Роздумы
Шрифт:
58. Той, хто баіцца сьмерці, баіцца або страты вычуваньня або займеньня нейкага іншага вычуваньня. Але, калі ты ня мецімеш ніякага вычуваньня, тады не дазнацімеш пачуцьця ніякае шкоды; і калі ты здабудзеш новы від вычуваньня, ты станешся новым жывым існаваньнем і ты будзеш жыць бяз супынку.
59. Людзі існуюць адзін для аднаго. Затым, або ўсьведамляй іх, або знось церпяліва.
60. Адна рэч - гэта лёт стралы, іншая - лёт інтэлігэнцыі чалавека. Інтэлігэнцыя, запраўды, нават абмінаючы перашкоды і, дасьледуючы прадмет з усіх пунктаў гледжаньня, трымаецца простага напрамку і імкнецца да мэты.
61. Старайся пранікнуць у кіруючы пачатак кажнага; і дай магчымасьць кожнаму пранікнуць у пачатак, які кіруе табою.
Кніга дзявятая
1. Той, хто дзейнічае несправядліва, дзейнічае бязбожна. Бо натура Цэлага стварыла разумныя існаваньні адзін для аднаго, і дзеля гэтага яны павінны памагаць адзін аднаму адпаведна да патрэбаў іхных, але ні ў якім выпадку шкодзіць адзін аднаму; затым, той, хто ломіць яе волю, астаецца вінаватым у бязбожнасьці адносна найвышэйшае боскасьці. Гэтаксама і той, што хлусіць,
2. Гэта быў-бы найрадасьнейшы ўдзел чалавека, адыйсьці ад людзей, не дазнаўшы смаку хлусьні, крывадушнасьці, роскашы і фанабэрыстасьці. Аднак-жа, аджыць сваё жыцьцё чалавеку, каторы меў усе гэтыя рэчы пад дастаткам і адыйсьці, было-б гэта яшчэ адным найлепшым падарожжам, як кажа народнае выслоўе. Ці аддаеш ты перавагу таму, каб тануць у заганах, і дасьведчаньне яшчэ не пераканала цябе, каб уцякаць ад гэтае заразы? Бо сьведамасьць зьнішчэньня зьяўляецца заразаю, і запраўды, шмат большаю, чымся маральны ўпадак і зьмена на горшае ў атмасфэры нашага навакольля. Бо гэты маральны заняпад зьяўляецца заразаю быдла, як далёка яно ёсьць быдлам; але іншая зьяўляецца заразаю людзей, як далёка людзьмі яны астаюцца.
3. Не пагарджай сьмерцю, але ўсуадношвайся да яе, як да аднае з рэчаў, якая адлюстроўвае волю натуры. Бо гэтак, ужо ёсьць, гэта значыць, быць дзіцем і расьці, уваходзіць у сілу веку і старэцца, мець зубы і бараду, і сівізну, увайсьці ў стан запладненьня і цяжарнасьці, радзіць і ўсе іншыя натуральныя праявы, якія поры твайго жыцьця прыносяць, а зь імі раскладаньне. Гэта, затым, зьяўляецца пасьлядоўным для характару чалавека думаючага, каб быць ані неахайным, ані пагардлівым адносна сьмерці, але чакаць на яе, як на адну з праяваў натуры. І як ты цяперака чакаеш на пару, калі дзіця выйдзе з узлоньня твае жонкі, гэтаксама будзь гатовым на тую гадзіну, калі твая душа скіне зь сябе абалону. Але, калі ты жадаеш рэчаў няхітрых, але запраўдных, дык лепш за ўсё пагодзіць цябе са сьмерцю твой уважны позірк на рэчы, якія давядзецца табе пакінуць, і скіраваць сваю думку на характар людзей, зь якімі тваей душы ўжо не давядзецца спаткацца. Бо няма ніякае патрэбы гневацца на людзей, наадварот, абавязкам тваім ёсьць клапаціцца пра іх і абыходзіцца зь імі далікатна і з пакорлівасьцю, і адначасна не забываць, што твая ростань будзе не зь людзьмі, якія маюць тыя самыя прынцыпы, што і ты. Бо наагул, калі і ёсьць што-небудзь у жыцьці, што прыцягвала-б да яго і ўтрымлівала-б у ім, дык толькі адно: магчымасьць жыць у супольнасьці зь людзьмі, прынцыпы каторых былі тыя самыя, якія мы вызнаем. Але цяперака ты бачыш, як вялікім ёсьць клопат, што выплывае з розьніцы паглядаў тых, што жывуць разам, і да гэткае ступені, што ты воклікам можаш выразіць: Хадзі, сьмерць, хутчэй! Магчыма і я тады забуду пра цябе.
4. Той, хто чыніць зло, чыніць зло супроць самога сябе. Той, хто творыць несправядлівасьць, творыць несправядлівасьць супроць самога сябе, бо ён чыніць самога сябе дрэнным.
