Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Рэканструкцыя неба

Гапеева Вольга

Шрифт:
*** У слоік парослы атручаным квецьцем я пакладу свой сорам — жоўты павук спляце павуціну і нецьвярозыя мухі засьведчаць сваю далікатнасьць пачуўшы ягонае хваляваньне (мой страх перад табою)
*** я распілую хоспісны вечар клічнікам раніцы ты палавінкі яго пакладзеш на шалі жаданьняў аквамарынавы подых маёй летуценнасьці і недасяжны бурштын тваёй сталасьці
*** Цэляфанавыя
вятры
запакоўваюць аблокі дажджы не ідуць яны ня людзі. Сумна глядзіш як асобы жаночага полу здымаюць перад табою спачатку станік а потым а потым ўжо неістотна адпаведная колькасьць пытаньняў да загадзя падрыхтаваных адказаў а ўрэшце навошта ты ўсё пра іх ведаеш. У іхніх вачох няма нават зрэнкі тваёй каханай. Некаторым прымацоўваеш плаўнікі ды хвосьцікі каб яны змаглі плаваць па моры якое хутка назавуць тваім імем іншым прышываеш срэбную луску каб у выпадку звальненьня з працы яны маглі б асьвятляць твае пакоі. Час нікуды не ляціць ён ня птушка ён проста правальваецца ў каналізацыйную дзірку і захлёбваецда там марскімі пачварамі жалезнымі цмокамі іржаваю сьлінаю. Эпоха палонных сантэхнікаў хутка скончыцца і зноў давядзедца заліваць іхнія муміі цэмэнтам.
*** Аблокі перасьпелыя не сарваныя маім птушыным позіркам сухажыльлем чапляюцца яблыка спасаўскага і напіўшыся чэрствай самотнасьці кахаюцца з хмарамі
*** крылы мной выразаныя з падручніка па біялёгіі раптам убачу за сьпінамі гарбатымі сьпінамі псаломшчыкаў ціхенька спалохаюся і вось ужо енкі клінічныя ціснуцца ціснуцца ў дзьверы ціснуцца ціснуцца ў вочы ціснуцца ціснуцца ў вушы чуеш?
ВЕРШЫ ПРА ЖНІВЕНЬСКІ ГОЛАС
I жнівеньскі голас назьбірае каштанаў сініх і жоўтых памерла-хворых сьлёзкамі скоцяцца ў даліны далоняў сіні і жоўты жнівеньскі голас II Золатка, Вас расстраляў жнівеньскі голас? Зяачыць так трэба. Ня плачце. Прашу Вас, ня пэцкайце лісьце сваёю крывёю. Золатка, можа запросіце нас у калегіюм сьмерці? Што? Перапоўнены?..
*** з прасьціны мармэляднага неба вышый мне вусны з вэлюму чорнага ветру вышый мне вочы зашпілі на сукенцы цацачны гузік і навучы ўсьміхацца пункцірамі ночы.
*** Асьцярожна памый свой цень мы — словы пакараныя маўчаньнем і мы ня вернемся з тае вайны паміж мною і мной
*** Як паклічу цябе
на вайну
ці пойдзеш са мною праз жоўтае-жоўтае поле да гары Сьвятое? Як згублюся ў жоўтым полі з параненай галавою ці станеш мяне шукаць з ранку да ночы? А як знойдзеш ці зразумееш мяне - чужую непадобную ні на кога — дзікага зьвера? Як раздрапаю скуру тваю не ад лютасьці ад адчаю закрычыш ад болю тупога ці ад асалоды? А як скончыцца жоўтае поле і пачнецца восень ці будзе апошні наш яблык сярод ссохлага лісьця?
*** Чаму я ня дрэва пад тваёю сякерай некранутае вока шматкамі позірку пахам солі аддае вонкавасьць а я ўнутры і не знайсьці мяне ты прыйдзеш на поле парослае валасамі зьбіраць ураджай задубелымі пальцамі і пакладзеш на каменедрабілку рэшткі цела майго недасьпелага
*** Адсюль немагчыма памерці тут можна адно — слухаць і ўпарта ня чуць як навокал нічога ня дзеецца як бэтонныя дрэвы чакаюць сваіх кватарантаў - алюміневых птушак ТУ-154 як людзі стукаюцца аб шкло ў сваіх камэрах хаваньня. Ужо на працягу тыдня тут вядзецца рэканструкцыя неба а якое яно было напачатку ніхто й ня памятае.
*** Я часткова памру часткова загіну кавалкамі зьнікну кроплямі высахну жменямі разьвеюся каменьчыкамі патану шматкамі спарахнею па малекуле атручуся па атаме задыхнуся выкінуся парвуся па швох разыдуся пад колы патраплю і зьнікне праблема выбару
*** Белая жырафа паплёскайся ў Сэне я хачу бачыць якая ты - мокрая. Белая ці з прожылкамі? а можа зялёная ад водарасьцяў пухнатых і цьвілі сьлізкае? а раптам чырваньню заліешся мабыць тады прыгожай здаешся? Не адказала жырафа зрабіла крок і паплыла па Сэне белым гарлачыкам
*** Сьпелыя зморшчынкі лужынаў пакрыёма схаваем ад матыля-аднадзёнкі каб ня бачыў якое жыцьце можа быць доўгім
*** У жоўтай траве цвыркун папяровы чакае пакуль яму намалююць непаслухмяныя вочкі
*** сьнежня чацьвертага згвалтаваныя дрэвы прыкрываюцца пер’ем птушыным ды марна ім не пазьбегнуць майго шкадаваньня сьнежня чыцьвертага я выгульваю сябе па алеях дахавых для ўзмацненьня болю сьвяточнага недзе памёр бог а я вару сабе зупу і ўсё як звычайна сьнежня чацьвертага
Поделиться с друзьями: