Роздумы
Шрифт:
13. Прачнуўшыся, зараз-жа запытай сябе: Ці тычыцца гэта цябе, калі хто-небудзь іншы робіць што-небудзь справядлівае і слушнае?
– Не, ня тычыцца.
Ці не забыў ты яшчэ, што гэта за людзі, якія з гэтакаю павагаю выказваюць іншым пахвалу і ганьбу, на ложу, за сталом, што яны робяць, ад чаго ўхіляюцца, да чаго імкнуцца, што яны крадуць, каго абіраюць, ня пры дапамозе рук і ног, але найболей каштоўнаю сваею часткаю, якая пры жаданьні магла-б даць жыцьцё вернасьці, скромнасьці, праўдзе, праву, добраму гэнію.
14. Чалавек, адукаваны і сьціплы, зьвяртаецца да ўсёдаючае і ўсёадбіраючае назад натуры са словамі: Дай, што ты хочаш, і вазьмі назад, што
15. Ня шмат ужо засталося часу. Жыві, быццам на ўзвышшы. Бо-ж усяроўна, жыць тут ці там, калі чалавек усюды ў сьвеце, як у Месьце. Няхай людзі ўбачаць і пазнаюць у табе сапраўднага чалавека, які жыве ў адпаведнасьці да вымаганьняў натуры. Калі ім стане неўмагату, няхай забіваюць. Бо гэта ляпей, чымся жыць, як усе жывуць.
16. Не раздабэрваць-жа ўвесь час пра тое, якім добрым чалавек павінен быць, пара ўжо і стацца ім.
17. Заўсёды думай пра вечнасьць у яе суцэльнасьці, і аб сутнасьці ў яе цэлым, і аб тым, што кажная асобная рэч у параўнаньні з сутнасьцю - малое зерне; у параўнаньні з часам - паварот бура.
18. Затрымліваючыся ў думцы над кажным асобным прадметам, уяўляй яго ўжо ў раскладзеным выглядзе, прайшоўшым стан зьіначаньня, быццам у спарахненьні ці расьцярушаньні, або засуджаным на нейкую сьмерць.
19. Падумай, якімі людзі зьяўляюцца, калі ядуць, сьпяць, спалучаюцца, апаражняюцца і г. д., а тады, якія яны, калі хочуць паказацца вялікімі панамі, задаюцца, ці гневаюцца і шчодра сыплюць дакоры з вышыні, са свае здадуманае велічы. Але яшчэ нядаўна колькі зь іх было нявольнікамі і за што; і неўзабаве, падумай, у якіх абставінах яны знойдуцца?
20. Гэта для дабра кажнае рэчы, што сусьветная натура прыносіць кажнай зь іх. І гэта для яе дабра ў тым часе, калі натура прыносіць.
21. Зямля любіць дождж; любіць яго гэтаксама і важны этэр. Сусьвет любіць тварыць тое, што павінна ўзьнікнуць. Затым, я кажу сусьвету: Я люблю тое, што любіш і ты. Ці-ж не гаворыцца наагул: Той і гэтай рэчы люба тое і гэтае.
22. Або ты жывеш тут - і да гэтага жыцьця ты ўжо прызвычаіўся, або ты адыходзіш у іншае месца, у сузгоднасьці з тваім жаданьнем, або - паміраеш, і тваё служэньне скончылася. Гэтым вычэрпваецца ўсё. Затым, будзь спакойным.
23. Для цябе заўсёды павінна быць зразумела, што гэты кавалачак зямлі нічым ня розьніцца ад іншых, і што тыя, што жывуць на ім, адчуваюць тое самае, што адчуваюць і тыя, што жывуць на вяршыне гары, ці на беразе мора, ці яшчэ дзе-небудзь. І ты згодзішся з тым, што Плятон кажа: Жыць у межах меставых сьценаў, тое самае, што жыць на гары ў будцы пастуха.
24. Чым зьяўляецца для мяне мой кіруючы пачатак? І кім я яго цяперака раблю? І зь якою мэтаю цяпер я ўжываю яго? Ёсьць-жа ён нічым, калі ідзе пра зразуменьне? Ці не адхіліўся ён і адыйшоў ад грамадзкага жыцьця? Ёсьць-жа ён зьлітаваны і злучаны з бедным целам да такое ступені, што рухаецца разам зь ім?
25. Той, хто хаваецца ад уладара - уцякач. Уладарыць-жа права, і ўцякач той, хто нарушае права. Але і той, хто ў адчаі, гневаецца, баіцца, не жадае чаго-небудзь з таго, што адбылося, што адбываецца, ці мае адбыцца, дзякуючы ладу, які ўстанавіў валадар сусьвету, які зьяўляецца правам, што вызначае кажнаму тое, што яму належыцца. Затым, і той уцякач, хто баіцца, хто ў адчаі, ці гневаецца.
26. Той, хто апладніў улоньне жанчыны, адыходзіць; далей выступае іншая прычына, завяршэньне якое - нараджэньне дзіцяці. Які быў пачатак і якое завяршэньне! Дзіця прыймае
ежу, а далей выступае іншая прычына, якая выклікае да быту адчуваньне, імкненьне і наагул жыцьцё, сілу і іншыя свомасьці чалавека. І колькі-ж іх і якія яны! Дык унікай ўва ўсё, што адбываецца ў такой патаемнасьці і агортвай зрокам сілу, якая тут дзейнічае, гэтак-жа, як і сілу, якая прымушае рэчы падаць уніз ці ўздымацца ўгору, не цялеснымі вачыма, аднак-жа зь няменшаю зыркасьцю.27. Заўсёды разважай аб тым, што ўсё, што адбываецца, нічым не адрозьніваецца ад таго, што мела ўжо месца раней, і ад таго, што мае адбыцца ў будучыні. Няхай зьявяцца перад табою цэлыя пэрыяды жыцьця і падобныя адзін да аднаго ў суадношаньні, якія ты ўжо ведаеш або з уласнага дасьведчаньня, або з гісторыі болей ранейшых часоў, прыкладам увесь двор Гадрыяна, увесь двор Антонінуса, і ўвесь двор Філіппоса, Аляксандар, Крэзоса. Бо ўсюды тут адно і тое самае, толькі дзеючыя асобы іншыя.
28. Уяві сабе чалавека, які сумуе з прычыны кажнае рэчы або нездаволенага, як тое парасё, што ахвяруюць і якое б'ецца і пішчыць. Падобным да гэтакага парасяці ёсьць той, хто на сваім ложку на самоце аплаквае ў сваей душы цяжкую долю, пад якою мы ўгінаемся. Аднак, вазьмі пад увагу, што толькі разумнай істоце дадзена магчымасьць дабраахвотна ісьці за здарэньнямі; і гэтай неабходнасьці падпарадкаваны ўсе.
29. Прыпамінаючы ўсе прадметы свае дзейнасьці, пытай самога сябе адносна кажнага апрычонага выпадку, ці не таму сьмерць страшная, што зьвязана з утратаю ўсяго?
30. Калі цябе абурае чыё-небудзь памылковае паступаваньне, дык зараз-жа, азірнуўшыся на сябе, падумай, у якім падобным паступаваньні вінаваты ты сам, калі, напрыклад, любіў грошы, насалоду, нікчэмную славу, ці яшчэ што-небудзь падобнае. Аднак-жа, пабачыўшы гэтакую памылковасьць, ты хутка забудзеш пра гнеў, асабліва, калі сьцяміш разам з тым, што той чалавек быў прымушаны быць такім. Што яму застаецца рабіць? Калі можаш, дык вызвалі яго ад гэтага прымусу.
31. Падумаўшы пра Сатырона сакратыка, уяві сабе Эўціхэса або Гімэна, падумаўшы пра Эўфратэса, Эўціхіёна або Сыльвануса, падумаўшы пра Алькіфрона, Тропаіёфороса, падумаўшы пра Ксэнофона, Крытона або Сэвэруса, падумаўшы пра самога сябе - каго-небудзь з Цэзараў, і гэтак трымайся ўва ўсім. Пасьля спытайся: Дзе яны ўсе? Нідзе, або няведама, дзе. Бо гэткім спосабам табе станецца зразумелым, што ўсё чалавецтва - гэта дым, нішто; асабліва, калі ты пры гадаеш сабе, што тое, што аднойчы зьіначылася, ужо ня ўзьнікне ізноў на працягу бязьмежнага часу. Чаго-ж ты дабіваешся? Чаму табе не дастаткова пражыць з годнасьцю свой кароткі век? Ад якога матэрыялу і якіх умоваў дзейнасьці ты ўхіляешся? Бо-ж, чым зьяўляецца ўсё гэта, як не практыкаваньнем для розуму, сузіраючага ўсё жыцьцё дакладным і адпавядаючым натуры рэчаў поглядам? Дык не адступай да таго часу, пакуль не засвоіш усяго гэтага, як засвойвае сабе здаровы страўнік, як моцны агонь ператварае ў полымя і сьвятло ўсё, што ўкінуць у яго.
32. Няхай ніхто ня цьвердзіць пра цябе, што ты чалавек няшчыры і нядобры, які ня кажа праўды, але няхай памыляецца кажны, хто думае аб табе нешта падобнае. Аднак-жа, усё гэта залежыць ад цябе. Якія прычыны не дазваляюць табе быць добрым і шчырым чалавекам? Толькі вырашы раз і на заўсёды ня жыць, калі ня быць гэтакім. Бо, калі ты ня гэтакі, дык розум ня трымае цябе пры жыцьці.
33. Што пры дадзеным матэрыяле (нашым жыцьці) было-б правільней за ўсё зрабіць або сказаць?Што-б гэта ні было, гэта можна і зрабіць, і сказаць. І не спасылайся на перашкоды.