5. Той часта творыць несправядлівасьць, хто ня выконвае пэўнае рэчы; і ня толькі той, хто творыць пэўную рэч.
6. Твой цяперашні пагляд абаснованы на зразуменьні, і твае цяперашнія паводзіны вядуць да агульнага дабра, і твой цяперашні настрой у напрамку дабразычлівасьці пры наяўнасьці кажнае рэчы, якая здарыцца - і гэтага хопіць.
7. Адхілі набок лятуценьне; перагледзь сваё жаданьне, патушы сваю прагавітасьць; няхай у сваей уласнай моцы вядзе цябе кіруючы пачатак.
8. Сярод жывёлы, якая ня мае розуму, адно жыцьцё ёсьць распадзелена; але сярод разумных існаваньняў, адна інтэлігэнтная душа распадзелена. Гэтак, як існуе адна зямля для ўсіх рэчаў зямное натуры, і мы бачым, дзякуючы аднаму сьвятлу, і дыхаем адным паветрам - падобна ўсе мы абдораны прыналежнасьцю сьвятлу і жыцьцю.
9. Усе рэчы, якія прыймаюць удзел у якой-небудзь рэчы, якая
зьяўляецца агульнаю для іх, парушаюцца ў напрамку аднароднасьці свае. Кажная зямная рэч абяртаецца ў кірунку зямлі; кажная рэч характару цякоміны зьліваецца ў вадно; кажная рэч, якая носіць у сабе прыкметы паветра, чыніць тое самае; затым, патрэбна нешта такое, што можа трымаць іх адасобненымі, і тасаваньне сілы. Агонь, напрыклад, уздымаецца ўверх з прычыны наяўнасьці элемэнтарнага агню, але ён ёсьць на гэтулькі гатовым успламяніцца і зьліцца з ужо наяўным агнём да гэтакае ступені, што нават кажнае рэчыва ў якойколечы ступені можа быць сухім, лёгка ўспламяняецца, бо ў ягоным складзе ня шмат з таго, што можа стацца перашкодаю для ўспламяненьня. І затым, кажная рэч, якая бярэ ўдзел у агульнай інтэлігэнтнай натуры, парушаецца ў падобны спосаб у напрамку таго, што зьяўляецца тым амым аднародным зь ёю, або парушаецца ў яшчэ большай ступені. Бо, гэтак далёка, як яна можа быць вышэйшаю ў параўнаньні з усімі іншымі рэчамі, у гэткай самай ступені гэтаксама зьяўляецца болей гатоваю спалучыцца і ўспламяніцца з тым, што ўпадабняецца да яе. Варта ўспомніць, што сярод зьвераў ніжэйшае інтэлігэнцыі знаходзім раі пчолаў гэтаксама, як і гурты быдла, і кармленьне маладых птушак, і да пэўнае ступені нават праяў любові. Бо нават у зьвераў знаходзяцца душы, і сіла, якая злучае іх разам спасьцярожнаю ёсьць у гэтакай ступені і ў гэткім праяўленьні, чаго ніколі не назіраем сярод расьлінаў, ані сярод дрэваў ці каменяў. Але сярод рацыянальных існаваньняў спасьцярожнымі ёсьць палітычныя зносіны і сяброўствы, і сем'і, і сузграмаджэньні людзей; а ў часе войнаў - саюзы і замірэньні. А сярод яшчэ болей дасканалых стварэньняў, нават калі яны разлучаныя, існуюць злучэньні, падобна, як назіраем гэта сярод зораў. Гэтак, наяўнасьць уздыму да вышэйшае ступені зьяўляецца здольнаю выклікаць сымпатыю нават сярод рэчаў разлучаных. Паўзірайся, затым, на тое, што цяперака творыцца. Адны толькі разумныя існаваньні цяперака забыліся пра ўзаемнае імкненьне і схільнасьць адзін да аднаго, і не незіраем сярод іх свомасьці ў напрамку разумнасьці. Але, як-бы людзі ня ўхіляліся ад гэтакага аб'еднаньня, усё-ж яны ня мецімуць магчымасьці ўцякчы ад яго, бо натура ёсьць сільнейшаю за іх. І ты будзеш бачыць што я кажу, калі толькі ўважна будзеш узірацца. Затым, лягчэй знайсьці нешта зямное, што прыходзіць у стан дотыку з рэчаю незямною, чымся чалавека, які-б не знаходзіўся ў супольнасьці зь іншымі людзьмі.10. Плод прыносіць і чалавек, і Бог, і сусьвет; у адпаведную пару кажны прыносіць плод. Калі ў штодзеннай мове гэтае выражэньне тасуецца пераважна да вінаграднае лазы і ёй падобнага, дык гэта ня мае асаблівага значэньня. Розум прыносіць падвойны плод, гэтак для ўсіх, як і для самога сябе, і зь яго выяўляюцца іншыя рэчы, гэтакае-ж самае свомасьці, што і ён.
11. Калі ты зьяўляешся здольным, навучы таго, хто паступае дрэнна; але, калі ты ня можаш, тады памятай, што ў дадзеным выпадку ты абдораны дабразычлівасьцю, і багі дабразычлівыя да такіх людзей; з пэўных прычынаў яны нават памагаюць ім адзыскаць здароўе, здабыць багацьце і славу; гэтак дабразычлівымі яны зьяўляюцца. І гэта таксама знаходзіцца ў тваей моцы; калі не, скажы, хто перашкаджае табе?
12. Ніколі не працуй, як чалавек нячэсны, або як нехта, каго шкадуюць, або як чалавек, якім захопліваюцца. Але накіроўвай сваю волю толькі на адну рэч; бярыся за працу і трымай самога сябе на ўвазе, гэтак, як грамадзкія неабходнасьці вымагаюць.
13. Сягоньня я ўхіліўся ад усіх клопатаў, або баржджэй, я адкінуў усе клопаты, бо гэта было не навонкі мяне, але ў маім уласным перакананьні.
14. Усе рэчы зьяўляюцца тымі самымі, ведамымі з дасьведчаньня, агіднымі ў часе і бязвартаснымі ў матэрыі. Кажная рэч зьяўляецца гэтакаю самаю цяперака, якою яна была ў часе тых людзей, якіх мы пахавалі.
15. Рэчы знаходзяцца вонкі нас, існуюць самыя і самыя сабою, ня ведаючы нічога пра самых сябе, ані выражаючы які-небудзь суд. Што зьяўляецца, тады, тым, што выдае суд адносна іх?
– Найвышэйшы пачатак.
16. Не ў бязьдзейнасьці, але ў дзейнасьці ляжыць зло і дабро чалавека, гэтаксама, як ягоная мужнасьць (арэтэ) і заганы знаходзяцца не ў пасыўнасьці, але ў актыўнасьці.
17. Для каменя, кінутага ўгару, няма нічога дрэннага ў тым, што ён можа ўпасьці ўніз, і нічога добрага ў тым, што ляціць угару.
18. Пранікні ўнутро найвышэйшага пачатку, што кіруе людзьмі, і ты пабачыш якіх судзьдзяў ты баішся, і як судзяць яны самых сябе.
19. Усё на сьвеце зьіначваецца: Дый сам ты знаходзішся ў працэсе сталага зьіначаньня і часткавага зьнішчэньня, і гэтаму праву падпарадкаваны ўвесь сусьвет.
20. Гэта зьяўляецца тваім абавязкам, пакінуць дрэнныя ўчынкі іншага чалавека там, дзе яны знаходзяцца.
21. Спыненьне дзейнасьці, устрыманьне імкненьня і пераказваньне думкі, і наагул, сама сьмерць, не зьяўляюцца яшчэ злом. Абярні тваю думку цяперака ў кірунку разважаньня адносна твайго жыцьця, твайго жыцьця ў дзіцячыя гады, у тваё юнацтва, у тваю ўзмужнеласьць, у твой старшы век, бо ў кажнай з гэтых зьменаў была сьмерць. Ёсьць-жа што-небудзь чаго трэба баяцца? Зьвярні цяперака тваю думку на тваё жыцьцё пад даглядам твайго дзеда; тады, на тваё жыцьцё пад даглядам твайго бацькі; і, калі ты спасьцеражэш шматлікія розьніцы і зьіначаньні, і межы існаваньня, тады спытай самога сябе: ёсьць-жа яшчэ нешта чаго трэба баяцца? І падобна гэтаму, не зьяўляюцца страшнымі ані спыненьне жыцьця, ані стрымка яго, ані зьіначаньні, якія знаходзяць для сябе месца ў цэлым тваім жыцьці.
22. Зьвярніся ў тваіх разважаньнях да найвышэйшага пачатку, свомага табе, Цэлага, а тады да свайго суседа, каб учыніць яго справядлівым; а тады, засяродзь сваю ўвагу на сусьвеце, каб ты не забыў, чыёю часткаю ты зьяўляешся; а тады, зьвярніся ў думцы да свайго суседа, каб пазнаць табе, ці дзейнічаў ён нясьведама ці пры наяўнасьці веданьня і, каб ты мог гэтаксама разважыць, што ягоная кіруючая ім здольнасьць зьяўляецца суроднаю табе.
23. Калі ты сам зьяўляешся часткаю складоваю грамадзкае сыстэмы, няхай, тады, кажны твой чын станецца часткаю грамадзкага жыцьця. Затым, калі які-небудзь чын твой ня мае беспасярэдняга ці пасярэдняга суадношаньня да агульна-грамадзкае мэты, тады ён разрывае тваё жыцьцё і парушае грамадзкае адзінства, стаецца крыніцаю бунту, гэтаксама, калі-б нехта адзін з дэмосу ў народным зграмаджэньні пачаў-бы дзейнічаць пасвойму, і адмовіўся-б падпарадкавацца агульнай згодзе.