены яшчэ, славэтную terra incognita — так-так, падзяліў на будучыню паміж Мадрыдам і Лісабонам, паміж дзвюма марскімі каронамі…

Я запыняю сябе на думцы, што мушу патлумачыць: я зусім не археолаг ў пэўным сэнсе, не займаюся рэканструкцыяй колішніх нораваў, узаемадачыненняў, закулісных змаганняў, каншахтаў і гешэфтаў. Як таксама і не актор, каб пераўвасабляцца, прымерваць у думках і насамрэч камзол і парык, панчохі і панталоны. Не актор, каб улазіць у чужую шкуру, мяняць ролі як мянялі некалі каханак, старацца жыць чужым жыццём для публікі, якая заплаціла, каб пацешыцца ці пазлаваць, назіраючы маю міміку, жэсты, маю гульню, гульню сучаснага чалавека ў старасвецкія жарсці. Я не пішу гістарычныя рэчы і не спрабую, не працую ў архівах, я адзін з тых мінакоў, якія па-рознаму, кожны на свой лад і ў неаднолькавай ступені, адчуваюць прыемнасць, ступаючы па бруку, вулічнымі калідорамі са старых камяніц. Я, у прыватнасці, адчуваю гэтае задавальненне досыць востра, часам мацней, іншым разам меней, але адчуваю, так-так, знітаванасць з горадам, з яго дзеямі, з асобамі. І я стараюся перадаць на паперы свае пачуцці чалавека, які на кожным кроку памятае гісторыю, але які жыве сучасным жыццём. Мне цяжка пераўвасобіцца ў таго, якому падпарадкоўваліся вялікія абшары яшчэ не пакроенай, яшчэ не скасаванай краіны, якому падначальваліся, так ці інакш, усе жыхары, мільёны. Мне, уласна кажучы, як астатнім мінакам на брукаванай вуліцы, цяжка ўявіць жыццё без кававаркі, без радыё, без спадарожнікавай талеркі, без унітаза ды іншых выгодаў. Так, але я зыходжу з чалавечай натуры, са схільнасцяў, звычак, а яны, кажуць, не мяняюцца стагоддзямі. Я пішу пра Станіслава Аўгуста Панятоўскага таму, што я жыву ў яго горадзе, таму што ён мяне цікавіць, таму што я ганаруся тым, як ён яго разбудаваў калісьці і ўзнёс, і перажываю драматычныя падзеі, якія адбыліся потым. Я пішу, напэўна, для чытачоў, з якімі мы жывём у падобным рытме, з падобнымі думкамі і пачуццямі і для якіх меней важна, каб пісьменнік спрабаваў стварыць падабенства рэканструкцыі часу, напісаць класічны гістарычны твор. Уласна кажучы, я раблю тое, што падабаецца мне, што я лічу цікавым і не стараюся трапіць у нейкія рамкі, каноны, каб спадабацца камусьці ананімнаму, хто мае ўстойлівыя звычкі і ўяўленні пра літаратуру. Так-так, мне не цікава пісаць гістарычную прозу, прызнаюся, але мне цікавы чалавек, які не мог уратаваць сваю краіну.

А зараз вяртаемся да нашага Панятоўскага, да апошняга караля, які закончыў сваё караляванне ў прыгожым новым палацы над Нёманам, каторы дагэтуль вартуюць своеасаблівыя сфінксы караля з Саксоніі, які збудаваў гэтую рэзідэнцыю. Закончыць праўленне, калі ўсе твае ўладанні, твая краіна з дзвюх вялікіх частках, з дзвюх краінаў сцялася да апошняга твайго прытулку, закончыць пад хатнім арыштам. І апошнім гэтым прытулкам стаў палац, які быў увасабленнем усёй краіны і яе ўлады: правую частку займалі каралеўскія апартаменты, левую — дэпутаты ад усіх ваяводстваў і адлеглых паветаў, якія збіраліся на дэбаты. Парламент, не горшы, чым у Парыжы, зразумела, да гільяцініравання Марыі Антуанеты. Яму тады міжволі, калі звесткі дасягнулі вушэй яго двара, падумалася: у пэўным сэнсе добра, што кароль Рэчы Паспалітай не мае жонкі, што яго суседзі па дому — шумныя дэпутаты з магнацкіх палацаў і шляхецкіх засценкаў скарысталіся з права вета, проста кажучы забараніўшы яму браць шлюб. Хаця асабістыя ворагі трыумфавалі тады: кароль у ролі гарэмнага еўнуха, хай нават гэта моцнае перабольшанне, але прысмак застаецца, яго не пазбыцца.

Поделиться с друзьями: