Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Роздумы

Aurelius Marcus Antoninus

Шрифт:

«Гала ўсюды аднолькім памерам сваім ганарыцца»; гэтак будзеш і ты думаць толькі пра тое жыцьцё, якім жывеш, гэта значыць, пра сучаснае аж да сьмерці, вольна ад турботаў, годна і ў сузгоднасьці са сваім гэніем (з богам, што знаходзіцца ў табе).

4. Я часта дзіўлюся, як гэта ёсьць, што кажны чалавек любіць самога сябе болей, чымся ўсіх іншых людзей і адначасна ён меней паважае сваю ўласную апінію адносна самога сябе, чымся апінію, у дадзеным выпадку, іншых людзей. Затым, калі-б зьявіўся чалавеку бог або напоўнены мудрасьцю настаўнік і загадаў яму ня думаць і не разважаць у самым сабе пра нічога, пра што ён не апавясьціў-бы голасна, дык ніхто ня вытрываў-бы і аднаго дня. Адсюль: мы значна болей паважаем усё тое, што іншыя людзі будуць думаць пра нас, чымся нашую думку пра нас самых.

5. Як

можа быць, каб багі пасьля добрага ўладжаньня ўсіх рэчаў і з дабраслаўленьнем для людзкасьці, не дагледзелі аднаго, пайменна, што некаторыя людзі і вельмі добрыя людзі, каторыя, сказалі-б мы, мелі найбольшую супольнасьць з боскасьцю, і дарогаю пабожных чынаў і рэлігійных выконваньняў былі найболей цесна зьвязаны з боскасьцю і, калі яны аднойчы памерлі, ня маюць ужо ніколі болей зноў існаваць, але маюць суцэльна зьнікнуць? Калі гэтак рэч маецца ў запраўднасьці, тады будзь пэўным, што, калі-б гэта і мела быць інакш, тады багі і ўчынілі-б інакш. Бо, калі гэта было справядлівым, дык было гэтаксама і магчымым; і, калі гэта было ў сузгоднасьці з натураю, дык натура і стварыла гэтак. Але, дзеля таго, што гэтак ня ёсьць, дык і перакананым будзь, што яно і не павінна было быць гэтакім: - бо-ж і сам ты спасьцерагаеш, што гэтакім разважаньнем ты ўваходзіш у дыскусыю з боскасьцю; але падобных рэчаў мы не павінны дыскутаваць з багамі, хіба што яны зьяўляюцца найболей добрымі і найболей справядлівымі; - і, калі гэтак рэч маецца, дык яны аніякае рэчы не дазволілі - у ўладжаньні сусьвету - быць занядбанаю несправядліва або нерацыянальна.

6. Практыкуйся нават у рэчах, якія выдаюцца табе неасягальнымі. Бо нават левая рука, якая зьяўляецца болей слабейшаю за правую, мацней трымае лейцы, чымся правая, яна загартавалася ў гэтым.

7. Падумай, у якім стане знойдуцца душа і цела чалавека, калі яго запыніць сьмерць; і падумй, як кароткім жыцьцё зьяўляецца, і пра бязьмежнасьць прасторы, і вечнасьці за і перад чалавекам; падумай пра бездапаможнасьць усяго матэрыяльнага.

8. Разглядай прычынныя пачаткі рэчаў бяз усякіх наляцеласьцяў, а ў паступках - іхныя мэты. Падумай, чым ёсьць цярпеньне і прыемнасьць, што сьмерць і што слава; аб тым, што кажны зьяўляецца сам прычынаю сваіх хваляваньяў; што адзін чалавек ня можа перашкодзіць іншаму, уважаць, што ўсё заснавана на перакананьні.

9. Карыстаючыся аснаўнымі прынцыпамі, ты павінен упадабняцца панкратыстаму, а не глядыятару. Бо трэба толькі апошняму выпусьціць з рукі меч, якім ён змагаецца, а сьмерць зараз-жа надыйдзе; тады, як у першага рукі заўсёды пры сабе, і яму не патрэбна нічога іншага, як толькі ўжываць іх.

10. Неабходна разабрацца ў свомасьцях самых рэчаў, вырозьніваючы ў іх матэрыю, прычынны пачатак і мэту.

11. Якую вялікую сілу мае чалавек нічога не рабіць, апрача таго, што заслугоўвае ўзнаньне Бога, і прыняць усё, што Бог пасылае яму, у сузгоднасьці з натураю.

12. Ня трэба рабіць закідаў ані багом, бо яны ні ў чым не памыляюцца ані дабраахватна, ані наўсуперак свае волі; ані людзям, бо яны не памыляюцца наўсуперак сваей волі. Затым, нікому ня трэба рабіць закідаў.

13. Які сьмешны і дзіўны той, хто дзівіцца з чаго-небудзь, што адбываецца ў жыцьці.

14. Або існуе наканаваная неабходнасьць, або добры Провід, або бязуладная і нікому непадпарадкаваная сумяціца. Затым, калі існуе няўхвытная неабходнасьць, чаму, тады, ты супроцьставішся ёй? Але, калі існуе Провід·, каторы дазваляе зьвяртацца да сябе, тады ўчыні сябе вартым боскае помачы. Але, калі існуе некіраваная нічым зьбянтэжаньне, дык будзь здаволеным, што сярод гэтае няпэўнасьці ты ўсё яшчэ маеш у сабе кіруючую інтэлігэнцыю. І калі нават няпэўнасьць падхопіць і панясе цябе, няхай яна нясе беднае цела, беднае дыханьне і ўсё іншае; інтэлігэнцыі твае яна не забярэ ад цябе.

15. Сьвятло сьветача зыркае і ня губіць свайго бліску, пакуль ня будзе патушана. А праўда, якая знаходзіцца ў табе, і справядлівасьць, і паўстрыманасьць маюць-жа быць патушанымі перад тваею сьмерцю?

16. Калі хто-небудзь дае табе зразумець, што ён робіць памылку, дык скажы сабе: Адкуль я ведаю, што гэта памылка? Або, калі гэта і ёсьць памылка, дык ці не пакараў ён ужо сам сябе, упадобіўшыся таму, хто вырваў сабе вока?

Той, хто не жадае, каб благія людзі памыляліся, падобны

да чалавека, які ня хоча, каб хвігавае дрэва давала сок у хвігах, каб малыя дзеці плакалі, конь іржаў, каб адбывалася ўсё неабходнае. Што мае рабіць гэтакі чалавек? Калі ў цябе хопіць адвагі, дык папробуй вылячыць яго.

17. Калі гэта няпрыстойна, не рабі гэтага; калі мана - не кажы.

18. Тваё імкненьне заўсёды павінна быць накіравана на тое, каб убачыць, якое само па сабе тое, што выклікае ў табе ўяву, і дасьледзіць яго, разьлічаючы ў ім пачатак прычынны і пачатак матэрыяльны, мэту і час зь ягоным абмежаваньнем.

19. Памятай, нарэшцэ, што ў самым сабе ты маеш нешта болей дасканалае і боскае, чымся тое, што выклікае заўзятасьць, ці наагул, цягне да сябе. Што цяперака запаўняе маю душу? Ці ня страх, або падазрэньне, ці жадоба, або што-небудзь іншае, падобнае да гэтага?

20. Па-першае, нічога ня трэба рабіць непрадумана і бяз мэты. Па-другое, трэба рабіць толькі ў адпаведнасьці да пастаўленае мэты, агульнага дабра і нічога іншага.

21. Яшчэ крыху і ты зьнікнеш, аднолькава, як і ўсё тое, што ты бачыш, і ўсе тыя, што жывуць цяперака. Бо ўсё падлягае зьіначаньню, ператварэньню і зьнікненьню, - каб, пасьля яго, узьнікла іншае.

22. Усё абасноўваецца на перакананьні; і яно залежыць ад цябе. Адхілі, затым, калі будзе гэта тваім замерам, перакананьне, і ты, падобна, як мораплаўнік, ахіліўшы скалы, здабудзеш супакой, роўнядзь і ціхае прыстанішча.

23. Кажная асобная дзейнасьць, якая спыняецца ў вызначаным часе, ня мае бяды ад самога спыненьня, дый той, хто быў заняты ёю, ня мае бяды ад яе спыненьня. Падобна рэч маецца і з супольнасьцю дзеяньняў - што завецца жыцьцём - калі спыніцца ў вызначаны час, не дазнаціме бяды ад самога спыненьня, ды і той, хто пакладзе канец гэтаму шэрагу, не дазнаціме бяды. Час-жа і тэрмін вызначае натура, часамі натура кажнага ў вапрычонасьці, як у старасьці, ува ўсіх-жа выпадках бяз вынятку·натура Цэлага, зьмяненьне частак якога падтрымлівае ўвесь сусьвет у адвечнай маладосьці і квітненьні. Усё карыснае Цэламу заўсёды прыгожае і ў сузгоднасьці з адпаведнасьцю часу. Затым, спыненьне жыцьця ні для кога не зьяўляецца бядою, ня будучы ганебным, калі яно не залежыць ад нашага выбару і ня ідзе супраць вымаганьняў супольнасьці; але яно зьяўляецца дабром, калі яно зьяўляецца сваечасовым для Цэлага, карыснае яму і ў сваім руху зь ім суладнае, Таму, і супрацоўнікам божым зьяўляецца той, каго Бог вядзе па сваіх шляхох, а ягонае ўласнае разуменьне - да божых мэтаў.

24. Заўсёды трэба быць гатовым адносна наступных трох прынцыпаў. Адносна сваіх дзеяньняў памятай, што ты не павінен паступаць непатрэбна, і ня інакш, чымся зрабіла-б сама справядлівасьць; але з увагі на тое, што можа прытрапіцца табе звонку, май на ўвазе, што гэта можа займець месца з прычыны або здарэньня, або ў сузгоднасьці з прадбачлівасьцю, і ты не павінен наракаць ані на здарэньне, ані на прадбачлівасьць. Па-другое, май на ўвазе рост кажнае істоты ад зародку - да адухаўленьня, і ад адухаўленьня - да растаньня з душою, і з чаго яно складаецца, і на што раскладваецца. Па-трэйцяе, ведай, што калі-б ты, нечакана быў узьняты ўгору над зямлёю, акінуў-бы паглядам чалавечыя справы і на шматзьменны ход іх, дык перапоўніўся-б ты пагардаю да іх, маючы адначасна магчымасьць сузіраць гэтулькі істотаў, што жывуць навакол, у паветры і ў этэру, і што, колькі-б разоў ты ні ўзьнімаўся гэткім чынам, ты заўсёды ўбачыў-бы адно і тое самае, аднаякае і кароткавечнае. І гэтым мы ганарымся.

25. Адкінь упэўненасьць і ты ўратаваны. І хто можа перашкодзіць табе адкінуць яе?

26. Калі ты абураешся адносна чаго-небудзь, дык ты забыўся аб тым, што ўсё робіцца ў сузгоднасьці з натураю Цэлага; ты забыўся і пра тое, што памылка іншага ня тычыцца цябе, і аб тым гэтаксама, што ўсё рабілася гэтакім спосабам, будзе рабіцца і цяперака робіцца ўсюды, і аб тым, у якім сваяцтве асобны чалавек з усім родам чалавечым, не паводля крыві і агульнага паходжаньня, але паводля духу. Ты забыў гэтаксама і аб тым, што дух кажнага ёсьць бог і ад яго паходзіць, і аб тым яшчэ, што нічога нікому не належыцца неад'емна, але і яго дзіця, і яго цела, і сама душа яго дасталіся яму з тае самае крыніцы, аб тым, што ўсё заснавана на перакананьні і, што кажны жыве толькі сучасным і толькі сучаснае можа стра ціць.

Поделиться с друзьями: