Райскія яблычкі
Шрифт:
Дзе б яшчэ пасавала статуя караля Станіслава Аўгуста? Напэўна, постаць яго не для паркавых прысадаў, не для хрушчовачнай забудовы. Даліпан, перад парламенцкай уладай як быццам не паставіш, перад домам культуры тэкстыльшчыкаў, якія бадай зніклі, пакінуўшы па сабе псеўдаантычную пабудову з калонамі, таксама, а вось пляцык перад нібы-палацам прафсаюзнай дзейнасці, відаць, больш прыдатны для помніка. Нездарма хацелі калісьці Каліноўскага тут паставіць, ды нейк заглушылі жаданне, быццам прадчувалі, што не затрымаюцца дзесь надоўга старыя часы, вернуцца сюды зноўку натрывала, каб дзяліць гісторыю на чорную і белую, каб зацята мазаць на ранейшы капыл яе персанажаў гэтымі ж дзвюма фарбамі. Паставіць каралеўскі помнік на пляцы, дзе Катэдральны каталіцкі сабор? Але ж казалі, без жарсці маліўся, без апантанасці кленчыў, без піетэту прымаў камунію, без вялікага жадання наведваў імшу. Аднак на вызваленае дынамітам ад гатычнага касцёла месца караля пагатоў не паставіш, хоць для некаторых гэта сталася б сымбалічным крокам ушанавання-прысуду. Як жа, вядома: у старадаўнім высокім магутным храме здарыўся пажар самы раз у год “маўклівага” сойма, і новая ўлада з гатовасцю ператварыла яго ва ўсходнюю царкву. Так-так, змрочная сымболіка
Жыццё і горадабудаўніцтва, што й казаць, рухаліся ў іншым накірунку, не ўлічваючы каралеўскія традыцыі, рыцарскія, сармацкія, не зважаючы на характар былой забудовы з кляштарамі і палацамі, Магдэбургскае права зрабіўшы нядбайна вырабленым муляжом, архаічнай цацкай з пап’е-машэ ў музейнай вітрыне. Праца архітэктара стала дапаможнай, не першаважнай, механічнай, можна сказаць. Архітэктары, стоячы над гарадскім макетам, расстаўлялі аднолькавыя кубікі, пажадана сіметрычна, пад простым вуглом. Створаная гістарычна забудова, вулічная тапаграфія мала што значылі. Ландшафт таксама не з’яўляўся самадастатковай каштоўнасцю, можна было ставіць свае кубікі зверху на старыя камяніцы, спрашчаць фасады, руйнаваць вежы, званіцы, абарончыя сцены, стаўляць гмах упоперак вуліцы, архітэктурны музей зводзіць да стандартных невыразных пабудоў. Разбурэнне гарадскога краявіду з цьмянай матывацыяй, заўзятае нявечанне абрысу вуліц, “высечка”, бязладнае, нічым не абгрунтаванае пляжанне камяніц-помнікаў не так заахвочваліся знарок, як лічыліся папросту абавязковай штодзённасцю, нармальнай справай, што ажыццяўлялася ў рэчышчы пераробкі тагачаснага, каралеўскага некалі горада, падгонкі пад сябе, пад свае звычкі, патрэбы, пад свае вочы, звыклыя да аднастайнайсці, да адной-дзвюх фарбаў. Асабліва дарэчы сталі вынікі вайны: пашкоджаны дом, храм у ніякім разе не адбудоўвалі, не рэстаўравалі, іх з гатовасцю руйнавалі, дарабляючы за артылерыю і бомбы. Калі будынак чамусь вырашалі пакінуць для сваіх патрэбаў, яго абавязкова перабудоўвалі да непазнавальнасці, мэты, дый нават думкі — аднавіць, вярнуць ранейшы выгляд, прыгажосць — проста не магло ўзнікнуць, такія думкі маглі быць небяспечнымі, асабліва калі б датычылі пабудоў, звязаных з рэлігіяй і каралямі. Дзіва што каралеўскі палац перабудавалі для кабінетаў партыйнага кіраўніцтва, насяліўшы ідэалагічнымі начальнікамі, аддзеламі і сектарамі, інструктарамі і сакратаркамі. Так што самае дзіўнае дагэтуль, што немагчыма зразумець і знайсці для чаго рацыянальнае вытлумачэнне — сфінксы, каралеўскія сфінксы дрэздэнскага ўзору, якіх кожнага дня бачыў некалі Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, кароль апошні, якога яны перажылі.
Хаця гэта не павінна выглядаць эклектыкай — каралеўская статуя як аздоба гмаху ўлады, урэшце ён узначальваў менавіта дэпутацкі сход, прынамсі ён збіраўся заўжды пад яго прыглядам, з ім на чале. А ўлада сёння менавіта на плошчы, не ў палацы Новым, дзе, пасля адмены партыйнага кіраўніцтва, пасля яго скасавання і нават часовай забароны, размясціліся зборы музейныя і бібліятэчныя. Калі быць праўдзівым, парламент наш сёння толькі падымае рукі і моўчкі ўстае пад гімн, але мне помняцца тыя кароткія часы, калі зала віравала, калі дэпутаты нешта сапраўды значылі, калі яны не баяліся прамаўляць, калі гаварылі на поўны голас, калі адчулі нарэшце свае паўнамоцтвы, калі ад іх штось рэчаісна залежала, толькі што грошай вечна не хапала ў бюджэце, тады нібы вярнуўся, залунаў дух парламенцкі даўнейшы, і дэпутаты, быццам абудзіўшыся ад летаргічнай спячкі, пачалі абмяркоўваць вяртанне вуліцам іхніх назваў і будучыя помнікі былым персанажам драматычнай гісторыі, сваім папярэднікам.
Атрымалася будаванне замкаў на пяску. Яны не паспелі, ім не хапіла часу, час, ён бывае неверагодна шчодрым, радасным, шчасным, плённым, але й хуткаплынным, а бывае жорсткім, тупым, быццам сценабітная прылада-зброя. Дзе тыя нешматлікія рамантыкі, людзі новага часу, якія прагнулі змяніць краіну і горад, адбудаваць ратушу, палацы, храмы, зрабіць рэстаўрацыю запатрабаваным мастацтвам, стварыць новыя музеі, паставіць помнікі? Час паглынуў іх, скінуўшыся з часу новага ў час учорашні, быццам здзекуючыся: усё новае, спадары, — даволі грунтоўна альбо толькі зусім ненадоўга прызабытае старое. Кволае месца рамантыкаў: ім выпалі аптымістычныя, але грашова цяжкія, псіхалагічна складаныя часы, яны не пакінулі пасля сябе помнікаў, толькі сціплыя шыльды на некалькіх пераназваных вуліцах.
Паспрабую сам зараз падсумаваць тыя, колішнія спробы вярнуць гораду гістарычную памяць, але скажу толькі апошнія словы менавіта наконт статуі яго, караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага… Рука на тронку шаблі, у другой скрутак, канстытуцыя, тая, трэцетравеньская, ці ўвогуле — “гарадзенская”? Годная спакойная бронзавая постаць, яна на бруку, побач людзей. Ці, наадварот, перад гмахам улады з алегарычнымі выявамі навокал пастамента: мастацтвы, будаўніцтва, матэматыка, астраномія… Я не вельмі люблю такія перанасычаныя помнікі, калісьці яны былі звычайнай справай, распаўсюджаны ўсцяж, але тыя часы мінулі, выглядаюць такія помнікі нярэдка архаічна, празмернымі, перабольшанымі, з сумнеўным нават густам, як шчыльна застаўлены стравамі, бутэлькамі стол, як колішні шацёр турэцкага візіра…
Пасля перамогі Венскай ліст караля Яна ІІІ Сабескага да жонкі, які ягоным жа загадам выдрукаваны быў, тыражна распаўсюджваўся як газета, каб усе пачыталі, уразіліся, захапіліся! Друкаванае слова мацней перадае навіну, чымсьці прамоўленае, яно больш важкае, грунтоўнае, пераканаўчае. Яно трывалае ў часе, да яго можна вярнуцца зноў і зноў, каб яшчэ раз здзівіцца, атрымаць асалоду. Найлепшай газетай сам жа яго й назваў Ян ІІІ, гэты ліст да сваёй жонкі, але, зразумела, ліст, у якім не прыватныя справы былі зместам, дзе апавядаў пра ўласную перамогу векапомную над туркамі і цудоўнае вызваленне Вены. Міжвольнае не суперніцтва нават, а параўнанне сябе з ім, да чаго яго змушалі і абставіны, і закулісныя справункі, і палітычныя баталіі, яно час-часам прадстаўляла перад вочы Станіслава Аўгуста Панятоўскага тое славутае ці славэтнае бадай пісьмо-газету, якое за каралём
набралі тлустым шрыфтам друкары і адціснулі соткі паасобнікаў густой чорнай фарбай.“Мой ліст лепшы за газету…” Хвалько! Але хвалько, трэба сказаць, вымушаны, гэта разумеў Станіслаў Аўгуст, усе гэта разумелі: аўстрыякам хацелася прыменшыць ролю Яна ІІІ, перамогу зброі Рэчы Паспалітай, зрэшты, часткі хаўруснага антытурэцкага войска. Яну ІІІ проста давялося абвясціць на ўвесь хрысціянскі свет, распаўсюдзіць па еўрапейскіх абшарах асабістую рэляцыю пра грандыёзную вікторыю над асманскай навалай: хай Еўропа ўздыхне свабодна! Хай хрысціянскае людства падзякуе яму і Богу нашаму аб трох абліччах: небяспека мінула пакуль, яна рашуча спынена, хоць і не знішчана зусім назаўжды.
Не Яну ІІІ належыць “эўрыка”, да яго каралі Рэчы Паспалітай рабілі яшчэ такое, а слаўны ваяўнік Стэфан Баторы, які места Гарадзенскае першым зрабіў сабе за рэзідэнцыю, меў нават друкарню перасоўную, якая за войскам рухалася, у якой пра ўсе кампаніі, аблогі, бітвы памнажаліся паведамленні, каб прачытаць тэрмінова магла і даведацца з першых рук аб важных падзеях, аб удалых і няўдалых мілітарных чынах, аб усіх здарэннях аружных адукаваная публіка ў айчынных і ў іншых еўрапейскіх местах.
Аднак жа ніхто да караля Яна ІІІ не зрабіў гэта такім спосабам, не азагаловіў сваю рэляцыю пра вікторыю зваротам да “Марысенькі”, да “адзінай душы й сэрца пацехі” сваёй. Гэта быў эпатаж пераможцы, ён звяртаўся да Найяснейшай Рэчы Паспалітай, да ўсяе Еўропы, як да сужэніцы сваёй законнай, каралевы Марыі Казіміры. Пішу, маўляў, у ноч пасля знішчэння і ўцёкаў рэштак янычарскіх жаўнераў і пішу не абы-дзе, у намёце візірскім, а покатам навокал турэцкае войска ляжыць. Справіліся з ім як мае быць, пра подзвігі кароль-пераможца лішне не красамоўствуе, затое спыняецца падрабязна на трафеях. І тут Яго каралеўская мосць кажа моцна, каб уразіць, што намёты візірскія гэткія па плошчы, нібы сама Варшава ці той Ільвоў, аточаны мурамі. Засталася пасля ўцекача ў чалме і залатым халаце — найперш харугва яго магаметанская, яе Ян ІІІ хуткай поштай пераслаў Айцу Святому проста ў Рым, каб пацешыўся таксама з ухілення пагрозы ятаганскай. З прыемнасцю паведаміў і пра каня візірскага з усёй аброццю і пра залатыя шаблі турэцкія крывыя, але ўперад — пра сагайдакі, каштоўным каменнем аздобленыя, па некалькі тысяч чырвоных залатых за паасобны. А дарэчы: кароль-пераможца паведамляе пра ўсходнюю звычку да раскошы — нават у вайсковым табары меў візір турэцкі лазню, сад з фантанамі, трусоў, катоў улюбёных і таксама папугая. Пры гэтым кароль Ян ІІІ піша без ніякай сціпласці, што ў касцёле жыхары Вены цалавалі яму, пераможцу, рукі, ногі і вопратку і што проста ў храме перад алтарамі прагнулі крычэць яму “Віват!” З’еўшы абед у каменданта горада, кароль вырашыў вярнуцца ў свой табар, і месцічы яго, Найяснейшага і непераможнага манарха польскага, на руках пранеслі да самай брамы. Ведай, Марысенька-каханне маё, ведай, астатняя Еўропа! Я табе бліскучую сваю перамогу над басурманам да ног кладу ў якасці прэзента каралеўскага шчодрага…
Пра паходны гарэм візіра хрысціянскі кароль-пераможца сціпла прамаўчаў, гэта я ад сябе дадаю, зразумела. Калі візір нават лазню, фантаны, нават трусоў, катоў і папугая меў, ваюючы, душачы аблогай Венскі горад, без часткі гарэма яму не абысціся было дакладна, бо іншыя задавальненні без самых прыемных, што кава турэцкая без драбочкаў солі.
Станіслаў Аўгуст Панятоўскі ведаў, што рэляцыю з поля бітвы выдрукавалі на ўсіх еўрапейскіх мовах, хоць і не адразу, не маланкава, але навіны ў тыя часы падоўгу не псаваліся, асабліва моцныя і гучныя. Дый у нашыя дні таксама, падумалася мне між іншым, выбралі адную перамогу з усіх і раздзімаюць штодня, пражужжалі вушы наскрозь. Перамога Яна ІІІ Сабескага ўсімі ўспрымалася вельмі значнай, як дасягнутая ў вайне, што не мела канца, цягнулася з перапынкамі, гэта было змаганне з чужароднай пагрозай, якая не знікала і выклікала жах, але нарэшце хрысціянская зброя грунтоўна перамагла зброю магаметанскую. І вось зроблены пераклады, каб не напружвалі галовы пры еўрапейскіх дварах: “Letter from the King of Poland to his Queen”, напрыклад, дагэтуль у музейнай вітрыне. Так-так, ліст адбілі вузкім гатычным, шырокім тлустым, дробным — для спрактыкаванага чытача, з аздобай гравюр, тысячы паасобнікаў, яны прадаваліся ў кнігарнях ад Кёнігсберга, Стакгольма да Лондана, Мадрыда і Балоньі, і ў Горадні, само сабой, таксама, а як жа інакш! Я міжволі спыняю сябе на думцы: ліст-газета звычайна не меў выхадных дадзеных… Якая спакуса для сённяшняй улады арыштаваць за іх адсутнасць — пратакол, суд, для ўлады, якая ведае пра каралёў, пра іхнія перамогі, але не зважае на іх, яна задаволеная сабой, яна спачывае на лаўрах даўняй перамогі над каралямі, у асаблівасці над апошнім з іх, які быў адхілены, каб не было больш каралёў, а былі цары.
Перамога Венская, перамога Хоцімская — яны, гэтыя гістарычныя батальныя палотны-панарамы нібы вечны дакор для яго, Станіслава Аўгуста Панятоўскага. А што ты, Ваша мосць дзяржаўца Рэчы Паспалітай, заваяваў, каго перамог, чаго дамогся? Дзе твае пераможныя літаўры, чаму маўчаць трубы, дзе прапахлыя порахам сцягі з валечнага поля бітвы, дзе твае вянкі лаўравыя, твае трыумфальныя аркі? Ці хоць адзін-адзіны мілітарны чын ты выйграў, ці хоць аднойчы сеў на каня, каб выехаць наперад кавалерыі, ці ўзмахнуў карабэляй, ці панюхаў сапраўднага парахавога дыму, што тхне смяротнай небяспекай, а не толькі на паляванні ад ручніцы, калі табе насустрач егеры і выжлы выганяюць пад кулі бездапаможную лясную жывёліну? Ці маеш ты, Ваша мосць кароль, ордэны палкаводца за мілітарныя подзвігі, за смелую стратэгію і тактыку ў аружных справах, дзе твае ўзнагароды за скоранага ворага, за адваяваныя землі, за кроўныя інтарэсы Найяснейшай Рэчы Паспалітай?
Не, не было гарматных залпаў, не было крылатых гусараў, не было вялізных могілак на валечных абшарах, кароль ціха-мірна будаваў камяніцы, брукаваў вуліцы, узводзіў мануфактуры, паляпшаў дарогі, ставіў млыны, разбудоўваў гарады, а ў іх — школы, тэатры, абсерваторыі, пра палацы таксама не забываўся, хоць, па шчырасці, калі быць да яго непрадузятымі зусім, то трэба ўзгадаць, што ў сталічнай летняй рэзідэнцыі, у Лазенках, яму не наканавана было па-сапраўднаму раскашаваць, палацык канчаткова гатовы быў толькі калі кароль наш у Горадні мусіў, падпісаўшы акт адрачэння ад пасаду, трываць пад хатнім арыштам, чакаючы наступнага вырашэння свайго лёсу. А Лазенкі, Лазенкі засталіся ў Варшаве.