Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Райскія яблычкі

Астравец Сяргей

Шрифт:

Што праўда, трэба гэта падкрэсліць, карона і крыж заўжды хаўрусавалі. Каваль крыжа сабе ніколі не павесіў бы на шыю, медаль — так, калі ласка, на вайне быў, пад заслону трапіў, як усіх навакольных забрылі, у абозах ператрываў, ацалеўшы без драпіны адзінай нават, з медалём вярнуўся. Як моцна падап’е, а яно здаралася само сабой заўжды моцна, медаль на грудзі, карону — на галаву. Як палкаводзец на парадзе перамогі не раўнуючы. Перамогі над цемрашальствам, над зданямі гісторыі, над панамі-прыгоннікамі, што трымалі народ у хамуце, стаялі над ім з бізуном.

Памятаю ўсё, як у смузе праз даўнасць часу, але таксама таму, што трымцела душа, адчуваючы паездку ў гісторыю, калі мы, некалькі чалавек, выбраліся маленькай савецкай машынай у былую вёску Панятоўскую, дзе спачывалі калісь парэшткі караля Станіслава Аўгуста, у цішыні, занядбанні, на адлегласці ад сталічных гарадоў, у апошняй канчатковай высылцы. Дакладней мы не ведалі, што парэшткі

зніклі, ці спарахнелі, ці знішчаныя, раскіданыя людзьмі, мы ехалі ў няведам’е, але ў канкрэтную мясціну з выразна акрэсленай мэтай, вызначыўшы сказанае мной ужо раней: што калі пяцьдзесят гадоў таму каралеўскую дамавіну вярнулі з-пад сярпа і молата, з “краіны рабочых і сялянаў” і не павезлі у Варшаву, ці Кракаў, яе паціхеньку даставілі ў некалі фамільную вёску каралеўскай сям’і і без цырымоній схавалі ў касцёліку, што пабудавалі самі Панятоўскія.

Нас чакалі толькі занядбаны касцёл без крыжоў, без даху, без дзвярэй, зняважаны, апаганены і кінуты. Мясцовыя паказалі яміну, у якой змяшчалася некалі дамавіна Станіслава Аўгуста Панятоўскага, раскапаную шукальнікамі скарбаў яміну. Ці чакалі мы большага, ці спадзяваліся знайсці месца спачыну каралеўскай асобы цэлым і непашкоджаным? Наўрад. Але расчараванне было раптоўным і моцным. Нават слёзы я адчуў, абуранасць і нямоц не толькі да мясцовых, але да ўлады, якая не паважае храмы, магілы, гістарычныя асобы для якой — нішто, абцугі пачуццяў трымалі мяне ўвесь той час, пакуль мы археалагічна перасыпалі, перабіралі глебу ў былой магіле і вакол яе ў знішчаным храме. Дайшла чарга і да аповедаў-успамінаў тамтэйшых, як узламалі, як расчынілі дамавіну, як навыперадкі кінуліся рукамі, як расчараваліся, што не ўбачылі трупа, што знаходкі аказаліся досыць мізэрныя. Праўда, у аповедах тых было рознае: хтосьці сам бачыў, хтось пераказ чуў, нехта трапіў паглядзець, калі вецер ужо гуляў над раскіданай магілай, а іншы, нібыта, з самага пачатку быў сведкам здарэння. Расказвалі пра залатыя ці хутчэй пазлачоныя гузікі з мундзіра каралеўскага, якія ці то зрэзалі з яго, ці то яны ў парахне паблісквалі, гаварылі пра рэшткі ботаў — абцасы, шпоры, пра вышытыя залатымі ніткамі арлы на плашчы нябожчыка, што ацалелі таксама, мовілі яшчэ пра нешта і, самае дзіўнае, пра карону каралеўскую, з якой бегалі па вуліцы спачатку падшыванцы вясковыя, але якая неўзабаве апынулася ў надзейных руках, знайшла свайго пастаяннага гаспадара, удзельніка вайны каваля. Думаю, што следчым таксама давялося ўсё гэты выслухаць, нават болей напэўна, таму што жывых сведак яны маглі дапытаць болей, а затым выбудаваць версію сваю, стварыць больш-менш ясную, цалкам верагодную гісторыю рабункаў каралеўскай дамавіны.

Згадзіцеся, такая гісторыя, калі да яе дакранешся аднойчы сам асабіста, не адпусціць ніколі, хай міне час, будзеш усё роўна вяртацца ў думках, выдумляць, марыць пра іншы падрахунак, лепшы лёс каралеўскага пахавання. Не менш цікава, што будзеш вяртацца таксама да каваля, якога ніколі не бачыў, але які праз зігзагі гісторыі стаўся апошнім жывым уладальнікам каралеўскай кароны. Мне ён бачыцца, напрыклад, у школцы на ўроку мужнасці з медалём на грудзях. Так-так, пра баявы шлях апавядаць даводзілася, пра штурм Берліна, пра надпіс на рейхстагу, а як жа? Пытанні ё? А надзень, дзядзька Мартын, карону сваю царскую, га? Так, раскажыце пра карону, дзяўчынкі далучаюцца, калі ласачка, раскажыце, вы яе ў музей школьны не здасьцё? Вось і адкажы ім, падшыванцам, граматныя сталі! Што кароне рабіць на ўроке мужнасці, калі пра штурм Берліна мова, дзе ворага ў яго логвішчы дабілі? Нашто яна ў музеі школьным, дзе пра подзвіг народу расказ, дзе пра калгасную вёску і дзеля кантрасту — крэмневыя сякеркі, скрабкі, лапці, калаўрот, зрэбная кашуля з арнаментам, лыжкі драўляныя?

Даскакаўся, дафарсіў, давыхваляўся каваль пад чаркай у кароне каралеўскай, напісаў хтось на яго куды трэба, што знайшоў скарб і прыўлашчыў, не здаў дзяржаве, здзейсніў злачынства крымінальнае. Пакуль хадзіла ананімка па інстанцыях, схапіла сэрца і пагас горан у кузні, не стала каваля. Выпісалі пасведчанне ў сельсавеце аб смерці і закапалі каваля, паставіўшы абеліск драўляны з зоркай фанернай чырвонай зверху. Рукі ў нябожчыка залатыя былі, мог бы сам сабе штось адмысловае выкаваць-скляпаць на будучую магілу, каб усе пазайздросцілі, але паміраць ён не збіраўся, ва ўсякім разе не спяшаўся лішне, не задумваўся пра такую патрэбу, яму жыць было цікава, ён адчуваў сябе крыху вясковым каралём, прынамсі кавалём у кароне.

Вобраз гэты, чым далей, мацней прыцягальным робіцца, бо хочацца не так забыцца на яго, як, наадварот, растыражаваць у думках. Мне ўяўляюцца нібы чорна-белыя газетныя здымкі, як пастановачныя адбіткі колішняга неразнастайнага жыцця: каваль у кароне чытае “Правду” або “Сельскую газету”. Наступныя, зробленыя з успышкай на працоўным месцы ў кузні: ён з абцугамі ці з молатам або з меншым малатком падкоўвае калгасных коней, рамантуе механізмы,

ланцугі, падпраўляе плугі, рыдлёўкі, сярпы, косы, сякеры, матыкі, граблі, патэльні. Ён адначасова і Гефест, і ратай. Застыглыя фотапаставы як на антычных барэльефах, толькі хіба менш мастацкія, але каларыт, соль працы, яны застаюцца, не зважаючы на змену эпохі і ўлады.

Шукаць карону прыехалі следчыя, не знайшлі, пачалі дапытваць вяскоўцаў. Як жа — залатая каралеўская карона! Не раўнуючы гістарычная каштоўнасць нібы са скіфскага кургана з падручніка гісторыі, з энцыклапедыі. Колькі з яе можна нарабіць пярсцёнкаў заручальных, ашчаслівіць новашлюбных, ці прадаць палякам за мяжу, калі захочуць, канечне. Справа паважная, дзяржаўнага ўзроўню, словам. Санкцыя пракурора і страшэннае, незразумелае слова “эксгумацыя” прыгаломшыла вёску. Камісія: сам пракурор, інструктар абкама плюс негаваркі чалавек ў цывільным, у якога на плячах нібы прасвечвалі зоркі, прынамсі адна — пасярэдзіне. На месцы ўзялі сведкамі ўчастковага і сельсавецкага старшыню, грабароў у калгасе. Прыехаў таксама, само сабой, следчы па асабліва важных справах.

Вёска сцялася, як людзі самі гаварылі. У каваля, успаміналі, бралі самагон не проста кавальскі, як спачатку быў, а “каралеўскі”, “каронны”, першае слова не вымаўлялася, можа толькі мелася на ўвазе, а “каронны самагон” — гэта гучала напраўду. Каму, як не кавалю, самагонны бровар вырабіць, саштукаваць, наладзіць латвей было? Яго напой усе любілі, цаніўся як наркамаўскі на фронце. І ўсе ведалі, а як не ведаць? Не ведаць немагчыма было. Ну, прыедуць часам дзеля блезіру, справаздачы, з “макарава” наробяць дзірак у ёмістасцях з думкай “не крыўдуй, Мартын, герой вайны ты наш, служба такая”. Зробіць новы, вырашалі міліцыянты, спусташаючы набойню, хто б сумняваўся?! Ніхто! Залатыя рукі чалавек быў, так, дакладна. Каб у іншых умовах, за мяжой, пры капіталізме, мог бы рабіць выдатныя гарэлачныя апараты на продаж з выявай кароны сваёй, напрыклад, патэнт атрымаў бы, ліцэнзію, хутка ўзбіўся б на грошы, а так займаўся сізіфавай працай, літуючы кулявыя прастрэліны, спрамляючы, куючы-расплясківаючы, новыя часткі робячы замест наўмысна сапсаваных участковым з саслужыўцамі.

Але ж хітрун каваль! – дзівіўся непрыемна пракурор. Залатую недзе схаваў, сабе скляпаў звычайную, на кожны дзень. І дзе яе зараз каралеўскую сапраўдную, з чыстага золата шукаць? Закапаў дзесь, ці даўно збыў з рук, каб не пякла, каб не зайздросцілі, каб не скралі, каб не здаваць дзяржаве савецкай.

У труне — каралеўскай — дубовай, як хацеў, аказваецца, з медалём і ў кароне, з насоўкай і расчоскай ў кішэні пінжака, з алавянай лыжкай для крупені і кашы ў другой, з галяком таксама, з няроўным жалезным зліткам, са здымкамі і парай манет у партманетцы, кадры: на фоне рейхстага, другі — у кароне на фоне пуні, трэці — у кузні з абцугамі з напаленай нарыхтоўкай, на фоне самагоннага апарата, у сэнсе за работай — такога здымка не было, хоць ён таксама лагічна прасіўся да іншых, каб адлюстраваць працоўную біяграфію майстра жалезнай справы. Што там яшчэ было? Партабак з тандэтнай “Прымай”, запалкі. Следчы павінен быў усё агледзець, пералічыць, зрабіць пры пакліканых сведках вопіс дакладны з подпісамі прысутных, такі парадак.

А ляжаў каваль у труне каралеўскай нібы святы ў кароне, добра захаваўся, казалі на вёсцы.

Гаварылі за вочы некалі: нарабіў цэбраў бабам з каралеўскай труны жалезнай, зграбныя рукі меў, купіў ровар. Пазней набыў нават матацыкл! Гаварылі ўсе тады: на самагонцы. Але ж якая каму розніца? Пілі бо ўсе і са смакам. Аказалася: плявузгалі, што датычыць труны, захаваў труну каваль, меў павагу прафесійную да жалезных вырабаў, тым больш з паходжаннем. А цэбры, што цэбры? Ці мала жалеззя пасля вайны доўгай, калі ваявалі не штыхом, а тэхнікай, засталося? Колькі яго яшчэ часу потым збіралі ў наваколлі, вывозілі на металургічны завод? А матацыкл чалавеку з выплатай заробку купіць — справа лагічная, заслужыў. Праехацца па вёсцы на ўласным “Нёмане” з тарахценнем, з куродымам, ды ў жалезнай кароне замест кепкі тым больш прыемна. Гэта была карціна! Кіно дый годзе!

Каваля ў вёсцы бадай нават любілі, бо ўсім патрэбны чалавек і нябрыдкі, паважалі таксама даволі, бо ваяваў, кроў праліваў за перамогу, хаця часам кпілі, злавалі і кепікі строілі з яго дзівацтва.

Не было ніколі ў Пагранічнай людзей у каронах, не бачылі такіх на вуліцы, дый у кіно зусім рэдка. Можа калісь і прыязджаў кароль у карэце, але ніхто не мог памятаць, дый ці ў кароне ён падарожнічаў насамрэч, ніхто не ведаў. Аказалася хаця, што была ў труне каралеўскай карона, але нябачная раней вяскоўцам. Пагатоў нельга было сказаць, што на галаве яна была, бо галавы ніякай не знайшлі, нават чэрапа, проста труна з рэчмі, як вялізны чамадан дарагі, ці куфар. Костак, і тых не знайшлі, калі расчынілі, улезлі, корпаючы, перабіраючы-пераціраючы, нібы археолагі, каб хоць на штосьці вартае натрапіць: залатыя манеты, прыкладам, сыгнэт, ордэн каштоўны, ці хаця б якія зубныя каронкі на скрайні выпадак.

Поделиться с друзьями: