Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Роздумы

Aurelius Marcus Antoninus

Шрифт:

41. Эпікурос кажа: У часе хваробы маю ўвагу не займалі фізычныя цярпеньні, і з тымі, што наведвалі мяне, я ня вёў гутаркі на гэтую тэму. Я і далей выконваў свае раней пачатыя навуковыя працы, цікавячыся галоўна тым, як думка, ня гледзячы на сваё ўсуадношваньне да падобных рухаў у целе, тымняменей утрымлівае свой унутраны супакой, маючы на ўвазе свомае для яе дабро. І для лекараў, - кажа ён далей, - я не стварыў прычыны стацца гордымі, быццам яны нямаведама што чыняць для мяне, але жыцьцё маё мінала добра і шчасьліва. Вазьмі яго сабе за прыклад, калі здарыцца табе захварэць або трапіць у якое-небудзь іншае пагражаючае палажэньне. Усе школы згодныя ў тым, што ня трэба выракацца філязофіі ў ніякіх абставінах, ані падтакваць невукам, нічога ня ведаючым пра натуру, але ўсю сваю ўвагу кіруй у напрамку справы, якою ў дадзены мамэнт займаешся, і сродкаў, дзякуючы якім, яна станецца рэчаіснасьцю.

42. Калі ты чуешся абураным з прычыны чыіх-небудзь бяссорамных паводзінаў, дык зараз-жа запытай самога сябе: Есьць-жа гэта магчымым, каб на сьвеце ня было бяссорамных людзей? Гэта немагчыма. Тады, не дамагайся таго, што немагчымым ёсьць. Бо гэты чалавек гэтаксама зьяўляецца адным з гэтых бяссорамных людзей, каторыя з прычыны неабходнасьці павінны быць на сьвеце. Тады, падобнае разважаньне павінен ты мець на ўвазе ў выпадку нахабнага чалавека як і бязьвернага,

і кажнага іншага чалавека, каторы чыніць нешта дрэннае. Бо ў тым самым часе, калі ты будзеш сабе прыпамінаць, што немагчымым ёсьць, каб гэткага роду людзі не існавалі, ты станешся болей далікатным адносна кажнага паасобнага чалавека. У веданьні гэтага крыецца гэтаксама і тая карысьць, што зараз-жа, калі ўзьнікне нагода, падумаць, якою мужнасьцю натура надарыла чалавека, каб супроцьставіцца кажнаму дрэннаму чыну. Бо супраць людзкае глупоты яна, у якасьці супрацьатруты, дала чалавеку далікатнасьць, і супроць іншага роду людзей дала іншую хворму ўзьдзеяньня. Бяручы пад увагу ўсе выпадкі, для цябе зьяўляецца магчымым, дарогаю навучаньня, прапраўляць чалавека, каторы зьбіўся са шляху: бо кажны чалавек, каторы памыляецца, не асягвае свае мэты і крочыць па няправільнай сьцежцы. Між іншым, мо' і ты дазнаеш шкоду? Бо ты спасьцерагаеш, што ніякі чалавек сярод тых, супроць якіх ты выражаеш, сваё нездаволеньне, ня ўчыніў нічога такога, што спрычыніла-б тваім разумовым здольнасьцям стацца горшымі; бо тое, што ёсьць дрэнным для цябе і шкодным, знаходзіць сваё месца толькі ў тваіх разумовых здольнасьцях. Дый што дрэннага або што асаблівае бачыш ты ў тым, калі чалавек, які не атрымаў належнага ўзгадаваньня, праяўляе дзейнасьць неасьвечанага чалавека? Ляпей разваж, ці не павінен ты баржджэй наракаць на самога сябе, з тае прычыны, што ты не спадзяваўся, што гэтакі чалавек можа памыляецца гэтак далёка. Бо ты маеш сродкі, дадзеныя табе тваім розумам наперад здагадвацца, што вельмі магчыма, што ён можа памыліцца, а ты ўсё-ж забыўся, а цяперака дзівішся, што ён памыліўся. Але важнейшым за ўсё, калі наракаеш на чалавека за ягонае бязьверра або няўдзячнасьць, зьвярніся, тады, да самога сябе. Бо памылка твая ёсьць вельмі спасьцярожнаю, ці гэта з прычыны таго, што ты клаў за шмат даверра ў чалавека гэтакага характару, або, выражаючы сваю далікатнасьць, ты ня выразіў яе ў поўнай меры, або ні ў гэткай манеры, каб займець усю карысьць з гэтага твайго чыну. Бо, калі ты нездаволены з прычыны выкананьня нечага, што знаходзіцца ў сузгоднасьці з тваею натураю, і чакаеш заплаты за гэта? Гэта ўпадабнялася-б да таго, калі-б тваё вока дамагалася заплаты за бачаньне, а ногі за тое, што ходзяць. Бо хоць гэтыя сучлененьні твайго цела пакліканыя да жыцьця дзеля пэўнае мэты, і, працуючы адпаведна да іхнага ўладжаньня, чуюцца здаволенымі, падобна і чалавек, ухвармаваны натураю, каб тварыў дабро, а, выканаўшы сваю задачу, або як-колечы інакш, спрычыняючыся да агульнае памыснасьці, выконвае гэтым сваё прадназначэньне і атрымлівае тое, што належыцца яму.

Кніга дзясятая

1. Ці будзеш ты, душа, калі-небудзь добраю, простаю, адзінаю ў сваей нагаце, болей выразнаю, чымся пакрываючае цябе цела? Ці дазнацімеш ты калі-небудзь радасьць сяброўства і здаволеньне прыхільнасьці? Ці надыйдзе калі-небудзь хвіліна, калі ты ня будзеш нічога жадаць і ні аб чым ня будзеш мроіць, ані аб жывым або няжывым дзеля дазнаньня насалоды? ані аб часе дзеля магчымага прадаўжэньня гэтых насалодаў, ані аб мясцовасьці, або аб прыемным клімаце, або пра супольнасьць людзей, з каторымі ты можаш жыць у гармоніі? Ці будзеш ты, наадварот, здаволенаю сучаснымі абставінамі і радавацца тым, што знаходзіцца навакол цябе, і пераканаеш самую сябе, што ты маеш усё і, што ўсё гэта прыходзіць у сузгоднасьці з воляю багоў і, што ўсё падабаецца табе, што падабаецца багам, і будзе імі даравана на карысьць дасканалага жывога існаваньня, добрага і справядлівага, і прыгожага, каторае родзіць і ўтрымлівае сумесна ўсе рэчы, і зьмяшчае ў сабе і агортвае ўсе рэчы, што расьцярушаны з мэтаю стварэньня іншых падобных рэчаў? Ці будзеш ты калі-небудзь гэтак жыць у супольнасьці з багамі і людзьмі, што ніхто ня будзе скаржыцца на іх, як і ня сьцягваць на сябе іхнага прысуду?

2. Уважай, затым, што твая натура вымагае ад цябе, калі ты падпарадкаваны толькі натуры, тады прыймай гэта і выконвай, калі твая натура, як далёка ты зьяўляешся жывым існаваньнем, ня станецца горшаю праз гэта. І далей, ты мусіш уважаць, што твая натура вымагае, як далёка ты зьяўляешся жывым існаваньнем. І ўсё гэта ты можаш пазволіць сабе, калі твая натура, гэтак далёка, як ты зьяўляешся рацыянальным існаваньнем, ня станецца горшаю праз гэта. Але рацыянальнае існаваньне, пасьлядоўна, зьяўляецца гэтаксама палітычным (грамадзкім) існаваньнем.

3. Кажная рэч, якая здараецца, здараецца гэтак, што ты, або можаш зьнесьці яе, дзякуючы таму, што ты гэтак ухвармаваны натураю, або ня можаш знесьці, дзякуючы таму, што ты не ўхвармаваны натураю, каб зьнесьці яе. Калі, затым, здарыцца з табою гэтак, што ты зьяўляешся ўхвармаваным натураю зьнесьці яе, не наракай, тады, але знось яе, як чалавек, ухвармаваны натураю зносіць яе. Але, калі здарыцца гэтак, што ты не зьяўляешся ўхвармаваным натураю, каб зносіць яе, не наракай, бо зьнішчыўшы цябе, яна сама шчэзьне. Памятай, адылі, што ты зьяўляешся ўхвармаваным натураю зносіць кажную рэч, з увагі натое, што ўсё залежыць ад твае пэўнае думкі, учыніць яе зноснаю і трывалкаю, мяркуючы, што карысна гэта, або абавязкам тваім ёсьць учыніць гэта.

4. Калі ты бачыш, што чалавек памыляецца, папраў яго, захоўваючы пры гэтым дабразычлівасьць, і пакажы яму ягоную памылку. Але, калі ты не зьяўляешся ў стане ўчыніць гэтага, тады вінаваць самога сябе, або не вінаваць нікога.

5. Штоколечы можа прытрапіцца табе, яно было прыгатавана для цябе з пачатку часу; і сьпляценьне прычынаў было вечным прадзівам ніткі твайго існаваньня ўключна з дадзеным здарэньнем.

6. Ці сусьвет зьяўляецца сузграмаджаньнем атамаў, або натура ёсьць сыстэмаю, няхай, тады, перад усім будзе сьцьверджана, што я зьяўляюся часткаю Цэлага, якім кіруе натура; і далей, што я знаходжуся ў нейкай цеснай сувязі з часткамі, якія зьяўляюцца тае самае аднароднасьці што і я. Бо памятаючы пра гэта, пайменна, што я зьяўляюся часткаю, я ня буду зьнеахвочаным ніякімі рэчамі, якія пасылаюцца мне Цэлым; бо тое, што карысна Цэламу, ня можа быць шкодным для часткі. Бо ў Цэлым няма нічога, што ня было-б яму карысным; бо і запраўды, усе натуры ў сабе маюць супольны прынцып, але натура сусьвету мае тую перавагу, што няма вонкавае прычыны, якая магла-б змусіць яе, тварыць што-небудзь шкоднае для яе самое. Затым, памятаючы, што я зьяўляюся часткаю Цэлага, я буду здаволеным усім тым, што здараецца. І, як далёка я зьяўляюся ў нейкай суроднай сувязі з аднароднымі мне часткамі, я буду ўстрымлівацца ад таго, што можа

быць шкодным для агульнага дабра. Наадварот, я заўсёды буду мець на ўвазе тых, хто мне суродны, і накіроўваць усе свае натугі на тое, што ёсьць карысным для ўсіх, і адхіляць іх ад супроцьлежнага. Цяперака, калі ўсе гэтыя рэчы будуць выкананымі, дык жыцьцё будзе, бяз сумліву, мінаць шчасьліва, гэтак, як ты, магчыма, і заўважыў, шчасьлівым ёсьць жыцьцё грамадзяніна, які стала жыве жыцьцём, прысьвечаным дзейнасьці, карыснай суродзічам, і зьяўляецца здаволеным усім тым, чым надзеліць яго гаспадарства.

7. Часткі Цэлага, дазваньня, гэта значыць, усе, якія зьяўляюцца натуральна агорнутымі сусьветам, з прычыны неабходнасьці мусяць шчэзнуць; але няхай гэта будзе зразуметым у тым сэнсе, што яны мусяць займець зьіначаньне. Але, калі гэта зьяўляецца натуральным працэсам, гэтак злым як і неабходным для частак, тады Цэлае ня можа стала існаваць у добрым стане - калі часткі, будучы аб'ектам зьіначаньня, шчазаюць рознымі спосабамі. Бо ці сама натура вырашыла спрычыняць зло рэчам, якія зьяўляюцца часткамі яе самое, і чынячы гэтым іх аб'ектам зла, і з прычыны неабходнасьці ўпадаць у зло, або гэтакі вынік стаецца без яе ведама? Але, як першы здагад, гэтак і другі, запраўды, зьяўляюцца непраўдападобнымі. Але, калі чалавек і адкіне тэрмін «натура» (як дзеючы чыньнік), і будзе гаварыць пра рэчы, як натуральныя, дык нават і тады будзе сьмешным утрымліваць у тым самым часе, што часткі Цэлага зьяўляюцца ў сваей натуры прадметам зьіначаньня, і ў тым самым часе будуць зьнічэўку заскочанымі або злоснымі быццам нешта здарылася супроць натуры, асабліва, калі расьцярушаньне рэчаў адбываецца ў рэчы, зь якіх яны ўхвармаваныя. Бо гэта называецца або расьцярушаньне элямэнтаў, з каторых кажная рэч была ўхвармаванаю, або зьіначаньне са сталага цела ў зямное, і з таго, што свомым ёсьць паветру, у паветра, і гэтакім спосабам часткі гэтыя ўспрыймаюцца назад сусьветным розумам Цэлага, або гэта ў пэўных пэрыядах пажыраецца агнём, або аднаўляецца вечнымі зьіначаньнямі. І не ўяўляй сабе, што сталая і паветраная частка існуе ў табе ад часу твайго нараджэньня. Бо ўсё гэта ў табе ад учарашняга дня ці дня перад гэтым, і заўдзячвае сваё існаваньне ежы і ўдыханьню паветра. Затым, зьіначаньню паддаецца толькі тое, што атрымліваецца табою звонку, а ня тое, што атрымаў ты ад свае маці. Але прымем, што тое, што ты атрымаў ад свае маці, і што творыць сабою ўсю сваеасаблівасьць твае істоты, ані ў якім выпадку не пахісьне, выражанага вышэй, значэньня.

8. Калі ты ўспрыняў гэтакія імёны, як добры, сьціплы, праўдзівы, разважны, супакойны, вялікадушны, уважай, каб не замяніць іх на іншыя; калі-б табе давялося згубіць іх, старайся адыскаць іх нанова. Памятай, «разважны» значыць для цябе асэнсаваньне і праніклівыя суадносіны да кажнае рэчы і свабода ад усялякае неахайнасьці; «спакойны», значыць дабраахвотнае прыняцьце рэчаў, якія прадназначаны табе агульнаю натураю; і што велікадушша значыць гэтулькі, што ўзвышша інтэлігэнтнае часткі па-над успрыймо целам прыемнага або балючага, па-над тую бедную рэч, што завецца слава, сьмерць і іншыя падобныя рэчы. Калі, затым, ты ўтрымаеш пры сабе ўласнасьць гэтых імёнаў, без жаданьня, каб цябе называлі іншыя гэтымі імёнамі, дык ты станешся іншым чалавекам і ўвойдзеш у іншае жыцьцё. Бо астаючыся такім, якім ты быў да гэтага часу, працягваць гэтакае згубнае і нячыстае жыцьцё, годна толькі бесхарактарнага і тупога чалавека, які хапаецца за жыцьцё, і падобнага да тых паўжывых змагароў зь дзікімі зьверамі, якія хоць і пакрытыя ранамі і крывёю, усё яшчэ кленчаць з просьбаю пакінуць іх да заўтрашняга дня, хоць яны ведаюць, што ў гэтым самым стане яны зноў будуць кінутымі тым самым кіпцюрам і зубам. Затым, прызвычайвай самога сябе з гэтымі нешматлікімі імёнамі; і калі ты станешся здольным астацца зь імі, тады аставайся, быццам ты перасяляешся на·Абтокі Добраслаўленых. Калі-ж ты пачуеш, аднак, у сабе, што падаеш і ня маеш сілы ўтрымацца, дык май-жа рашучасьць адыйсьці ў якое-небудзь сукрытае месца, дзе ты ня будзеш пададзены спакусе, або і зусім пакінеш жыцьцё, без нараканьня, свабодна і скромна, даканаўшы ў жыцьці што найменей хоць-бы адну рэч годную пахвалы ў жыцьці і гэтак разьвітацца з жыцьцём. Але дзеля таго, каб засталася памяць гэтых імёнаў, у значнай меры дапаможа, калі ты будзеш памятаць багоў, што яны не жадаюць сабе, каб разумныя існаваньні праяўлялі лісьлівасьць, але жадаюць, каб усе разумныя істоты ўпадабняліся ім; і памятай, што тое, што выконвае працу фігавага дрэва, ёсьць фігавае дрэва; і тое, што робіць сабака - ёсьць сабака; і тое, што выконвае працу пчалы - ёсьць пчала; і тое, што выконвае працу чалавека - ёсьць чалавек.

9. Сцэнічная гульня, вайна, страх, млявасьць, нявольніцтва будуць штодзенна зводзіць да нічога тыя галоўныя прынцыпы, якія ты не агарнуў дакладна, не зьявярнуў на іх належнае ўвагі. Але на ўсё трэба глядзець і ўсё рабіць так, каб і практычная здольнасьць займела сваё завяршэньне і тэарэтычная знаходзіла свой водклік у дзейнасьці, а з усёагортваючага пазнаньня радзілася тая ўпэўненасьць у свае ўласныя сілы, якая не выстаўляе сябе напаказ, але якую і не схаваеш. Калі-ж, нарэшце, ты здабудзеш шчырасьць, паважнасьць і тое пазнаньне кажнае рэчы, якая адслоніць перад табою, якая яна ў сваей існасьці, якое месца займае ў сусьвеце, колькі часу наканавана ёй праіснаваць, што ўваходзіць у яе склад, і да каго яна можа належаць, і хто зьяўляецца здольным даць яе і забраць?

10. Павук ганарыцца, калі зловіць муху; нехта ганарыцца, калі падстрэліць зайца, іншы - калі зловіць сеткаю маленькую рыбку, яшчэ іншы - калі пераможа дзікага вяпрука, а нехта - мядзьведзя, а хто - Сарматаў. Але ці ня будуць усе яны разбойнікамі, калі ты толькі добра разьбярэшся ў іхных галоўных замерах?

11. Здабудзь·сабе спосаб разважаньня, каб дарогаю якога бачыць, як усе рэчы зьіначваюцца адна ў другую, і стала думай пра гэта і практыкуйся ў гэтай частцы філязофіі. Бо нічога іншага не ўспамагае гэтак у напрамку ўзьнёслага настрою. Гэтакі чалавек ужо скінуў з сябе цела, і пад уплывам думкі аб тым, як мала часу засталося да таго мамэнту, калі ён пакіне ўсё гэта, выбыўшы зь ліку людзей, суцэльна аддаўшыся справядлівасьці ў сваіх уласных дзеяньнях і натуры Цэлага ўва ўсім іншым. Ашто іншыя кажуць пра яго, або думаюць, ці як яны адносяцца да яго - аб гэтым ён ніяк не клапоціцца, задавальняючыся толькі ажыцьцяўленьнем справядлівасьці ў сваіх сучасных учынках і любасьцю да свае справы; ён адмовіўся ад усіх клопатаў і нікчэмных імкненьняў і не жадае нічога, апрача таго, каб няўхільна выконваць права і ў гэтым няўхільным выкананьні ісьці за Богам.

12. Дзеля чаго патрэбны здагады, калі ты маеш магчымасьць даведацца, што трэба зрабіць? Калі ты ведаеш, дык захоўваючы дабразычлівасьць, ідзі наперад па гэтай дарозе, ня схіляючы ў бок, а калі ня ведаеш, дык спыніся і запрасі на нараду лепшых людзей. Калі ты спаткаеш на гэтым шляху якія-небудзь перашкоды, дык ідзі наперад, бяручы пад увагу наяўныя абставіны і трымаючыся таго, што ўважаў справядлівым. Бо-ж дасягненьне яго зьяўляецца найлепшым, а ўхіленьне ад яго - найгоршым. Той, хто ўва ўсім слухае розум, ня мітусьлівы і адначасна дзейны, вясёлы і ўраўнаважаны.

Поделиться с друзьями: