Роздумы
Шрифт:
33. Праца для рук і ног ня ёсьць супярэчнаю натуры, пакуль рука і нага робяць тое, што ім уласьціва. Падобна рэч маецца і з працаю для чалавека, як чалавека; яна ня супярэчыць натуры, пакуль ён выконвае тое, што ёсьць свомым для чалавека. Але, калі ён ня ідзе супроць натуры, дык ён і не зьяўляецца злом.
34. Колькі насалоды перажылі рабаўнікі, распусьнікі, бацьказабойцы, тыраны!
35. Ці не спасьцерагаеш ты, як рамесьнікі прытарноўваючыся ў пэўнай ступені да смаку невукаў, усё-ж тры маюцца розуму (прынцыпаў) свайго мастацтва і адмаўляюцца пакінуць яго? Ці ня дзіва гэта, што архітэктар або лекар павінен болей шанаваць розум (прынцыпы) свайго мастацтва, чымся чалавек свой уласны розум, які зьяўляецца
36. Азыя, Эўропа - гэта толькі куточкі сусьвету; усё мора - кропля ў сусьвеце; гара Атос - груда зямлі ў сусьвеце; сучаснасьць - толькі пункт у вечнасьці. Усе рэчы зьяўляюцца малымі, зьменнымі, мінаючымі. Усе рэчы прыходзяць да быцьця з гэтае рухомае сілы, як беспасрэдняга або пасрэдняга наступства. Варта ўспомніць, што і зеў зубасты льва, і кажнае атрутнае рэчыва і ўсё шкоднае, як калючкі, або балотны мул, ёсьць часткава прыналежнасьцю дасканалага і прыгожага. Дык ня думай, што яно чужнае таму, што ты паважаеш, але заўсёды вяртайся ў душы да крыніцы ўсяго.
37. Хто бачыў сучаснае, той ужо бачыў усё, што было на працягу вечнасьці, і ўсё, што яшчэ будзе на працягу бязьмежнага часу. Таму, што ўсё аднароднае і аднолькавае.
38. Часьцей разважай пра ўзаемасувязь усіх рэчаў, што знаходзяцца ў сусьвеце. Бо ўсе яны быццам пераплецены паміж сабою, а таму ў сяброўстве з сабою знаходзяцца, ідуць адна за аднэю ў пэўным парадку. Гэта тлумачыцца непрарыўнасьці руху агульнаю ўзгодненасьцю і адзінствам існасьці.
39. Прытарноўвайся да абставінаў, якія выпалі табе на долю. І ад усяго сэрца любі людзей зь якімі выпала табе на долю жыць.
40. Усякая прылада, прыспасабленьне, пасуда будуць у добрым стане, калі будуць выконваць працу, дзеля якое яны зроблены, хоць той, хто стварыў, не знаходзіцца каля іх. Што да прадметаў, створаных натураю, дык творчая сіла знаходзіцца ў сярэдзіне іх і знаходзіцца зь імі. Таму яе неабходна асабліва шанаваць і быць упэўненым, што, калі твая пастава будзе ў сузгоднасьці зь ейнаю волею, дык усё ў табе знаходзіцца ў сузгоднасьці з інтэлігэнцыяю. Бо ў сусьвеце рэчы, якія належаць да яе, зьяўляюцца ў сузгоднасьці з інтэлігэнцыяю.
41. Калі ты ўважацімеш за дабро ці зло што-небудзь, што не залежыць ад твайго выбару, дык табе давядзецца за наяўнасьць такога зла ці адсутнасьць такога дабра зьвяртацца з упіканьнямі да багоў і ненавідзець людзей, якія сапраўды зьяўляюцца прычынаю наяўнасьці зла, ці адсутнасьці дабра, або толькі падазраюцца ў гэтым; пры такіх адносінах да падобных рэчаў нам давядзецца шмат у чым паступаць несправядліва. Калі-ж мы будзем лічыць дабром або злом толькі тое, што залежыць ад нас самых, дык ня будзе ўжо ніякае прычыны вінаваціць Бога, або апавяшчаць вайну людзям.
42. Усе мы супрацуем у напрамку адзінае агульнае мэты, адны з веданьнем і разуменьнем, іншыя - нясьведама. Дзеля гэтага, як мне здаецца, Гэраклітос і кажа, што і тыя, што сьпяць, гэтаксама дзейнічаюць і супрацуюць з тым, што адбываецца ў сусьвеце. Але кажны супрацуе па-свойму: і разбэшчаны паклёпнік, і той, хто спрабуе супрацьдзейнічаць таму, што адбываецца; бо сусьвет патрабуе і гэтакіх людзей. Затым, табе трэба вырашыць, да якіх людзей ты сябе залічаеш. Той, хто кіруе Цэлым, усё роўна выкарыстае цябе адпаведным спосабам і ўчыніць цябе адным з актыўных супрацоўнікаў. Але няхай твой удзел ня будзе падобны на таго благога і дурнога верша ў драме, пра які ўспамінае Хрызіппос.
43. Ці Сонца-бог бярэцца за выкананьне працы дажджу, або Асклепіёс за працу багіні Плоднасьці? І як тут рэч маецца з кажнаю з зорак? Ці-ж яны ня розьняцца паміж сабою і не супрацуюць адначасна?
44. Калі багі мелі які-небудзь замер адносна мяне і таго, што займела месца ў маім жыцьці, дык замер іхны цудоўны. Бо Бога, пазбаўленага замераў, цяжка ўявіць сабе. Дый зь якое прычыны павінны яны былі-б імкнуцца спрычыніць
мне зло? Якая карысьць была-б ім згэтуль або Цэламу - прадмету іхнай большае ўвагі? Калі яны ня мелі ніякіх замераў адносна мяне асабіста, дык, што найменей, мелі адносна Цэлага наагул; але і ў гэтакім выпадку я павінен вітаць і любіць свой удзел, як выражэньне неабходнае сувязі з Цэлым. Калі-ж у багоў наагул няма ніякіх замераў - з чым трудна згадзіцца - тады ня будзем ані прыносіць ахвяраў, ані маліцца, ані клясьціся, - ня будзем, адным словам, рабіць нічога такога, што мы робім, як людзі перакананыя ў існаваньні багоў і ў іхную лучнасьць з намі. Але, калі нават багі і ня маюць ніякіх замераў адносна нас, дык усё-ж, я сам магу мець замер адносна самога сябе - і павінен разгледзець, што мне карысна, Для кажнага карысным ёсьць тое, што знаходзіцца ў гармоніі зь ягоным фізычным уладжаньнем і натураю. Мая натура ёсьць рацыянальнаю і грамадзкаю. Для мяне, Антонінуса, маё места і бацькаўшчына - ёсьць Рым, як для чалавека - сусьвет. І тое, што карысным ёсьць для гэтых двух местаў, карысным зьяўляецца і для мяне.45. Штоколечы здараецца з кажным з нас, карысным ёсьць для Цэлага; і гэтага хопіць. Але пры ўважным назіраньні можна пераканацца і ў тым, што наагул усё, што карысным ёсьць для аднаго чалавека - карысным ёсьць для іншых людзей. Паняцьце карыснага тут трэба браць у болей агульным значэньні таго, што ляжыць паміж дабром і злом.
46. Гэтак, як паўтарэньне прадстаўленьняў у амфітэатры і іншых падобных мясцох можа нарэшце абрыдзець, і аднастайнасьць учыніць відовішча дакучлівым, падобнае спатыкаем на працягу ўсяго жыцьця. Бо кажная рэч наверсе і нанізе - гэта тое самае, і з таго самага. І калі-ж канец гэтага?
47. Заўсёды думай пра розных людзей, розных заняткаў і розных краінаў, і гэткім шляхам да Філісьціёна, Фойбоса, Орыганіёноса. Пасьля перайдзі ў думцы да іншых пакаленьняў. І нам давядзецца адправіцца туды, куды адыйшло гэтулькі вялікіх аратараў, гэтулькі слаўных філёзафаў, як Гэраклітос, Пітагорас, Сакратас, гэтулькі герояў старажытнасьці, а за імі гэтулькі стратэгаў і тыранаў; пасьля Эўдоксос, Гіппархос, Архімэдэс і іншыя людзі, таленавітыя, узвышанага спосабу думаньня, працаахвочыя, здольныя, упэўненыя ў свае сілы, і нават такія выкрывальнікі пустэчы і хуткасьці чалавечага жыцьця, як Меніппос і яму падобныя. Усе яны - памятай пра гэта - ужо даўно ляжаць у зямлі. Што ў гэтым жудаснага для іх? А што для тых, імёны якіх ужо зусім забытыя? Толькі адно, сапраўды, зьяўляецца каштоўным: пражыць жыцьцё, праяўляючы праўду, справядлівасьць і дабразычлівасьць нават да людзей хлусьлівых і несправядлівых.
48. Калі ты хочаш парадаваць сябе, дык падумай пра мужнасьць людзей, зь якімі ты жывеш. Адзін адзначаецца дзейнасьцю, іншы - сьціпласьцю, яшчэ іншы - шчодрасьцю, і яшчэ адзін добрымі якасьцямі. Нічога не спрычыняе гэтакае радасьці, як вобраз мужнасьцяў, якія праяўляюцца ў звычаях людзей, што жывуць з намі, і спатыкаюцца ў большых ці меншых групах. Таму заўсёды май іх на ўвазе.
49. Хіба-ж ты ня гневаешся з тае прычыны, што важыш меней, чымся трыста фунтаў? Гэтаксама ня гневайся і на тое, што калі табе наканавана пражыць дадзеную колькасьць гадоў, і ня болей; задавальняйся вызначаным табе часам, як ты задавальняешся вызначанаю табе сутнасьцю.
50. Паспрабуй пераканаць людзей, паступаць разумна. І дзейнічай нават наўсуперак іхнае волі, калі прынцыпы справядлівасьці вядуць у гэтым напрамку. Калі-ж нехта ўжывае гвалт супроць цябе, дык шукай сховішча ў здаваленьні самым сабою, у супакоі духу; адначасна выкарыстай перашкоду для іншае дабрадзейнасьці. І памятай, што тваё імкненьне заўсёды ўмоўнае, і ты не дабіваешся нічога немагчымага. Але што ты хочаш асягнуць? Толькі гэтакае імкненьне. Але ты ўжо асягнуў яго, нават калі тое, да чаго ты імкнешся, застанецца неасягальным.