Райскія яблычкі
Шрифт:
Пра карону і самагон успамінаюць, калі знянацку імя каваля ўсплыве ў размове, і пра спрытныя рукія ягоныя. Любяць таксама прыгадаць, як участковы і сельсавецкі старшыня бралі самагон у яго, звычайнай канспірацыяй карысталіся, цераз другія рукі. Ядлаўцовы, духмяны, для начальства таксама замаўлялі, якое на паляванне прыязджала ці на рыбалку, спынялася ў лясной хаце паляўнічай і якое, ясная рэч, змагалася зацята з самагонаварэннем.
Уласна кажучы, пра карону ўсе ведалі, але не надавалі завялікай увагі, прызвычаіліся хутка і ўспрымалі спакойна, амаль як штодзённую рэч, нават як непатрэбшчыну, ад якой ніякай карысці, ці зусім крыха, як ад школьнага глобуса. У пэўным сэнсе ўспрымалі як цацку, забаву для каваля, які меў залатыя рукі і якому
Раней кавальства было заняткам калі не гераічным, дык бадай даволі высакародным, мужным, нават баявым. Кавалі рабілі перш мячы, латы, зброю, замкі і ключы, шасцярэньнкі для гадзіннікавых механізмаў, яны былі блізка або ператвараліся самі ў новых працаўнікоў, у збройнікаў, у людвісараў, робячы крок на прыступку вышэй, у жалезаплавільных майстэрнях дбалі пра ручніцы, гарматы, стваралі званы для храмаў. Раней кавалі лічыліся каралямі рамеснікаў. Цяпер каваль вырабляў пабытовыя рэчы, ужытковыя прылады, рабочыя інструменты, агародны інвентар. А карона? Карона — выбрык, а лёс яе — сымболь.
Калі рэжуць напалам, крояць па жывому, заўжды хтось прайграе, хтось набывае, мала таго, шмат хто спяшаецца ўсяляк апынуцца па жаданы для сябе бок новай мяжы, і не заўжды ўдала. Нямеччына — класічны прыклад, калі трапіць за Эльбу стараўся цэлы вермахт, бо ўсе разумелі які палон саладзейшы, што савецкі будзе ненашмат лепшы ад іхняга, нямецкага… Тут адрэзалі канчаткова па лініі будучай Керзана, кароль, ці тое, што па ім ацалела, апынуўся па некаралеўскі бок мяжы. Праўда, з другога боку мяжы з арла здзерлі карону, але гербам пакінулі, з часоў Пяста і Ляха што існаваў хіба. І тут яшчэ застаўся горад з каралеўскім палацам, з яго рэзідэнцыямі, які ён песціў-кунежыў, перадавую Галандыю з якога зрабіць патрапіў, і які затым саспелым плодам у чужыя рукі дастаўся. Месца ганьбы, апошняга прытулку, адмовы ад пасаду, месца скасавання краіны, хатняга арышту, здачы кароны ў гардэроб.
Горад зрываў з сябе гербы, як з мундзіра зоркі і шаўроны, зрываў крыжы і званы, ламаў статуі, здзіраў ляпніну, руйнаваў палацы, узрываў святыні. З песнямі і маршамі, з плакатамі, партрэтамі мітынговымі, з транспарантамі, з лічэбнымі дэманстрацыямі: стары свет разбурым, зруйнуем дашчэнту, а на падмурках збудуем сваё прыўкраснае заўтра, свой рай зямны — без багоў, без цароў-каралёў, без паноў і папоў! Горад змываў з аблічча грым, сціраў старанна былыя рысы, адмаўляўся ад галяка, ад мыла і ружовай вады, зрэшты, іх адразу пачало востра не хапаць. Адмаўляўся рашуча ад каляровых каснікоў у валасах, ад макіяжу, нават часамі ад пенснэ, у якіх стала з’яўляцца на вуліцах небяспечна, якія выклікалі падазронасць і раздражненне не менш ад чыстых рук, усвядомленых вачэй, далікатных твараў.
Калі краіна на скраю кантынента, калі яна адным бокам плёскаецца ў моры, яна можа шукаць заморскія тэрыторыі, пашырацца, калі мае не толькі рыбацкія фелюгі, калі мае фрэгаты. Але калі краіна застаецца цяжкім грузам у Старым свеце без ветразяў і яе лапік мора толькі для лоўлі селядцоў, яе пачынаюць рана ці позна сціскаць з бакоў, калі яна сама перастае рабіць выправы ў суседнія землі, калі засяроджваецца на ўласных унутраных патрэбах, на самадасканаленні, нават калі гэтыя патрэбы — развіццё мануфактураў, росквіт гандлёвы, прамысловы поступ, яна звяртае менш увагі на порах і гарматы і робіцца спакваля кволай аружна, робіцца ласым кавалкам для суседніх дзяржаў, што не прывыклі эканоміць на пораху, якія не здаволілі яшчэ сваіх апетытаў. Фрэгаты каштуюць дорага.
Кароль мусіў перажываць чужую вайну нібы падзеі асабістага жыцця, ён бачыў, як з цягам перамог над Турэччынай, са змяншэннем яе паўночных уладанняў, у імператрыцы-хаўрусніцы з’яўляецца рэчаіснае жаданне пашырыцца і на поўдні, і на захадзе. Існаванне Рэчы Паспалітай напрасткі залежала ад чужых перамог і паразаў, ад хісткага становішча Турэччыны, так шмат каму здавалася (за яго спінай пра гэта
шапталіся), канфедэратам карцела спадзявацца на перамогі адсталай Асманскай імперыі, але кароль стараўся мысліць у станоўчым рэчышчы: каб яму дазволілі ўдзельнічаць у гэтай вайне, пазіцыі Рэчы Паспалітай умацаваліся б, балазе Турэччына, не здабываючы поспеху, хоць і ўпарта, адчайна спрабавала адстойваць захопленыя ёю калісьці абшары, але кленчыла адна фартэцыя за другой, у няўмольнай чарзе. І, на жаль, дайшоў чарод адкройваць цэлыя ваяводствы ад яе, Яго мосці караля, дзяржавы двух народаў. Малітвы ў гэтым разе не мелі карысці, Бог яго не чуў, ён спрыяў іншым, так здараецца.Так маглі б абмяжоўваць яго асабіста ў палацы, спачатку адхапіць левае крыло, Сенатарскую залу, авальную, капліцу, замкнуць для яго дзверы, забараніць доступ. Калі краіну апануе аружна непрыяцель, калі твае стрэлкі спынены, штандар спушчаны долу і знікла з карты назва краіны, нічога не зробіш — калі белы сцяг і зброя складзена да чужых батфортаў — гэта адна сітуацыя, старая як свет, а калі хаўруснік твой пачынае адкройваць твае землі — гэта зусім іншы прыклад, у архіўным пыле яшчэ трэба моцна парупіцца, каб адшукаць падабенства.
Яшчэ нядаўна кароль-саксонец правіў у Рэчы Паспалітай, яшчэ нядаўна збудаваў у месце Гарадзенскім палац новы, каб не цясніцца ў старых сценах у час соймаў, а цяпер немцы з усіх бакоў за яго, караля Станіслава Аўгуста схапіліся, сціснулі, не павярнуцца, так-так, каб распрануць і раздзець. Тры арлы чацвёртага задзяўблі нібы курапатку. Яны селі за стол, гаспадар пляснуў у далоні, слугі ўнеслі вялікі торт, вельмі вялікі, якія робяць з нагодаў рэдкіх і надзвычай важных падзеяў, так, але гаспадару не засталося нат лусты, адно крыхі быццам мышам, у гасцей незвычайны надарыўся апетыт, злашча павялічыўся з цягам таго, як нож уваходзіў у крэм і бісквіты. Гэта сон, гэта бадай сон, толькі ў снах здараюцца гвалтоўныя сітуацыі.
Усё прыядаецца, жыццё — руціна, да ўсяго прызвычайваешся, перастаеш адчуваць смак, мара, пра якую ўголас не гавораць, — зноўку здзівіцца, па-сапраўднаму, шчыра, нечакана, скаштаваць новы смак, адчуць бадзёрную свежасць, адчуваючы незвычайнасць усім адразу — вачыма, рукамі, вуснамі, языком, нёбам, розумам. Толькі яшчэ экзатычная садавіна некалі дастаўляла рэчаіснае задавальненне, выклікала ядомыя эмоцыі, апетыт. Але гэта таксама здаралася даволі даўно, у аранжарэях панямунскіх свае ананасы, памаранчы, свае цытрыны.
Кароль глядзеў на твары, вочы, бачыў міміку, раты, якія штось гаварылі-гаманілі, рукі, якія да ратоў падносілі келіхі або кавалкі, раты жавалі, але стараліся таксама не перапыняць гутаркі, гаманілі-гаварылі, расцягваліся дзеля ўсмешак, шчокі тады адначасова змяняліся-рухаліся, дазвалялі сабе смех, так, без нястрымнасці, каб усё прылікова. Ён не верыў, што яны сапраўды са смакам успрымаюць кожную новую страву, кожны кавалачак, яны даўно сытыя, даўно перасычаны, але ім падабаецца па-ранейшаму есці, есці безупынна, каб на талеркі ўвесь час падкладалі і кавалкі паболей, большы кавалак выглядае заўжды ўнушальна, выклікае міжволі павагу, нават зайздрасць, і каб не забываліся падліваць у келіхі, каб гучалі тосты, каб было весела. Іх па-ранейшаму цягне за шыкоўны бяседны стол, да бліскучай саксонскай парцаляны. Бо гэта — пекная частка дня, жыцця, сонечны бок жыццёвай руціны.
Не прыядаецца напэўна толькі ўлада, нават калі яна таксама ператвараецца ў жыццёвую руціну, улада засмоктвае. Гэта як з грашыма за сталом з гульцамі, азарт паляўнічага не знікае, немагчыма здаволіцца, ніяк. Зрэшты, руцінай яна можа зрабіцца толькі для таго, хто не любіць яе, уладу, па-сапраўднаму больш за жыццё. Хаця гэта толькі метафара, моцнае параўнанне. Станіславу Аўгусту было вядома, той, хто стварае ілюзію, што гэтак улады прагне, што яна даражэйшай робіцца, чым жыццё ўласнае, без якой не ўяўляе сабе яго сэнсу, той якраз ніколі не збіраецца паміраць, той уладарыць прагне да труны, улада і жыццё для яго — аднолькавыя паняцці, бакі аднаго медаля.