Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Сімъ побдиши

Пашкевіч Алесь

Шрифт:

Цар — збег. Спачатку ў Ноўгарад, затым у Пскоў. І паслаў літоўскаму канцлеру Валовічу і ваяводу Радзівілу лісты аб тым, што адмовіўся ад абароны Полацка, каб не ліць марна братнюю кроў. «Веру, што ў свой чарод і вы зробіце ўсё, каб на нашых хрысціянскіх землях аднавіўся мір», — далікатна намякаў Іван. І люцеў да эпілептычнага прыпадку, дачуўшыся, што за ўзяцце Полацка рымскі Папа выслаў Батуру асвечаныя на Каляднай месе меч і дзіду, і той бязродны кароль зноў сеў на каня і выступіў на Вялікія Лукі…

Іван мусіў паслаць Батуру ў Вільню мірную эпісталу, у якой назваў караля братам. За мір прапаноўвалася ўся Лівонія, і, калі трэба, Іван пагаджаўся нават адмовіцца ад свайго тытулу, паколькі, як завяршаўся

ліст, ён — гасудар не з учарашняга дня, а Богам памазаны цар — вышэй дзяржавы.

Але Батура расчытаў Іванава яхідства — і запатрабаваў у Масковіі разам з Лівоніяй Ноўгарад з Псковам і Смаленскам. І, атрымаўшы ад Івана адказ з абразамі, накіраваўся ў Полацак — рыхтаваць новую кампанію. А каб не прайграць вайны слоўнай, каралеўская канцылярыя падрыхтавала Івану адказ на сарака друкаваных старонках, які стаў вядомым у многіх еўрапейскіх дварах. «…Нагадваем табе, хто паўсюдна хваліцца сваім Божым абранствам ды радством з рымскімі імператарамі, што маці твая была дачкой простага літоўскага здрадніка, а продкі твае злізвалі малако з хвастоў татарскіх кабылаў. Кроў жа сваю ты назаўсёдна спаскудзіў у паганых оргіях… І кура ратуе куранят сваіх, а ты, арол двухгаловы, баязліва хаваешся!».

А што яму, загнанаму ў пастку паміж захадам і поўднем, было рабіць, — з пустой казной і без адзінага саюзніка? Выправіў усе палкі на абарону Пскова, а сам з некалькімі сотнямі верных апрычнікаў схаваўся ў п’янках ды разгулах. І вымольваў хоць часовае перамір’е. І скрыгатаў зубамі, калі віцебскі ваявода захапіў ягоную цвержу паміж Смаленскам і Лукамі — ды загадваў лепш аддаць усю вобласць, а не пярэчыць ворагу.

І ўсімі сваімі жыламі ды венамі адчуваў, што няма чалавеку на зямлі горшай кары, як перажыць узлёт свой паднебны ды зведаць гібель зробленага і задуманага! Сусед-кароль, аб існаванні якога ён, цар і ўладар вялікай зямной прасторы, яшчэ некалькі гадоў назад і не здагадваўся, здольны адабраць у яго не толькі здабытае, але і задуманае: Батура хоча даказаць, што шлях з Канстанцінопаля ў Маскву ішоў праз Кіеў і Полацак і што трэцім Рымам, як і новым Канстанцінопалем, з’яўляецца ягоная, а не Маскоўская, дзяржава!

Івана нішчылі і звонку, і знутры, і страшныя прадчуванні ўжо не пакідалі царскую галаву. Ён разаслаў па ўсіх манастырах граматы з просьбай памаліцца за свае грахі — і сам зажадаў манашскага пострыгу.

Цар скрывіўся — і стаў меншы ростам. Некалі шырокія грудзі яго ссохлі і выяўлялі цяжкае дыханне пакутніка. Нос завастрыўся і выгнуўся, а вочы заглыбіліся пад высахлыя скулы.

Ён ужо не брыў галаву, і на вушы ападалі тонкія сівавата-рудыя пасмы — ды зліваліся з камечанай барадой.

Цела ягонае распухла і пакрылася незагойнымі раскелінамі. Ногі не трымалі, і цара вымушаны былі насіць.

Падобная слабасць здаралася яшчэ некалькі гадоў таму, але траўнік Бамелій знімаў яе нейкім белым прысакам. Цяпер ён сам — прысак, бо быў абвінавачаны ў крамольных сувязях з Батурам і спалены. Новыя ж лекары анічым дапамагчы не маглі. Ды і не давяраў ім цар, еў і піў толькі з рук новага прыбліжэнца Бельскага, апрабаванага яшчэ апрычнінай. Гэты кучаравы недачасна памажнелы дзяцюк з нярвовай чырванню на шчоках і пульхна-вільготнымі вуснамі ў апошнія месяцы быў з царом неадлучна…

Перад сном Іван захацеў наведаць скарбніцу, доўга разглядаў каштоўныя камяні й падарункі, распавядаў, хто і калі іх перадаў ці прыслаў.

— Гэты алмаз — найбольшы ў свеце. Ён суцішае гнеў і дапамагае чалавеку саўладаць з сабой. Але я не дакранаўся да яго… Цяпер толькі… — цар пакруціў камень перад агнём свяцільні і паклаў назад у шкатулу. — А вось гэты скіпетр са слановага біўня, які завецца Адзінарог, адшкадаваў мне некалі імператар Максіміліян. Паслы казалі, што ён лякуе ад цяжкіх хваробаў, нават мор адганяе.

— Дык,

можа, гасудар загадае яго ў апачывальню перанесці? — далікатна прапанаваў Бельскі, і ў ягоных вытарачаных — як у рака — вачах бліснула надзея.

— Позна… — цар аблізнуў губы і цяжка ўздыхнуў. — Завуць бацькі да сябе. Ды і Бацька нябесны пытанні рыхтуе… Памятаеш? — ён узняў доўгую галаву і прашаптаў: — «Разышлася тады вестка між братамі, што вучань той не памрэ. Але Ісус не сказаў: „Не памрэ“, а толькі: „Калі Я хачу, каб ён застаўся, пакуль прыйду, што табе да таго?“… Ёсць яшчэ шмат іншага, што ўчыніў Ісус, але каб усё запісаць падрабязна, дык, думаю, не змясціў бы ўвесь свет кніг, якія б меліся быць напісаны»1, — і раптам цар ажыў, наструніўся і, зрываючы да хрыпаты голас, закрычаў: — Дзе кніга?! Кніга дзе?!! Па якой я перад Макарыем чытаў, якая ў Адашаву смуту ў мяне пад галавой ляжала?

Бельскі неўразумела лыпаў чырвонымі вачыма, а цар ажно задыхаўся:

— Дзе, пытаю, кніга?.. Евангелле ад Іаана… рукапіснае… з Візантыі мне прывезенае… дзе?!.

Яму стала млосна, ліхаманкава задрыжэлі рукі і галава, у вачах пацямнела.

— Худа мне… Худа… Нясіце адсюль… Другім разам дагледзім…

Назаўтра, 18 сакавіка 1584 года, цар адчуў сябе лепш. Уся дворня, архіўнікі і пісчы загад сполашна шукалі візантыйскі манускрыпт, а Іван першы раз за тыдзень паеў і загадаў нагрэць лазню. Пазваў сына Фёдара і доўга наказваў, як належыць кіраваць дзяржавай і народам: дабрачынна, з любоўю і мілатой, пазбягаць вайны з хрысціянамі, памяншаць падаткі-цягла, вызваляць з турмаў палонных ды вязняў. Хворы на галаву Фёдар уважліва слухаў і, задаволена ківаючыся, усміхаўся…

Пасля лазні цар узлёг каля невысокага шахматнага століка і пачаў расстаўляць фігуры: караля, каралеўну, пешкі… Паслабелая рука ўзняла каня — і знерухомела.

«І вось конь сіні, і на ім вершнік, імя якому смерць», — ці прашаптаў, ці падумаў Іван — і праваліўся ў чорны квадрат шахматнай дошкі…

8

— …Не знаю, як і сказаць… — па закрытай лініі гучаў нацята-спалоханы голас старшыні Службы дзяржбяспекі Бадакіна. — Заяц… захапіў цягнік у метро. Састаў — амаль пад Адміністрацыяй, а ў яго — бомба…

— Ты што — укалоўся?! — правіцель неўразумела правёў пальцам па вуснах.

— Ніякае на хер не ўкалоўся! Што рабіць?!.

Раней падобным тонам гаварыць з гаспадаром старшыня Савета бяспекі нават і ў думках не высмельваўся, што — як нашатыр — ацверазіла Мароза.

— Дык ён жа ногі лячыў… І як… захапіў цягнік?.. Навошта?! — у роце стала суха і горка.

— Захапіў, кажу. Ён не адзін. Па электронцы ліст прыйшоў… І ў дыспетчарскую па рацыі паведамілі. У Зайца бомба ў кейсе! Праверылі — не бляфуе. У яго на хаце знайшлі ўсе прычындалы! Траціл і ўсё такое… І яшчэ некалькі «эргэдэшак»… Мае прабілі па «серыйцы» — начынне з Горна-Касоўскай аўтаноміі. Верагодна, і памочнікі ў яго адтуль…

— А што ён хоча? — Мароз пераставаў разумець рэчаіснасць.

— З вамі пагаварыць… Абмяняю ўсіх заложнікаў, трындзіць, на правіцеля…

— Ён што, б…… е…..ся?!

— А х… яго знае…

Расцягнулася доўга-трывожная паўза.

— Звяжыце мяне з ім, — нарэшце ачомаўся правіцель, перачакаў горкія нацяжныя гудкі ў слухаўцы і пачуў Зайцава:

— Слухаю.

— Мікола Сымонавіч, добры дзень! Гэта, я разумею, жарт? — ён нават праз сілу паспрабаваў усміхнуцца.

— А… Іван… Здароў будзь, — ціха прашаптала слухаўка. — Ведаеш, я шкадую, што не навучыў цябе некалі: жыццё — не жарты. Яно — рэч сур’ёзная. Ну і рады я, канечне, што нарэшце з табой пагаварыць магу. Вялікім ты стаў, занятым… Што табе са мной час марнаваць?.. Дарагавата, праўда, за такую сувязь плаціць: усе запасы аддаў, кватэру і дом над рэчкай заклаў, каб бомбачку прыкупіць…

Поделиться с друзьями: