Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Роздумы

Aurelius Marcus Antoninus

Шрифт:

Ты не перастанеш наракаць да тае пары, пакуль твой розум знаходзіцца ў гэтакім стане, што тое, чым роскаш зьяўляецца для тых, што любяць прыемнасьць, гэтакім мае быць для цябе, - у справе, якая падпарадкавана і прадстаўлена табе, - выкананьне рэчаў, якія зьяўляюцца адпаведнымі для целапабудовы чалавека. Бо кажная магчымасьць дзейнічаць, дзякуючы сваей асаблівай натуры, павінна ўважацца за·радасьць. Але гэтая магчымасьць ёсьць наяўнаю ўсюды. Ані цыліндру, ані агню, ані вадзе, ані чаму-небудзь іншаму, што адносіцца да няжывое і неразумнае натуры, ня дадзена магчымасьць заўсёды быць у адказваючым ім руху: мноства перашкодаў замінае гэтаму. Дух-жа і розум могуць, перамагаючы ўсе перашкоды, захоўваць напрамак, які з натуры ўласьцівы ім, і які яны жадаюць. І, памятаючы пра тую лёгкасьць, зь якою рухаецца, усё перамагаючы, розум, як агонь імкнецца ўгору, камень - уніз, цыліндар - па схілу, ты ўжо ня імкніся да нічога іншага. Рэшта-ж перашкодаў, адносяцца яны да цела, якое ні што

іншае, як труп, ці, астаючыся без перакананьня адносна іх і схільнасьці самога розуму, не зьяўляюцца ў стане ні задушыць цябе, ані спрычыніць якога-небудзь ліха: інакш кажучы, той, на чыім шляху яны спаткаліся, хутка стаўся-б нядобрым. Трэба толькі, каб з якою-небудзь іншаю істотаю здарылася якая-небудзь бяда, як, дзякуючы гэтаму, само тое, што пацярпела, стаецца горшым, - тут-жа, калі хочаш ведаць, чалавек стаецца і лепшым і болей вартым пахвалы, калі толькі ён належным чынам выкарыстае абставіны. Наагул-жа памятай, што нічога ня шкодзіць грамадзяніну, што ня шкодзіць Месту, і нішто ня шкодзіць Месту, што ня шкодзіць праву. Але ўсе гэтыя, так званыя нягоды, ня шкодзяць праву, а ня шкодзячы яму, ня шкодзяць ані Месту, ані грамадзяніну.

34. Чалавеку, які пранікся сапраўднымі галоўнымі прынцыпамі, нават самы кароткі і агульнавядомы выраз можа напомніць аб стане, вольным ад смутку і страху:

Вецер на землю зрывае лісьцё...

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Так пакаленьні людзей...

І народжанае табою - тое-ж лісьцё. І тыя людзі, якія гучна і з гэтакаю ўпэўненасьцю праслаўляюць цябе, або, наадварот, праклінаюць, або патаемна ганяць і зьневажаюць - лісьце, таксама як і тыя, хто атрымае ў спадчыну памяць аб табе. Таму, што ўсё гэта ўзьнікае «як толькі вясна вернецца», а пасьля вецер зносіць гэта на землю, а потым дрэвы нараджаюць узамен старога новае лісьцё. Але кароткавечнасьць астаецца характэрнаю для ўсяго. Ты-ж ад усяго ўхіляешся і да ўсяго імкнешся, быццам яно павінна працягвацца вечна. Яшчэ ня шмат - і ты заплюшчыш вочы, і таго, хто пахавае цябе, будзе аплакваць хто-небудзь іншы.

35. Здаровае вока мусіць бачыць усё, што дасягальна зроку, і не казаць: У мяне слабасьць да зялёнага колеру, бо гэта была-б ужо хвароба вачэй. Гэтаксама рэч маецца і са здаровым слыхам і нюхам. Яны павінна быць гатовымі ўспрыняць любы гук альбо запах, а здаровы страўнік павінен аднолькава адносіцца да ўсякіх харчоў, як млын да ўсяго, што ён прызначаны змалоць. Таму і духова здаровы чалавек павінен быць гатовы да ўсялякіх падзеяў. Той-жа, хто кажа: Мае дзеці павінны астацца жывымі, усе людзі павінны хваліць мяне, усяроўна што-б я зрабіў, - падобны да вока, якое мае слабасьць да зялёнага колеру або да зубоў, якія аддаюць перавагу мяккім харчам.

36. Ніхто не зьяўляецца гэтакім шчасьлівым, каб ягоная сьмерць ня выклікала ў каго-небудзь з навакольных пачуцьця злоснае радасьці. Няхай сабе быў ён і выдатным чалавекам - усё-ж знойдзецца, нарэшце, хто-небудзь, хто сам сабе скажа: Нарэшце мы можам свабодна ўздыхнуць, пазбыўшыся гэтага настаўніка. Праўда, ён нікому з нас ня быў цяжарам, але ўсё-ж мы адчувалі, што ён патаемна асуджае нас.
– Вось што скажуць пра выдатнага чалавека. Што датычыцца нас, дык колькі ў нас іншых уласьцівасьцяў, якія выклікаюць у шмат каго жаданьне пазбыцца нас? Падумаўшы пра гэта ў перадсьмяротную хвіліну, ты з большаю лёгкасьцю разьвітаешся з жыцьцём, сказаўшы сабе: Я разьвітваюся з тым жыцьцём, у якім нават самыя блізкія мне людзі, для якіх паклаў гэтулькі высілкаў, аб якіх гэтак горача маліўся і клапаціўся, нават і яны хочуць пазбыцца мяне, спадзяючыся на тое, што гэта, магчыма, прынясе ім нейкую палёгку. Які-ж сэнс для каго-небудзь жадаць болей працяглага жыцьця? Усё гэта, аднак, не павінна схіляць цябе адносіцца да акружаючых цябе пры разьвітаньні меней дабразычліва: застаючыся верным свайму характару, адносься да іх па-сяброўску, дабразычліва, лагодна. З другога боку, не разьвітвайся зь імі так, нібы цябе адрываюць ад іх, але няхай гэтае тваё разьвітаньне станецца падобным да бязбольнага аддзяленьня душы ад цела пры добрай сьмерці. Аднак-жа і зь імі злучыла і зьвязала цябе натура. А цяперака яна разьдзельвае вас. І я разьвітаюся зь імі, як са сваякамі, але без упартасьці і супраціву - бо і гэтая ростань зьяўляецца адным з актаў натуры.

37. Прывучай сябе паводля магчымасьці пры ўсялякім дзеяньні іншага чалавека, ставіць сабе запытаньне аб мэце, якую ён думае асягнуць. Пачні з самога сябе і дасьледуй перш самога сябе.

38. Памятай аб тым, што ўсё, што кіруе табою, тоіцца ўнутры самога цябе. Тут - здольнасьць слова, тут - жыцьцё, тут, калі хочаш ведаць, чалавек. Ніколі не атаесамлівай зь ім пакрываючую яго абалонку і тыя часткі, якія на ёй утварыліся. Яны падобны на цясьлярскую сакеру, розьнячыся толькі тым, што дадзены нам натураю. І калі-б гэтыя часткі былі пазбаўлены рухаючае і стрымліваючае іх прычыны, дык з іх ня было-б большае карысьці, чымся зь верацяна для ткаля, зь пяра для пісца, зь бізуна для рамізьніка.

Кніга адзінаццатая

1.

Свомасьці разумнае душы: яна агортвае зрокам самую сябе, распадзяляе самую сябе, чыніць сябе гэтакаю, якою яна жадае быць, сама карыстаецца пладамі, якія сама прыносіць, і гэта тады, калі пладамі расьлінаў карыстаюцца іншыя; дасягае ўласьцівае ёй мэты, калі-б ня была пакладзена мяжа жыцьця. У часе скокаў, сцэнічнага паказу і іншага, усякая замінка пазбаўляе закончанасьці ўсяе дзейнасьці. Ня так тут: у якой-бы частцы і ў якім-бы месцы ні была спынена дзейнасьць разумнае душы, яна выконвае сваё прадназначэньне ў паўніні і без недахопаў, затым можа сказаць: Я ўзяла сваё.
– Разумная душа аблятае, далей, увесь сьвет і акаляючую яго паражнечу, дасьледуе яго форму, пранікае ў бязьмежную вечнасьць, ахапляе розумам пэрыядычнае адраджэньне Цэлага і разумее, і ўсьведамляе, што нашы нашчадкі ня ўбачаць нічога новага, як і нашы продкі ня бачылі нічога звыш таго, што мы бачым, але, што чалавек, які дасягнуў да сарака гадоў, калі ён мае хоць які-небудзь розум, дзякуючы агульнай аднастайнасьці, нейкім чынам ужо бачыў усё мінулае і ўсё, што мае адбыцца. Разумнай душы ўласьцівы таксама і лагоднасьць да суседа, і праўдзівасьць, і сьціпласьць; яна нічога ня ставіць вышэй за сябе, што ўласьціва і праву. Такім чынам, няма ніякае розьніцы паміж слушным розумам і розумам справядлівасьці.

2. Ты будзеш адносіцца з пагардаю да вясёлае песьні, да танцаў, да ўсіх адменаў барацьбы, калі разьдзеліш усю мэлёдыю на паасобныя гукі і адносна кажнае паставіш сабе пытаньне: Ці перад ім я не магу ўстояць? Аднак ты будзеш саромецца адказаць афірматыўна. Рабі адпаведна да гэтага з танцамі, адносна паасобных рухаў і палажэньняў цэла, а гэтаксама і з барацьбою ўва ўсіх яе адменах. Памятай, што ўва ўсім, за выняткам мужнасьці і яе дзеяньняў, неабходна зараз-жа пераходзіць да разгляду частак і зь іх разьдзяленьня чэрпаць пагарду да цэлага. І гэтак паступай ўва ўсім жыцьці.

3. Душы, гатовае да ўсяго, ня цяжка будзе, калі спатрэбіцца, разьвітацца з целам, усё роўна, ці чакае яе згасаньне, рассеяньне, ці новае жыцьцё. Але гэтая гатоўнасьць павінна кіравацца ў васяродзьдзі ўласнага меркаваньня, паказваючы сябе не сьляпою ўпартасьцю, як у хрысьціянаў*, а разважлівасьцю, паважнасьцю і адсутнасьцю самавыстаўляньня сябе: толькі тады яна станецца пераконваючаю і для іншых.

* Некаторыя дасьледнікі ўважаюць, што спасылка на хрысьціян, зьяўляецца пазьнейшаю ўстаўкаю.

4. Ці зрабіў я што-небудзь для агульнага дабра? Значыцца, я прынёс карысьць самому сабе. Ніколі не пакідай гэтае думкі і не адмаўляйся ад яе ані ў якім выпадку.

5. У чым тваё мастацтва?
– У тым, каб быць добрым. Але, ці асягнеш ты ў ім дасканаласьць інакш, як толькі з дапамогаю веды, як пра натуру Цэлага, гэтак і пра адумысны склад чалавека?

6. З пачатку трагэдыі павінны былі прыпамінаць глядачам аб тым, што вядомыя падзеі паводля натуры адбываюцца вядомым спосабам, і аб тым, што тое, што забаўляе іх на сцэне, не павінна быць цяжкім для іх і на вялікай сцэне - у жыцьці. Бо глядачы навочна пераконваюцца, што вядомыя падзеі павінны адбывацца, менавіта, гэтакім спосабам, і што даводзіцца мірыцца зь імі і тым, каторыя крычаць: «О Кітайрон!» Аўтары гэтакіх трыгэдыяў часамі кажуць нешта слушнае. Лепшым прыкладам можа быць:

Калі-б багі дзяцей маіх забылі і мяне,

Ўсё-ж, праўда й мэта ў гэтым ёсьць.

І далей:

Карысьць якая гневацца на рэчы?

І -

Няхай жыцьцёвае жніво нам будзе.

Як пшанічны ўраджай.

І іншае накшталт гэтага.

Пасьля трагэдыі зьявілася старажытная камэдыя, павучальна-адкрытая са сваею ўрадніцкаю свабодаю слова з мэтаю выкрыцьця людзкае пыхі. Затым бо і Дыёгэнэс узяў сёе-тое зь яе. Падумай цяперака, у чым сутнасьць сярэдняе камэдыі, якая зьявілася пасьля, і дзеля чаго, нарэшце, была ўведзена новая, якая перайшла спакваля ў мімічнае мастацтва. Ніхто не пачне аспрэчваць, што і тут можна знайсьці нешта карыснае. Але якую мэту ставіць сабе ўвесь гэты напрамак паэтычнае і драматычнае творчасьці?

7. Як проста гэта спасьцярожным стаецца, што ня існуюць іншыя ўмовы жыцьця, болей спрыяльныя для філязафаваньня, як тыя, у якіх прытрапілася табе жыць.

8. Ветка, адсечаная ад іншае веткі, ня можа быць не адсечанаю ад усяго ствала. Падобна рэч маецца і з чалавекам, які разарве сваю сувязь зь іншым чалавекам, і гэтым разрывае сваю сувязь з грамадою. Але ветка не адсякае сама сябе, тады, як чалавек сам аддаляецца ад свайго суседа, зьненавідзеўшы і пазьбягаючы яго, і ня можа зразумець, што гэтым самым адсякае сябе і ад усяе супольнасьці. Праўда, Зэўс тварэц грамадзкасьці - даў нам здольнасьць ізноў зыйсьціся з тымі, каторыя для нас блізкімі зьяўляюцца і зноў заняць сваё месца ў якасьці сяброў цэлага. Аднак, калі гэткае аддзяленьне паўтараецца, дык тое, што аддзялілася, стаецца ўсё болей няздольным да аб'яднаньня і аднаўленьня да папярэдняга становішча. І наагул, паміж веткаю, якая з самага свайго адросту жыла адным неразрыўным жыцьцём з усёю расьлінаю, і тою, якая была адсечана, а пасьля прывіта ізноў - ёсьць істотная розьніца, што-б ні сказалі садаводы: апошняя, праўда, зрастаецца, але не да непазнавальнасьці.

Поделиться с друзьями: