Роздумы
Шрифт:
Кіруючы пачатак сам у сабе ні ў чым ня мае недахопу, калі толькі сам не прабудзіць у сабе жаданьня. Затым, ён зьяўляецца свабодным ад зьбянтэжанасьці і перашкодаў, калі ня створыць іх для самога сябе.
17. Шчасьце - гэта мець добры гэній, або такі-ж кіруючы пачатак. Што-ж, затым, робіш ты тут, лятуценьне? Адыйдзі, дзеля багоў, гэтак-жа, як і прышло, я не патрабую цябе. Зьявілася ты з прычыны старога навыку. Я ня гневаюся на цябе, - адыйдзі толькі.
18. Баіцца хто-небудзь зьіначаньня? Але што можа прыйсьці да быцьця бяз зьіначаньня? Што можа быць болей любым або болей свомым для натуры Цэлага? Мог-бы ты карыстацца гарачаю вадою ў лазьні, калі-б дрэва ня было здольным да
19. Усе целы хутка лятуць у сусьветнай субстанцыі, як у імклівай плыні, яны цесна зьвязаныя з Цэлым, дзейнічаючы супольна зь ім, падобна, як нашыя часткі ў іх зносінах адна да аднае.
Колькі Хрызіппосаў, колькі Сакратасаў, кодькі Эпіктэтусаў праглынуў ужо час? Няхай гэтая думка наведвае цябе ў адносінах да кажнага чалавека і кажнае рэчы.
20. Мяне турбуе толькі адно: каб не зрабіць чаго-небудзь такога, што не адказвае характару чалавека, або ў забароненай манеры і ў забароненым часе.
21. Неўзабаве ты забудзеш пра ўсё, і ўсё, у сваю чаргу, забудзе пра цябе.
22. Чалавеку свомым ёсьць любіць нават тых, каторыя крыўдзяць яго. Ты зразумееш гэта, калі пранікнешся думкаю, што яны блізкія табе і, што крыўдзяць яны цябе з прычыны несьведамасьці і супраць свае волі, і што хутка абодва вы памраце; і перад усім, што крыўдзіцель ня спрычыніў табе крыўды, бо ён ня ўчыніў характар твой горшым, чымся ён быў перад гэтым.
23. Для натуры Цэлага ўся сусьветная сутнасьць падобная да воску. Вось яна зьляпіла каня; тады ператоплівае яго і хвармуе дрэва, тады - чалавека, а пасьля яшчэ нешта іншае. І ўсё гэта ў вадным дню. Для скрынкі няма нічога жудаснага ў тым, каб раз быць разабранаю, як і ў тым, каб іншым разам быць зьбітаю ў цэласьць.
24. Твар перакрыўлены ад гневу, ёсьць нешта зусім ненармальнае. Калі такі выраз паўтараецца часта, ён быццам забівае чалавечы воблік, зусім гасіць яго, так што ніякім чынам нельга яго аднавіць. Із гэтага ўжо можна зразумець, што ён супярэчыць розуму.
Калі мы страцім і сьведамасьць памылкаў, дык дзеля чаго яшчэ жыць?
25. Натура, якая ўпраўляе цэласьцю, неўзабаве зьіначыць усё тое, што ты бачыш, і з субстанцыі ўсяго створыць іншыя рэчы і зноў іншыя рэчы зь іхнае субстанцыі, каб сусьвет вечна быў маладым.
26. Калі чалавек скрыўдзіў цябе, дык зараз-жа разваж, якая прычына адносна дабра і зла кіравала ім, а ня гневацца. Аднак, калі твой пагляд адносна дабра пакрываецца з ягоным ці зьяўляецца падобным да ягонага, дык ты павінен дараваць яму. Але, калі вашыя пагляды адносна дабра і зла разыходзяцца, дык табе будзе лягчэй захаваць дабразычлівасьць у адносінах да таго, хто памыляецца.
27. Ня думай пра тое, чаго ў цябе няма, як пра нешта, што ў цябе ёсьць; але з таго, што ў цябе ёсьць, выбяры найболей значнае і памяркуй адносна яго, колькі-б намаганьняў ты затраціў на тое, каб атрымаць яго, калі-б яго ня было. Але высьцерагайся адначасна, каб, сканцэнтраваўшы сваю ўвагу на гэтым, ты ня прывучыў сябе цаніць яго вельмі высока і, каб такім спосабам ня страціў-бы супакою духу, у выпадку, калі яго калі-небудзь ня будзе ў наяўнасьці.
28. Сканцэнтруйся ў самым сабе. Разумны і кіруючы пачатак паводля натуры гэтакі, што здавальняецца сабою ў сваей трапнай дзейнасьці і супакоем, які выцякае зь яе.
29. Выжані ўяву. Пакладзі канец нахілам. Ня выходзь за межы сучаснага. Зразумей тое, што адбываецца як з табою, гэтак і зь іншымі. Раскладзі і падзялі ўсе
элямэнты на пачатак прычынны і пачатак матэрыяльны. Думай пра сваю апошнюю гадзіну. Пакінь чужыя памылкі там, дзе ім належыць быць.30. Старайся пранікнуць душою ў зьмест таго, што гаворыцца. І няхай твой дух углыбляецца ў тое, што ўзьнікае і дзейнічае.
31. Радуйся ў шчырасьці, сьціпласьці і абыякавасьці таго, што ляжыць паміж мужнасьцю і заганаю. Любі род чалавечы. Слухайся Бога. Паэта кажа: Права кіруе ўсім.
– І гэтага хопіць, каб памятаць, што Права кіруе ўсім.
32. Адносна сьмерці: Ці расьцярушаньне, ці распыленьне ў атамы або згасаньне - усё гэта ані зьнішчэньне, ані зьіначаньне.
33. Пра цярпеньне: Калі мы ня можам зьнесьці яго, яно забірае нас з жыцьця; калі-ж яно доўгатрываючае, дык яго можна зьнесьці; розум захоўвае свой уласны супакой сілаю ўпэўненасьці, і кіруючая здольнасьць ня станецца горшаю. Часткі-ж, пашкоджаныя цярпеньнем, калі яны могуць, няхай скажуць пра гэта.
34. Пра славу: Глядзі на мэнтальнасьць тых, што імкнуцца да славы; паўзірайся, што яны хочуць, і ад чаго ўхіляюцца, і куды ідуць. На беразе мора адзін пласт пяску наносіцца на другі і хавае яго пад сабою. Гэтак-жа сама і ў жыцьці: тое, што было раней, вельмі хутка зьнікла пад тым, што надыходзіць у сьлед за ім.
35. Словы Плятона:
– Ці думаеш ты, што для чалавека ўзьнёслае думкі, які агортвае сваім узрокам усе часы і ўсю субстанцыю, магчымым ёсьць уважаць, што людзкае жыцьцё зьяўляецца нечым вялікім?
– Гэта немагчыма, - сказаў ён.
– Дык гэтакі чалавек, тады, пачне думаць, што і сьмерць гэтаксама не зьяўляецца злом?
– Напэўна не.
36. Словы Антыстэнэса: Княжацкая гэта рэч - чыніць дабро і быць высьмейваным.
37. Ганьба, калі твар, паслухмяны жаданьням душы, прымае выгляд і выражэньне, свомыя ёй, а сама душа ня ў стане прыдаць сабе належны выгляд і выражэньне.
38. Карысьця якая гневацца на рэчы? Мала справы
Да пачуцьцяў нашых рэчам.
39. Безсьмяротным будзь богам, і нам, земнародным, уцехай.
40. Ня можна, каб у дзень свой ня зжатым было жыцьцё.
Як колас сьпелы, - гэты ня жыў, і той не памёр.
41. Хоць-бы мяне з двума дзяцьмі забылі вы,
Багі сусьвету - ўсё-ткі розум ёсьць і праўда ў тым.
42. Мне спадарожніца - Праўда; са мной дабро.
43. Няхай ня прыцягвае цябе ані чужы адчай, ні трыюмфаваньне.
44. Словы Плятона: Гэтакаму я адкажу справядліва: ты памыляешся, мой дружжа, калі ты думаеш, што чалавек з іскраю годнасьці ў ім павінен узважваць жыцьцё і сьмерць. Адзіная рэч, якую ён павінен браць пад увагу, дык гэта, ці паступае ён правільна ці няправільна.
45. І гэта праўдаю ёсьць, мужы атэнскія, дзеколечы чалавек паставіць самога сябе ў перакананьні, што гэта ёсьць найлепшае месца для яго, або дзеколечы ён быў пастаўлены ягоным старшынёю, там ён мусіць, як я думаю, стаяць і ня браць на сябе ніякае рызыкі, дарогаю выбару паміж сьмерцяю або чым-небудзь іншым, перад неславаю.
46. О добраслаўлены! Паўзірайся ўважна, магчыма, што шляхэтнасьць і дабро розьняцца ад таго, што мы называем ратаваць і быць выратаваным. Магчыма, праўдзівы чалавек ня будзе рупіцца пра тое, каб пражыць як найдаўжэй, але ён ведае, як жанчыны кажуць, што ніякі чалавек ня можа ўхіліцца ад свае долі і дзеля гэтага ён ня будзе хапацца за жыцьцё, але, пакідаючы ўсё Богу, будзе шукаць шляхоў, каб правесьці час свайго жыцьця ў як найболей годны спосаб.