Роздумы
Шрифт:
Памятай пра гэтыя дзевяць правілаў, быццам атрымаўшы іх у падарунку ад музаў. І пакуль ты яшчэ жывеш, станься, нарэшце, чалавекам. Неабходна гэтаксама ўхіляцца ад гневу, як і ад лісьлівасьці ў зносінах зь людзьмі: і тое, і другое зьяўляюцца абрыдлым для грамадзкага жыцьця і прыносяць шкоду. У часе прыступу гневу ніколі не забывай, што разьюшанасьць ня сьведчыць аб мужнасьці, а, наадварот, пакорнасьць і мяккасьць зьяўляюцца і болей чалавечнымі, і болей вартымі чалавека; і сіла, і вытрымка, і сьмеласьць на баку таго чалавека, а не на баку таго, хто злосьціцца і наракае. Чым бліжэй да незаўзятасьці, тым бліжэй да сілы. Як нараканьне, гэтак і гневаньне паказваюць на бездапаможнасьць. І той, хто наракае, як і той, што гневаецца - параненыя і вышлі са строю. Калі жадаеш, дык вазьмі і дзясяты падарунак ад самога Апольлёна, лідара Музаў. Вымаганьне, каб
19. Неабходна болей за ўсё сьцерагчыся чатырох выкрыўленьняў кіруючага пачатку і класьці ім канец, як толькі іх заўважыш, зьвяртаючыся ў кажным выпадку да самога сябе гэтак: Гэтае ўяўленьне не зьяўляецца неабходным, гэта - падрывае аснову грамадзтва; і гэтыя словы былі-б нячыстасардэчнымі, а гаварыць не ад чыстага сэрца павінна быць брыдкім твайму сумленьню. Чацьвертае павучэньне - гэта тое, калі ты зьвяртаешся да самога сябе з наступным дакорам: Гэтае тваё палажэньне абазначае паразу і здачу твае болей боскае часткі, якая ня вытрымала супроць меней каштоўнае і сьмяротнае часткі, супроць цела і ягоных грубых насалодаў.
20. Твая жыцьцёвая частка і ўсе вогнепадобныя часткі, што зьмешчаны ў табе, хоць, паводля свае натуры, і імкнуцца ўгору, аднак, падпарадкаваныя загадам Цэлага (сусьвету), зьяўляюцца пераможанымі тут у схвармаванай масе (целе). Аднак, усё тое, што мае свомасьці зямлі і вільготнае, хоць і імкнецца ўніз, ня падае, а займае неўласьцівае яму паводля натуры становішча. Такім чынам і элямэнты падпарадкуюцца Цэламу, застаючыся, нават наўсуперак сабе, там, дзе ім загадана аставацца, да таго часу, пакуль адтуль-жа ня будзе дадзена знаку да раскладу. Ці-ж ня жудасна пасьля гэтага, што толькі твая разумная частка не падпарадкуецца і гневаецца на месца, якое яна займае, хоць ёй і не загадваецца нічога супярэчлівага ёй, а толькі тое, што адказвае яе натуры; а яна не жадае ні з чым лічыцца і імкнецца да супроцьлеглага. Бо, усякае адхіленьне ў бок несправядлівасьці, празьмернасьці, гневу, абурэньня, страху ёсьць нічым іншым, як здрада натуры. Але кіруючы пачатак пакідае сваё становішча і тады, калі выказвае нездаволенасьць у сувязку з чым-небудзь, што адбываецца. Бо ён ня меней прызначаны для набожнасьці і пашаны Бога, як для справядлівасьці. Аднак-жа, і гэтыя ўсе якасьці ўваходзяць у паняцьце грамадзкасьці; і яшчэ болей - яны нават старэйшыя за справядлівасьць.
21. Хто ня мае адзінае і нязьменнае мэты жыцьця, той ня можа заставацца адзіным і нязьменным на працягу ўсяго жыцьця. Але сказанага яшчэ недастаткова, калі не дабавіць, якою павінна быць гэтая мэта. Бо, як перакананьне не аднолькава адносіцца да ўсіх дабротаў, якія прызнаюцца бальшынёю людзей, але толькі адносна некаторых, што маюць агульнае значэньне, гэтак і мэта павінна быць вызначана агульная, грамадзкая. Хто ўзгодніць з гэтаю мэтаю ўсе свае асабістыя імкненьні, той ува ўсім будзе дзейнічаць аднолькава і такім чынам астанецца верным сабе.
22. Падумай пра мыш, палявую і хатнюю, пра яе сполах і беганіну.
23. Сакратас называў думкі большасьці людзей Ляміямі - пужаламі для дзяцей.
24. Лякедаймонцы ў часе прадстаўленьняў ладзілі для чужынцаў сядзеньні ў цяню, а самі садзіліся, дзе трапіцца.
25. Сакратас на пытаньне Пэрдіккаса, чаму ён ня едзе да яго ў адведзіны, адказаў: Каб не загінуць самым брыдкім спосабам, інакш кажучы: скарыстаўшы зь ветлівасьці, ня мець магчымасьці адудзячыцца падобным.
26. У пісаньнях Эфэсцаў радзіцца заўсёды ўспамінаць пра каго-небудзь са старажытных, хто стаўся выдатным з прычыны мужнасьці (арэтэ).
27. Пітагорэйцы раілі нам узірацца на золаку на неба, каб зьвярнуць нашую ўвагу на тыя нябескія целы, якія заўсёды выконваюць свае сталыя рухі і заўсёды ў аднолькавы спосаб завяршаюць сваю працу, і гэтаксама напамінаюць нам пра іхную чысьціню і голасьць. Бо зоры ня маюць накрыцьцяў.
28. Падумай, якім чалавекам быў Сакратас, калі ён апрануўся ў ніжнюю бялізну, пасьля таго, як Ксантыппа забрала ягоны плашч і пайшла з дому, і што Сакратас сказаў сваім сябрам, якія з сораму ня ведалі куды дзецца, убачыўшы яго гэтак апранутым.
29. Ты не пачнеш вучыць пісаць і чытаць іншых, перш, чымся не навучышся сам. Тым болей, калі ідзе пра справы самога жыцьця.
30. Ты зьяўляешся нявольнікам: разумная прамова не для цябе.
31.
І маё дарагое сэрца сьмяецца ўва мне.32. Бяссорамнаю ганьбаю зьневажаціме брахун мужнасьць.
33. Шукаць зімою хвігу на дрэве ёсьць бязмыснасьцю. Але не разумны і той, хто сумуе па дзіцяці, якога ўжо няма.
34. Калі чалавек цалуе сваё дзіця, - казаў Эпіктэтус, - ён мусіць сказаць самому сабе: Магчыма заўтра яно памрэ.
– Але-ж гэта словы дрэннага прадвесьця.
– Ніякае слова не зьяўляецца словам дрэннага прадвесьця, - адказаў Эпіктэтус, - бо яно выражае толькі праяў натуры; або, калі гэтак рэч маецца, тады слова можа стацца дрэнным прадвесьцем, калі кажацца пра зжынаньне кажнага сьпелага каласа.
35. Вінаград зялёны, сьпелы, выціснуты - усё гэта пераход ня ў тое, чаго наагул няма, а ў тое, чаго цяперака няма.
36. Выслоўе Эпіктэтуса: Няма чалавека, які мог-бы пазбавіць нас нашае свабоднае волі.
37. Эпіктэтус гэтаксама казаў: Чалавек мусіць выкрыць нейкае мастацтва адносна даваньня свае згоды; і адносна сваіх імкненьняў ён мусіць быць асьцярожным у тым сэнсе, каб яны былі прадпрыйманымі з увагаю на абставіны; каб яны былі стойкімі што да грамадзкага дабра, каб адказвалі годнасьці што да аб'екту; а што да змысловых пажаданьняў, дык ён наагул не павінен быць далёкім ад іх; а што да антыпатыі, дык ён не павінен праяўляць яе з увагі на кажную рэч, якая не знаходзіцца ў ягонай моцы.
38. Дыскусыя ідзе, - кажа Эпіктэтус, - не пра дробязі, але пра тое, быць ці ня быць неразумным.
39. Сакратас часта казаў: Што вы хочаце? мець душы разумных ці неразумных людзей?
– Душы разумных людзей.
– Якіх разумных людзей? Сапсутых ці несапсутых?
– Несапсутых.
– Чаму-ж вы, тады, ня шукаеце іх?
– Бо мы маем іх.
– Дык чаму-ж вы, тады, спрачаецеся і вядзеце спрэчкі між сабою?
Кніга дванаццатая
1. Усе тыя рэчы, да якіх ты хочаш дайсьці крутою дарогаю, ты можаш займець цяперака, калі толькі будзе табою праяўлена пашана да самога сябе. Гэта значыць, што, калі ты пакінеш мінулае, прышлае аддасі прадбачаньню, а сам займешся выключна сучасным, узгадняючы яго з набожнасьцю і справядлівасьцю. З набожнасьцю, дзеля таго, каб любіць сваю долю, бо натура прытарнавала яе да цябе, а цябе да яе. З справядлівасьцю, каб вольна і бяз ухіленьня казаць праўду і паступаць заўсёды ў сузгоднасьці з правам, з пашанаю для годнасьці, і каб ня сталіся для цябе перашкодаю ані чужы заган, ані перакананьне, ані абгаворы, ані адчуваньні ахінаючага цябе цела: няхай разьбіраецца ў іх само цела, якое іх дазнае. Затым, калі ты, ужо прыблізіўшыся да, канца, пакінеш усё і будзеш шанаваць толькі свой кіруючы пачатак і боскае ў табе, будзеш баяцца не таго, што калі-небудзь жыцьцё спыніцца, а таго, што ніколі ня было пачата жыцьцё, сузгоднае з натураю, дык тады станеш чалавекам, вартым сусьвету, які цябе стварыў, перастанеш быць чужынцам у сваей бацькаўшчыне, ня будзеш дзівіцца штодзенна з таго, што адбываецца, як зь нечага нечаканага, і знаходзіцца ў залежнасьці ад таго, ці гэтага.
2. Бог бачыць кіруючы пачатак кажнага з нас, аголенага, без матэрыяльнае абалонкі, кары, нарастаў. Бо Бог мае дачыненьне толькі да таго, што ўзьнікла і перайшло ад яго ў кіруючы пачатак, і пры тым толькі сваім розумам. Калі-б ты прызвычаіў сябе паступаць падобна, дык пазбавіўся-б ад шматлікіх клопатаў. Ці-ж ня мае шмат вольнага часу той, хто не зьвяртае ўвагі на свой цялесны вобраз, а тым болей не зварочвае свае думкі на адзеньне, жыльлё, славу і ім падобныя покрывы і прыхарошваньні?
3. Ты складаешся з трох частак: цела, жыцьцёвае сілы і духу. Зь іх першыя дзьве твае патолькі, паколькі табе даводзіцца клапаціцца аб іх, і толькі трэйцяя сапраўды належыць табе. Затым, калі ты адхілішся ад самога сябе, гэта значыць, ад твайго зразуменьня, што чыняць і кажыць іншыя, ці што рабіў і казаў ты сам, усё, што непакоіць цябе, як павіннае стацца, што не залежыць ад твайго выбару, адносячыся да ахінаючага цябе цела, ці прыроджанае яму жыцьцёвае сілы, што вонкі цябе цягне за сабою наўкол аблятаючы віхор, і такім чынам, твой дух, выключаны з асяродзьдзя, зь якім спалучыла яго доля, будзе чысты і вольны наладзіць жыцьцё па-свойму, творачы справядлівае, пагаджаючася з тым, што адбываецца, і кажучы праўду; калі, кажу я, ты аддаліш ад кіруючага пачатку тое, што да яго прыліпла, ад уздыму моцных пачуцьцяў, і тое, што адносіцца да мінулага, ці прышлага, будзеш, тады, падобны да таго, што кажа Эмпэдоклес: