Шрифт:
0
Калі б страх ратаваў ад смерці, зайцы жылі б вечна. Аднак бясконцыя толькі ўцёкі. Як і ў ягоным лёсе… Галоднае маленства ў акупаваным мястэчку — і ён, лапавухі хлапец з прозвішчам Заяц, падаўся вучыцца ў пранямецкую школу ды запісаўся ў Саюз вольнай моладзі: кармілі два разы на дзень, апранулі. І да сёння тыя канапляныя нагавіцы памятае… А праз сем гадоў прыехаў у сталіцу, здаў на выдатна ўступныя экзамены ва ўніверсітэт — дык тая апратка ледзь не вылезла бокам: выклікалі да асабіста на «чысцец», і выратавала толькі тое, што пра СВМ сам шчыра прызнаўся ў аўтабіяграфіі ды… не адмовіўся ад супрацоўніцтва.
Словам,
З парламенцкай краіна ператварылася ў прэзідэнцкую, вярталіся гістарычная праўда ды нацыянальная сімволіка, але…
Але жыццё зноў запатрабавала «ўцёкаў» — і ад тае праўды, і ад рэальнасці. А ён ужо быў старым, ужо не мог бегчы. А галоўнае — надакучыла хавацца, прыстасоўвацца. Зайцы не жывуць вечна, бо страх не ратуе ад смерці…
І ён нарэшце ўздыхнуў на поўныя грудзі ды адчуў трымценне патаемнай свабоды — але ж жыць вечна не будзеш… Даконваў дыябет, і цяпер ён — пенсіянер Заяц — без нагі. Тут нават і хацеў бы — не пабяжыш, не ўцячэш…
На вакзальнай плошчы было мітусліва і шматлюдна. Ён спыніў свой інвалідны вазок і выклікаў ліфт. Зіхоткія дзверы расчыніліся бязгучна. «Цывілізацыя», — хітнуў галавой і націснуў на ніжнюю кнопку. Спусціўся ў доўгі тунэль падземнага перахода, скаціўся, трымаючыся адной рукой за парэнчы, па пандусе да шкляных дзвярэй, перад якімі «цывілізацыя» і закончылася: а як іх адкрыць? Нахіліўся, адпіхнуў, але вазок ад’ехаў назад.
Тое заўважыла маладжавая брунетка ў кароткай чорнай сукенцы з вертыкальнымі хвалямі стразаў на спіне — і прытрымала спружыністыя дзверы. Але праём быў малы, і кола некалькі разоў чаплялася за металічны стаяк. Нарэшце выкаціў і ўсміхнуўся маладзіцы:
— Дзякуй, прыгажунька. Дай Бог табе здароўя.
І тая ўсміхнулася, паглыбіўшы на шчочках сімпатычныя ямінкі:
— Вам таксама…
І пацокала на бліскучых абцасах да турнікетаў. А ён толькі цяпер зразумеў, што не ведае, як і дзе плаціць за жэтон ці нейкую картку. Усё, здавалася, прадумаў дасканала, а вось гэта…
— Калі ласка, праязджайце, — заўважыла ягоную зніякавеласць кантралёрка і адкінула ланцужок. — Ды не бойцеся, другім разам заплоціце… Маладыя людзі! — спыніла яна даўгалыгіх хлопцаў. — Дапамажыце дзядулю на экскалатары… Дадумаліся ж наверсе ільготы адмяніць…
Заяц спыніўся каля краю платформы, бліжэй да аграмаднага люстэрка — каб патрапіць у першы вагон. Дыхнула прахалодай і чыгуначнай змазкай, пасля чаго з цемры насцярожана бліснулі фары электрычкі. Паміж бетонам з жоўтай паласой і вагонам — з паўпядзі прастора, адолець якую дапамог вусаты чалавек у форме машыніста метрапалітэна з моднымі зацемненымі акулярамі.
— Асцярожна, дзверы зачыняюцца! Наступны прыпынак — станцыя «Лістападная», пераход на «Зарэчную» лінію, — няспешна прагучала дыктарская абвестка.
Цягнік крануўся і пачаў набіраць разгон. «Вусач-машыніст» падышоў да дзвярэй — не тых, на якіх бялеў надпіс «Не прислоняться!», а амаль нябачных, у кабіну машыніста, зачыненых знутры, — дастаў з кішэні цёмна-сіняга пінжака адмысловы накідны ключ, крутануў некалькі разоў і, зірнуўшы на інвалідны вазок, незаўважна націснуў на нікеляваную ручку. Дзверына ціха зачынілася за ім.
— Служба бяспекі метрапалітэна! — выгукнуў «Вусач» зніякавеламу кіроўцу. — Паступіла інфармацыя, што на лініі — п’яны машыніст. Праверка. Калі ласка, дыхніце вось сюды, — дастаў з унутранай кішэні невялікі балонік, нахіліўся над машыністам, у вачах якога выявілася неўразуменне, і нечакана пшыкнуў у твар. Машыніст было ўсхапіўся, але імгненна асунуўся, а «Вусач» адкрыў фортку, затым адсунуў беспачуццёвае цела і піхнуў рычаг хуткасці ад сябе: цягнік запаволіў рух.
У той час Заяц дастаў са скуранога дыпламата, прывязанага да білца інваліднага вазка, загадзя ўключаны ноўтбук, па электроннай пошце адаслаў невялічкі тэкст — і зноў схаваў.
Цягнік спыніўся. Патухлі лямпы асвятлення — і эканомна ўспыхнулі запасныя, па дзве на вагон. За шклом вокнаў знерухомела шурпатая сцяна тунэля.
— Паважанае спадарства, просім не хвалявацца… — прагучаў у дынаміках спакойны голас «Вусача». — На лініі — збой электранапругі. Праз некалькі хвілін рушым зноў. Кіраўніцтва метрапалітэна выказвае свае прабачэнні. — А затым той жа голас загучаў у рацыі галоўнага дыспетчарскага пульта: — Увага! Састаў № 8 першай лініі захоплены тэрарыстамі і, замініраваны, знаходзіцца паміж станцыямі «Вакзальная» і «Лістападная». Усе патрабаванні нашай групы — на электроннай пошце Адміністрацыі прэзідэнта. Папярэджваем: з абодвух бакоў электрасастава выстаўленыя сэнсарныя відэакамеры. Пры першым выяўленні якіх-небудзь рухаў спецслужбаў цягнік з пасажырамі будзе ўзарваны! Гэта не жарт! Канец сувязі…
І
Калі манах пакінуў пячору, пачало ўзыходзіць сонца.
Усю ноч ён маліўся, а над зямлёй грукатала навальніца. Маланкі распорвалі неба, падалі ў марскую бездань і — атушаныя — распырскваліся па наваколлі. І тады ўзрываўся гром, стагналі зямля і горы, страшнае рэха кацілася з вышыняў — нібыта ўадначас заходзіліся тысячы іерыхонскіх трубаў ці насмерць біліся за прастору дахрысціянскія Ярыла і Зеўс.
І перакульвалася неба, і расцякалася вадою па горных стромах, і нельга ўжо было зразумець, дзе ніз і дзе верх, дзе сцяжына людская, а дзе Божая, дзе ўява і дзе жыццё.
Затым усё аціхла. І было чутна, як словы зліваліся з шаптаннем нястомных раўчукоў, па якіх неба сцякала ў недалёкае мора.
А калі ўзышло сонца, манах-адзінец пакінуў пячору.
На Афоне, ён жыў з сонцам і ветрам, сыціўся зямнымі дарамі, мацаваўся святым словам. І прасіў Бога назаўсёдна пакінуць яго тут — аднак нядаўні сон змусіў перапыніць скіт ды спусціцца ў зямныя клопаты…
Дарога адабрала ўсе старэчыя сілы, але ён не адчуваў гэтага. Не адчуваў ні збітых ног, ні задубелай ад глеістай гразі тогі, ні спапяляльнай смагі. Ішоў ды ішоў, гохкаючы кіем, сунуўся ды поўз, калі строміўся горны схіл. Радаваўся дзённаму святлу, а кароткія ночы праводзіў у сонным памараку. Ды крочыў далей — аж пакуль не ўбачыў перад сабой манастырскія вароты.
Сілаў узняць жалезнае кольца і пастукаць ужо не засталося. «Дзякуй табе, Божа», — вымавіў ці падумаў манах — і страціў прытомнасць.